Трэцяя спроба
У Курапатах з’явілася чарговая па ліку мемарыяльная шыльдачка, прысвечаная беларусам, якія ваявалі ў польскім войску, і былі расстраляныя ў часы сталінскіх рэпрэсій.
Як паведаміў ініцыятар ушанавання памяці беларусаў польскага войска на тэрыторыі Курапатаў гісторык Ігар Кузняцоў, ён зрабіў гэта на “свой страх і рызыку”. Бо, па-першае, усталяванне памятных знакаў зараз рэгламентуецца дзяржаўнымі органамі (але пакуль што шыльдаў гэта не датычыцца), а па-другое, з папярэднімі спробамі ўсталявання такіх знакаў адбываліся скандалы.
Супраць усталявання такіх помнікаў выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. На іх думку, гэтыя помнікі не маюць нічога агульнага з гісторыяй, паколькі не даказана, што салдаты ці афіцэры Польскага войска былі расстраляныя ў Курапатах. Таму спробу паставіць, на іх думку, “левыя” помнікі яны расцанілі як абразу нацыянальнай памяці, самога Кузняцова ўзнагародзілі ганаровым званнем палкоўніка КДБ і заявілі, што ён у Курапатах — “персона нон-грата”.
Помнікі беларусам — ваярам Польскага войска зніклі, а Курапаты аказаліся ўцягнутыя ў спрэчку, хто ў іх галоўны. Паступова канфлікт заціх.
Дык ці былі расстраляныя ў Курапатах байцы Войска польскага, хоць і этнічныя беларусы? Ці гістарычна апраўдана ставіць ім там помнік? Ігар Кузняцоў лічыць адказам на абодва пытанні, што “хутчэй так, чым не”.
Ігар Кузняцоў
— Існаванне “Беларускага Катынскага спісу” — факт відавочны, нягледзячы на тое, што на ўсіх узроўнях беларускай улады ён адмаўляецца. Але ўжо даказана, і апублікаваныя архіўныя дакументы пра тое, што ў турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі па “польскай аперацыі” былі расстраляныя 7 305 чалавек. З іх 3 870 было расстраляныя ў турмах Заходняй Беларусі, гэта мінімальная лічба, якую мы ведаем і якая не абвяргаецца нікім, у тым ліку тымі апанентамі, якія абвяргаюць рэпрэсіі ўвогуле. І мала таго, мы ніколі не ўзгадваем пра тое, што нашы ўраджэнцы былі расстраляныя не толькі ў турмах Заходняй Беларусі, але і ў Медным, і ў Катыні, і ў Харкаве, Быкоўні, Мікалаеве, Херсоне. І тое, што на тэрыторыі Беларусі — Мінск, Ворша, Баранавічы, Брэст, Вілейка. Гэта мы ведаем, але не ведаем дакладнага месца пахаванняў. І дагэтуль памяць пра гэтых людзей не ўшанаваная ніякім чынам, — кажа Кузняцоў.
Таму і была прынятая першая спроба першая спроба ўсталяваць помнік афіцэрам Польскай арміі — ахвярам “Беларускага Катынскага спіса”. Але, як прызнаецца Кузняцоў, гэта выклікала такую шалёную рэакцыю з боку як уладаў, так і нейкіх прадстаўнікоў апазіцыйнай супольнасці, з якой дагэтуль сутыкацца не прыходзілася.
— Дагэтуль нават не было спробаў знішчэння мемарыяльных знакаў. Іх спаганьвалі, іх ламалі, але каб яны знікалі ўвогуле — у маёй практыцы за столькі год гэта не было. Прычым, двойчы і з інтэрвалам у месяц.
Зараз на шыльдачцы напісана: “Памяці ўраджэнцаў Беларусі — вайскоўцаў польскай арміі, забітых НКУС 1939–1941 г”.
— Чаму 1939-ы, калі “польская аперацыя” праводзілася ў 1940-м? Таму, што сёння ў нас ёсць падставы казаць пра тое, што падчас так званага “вызвольнага паходу Савецкай арміі” ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года першыя расстрэлы пачаліся з кастрычніка. Але тады яны не насілі масавага характару. Расстрэльвалі і шарагоўцаў, і афіцэраў, па артыкуле 68 Крымінальнага кодэкса БССР “антысавецкая агітацыя і прапаганда. А прысуды выносілі не толькі органы НКУС, але і асобыя аддзелы частак Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў гэтым “вызвольным паходзе”, — тлумачыць Кузняцоў.
Таму сёння, ва ўмовах, калі ўлады адмаўляюць існаванне “Беларускага Катынскага спісу” а некаторыя падтрымліваюць такое адмаўленне, памятная шыльдачка ў Курапатах будзе цалкам дарэчы, лічыць Кузняцоў.
— Можна знішчыць шыльду, можна нейтралізаваць Кузняцова. Але нельга знішчыць памяць. Нельга адмаўляць таго, што сёння, ужо праз амаль 70 год, з’яўляецца відавочным. Пройдзе 10–15 гадоў, і ўсё роўна мы да гэтага вернемся. І гэтую шыльду мы адкрываем у Агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяраў нацызму і сталінізму, — дадае Кузняцоў.
Шыльда выглядае проста, як надмагільная таблічка, прышпіленая да дрэва і абкружаная вянком. Больш нічога: сціпла і стыльна. Але наколькі доўга яна правісіць, улічваючы ідэалагічныя разыходжанні зусім розных апанентаў, то тут Кузняцоў з’яўляецца песімістам. Па ягоных словах, яна можа знікнуць і праз пару гадзін, і праз пару дзён.
За ўсталяваннем гэтай шыльды назіралі спадары Валер Буйвал і Сяргей Папкоў з КХП–БНФ. Але ў размове з імі склалася ўражанне, што зараз яны незадаволеныя не тым ШТО робіцца, але тым, ЯК гэта робіцца.
— Як мы ставімся да ўсталявання гэтай шыльды, мы як КХП–БНФ, мы не можам сказаць, бо ўсё гэта, як Піліп з канапель. Гэта трэба абмеркаваць з нашымі сябрамі, мы ж не можам за ўсіх казаць. Мне асабіста ўсё гэта дзіўна. Я не разглядзеў яшчэ гэтую шыльду, але яны яе схавалі ў нейкую чашчу лясную, у нейкі цень… Гэта што за таямнічасць? Што за прыёмчыкі такія? Гэта што за тэатр Станіслаўскага? — кажа Валер Буйвал.
Сяргей Папкоў падкрэсліў: у яго адчуванне, што “не беларусы пісалі гэтую шыльду”:
— “Ураджэнцы”… Няма такога слова ў беларускай мове. Гэта напісалі рускія людзі, чужыя для Беларусі, яны не ведаюць нават мовы. Нават таблічку не маглі вывераць і правільна напісаць. І схавалі некуды ў цемру. Вельмі дзіўнае ўражанне.
— Хрысціянскаму чалавеку, беларусу, усё гэта не зразумела. Гэта не наш вобразны лад, не нашыя кампазіцыйныя традыцыі, культурныя… Усё гэта неяк экзатычна для нас, — дадаў Буйвал.
Што ж, калі справа толькі ў месцы размяшчэння гэтай таблічкі, альбо ў тым, ці з’яўляецца ўсталяванне шыльды адпаведным нашым традыцыям, то можна лічыць, што канфлікт вакол Курапатаў калі не вычарпаны, то сцішаны. Можа, наступным разам сапраўдны памятны знак і будзе ўсталяваны ў больш бачным месцы.