У межах расследавання крымінальнай справы аб махінацыях з кватэрамі ў Гомелі ў КДБ апыталі апазіцыянера Канстанціна Жукоўскага
13 лістапада ва ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці быў выкліканы мясцовы апазіцыянер Канстанцін Жукоўскі, каардынатар кампаніі "Хопіць піць — трэба жыць" і ініцыятывы
"Наша альтэрнатыва". У позве гаварылася, што ён запрошаны ва ўпраўленне для апытання "ў межах матэрыялаў праверкі законнасці выдзялення кватэр".
Нагадаем, летам 2012 года Камітэт дзяржбяспекі арыштаваў службовых асоб упраўлення капітальнага будаўніцтва (УКБ) Гомельскага гарвыканкама. Чыноўнікі абвінавачваюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў — у тым, што размяркоўвалі кватэры па заніжаных цэнах сваім сваякам і калегам у жылых дамах, першапачаткова прызначаных для грамадзян, домаўладанні якіх падлягаюць зносу ў сувязі з канфіскацыяй зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб. У канцы верасня па "справе УКБ" быў арыштаваны старшыня Гомельскага гарвыканкама Віктар Піліпец.
Магчыма, што кватэра, якая прызначалася і для Жукоўскага, таксама дасталася нейкім чыноўнікам ці іх сваякам. Актывіст жыве ў цэнтры Гомеля, на вуліцы Кніжнай, і яго прыватны дом трапіў пад знос. На
месцы прыватнага сектара будуць пабудаваны шматпавярховыя дамы, замоўца будаўніцтва — ТАА "ЦэнтрЛізінг".
"Замоўца разам з гарвыканкамам у пытанні давання нам іншага жылля ці кампенсацыі спрабавалі нас, груба кажучы, "кінуць". Так, мы даведаліся, што наш дом зносяць, але ўзамен
нам нічога на той момант, у 2011 годзе, не прапаноўвалі. Я пісаў скаргі ва ўсе інстанцыі, якія перанакіроўваліся ў гарвыканкам, і адтуль нам адказалі, яшчэ ў 2011 годзе, што, аказваецца, замоўца
прапаноўваў нам розныя варыянты, але мы адмовіліся. Гэта нахабны падман, нам ніхто нічога не прапаноўваў", — растлумачыў БелаПАН Жукоўскі, пацвердзіўшы свае словы адпаведнымі
дакументамі.
Ён зноў напісаў шэраг скаргаў у пракуратуру і УКДБ на парушэнне яго правоў у прыватнасці і законаў увогуле, указаўшы на факты падробкі дакументаў з боку замоўцы, які не прапаноўваў ніякіх варыянтаў,
і бяздзеянне з гэтай нагоды гарвыканкама.
З гарвыканкама зноў прыйшоў адказ на скаргу, аналагічны папярэдняму, аднак у ім істотна зменены фармулёўкі. У адказе гаварылася: "Згодна з інфармацыяй "ЦэнтрЛізінгу", для
рэалізацыі вашых правоў арганізацыяй былі набыты дзве двухпакаёвыя кватэры на Галавацкага, 83, і Свірыдава, 49". Пра тое, што гэтыя кватэры прапаноўваліся Жукоўскаму, ужо размова не ішла.
Дарэчы, менавіта кватэры на вуліцы Свірыдава, дом № 49, і фігуруюць у крымінальнай справе па гомельскім УКБ.
13 лістапада супрацоўнік УКДБ апытаў апазіцыянера па сутнасці гэтай праблемы: ці прапаноўваў яму замоўца кватэру на вуліцы Свірыдава, 49. "Таксама ў КДБ я даведаўся, што было рашэнне
гарвыканкама аб даванні жыхарам вуліцы Кніжнай кватэр, але дзе, у якім доме, на якой вуліцы — у рашэнні не было напісана", — звярнуў увагу апазіцыянер.
"У свой час, калі былі махінацыі са зносам нашых дамоў, у 2011 годзе, усе мае скаргі ігнараваліся, таму што, відаць, не было загаду разбірацца. Зараз жа, калі сістэма дала збой ці нехта не
падзяліўся, — пачалі разбірацца. Праваахоўныя органы працуюць не на падставе закону, а паводле каманды", — мяркуе Жукоўскі.
БелаПАН