Улада імкнецца пазбавіцца ад нязручных пытанняў аб правах асуджаных

Судовае рашэнне аб ліквідацыі інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформа", прынятае Гаспадарчым судом Мінска, пакуль не набыло законную моц. Арганізацыя падае апеляцыю, аднак у яе кіраўніцтва няма сумненняў, што гэта рашэнне застанецца без задавальнення. У выніку Беларусь, як лічаць праваабаронцы, можа пазбавіцца адной з самых унікальных арганізацый.
 



logo_site2_2.gif

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова "Платформа" была афіцыйна зарэгістравана 16 чэрвеня 2011 года. Калегі па праваабарончай дзейнасці адразу ж назвалі арганізацыю ўнікальнай у беларускіх умовах.

"Платформа" занялася адным з самых складаных пытанняў — абаронай правоў зняволеных. На адной з прэс-канферэнцый намеснік старшыні незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч прызнаўся: да маніторынгу пенітэнцыярных устаноў і абароны правоў чалавека ў турмах у астатніх праваабарончых арганізацый "проста не даходзілі рукі".

Гэтую ж унікальнасць у дзейнасці "Платформы" адзначыла і дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка. "Платформа" адпавядала патрабаванням вялікай колькасці людзей, яна працавала са зняволенымі, па сутнасці сваёй гэта інфармацыйна-асветніцкая ўстанова выконвала праваабарончую функцыю, дзейнічаючы ў такім кантынгенце і ў межах беларускага заканадаўства, што вельмі складана", — адзначыла Смалянка.

За кароткі час свайго існавання "Платформа" змагла зрабіць вельмі шмат: правесці маніторынг умоў утрымання зняволеных, што наогул унікальна ў Беларусі, паколькі праваабаронцы ў пенітэнцыярныя ўстановы доступу не маюць. Распачаць кампанію "Несправядлівы прыгавор" з аналізам судовых рашэнняў, а таксама кампанію па расследаванні самагубстваў асуджаных у калоніях. Нейкім чынам арганізацыя магла атрымліваць інфармацыю пра масавыя галадоўкі, спробы суіцыдаў у папраўчых установах, а таксама пра ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных.

Акрамя таго, "Платформа" працавала ў межах ініцыятывы ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю". І, зразумела, займалася яна там правамі асуджаных і рэформай пенітэнцыярнай сістэмы.

Кіраўнік "Платформы" Андрэй Бандарэнка адзначае, што арганізацыю стараюцца закрыць у тым ліку і за ўдзел у гэтай ініцыятыве. "Праца нашых экспертаў у межах "Дыялогу аб мадэрнізацыі" — гэта не асноўная, але адна з прычын ліквідацыі арганізацыі судом", — лічыць ён.

У межах мадэрнізацыі пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі прапаноўваецца перадаць дэпартамент выканання пакаранняў у арганізацыйнае падпарадкаванне Міністэрства юстыцыі. Цяпер ён падначалены МУС. Таксама прапаноўваецца сфарміраваць пры дэпартаменце выканання пакаранняў і пры кожнай калоніі грамадскія наглядальныя камісіі, у склад якіх уключыць прадстаўнікоў праваабарончых і іншых арганізацый, якія выказалі такое жаданне.

Праваабаронцы прапаноўваюць адмовіцца ад практыкі выпатрабавання ад асуджаных "абавязацельства аб правапаслухмяных паводзінах" і ўнесці адпаведныя змяненні ў заканадаўства.

Асобным пунктам стаіць пытанне выключэння з Крымінальнага кодэкса артыкула 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), паколькі яго фармулёўкі ствараюць перадумовы для адвольнага асуджэння асоб, якія дапусцілі парушэнні рэжыму адбывання пакарання.

Толькі пятым пунктам стаіць прапанова аб забеспячэнні безумоўнай адпаведнасці ўмоў знаходжання асуджаных у месцах пазбаўлення волі міжнародным прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

Зрэшты, Андрэй Бандарэнка лічыць, што для пачатку дзяржава можа выканаць усяго тры рэчы, каб становішча зняволеных у турмах палепшылася.

"Цяпер у нас адсутнічае грамадзянскі кантроль за пенітэнцыярнымі ўстановамі, фактычна не праводзіцца пракурорскі кантроль і няма міжнароднага кантролю за ўмовамі адбывання пакарання", — гаворыць ён. Варта зрабіць толькі тры гэтыя рэчы, і сітуацыя нават у дзейнай сістэме пенітэнцыярных устаноў палепшыцца.

"Усё, што ў большасці сваёй адбываецца ў беларускіх турмах, адбываецца таму, што няма кантролю. Няма кантролю з боку грамадскасці — і зняволеным не даходзяць лісты, няма кантролю з боку пракурорскіх работнікаў — і ў турмах прымяняюцца катаванні, няма міжнароднага кантролю — і скаргі зняволеных не даходзяць на волю", — адзначае кіраўнік "Платформы".

"Цяпер адміністрацыя калоніі можа рабіць усё, што пажадае. У прыватнасці, адвольна прымяняць да зняволеных артыкул 411 Крымінальнага кодэкса і адвольна прадаўжаць ім тэрмін зняволення. Гэта мы бачылі не толькі на прыкладзе Дзмітрыя Дашкевіча, але і на прыкладзе вялікай колькасці зняволеных. Бывалі выпадкі, калі людзі, асуджаныя на тры гады калоніі, выходзілі з месцаў пазбаўлення волі толькі праз 12 гадоў, таму што па гэтым артыкуле ім пастаяннага прадаўжалі тэрмін", — сцвярджае Бандарэнка.

Паводле яго слоў, абскардзіць прыгавор па гэтым артыкуле практычна немагчыма. Адміністрацыя калоніі можа адвольна прымяняць закон аб амністыі — яе дзеянні ў гэтым ніхто не кантралюе. "Гэтак жа мы бачым, як людзі становяцца "злоснымі парушальнікамі" за дробныя правіннасці, за падраную на куртцы бірку з нумарам зняволенага ці за адсутнасць насоўкі. А такі статус не дае магчымасці прымянення амністыі, сур'ёзна абмяжоўвае колькасць перадач чалавеку і магчымасць купіць прадукты ў турэмным магазіне", — адзначае праваабаронца.

Быў бы допуск незалежных назіральнікаў у калоніі да зняволеных — удалося б зняць масу праблем з іх утрыманнем, лічыць Бандарэнка.

З ліквідацыяй "Платформы" ўлада пазбаўляецца ад нязручных пытанняў па правах асуджаных. Прынамсі, "Платформа" магла прывесці пераканаўчыя аргументы таго, што і навошта трэба зрабіць у першую чаргу.

Зараз жа ліквідацыя арганізацыі дазволіць уладам у адказ на папрокі міжнароднай супольнасці заявіць, што ў нашых турмах па-ранейшаму ўсё ў парадку. А з самімі актывістамі "Платформы" размаўляць у духу: "Ты хто такі? Давай, да пабачэння!" Ці арганізаваць ім персанальнае азнаямленне з умовамі ўтрымання зняволеных, дастасаваўшы да іх артыкул Крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Паводле меркавання юрыста Вольгі Смалянкі, самае цікавае тое, што вопыт ліквідацыі такіх устаноў у Беларусі адсутнічае. Яна ўспамінае, што ў 2010 годзе судом была ліквідавана такая ж некамерцыйная інфармацыйна-асветніцкая ўстанова "Правы альянс".

"Суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі ўстановы, рашэнне набыло законную моц. Аднак дагэтуль не створана ліквідацыйная камісія па гэтай установе. Гэта значыць, што быццам бы і рашэнне суда ёсць, дэ-юрэ арганізацыя ліквідавана, а дэ-факта гэты працэс не завершаны", — сказала Смалянка.

Тое ж самае — з грамадскім аб'яднаннем "Беллітфонд". Па ім ліквідацыйная камісія нават была створана — яшчэ ў 2007 годзе. Аднак дагэтуль яна не завяршыла сваёй працы. Гэта значыць аб'яднанне як бы ліквідавана і ў той жа час як бы не.

Ці паўторыцца гэта сітуацыя з "Платформай", невядома. Але цалкам магчыма, што ўстанова апынецца ў падвешаным стане. Зрэшты, Андрэй Бандарэнка сцвярджае, што "Платформа" працягне сваю працу ў любым выпадку.

"Неяк напярэдадні аднаго з судовых пасяджэнняў я размаўляў са сваімі знаёмымі прадпрымальнікамі. Яны мне сказалі: "Чаго ты парышся? Давай мы цябе зарэгіструем у Амерыцы ці ў Вялікабрытаніі?". Я не надаў гэтаму значэння. Але нядаўна атрымаў дакумент, што ў Вялікабрытаніі мы ўжо зарэгістраваны як PlatformaRB. Ltd", — смяецца Бандарэнка.
 

Сяргей Пульша, БелаПАН