Улады Гродна не дазволілі аўтапрабег у падтрымку беларускіх і расійскіх сілавікоў

Чыноўнікі Гродзенскага гарвыканкама не дазволілі аўтапрабег у падтрымку сілавікоў. Арганізаваць яго хацела актывістка «Інфаспецназа» Вольга Бондарава.

bondareva_1803.jpg

Мерапрыемства было запланаванае на 26 сакавіка. Прыняць удзел у ім мусілі каля 20 аўтамабіляў. Мэта акцыі — «выказаць падтрымку работнікам сілавых структур Беларусі і Расіі ў іх працы па абароне правапарадку».

У афіцыйным адказе, які падпісаў намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Болтрык, ёй падзякавалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Але аўтапрабег не дазволілі, спаслаўшыся на рамонт дарог у горадзе. Арганізатарцы прарпанавалі далучыцца да святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці.

Праўладнай актывістцы Вользе Бондаравай 39 гадоў. Яна прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці — за кантрабанду цыгарэт. Пасля выбараў-2020 здымала на відэа стужкі, налепкі і сцягі, развешаныя ў Гродне.

Паводле «Еўрарадыё».