Выхавацелькай у дзіцячыя сады Мінска бяруць без спецыяльнай адукацыі
У Мінску ва ўстановах дашкольнай адукацыі бракуе выхавальнікаў, нянечак, прыбіральшчыц, мыйшчыкаў посуду, вартаўнікоў. Сітуацыя такая, што нават для працы выхавацелем не патрабуюць профільнай адукацыі.
Фота: z-p-p.com
"Па дадзеных на канец верасня гэтага года ў горадзе было 388 вакансій выхавацеля і 199 — памочніка выхавацеля — няні, — распавядае агенцтву «Мінск-Навіны» начальнік аддзела арганізацыйна-прававой і кадравай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Гуркова. — Аклад супрацоўнікаў ясляў і дзіцячых садоў невялікі, затое ўладкавацца папрацаваць бліжэй да свайго дзіцяці нянечкай можа нават мама, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку".
У дашкольную ўстанову, якую наведваюць іх дзеці, мам бяруць у першую чаргу. Патэнцыйна памочніку выхавацеля, кухоннаму рабочаму, прыбіральшчыку і вартаўніку для працаўладкавання патрэбныя толькі медыцынская даведка і пашпарт. Для ўсіх новых супрацоўнікаў абавязковы выпрабавальны тэрмін — два месяцы.
— Кандыдат у выхавацелі можа нават не быць педагогам па прафесіі, — гаворыць галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ганна Савіцкая. — Абавязковы толькі дыплом аб сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі ў любой сферы. У гэтым выпадку пасля прыёму на працу на працягу двух гадоў выхавацель праходзіць перападрыхтоўку. Для работнікаў дзіцячых садкоў і ясляў прадугледжаны гнуткі графік. Жадаючым папрацаваць ідуць на саступкі: можна ўладкавацца на паўдня або нават на пару гадзін.
На сайтах упраўленняў адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Мінска штомесяц 25-га чысла абнаўляецца інфармацыя пра вакансіі ва ўстановах дашкольнай адукацыі.