«Выклікаўся на ўсе заданні». Хто такі добраахвотнік «Мінск», які загінуў ва Украіне
«Мінск» папрацаваў журналістам, прафесійна займаўся тайскім боксам, здымаўся ў кіно, пісаў вершы.
5 жніўня ў Данецкай вобласьці загінуў беларускі добраахвотнік з пазыўным «Мінск»
(імя і прозьвішча не называюцца дзеля бясьпекі сваякоў). Гэта сама менш 33-ці
ад пачатку поўнамаштабнай вайны беларус, які загінуў, баронячы Ўкраіну.
«Мінск» ваяваў у шэрагах ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну. Пабрацімы беларуса расказалі «Свабодзе» пра яго.
«Адказваў ня толькі за сваё жыцьцё»
Ваяр з пазыўным «Грызьлі» кажа, што так атрымалася, што «Мінск» спачатку таксама прэтэндаваў на гэты самы пазыўны.
«Калі я прыйшоў у Легіён, то так атрымалася, што і ён „Грызьлі“, і я „Грызьлі“. І ён празь мяне памяняў пазыўны. Ён чалавек сур’ёзны, я кажу: „Я ўжо шэсьць гадоў „Грызьлі“. А ты колькі?“ Ён успрыняў усё нармальна, хоць я казаў гэта нават жартам», — сьмяецца «Грызьлі».
Ваяр кажа, што «Мінск» быў чалавекам сьціплым, але ўмеў распытваць, ён не саромеўся цікавіцца рознымі пытаньнямі адносна вайны і ўмеў слухаць.
«Адначасова быў упарты. Здавалася б, спакойны, сьціплы, але меў сваю пазыцыю. Інакш і нельга, бо гэта вайна. Ты ж ня сядзеш, калі табе загадаюць, і ня будзеш чакаць сьмерці. Трэба мець стрыжань», — расказвае пабрацім.
«Грызьлі» кажа, што на заданьні «Мінск» выходзіў з кулямётам, апошнім прыкрываў усю групу.
«Гэта вельмі цяжкая праца. І сам кулямёт цяжкі, але і псыхалягічна праца вельмі цяжкая, адказная, бо адказваеш за ўсіх, ня толькі за сваё жыцьцё».
Ваяр падкрэсьлівае, што беларус быў вельмі спакойны, магчыма, нават флегматычны.
Іншы пабрацім «Мінска», які не захацеў называць свайго імя, кажа, што яны пасябравалі ў спартовай залі.
«Мінск» займаўся тайскім боксам, быў тытуляваным спартоўцам. Я ведаю, што ён выяжджаў на міжнародныя турніры, быў у самім Тайляндзе. І трэнэр ён быў добры«, — расказалі ў ІІ Інтэрнацыянальным легіёне.
Гэты баец таксама расказвае пра «Мінска» як пра чалавека флегматычнага.
«Ён пісаў вершы, артыкулы. Я ведаю, што нават працаваў нейкі час журналістам. Вельмі цікавы чалавек, шмат чаго ведаў, мог расказаць. IQ у яго быў такі высокі, што было цікава паслухаць і павучыцца. „Мінск“ вельмі захапляўся шахматамі. Бывалі пэрыяды, калі мы штодня гулялі ў шахматы. Шмат чытаў кнігі па псыхалёгіі».
«Ніколі не адмаўляўся ад працы»
«Грызьлі» падкрэсьлівае, што «Мінск» быў ня з тых людзей, якія абгаворваюць за сьпінай, што вось той дрэнны, а гэты добры. Наадварот, калі яму што не падабалася, то мог спакойна ўсё сказаць у твар.
«Я пытаўся ў яго, ці лепш яму сьпіцца ва Ўкраіне, чым было ў Беларусі. І ён адказаў: «Так, значна лепш. Бо ў Беларусі я перажываў, ці прыйдуць да мяне, ці арыштуюць. І кожны дзень так. А тут хоць вайна, але сьпіцца мне лепш», — пераказвае «Грызьлі» размову з пабрацімам.
У ІІ Інтэрнацыянальным легіёне таксама распавялі, што беларус здымаўся ў кіно, часта бываў у масоўцы, часам яму даставаліся ролі «кепскіх хлопцаў».
«У армію людзі трапляюць незалежна ад прафэсіі, ім трэба і дровы сячы, і ваду цягаць, і траншэі капаць, і сьмецьце насіць, а ня толькі страляць. „Мінск“ гэта ўсё рабіў. Ніколі не казаў, што нечага ня будзе рабіць. Тут таксама людзі сварацца, ёсьць спрэчкі, як вялікая сям’я, але мусіце далей быць разам», — працягвае «Грызьлі».
Іншы баец кажа, што гумар у «Мінска» быў вельмі арыгінальны, вытанчаны.
«Ён быў рамантыкам, любіў прыроду, дзівіўся на яе. Выходзіў за межы сяла, магчыма, шукаў месца спакою для сябе там».
«Хадзіў па краі»
Пабрацімы ў адзін голас заўважаюць, што «Мінск» быў сьмелы і матываваны. «Грызьлі» ўражаны тым, што беларус ведаў, што на радзіме яго могуць пасадзіць у турму за ўдзел у вайне, але ўсё адно ня змог не прыехаць ва Ўкраіну.
«Ён быў перакананы, што вызваленьне Беларусі будзе праз вызваленьне Ўкраіны. Усе беларусы ў нас так думаюць. І ў гэтым ёсьць праўда. У нас супольная мяжа і супольныя праблемы. Беларусы прыяжджаюць зь верай: калі пераможа Ўкраіна, то яны зрынуць свайго тырана», — кажа «Грызьлі».
Іншы пабрацім заўважае, што «Мінск» быў чалавек вельмі сьмелы і, магчыма, гэтая сьмеласьць сыграла супраць яго.
«Ён выклікаўся на ўсе заданьні выведкі, выходзіў „за нуль“, хадзіў па краі. Трапляў у такі перакрыжаваны агонь, што ледзь выходзіў адтуль».
«Грызьлі» перакананы, што на вайне добра відаць, ці творчай чалавек прафэсіі, ці рабочай. Гэта заўважна па тым, як яны вядуць бой.
«Усе падыходзяць да справы са сваім почыркам, падыходам. Бывае, лезуць расейцы, я кажу яму „Навальвай!“, а ён так спакойна адказвае: „Я хачу да ўсіх прыгледзецца“. А потым ужо празь нейкі час навальвае», — усьміхаецца «Грызьлі».
Беларуса «Мінска» пахавалі на львоўскіх вайсковых
могілках.