«Жаночыя гісторыі». Як у ІЧУ трапілі шматдзетная маці, жанчына з інваліднасцю і цяжарная

У ІЧУ жанчыны, якія шмат разоў траплялі ў турму за розны крымінал, не маглі паверыць, што можна быць зняволеным за здымак, зроблены на чужы тэлефон, або за «ўдзел у акцыі», якой насамрэч нават не было. Гісторыі жанчын-гамяльчанак, абвінавачаных паводле артыкула 23.34, распавядае «Свабода».

Марш 25 кастрычніка ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота Аляксандра Зяньковіча

Марш 25 кастрычніка ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота Аляксандра Зяньковіча


22 кастрычніка ў Навабеліцкім раёне Гомеля быў «хапун». Міліцыя шукала тых, хто сфатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сцягам. У выніку ў ізалятар часовага ўтрымання на некалькі дзён трапілі шматдзетная маці, цяжарная жанчына і жанчына з інваліднасцю.

Аксана. Забралі ў РАУС разам з 7-гадовым сынам

Ішла дахаты, і яе папрасілі на чужы тэлефон сфатаграфаваць людзей, якія стаялі каля стэлы «Гомель» з бел-чырвона-белым сцягам. «Я без задняй думкі, бо не бачыла ў гэтым нічога такога. Гісторыю я ведаю добра, і гісторыю сцяга таксама — ён не забаронены, таму сфатаграфавала людзей і пайшла», — кажа Аксана.

Яна была з меншым дзіцем на бальнічным, калі да яе пагрукалі ў дзверы міліцыянты. Нічога не тлумачылі, толькі сказалі: «Пройдзем». Былі вельмі настойлівыя. Прыгразілі, што сына могуць забраць органы апекі. Малога не было з кім пакінуць, таму маці паехала ў РАУС разам з ім.

У Аксаны дзве вышэйшыя адукацыі, яна працуе на трох працах, плаціць падаткі. «А на мяне крычалі ў міліцыі! Што апека забярэ дзяцей, што я паеду на ізалятар. Забег нейкі начальнік і крычаў на мяне: „Прызнавайся, прызнавайся!“. У чым? У тым, што я зрабіла здымак? Ён крычаў, што бел-чырвона-белы сцяг — гэта нацысцкая сімволіка. Добра, што пазней прыехаў муж і забраў дзіця. На мяне ў міліцыі крычалі: чаму я ішла дахаты менавіта праз „Крышталь“, дзе людзі фатаграфаваліся, а не праз лес? Дык, можа, намалюйце мне маршрут — дзе можна хадзіць, а дзе нельга?» — кажа Аксана.

З чацвярга па нядзелю яна была ў ізалятары часовага ўтрымання. «Называецца — затрымалі да суду! І ў нядзелю выпусцілі. Чаго было забіраць? Я што — злачынца?» — дзівіцца Аксана.

 

Таццяна, якая чакае дзіця

Разам з Аксанай у чацвер забралі Таццяну. У яе непаўналетняе дзіця, да таго ж яна цяжарная. Мужа ў пятніцу пасадзілі на 15 сутак. Забралі і цёцю. Пра гэта Таццяна даведалася ўжо ў ІЧУ. Меркавалася, што яна выйдзе ў нядзелю — праз 72 гадзіны ад моманту затрымання. Але Таццяну так і не выпусцілі.

«Яна на ІЧУ даведалася, што там жа — яе цётка. І крычала: „Цёця, а вас за што?“. Я не вытрымала і спявала на шпацыры „Перамен“, і ўявіце, як з усіх вокнаў пачалі крычаць: „Жыве Беларусь!“. Значыць, у нас зараз толькі такія людзі — злачынцы», — кажа Аксана.

 

Наталля, у якой пяцёра дзяцей. Яе выпусцілі і тут жа забралі зноў

Разам з Аксанай затрымалі і Наталлю. У яе пяцёра дзяцей. З чацвярга па нядзелю яна была ў ІЧУ. У нядзелю мелася выйсці пасля 72 гадзін затрымання. Але родныя і дзеці не дачакаліся маці.

Сын шукаў — дзе яна дзелася? Аказалася, міліцыя з ІЧУ перавезла яе ў аддзел, а адтуль — зноў у ІЧУ.

«Яшчэ да нас на ІЧУ ў пятніцу трапіла Аксана. У яе інваліднасць другой групы і непаўналетняе дзіця. Але гэтых нічога не спыняе! Яе выклікалі ў РАУС па позве — і затрымалі. Завезлі на ІЧУ. Усе мы — „злачынцы“, усе ідуць па артыкуле 23.34 КаАП. Я сядзела з жанчынамі, якія шмат разоў траплялі ў турму за розны крымінал. Яны паверыць мне не маглі, што я сяджу за нейкі здымак, які зрабіла на чужы тэлефон!» — дадала Аксана.

Яна дзякуе ўсім кіроўцам, якія сігналяць, калі праязджаюць паўз ІЧУ.

«Паверце, гэта вельмі натхняе! ІЧУ? Ну, там страшна толькі першы дзень. Галоўнае — правільна ўмець рыхтаваць перадачы», — лічыць Аксана.

 

73-гадовая Ева Раманаўна. «С... ка, бл.. ь, колькі ты будзеш хадзіць!»

Працавала настаўніцай. Затрымалі яе 25 кастрычніка ў цэнтры Гомеля. Склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Хоць ніякай акцыі ў Гомелі не было — людзям так і не далі сабрацца міліцыянты.

«Маці раней не ўдзельнічала ў пратэстах. Да таго часу, пакуль выпадкова не пазнаёмілася з чалавекам, які быў затрыманы разам з Аляксандрам Віхорам (загінуў 12 жніўня ў Гомелі. — РС). Ён расказаў пра гэты жудасны выпадак, і гэта моцна паўплывала на маці. Пасля гэтага яна з’ехала за мяжу, на паўтара месяца, і сачыла за сітуацыяй у Беларусі. Пасля вяртання ў Гомель яна пайшла на Марш пенсіянераў. Гэта быў яе першы ўдзел у вулічнай акцыі. Выходзіла яна на Марш пенсіянераў і праз тыдзень, але больш ніхто ня выйшаў. Вырашыла сёння пайсці», — кажа дачка Алеся.

Яны гулялі разам па цэнтры гораду, трымалі ў руках кветкі і восеньскія лісты. На Савецкай АМАП перагарадзіў ім шлях. АМАП схапіў хлопца.

«У маці — абвостранае пачуццё справядлівасці. Яна спрабавала размаўляць з АМАП, падлічыла, колькі іх выйшла, каб перашкодзіць нам гуляць — 32 чалавекі! 32 волаты! Затым на нашых вачах схапілі яшчэ аднаго мужчыну. Побач былі людзі сталага ўзросту, з імі вельмі груба размаўляў супрацоўнік АМАП, звяртаўся на „ты“, казаў: „Валі адсюль“, крычаў на маю маці: „Зараз ты таксама з намі пойдзеш!“. І вось калі ўжо калі яны з’язджалі, той старшы амапавец падышоў і забраў маю маці. Сказаў, што яе павязуць на гутарку. А мяне, калі я спрабавала высветліць — куды яе? — груба „паслаў“. Пазней маці расказала, што амапавец у аўтобусе сказаў іншым амапаўцам: „У яе бацька — паліцай!“ Адкуль ён гэта ўзяў? Яе бацька прайшоў усю вайну і дайшоў да Бэрліну. Гэты старшы амапавец стаў над галавой у маці і шалёна крычаў на яе, паводзіў сябе як звер, калаціў рукамі аб сценку, крычаў матамі: „Сука, бл... колькі ты будзеш хадзіць?! Што табе трэба?!“ Затым яе перасадзілі ў іншы мікрааўтобус, забралі тэлефон і замкнулі на ключ за краты ў памяшканне для затрыманых, доўга вазілі па горадзе», — кажа Алеся.

У РАУС у Евы Раманаўны ўзялі адбіткі пальцаў, склалі пратакол за ўдзел у акцыі, якой не было.

«У пратаколе маці напісала, што заўтра пойдзе працаваць, шыць сцягі. А ў пратаколе напісала ўсе тыя маты, якімі крычаў на яе амапавец», — дадала дачка.

 

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.