Акудовіч: «Сёння руская мова — гэта функцыя, а беларуская — каштоўнасць»
«Моўнае пытанне» зноў на парадку дня. А дакладней, двухмоўе. У межах Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» адбылася публічная дыскусія «Білінгвізм як культурная стратэгія. Шлях да росквіту ці заняпаду?»
У пачатку мерапрыемства адзін з яе ініцыятараў, філосаф Ігар Бабкоў, выказаў спадзяванні, што сённяшняя размова стане «спробай разгледзець самыя розныя пазіцыі, пры гэтым не рвучы кашулі,
а спрабуючы дамовіцца і ўбачыць адно аднаго». Мы сачылі за развіццём дыскусіі і натавалі самыя цікавыя высновы і думкі яе ўдзельнікаў.
Пакуль збіраліся выступоўцы, праблему двухмоўя абмяркоўвала неабыякавая публіка.
Распачаў мадэратар Ігар Бабкоў:
«Беларускае грамадства насамрэч не дзеліцца на беларускамоўных і рускамоўных. Няма такой геаграфічнай мяжы, паводле якой з правага боку сядзяць рускамоўныя, а з левага —
беларускамоўныя. Такая мяжа праходзіць у свядомасці кожнага з нас. Беларускае грамадства складаецца з абсалютнай колькасці білінгваў з рознымі спосабамі карыстання гэтымі дзвюма мовамі. Людзі, якія
заяўляюць, што валодаюць толькі адной мовай, складаюць абсалютную меншасць».
Перабіваючы адно аднаго, слова (на дзвюх мовах, але ў асноўным па-руску) прасілі зацікаўленыя з залы. Галоўны прэтэндэнт на «свабодны мікрафон», вядомы персанаж разнастайных
дыскусій і падзей культурнага асяроддзя Мінска Леў Крывіцкі, быў першым. «Білінгвізм — натуральны стан беларускага этнасу, — пачаў аўтар кнігі «Сучасны
гуманізм». — Так было ў гісторыі і так будзе заўсёды. У часы ВКЛ беларусы размаўлялі на старабеларускай мове, якая была звязаная з рускай. Там нават было оканне, хоць для беларускай
мовы характэрнае аканне. Такім чынам, яны гаварылі «не кожнага», а «кождого».
«Гэта пісалі так», — пачала папраўляць публіка.
«Пісалі і гаварылі, — гнуў сваю лінію Крывіцкі. — І рабілі значна большы ўклад у развіццё рускай мовы, чым Масковія».
«Ну адкуль у вас такія звесткі?» — абуралася зала.
Вайна культур ці шматфункцыянальнасць?
Сітуацыя выходзіла з-пад кантролю, таму мікрафон аператыўна перахапіў вядоўца Ігар Бабкоў. «Беларуска-расійскі білінгвізм паўстае ў 60-70-я гады ХХ стагоддзя ў выніку
раптоўнай урбанізацыі грамадства і перасялення асноўнай масы беларусаў з вёсак у гарады, — расказаў філосаф. — Пачынае фармавацца вельмі спецыфічны тып білінгвізму, які можна
назваць каланіяльным. Беларускаму складніку адводзілася роля лакальнай этнаграфічнай, гэтакай мясцовай экзотыкі, а руская частка выконвала ролю ўніверсальнай культуры. У Мінску 80-х гадоў, калі
ўзнікала патрэба звярнуцца да нейкіх універсальных рэчаў, ты вымушаны быў выскокваць з беларускага кантэксту. Тут варта прыгадаць Алеся Адамовіча, які пісаў па-руску і матываваў гэта жаданнем
разламаць гэтую апазіцыю.
Але ў другой палове 80-х адбываецца культурная рэвалюцыя. Тое ж пакаленне «Тутэйшых» стала спробай вывесці беларускую культуру з лакальна-этнаграфічнага гета. Беларусы раптам
перасталі глядзець на рускую культуру як на ўніверсальную. Свае гарызонты гэтае ўніверсальнасці спрабавала шукаць і беларуская культура. Тады ж паўстаў і міф еўрапейскасці беларускай культуры.
Паспяхова гэта было ці не — пытанне іншае. А ў 90-я адбывалася тое, што Валянцін Акудовіч назваў «вайной культур». Рэшткі гэтага антаганізму, гэтай вайны дагэтуль
захоўваюцца ў нашай свядомасці».
«Я вырасла ў мінскім двары, дзе гучала дзве мовы, – кажа культуролаг Юлія Чарняўская. — Гэта быў пісьменніцкі двор на Карла Маркса. Мы тады не вельмі
разумелі, што гаварылі на дзвюх розных мовах. Проста з мужчынамі-пісьменнікамі размаўлялі трошкі інакш, чым з іх жонкамі і дзецьмі, але не разумелі, што з пісьменнікамі гаварылі па-беларуску, а з іх
сем’ямі — па-руску. Таму вайны, пра якую казаў спадар Акудовіч, я не заўважала. Я хутчэй заўважала рознафункцыянальнасць, пра якую сказаў Ігар Бабкоў.
У 70-я і раннія 80-я можна было назіраць дзіўную рэч – агульную русіфікацыю на фоне агульнай культуры. У тыя часы вельмі лёгка было “адкасіць” ад вывучэння рускай мовы
ў школе, можна было спакойна жыць у Мінску, быццам жывеш у Маскве, не звяртаючы ўвагі на беларускае. Але, напрыклад, надрукавацца на беларускай мове было значна прасцей, чым на рускай. У Мінску быў
адзін рускамоўны часопіс «Нёман», каб трапіць туды, трэба было чакаць каля пяці гадоў. Менавіта таму Васіль Быкаў не мог апублікавацца ў Мінску раней, чым у Маскве, у
«Новом мире».
«Рускамоўны беларускі нацыяналізм магчымы»
Наступны выступоўца, метадолаг Уладзімір Мацкевіч, раптам зазначыў, што «моўныя дыскусіі ў Беларусі вядуцца сёння на нізкім інтэлектуальным узроўні»
«А для беларусаў гэта стратэгічна небяспечнае пытанне, — сказаў Мацкевіч. — Але гэта складана растлумачыць людзям, якія разглядаюць пытанні мовы ў побытавым плане, у
плане ўласнага асабістага камфорту, у плане штодзённага жыцця. Калі зірнуць на праблему з пункту гледжання гісторыі, мы пабачым небяспеку, якую сёння назіраем у выпадку з паўднёва-ўсходнімі рэгіёнамі
Украіны. Нездарма ў інтэрнэце з’явіліся жарты: «Цішэй, не размаўляй па-расійску, таму што старэйшы брат прыйдзе вызваляць цябе». Сапраўды, калі расіяне ў 90-я гады пачалі
велізарную праграму па стварэнні рускага свету, яны адразу мелі на ўвазе гэтую міну затрыманага дзеяння, якая павінная была выбухнуць. У Латвіі, напрыклад, гэта не міна, а штодзённыя сутычкі. Сёння
латвійскія грамадзяне адмаўляюцца вучыць латышскую мову, змагаюцца за права весці стасункі толькі па-расійску. Гэта ўзводзіцца ў прынцып».
«Першая праблема, якую трэба вырашаць, — падагульніў Мацкевіч, — гэта дыстанцыяванне ад рускага свету. Мы, беларусы павінныя, як кажуць у маркетынгу,
«адстроіцца» ад рускага свету. Нават калі мы выкарыстоўваем у якасці першай рускую мову. Рускамоўны беларускі нацыяналізм магчымы і нават прадуктыўны. Нацыяў-білінгваў у свеце
досыць, каб мы не парыліся з гэтай нагоды.
Мы не павінныя супрацьпастаўляць беларускую мову рускай, якая з’яўляецца дзяржаўнай. У гэтым сэнсе мы гаспадары над гэтай рускай мовай. Гэта нашая руская мова. Мы можам усталёўваць у ёй
свае правілы, можам пісаць тлумачальныя слоўнікі. Расія больш не суверэнная над нашай рускай мовай. І патрыятызм, і нацыянальнае будаўніцтва мы павінныя весці на абедзвюх мовах. Калі б не гістарычныя
абставіны, іх магло быць і чатыры».
Беларусь фармуецца не на базе беларускай мовы, а дзякуючы дзяржаве і ўсім яе інстытутам
Слова перайшло да Валянціна Акудовіча:
«Калі мне даводзіцца пісаць тэкст па-руску, гэта перш за ўсё пакута. Па-другое, я пішу агульнай рускай мовай, а сваёй рускай мовы ў мяне няма. А ўласная беларуская мова
— ёсць. У маім эсэ «Вайна культураў» гаворыцца пра тое, што са з’яўленнем беларускай свядомасці ў нас пачынаецца вайна рускай і беларускай культураў. І ў гэтай
вайне найбольш цярпіць мова. Але гэта я даўно пісаў, цяпер мне такая рыторыка не надта даспадобы. За гэты час стала зразумела, што руская мова так і не змагла перамагчы беларускую, не здолела ўшчэнт
разбіць ворага. І разам з тым беларуская мова не здолела так супрацьстаяць рускай, каб тая саступіла. Таму мы цяпер знаходзімся ў сітуацыі прызвычайвання рускамоўных да беларускамоўных і
наадварот».
«Калі мы пачалі лаяльна ставіцца да людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, — працягнуў філосаф, — няўжо цяжэй палюбіць чалавека з рускай мовай? Пакрысе мы
перасталі актуалізаваць галоўную ідэю беларускага адраджэння — ідэю пра тое, што Беларусь як нацыя можа паўстаць толькі на беларускай мове. Што, калі мы не будзем гаварыць па-беларуску,
ніякай нацыі не будзе. Гэтая ідэя сёння не плённая. Ужо больш за 20 гадоў Беларусь фармуецца не на базе беларускай мовы, а дзякуючы дзяржаве і ўсім яе інстытутам — сацыяльным, палітычным. Як
казаў Эрнэст Рэнан, нацыя — гэта штодзённы плебісцыт. Хочам мы гэтага ці не хочам. Мы купляем беларускія квіткі, глядзім ці не глядзім беларускае тэлебачанне, і гэта больш магутны фактар,
чым мова.
Хаця асабіста для мяне мова — дом быцця. Руская мова — гэта функцыя, а беларуская мова — нашая галоўная сакральная каштоўнасць. Усё найлепшае, што было створанае на
гэтай зямлі, створанае на беларускай — ад Бібліі Скарыны да Статута ВКЛ. І яна гэтай каштоўнасцю будзе заставацца, нават калі знікне. Малаверагодна, што беларуская мова будзе калі-небудзь
дамінаваць. Але з іншага боку, яна мае вялікі патэнцыял генерацыі. Здаецца, ужо ўсё вынішчылі, ужо сядзяць па тых закутках як мышы і шэпчуцца — але не, зноў вылазяць».
Кожны, хто пачынае абараняць рускую мову, развязвае вайну?
«У гэтай дыскусіі я адчуваю сабе вельмі няўтульна, — паскардзіўся Уладзімір Мацкевіч, — такім вось лінгвістам сярод філолагаў. Нават не лінгвістам, а
хутчэй сацыялінгвістам, палітыкалінгвістам. Яшчэ раз акцэнтую: мова — гэта не тое, што дае нам магчымасць вітацца ці прасіць кагосьці падаць шклянку вады. Мова — гэта тое, у чым
існуе культура, мысленне, свет. Мова — гэта зброя, гэта прылада, якой мы гэты свет мяняем. Можна ўсхваляць мову, але давайце гаварыць пра праблему. А праблема якая? Тая ж самая вайна
культураў. Калі мова сакральная, гэта падстава не для вайны культураў, а ўжо да вайны звычайнай, самай сапраўднай. Бо ўсе войны вядуцца за сакральнае, а мова — гэта сродак. Сёння ў
мітрапаліта запыталіся,чаму б набажэнствы не перавесці на рускую. Ведаеце, што ён адказаў? «Гэта небяспечна — пачнецца вайна». І ён мае рацыю. Бо калі перавесці набажэнствы
са старажытнаславянскай мовы на рускую, беларусы запытаюцца: чаму так?
Наступ на рускую мову павінен быць. Але калі мы пачнем гэты наступ, мы атрымаем сітуацыю з Крымам і з Паўднёва-ўсходняй Украінай. Пашырэнне выкарыстання адной мовы разглядаецца як уціск другой.
І пакуль мы будзем спяваць песні і танцаваць па-дэ-дэ вакол моўнага пытання, мы будзем мець прычыны для вайны. І гэтыя прычыны мы ствараем сваімі нелагічнымі несістэмнымі выказваннямі і тэорыямі.
Замест таго каб нармалізаваць сітуацыю, мы паглыбляем яе, нараджаючы рыгарыстаў беларускай мовы.
Ніякае пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў Беларусі не можа нанесці шкоды рускай мове. Кожны, хто пачынае абараняць рускую мову, якой нішто не замінае (нават калі будзе прыняты закон
аб адзінай дзяржаўнай мове — беларускай), аўтаматычна стварае прычыну для развязвання гэтай вайны».
Нагадаем, што дыскусія на тэму “Білінгвізм як культурная стратэгія” адбылася ў межах Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”. За
раскладам наступных мерапрыемстваў можна сачыць на сайце http://fly-uni.org/.
Паводле budzma.by