Балет «Анастасія» — пра вайну і каханне
У Вялікім тэатры Беларусі 30 і 31 кастрычніка прайшлі прэм’ерныя паказы балета «Анастасія» ў пастаноўцы Юрыя Траяна.
Новая пастаноўка, анансаваная як нацыянальны праект, стваралася з нуля. Музыку па замове тэатра пісаў Вячаслаў Кузняцоў, лібрэта Анатоль Дзялендзік, над мастацкім афармленнем спектакля і касцюмамі працавалі Аляксандр Касцючэнка і Кацярына Булгакава. У галоўных партыях Анастасіі, Сямёна Слуцкага, Міхаіла Глінскага, хана Ахмата і яго дачкі Заіры занятыя вядучыя артысты тэатра Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў, Такатошы Мачыяма, Алег Яромкін, Ігар Аношка, Канстанцін Геронік, Людміла Уланцава, Вікторыя Трэнкіна, Аляксандра Чыжык. Усяго падрыхтавана тры паўнавартасныя склады. Генеральным партнёрам пастаноўкі выступіў Беларуськалій.
Анастасія гістарычная
Пра Анастасію Слуцкую звестак захавалася не так ужо і багата, каб стварыць яе маляўнічы жыццяпіс. Хоць асобныя каларытныя факты, калі пагартаць навуковую і навукова-папулярную літаратуру, знайсці можна. Напрыклад, Кастусь Тарасаў у кнізе «Памяць пра легенды» піша, што ў 1503 годзе Анастасія «апрануўшы даспехі, вывела полк супраць татараў у поле», а ў манаграфіі Настассі Скеп’ян «Князі Слуцкія» прыводзяцца звесткі аб тым, што жанчына неаднаразова трымала абарону Слуцка і перад крымчакамі, і перад Міхаілам Глінскім, які сватаўся да яе пасля смерці мужа, але атрымаў адмову, з’яўлялася фундатаркаю некалькіх цэркваў, заклала ў горадзе ніжні замак, нанава ўмацавала верхні, і нават пасля паўналецця сына фактычна працягвала кіраваць Слуцкам.
Відавочна, Анастасія Слуцкая была жанчынай нешэраговай. Верагодна, менавіта гэтая выключнасць княгіні, а таксама той факт, што яе імя і гісторыя ўсё ж больш-менш вядомыя шырокай публіцы па кінастужцы «Анастасія Слуцкая», і прыцягнулі ўвагу мастацкага кіраўніка балета Юрыя Траяна.
«Анастасія» харэаграфічная
Сюжэт балета «Анастасія» сягае за сваёй галоўнай гераіняй у XVI стагоддзе, а гісторыя яго стварэння – у 2013 год, час прэм’еры балета Вячаслава Кузняцова-Юрыя Траяна «Вітаўт». Менавіта тады ў пастаноўшчыка нарадзілася ідэя стварыць спектакль, прысвечаны Анастасіі Слуцкай. Рэалізацыя ідэі заняла пяць год, а актыўны пастановачны працэс – каля двух месяцаў напружанай работы.
«Анастасію» Юрый Траян абачліва назваў «харэаграфічнай легендай», папярэдзіўшы, каб ад балета не чакалі дакладнага пераказу старажытных хронік у танцы. Анатолю Дзялендзіку выставілі толькі адно патрабаванне: каб лібрэта балета не было падобным да яго ж кінаверсіі гісторыі княгіні Слуцкай. Драматург, для якога «Анастасія» стала першым вопытам работы над балетным лібрэта, з гэтай задачай справіўся, аднак спектакль усё ж не пазбег падабенства са сваёй кінематаграфічнай сястрыцай у галоўным – неадназначнасці мастацкага выніку.
Воля пастаноўшчыкаў ператвараць Міхаіла Глінскага ў станоўчага персанажа, які вызваляе зняволеную татарамі Анастасію, бо ў юнацтве іх ядналі рамантычныя пачуцці, і, замест таго, каб асаджаць Слуцк, пераходзіць на бок княгіні ў барацьбе з татарамі, нягледзячы на адмову прыняць яго каханне. У рэшце рэшт у выніку такіх фантастычных гістарычных метамарфозаў Міхаіл Глінскі паўстае ў балеце самым цікавым персанажам. На жаль, таго ж нельга сказаць пра галоўную гераіню.
На перадпрэм’ернай прэс-канферэнцыі Юрый Траян адзначаў, што яму хацелася паказаць жыццё Анастасіі да яе «ратных подзвігаў», раскрыць, якія падзеі сфарміравалі характар гэтай жанчыны, засяродзіцца на «чалавечых сітуацыях і стасунках, шчырых маналогах, адносінах паміж мужчынам і жанчынай». Толькі прасачыць сталенне княгіні ў спектаклі складана. Уся гісторыя ў балеце, фактычна, зведзена ці не да банальных любоўных трохкутнікаў (Анастасія — Сямён Слуцкі — Міхаіл Глінскі, Міхаіл — Анастасія — Заіра), якія вызначаюць асноўныя калізіі ды матывацыю ўчынкаў герояў, а дзеянню бракуе дынамікі. У спектаклі Анастасія паўстае пяшчотнай, вернай мужу нават пасля смерці жонкай, клапатлівай маці для сваіх дзяцей і падданых, шчырай хрысціянкай з пачуццём уласнай годнасці, але ўсе гэтыя якасці яе характару як і сам вобраз дастаткова статычныя і адназначныя. Напэўна, каб адцяніць вобраз Анастасіі, у балеце ўзнік яшчэ адзін жаночы персанаж – дачка татарскага хана Ахмата Заіра. Калі Анастасія маці-абаронца, то ўсходняя ваяўнічая прыгажуня, якая разам з бацькам удзельнічае ў паходах, – разбуральніца. Заіра забівае Сямёна Слуцкага, а потым робіць замах на Міхаіла, прычым у апошнім выпадку гэта не адплата за палітычную здраду, а помста закаханай жанчыны. Такое супрацьпастаўленне двух жаночых вобразаў яшчэ больш падкрэслівае станоўчасць Анастасіі, якая рэпрэзентуе набор «традыцыйных каштоўнасцяў». Магчыма, тут няма нічога благога, але ж ці не замала гэтага для стварэння запамінальнага сучаснага вобраза нацыянальнай гераіні, «беларускай Жаны Д’Арк»?
Гісторыя без этнаграфізму
«Анастасія» ў пэўнай ступені працягвае лінію оперных і балетных пастановак, распачатую яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя, што звярталіся да падзей і асоб беларускай мінуўшчыны, якія за савецкім часам заставаліся ў ценю, і стваралі вобраз не гаротнай сялянскай Беларусі, а шляхецкай.
«Анастасію» сіламі мастакоў Аляксандра Касцючэнкі і Кацярыны Булгакавай «апранулі» ўмоўна ў слуцкія паясы замест лапцей. Вядома, паспрыяла гэтаму сама тэматыка, бо сюжэт усё ж не з жыцця сялян. На сцэне паўстаюць тэатралізаваныя шляхецкія строі канца XV – XVI стагоддзяў багатых барвовых адценняў, годна выглядае стылізацыя «народных» касцюмаў стрыманай шэрай гамы, выразна і ярка – татарскія ўбранні.
Гістарычная эпоха пазнаецца ў касцюмах Анастасіі, дзе каларыстычнае рашэнне (белы, светлы вохрыста-жоўты і попельна-шэры) у чарговы раз падкрэслівае светлую натуру гераіні і вылучае яе фігуру на фоне насычаных колераў татарскіх строяў.
Сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі стварае вобраз, што адсылае да «сівой даўніны»: заслоны і кулісы нагадваюць ці то старонкі летапісу, ці то ўзорыстыя тканіны, якія спазналі дотык часу. Перыядычна ўзнікае на сцэне і амаль па-дзіцячаму наіўны вобраз заснежанага драўлянага Слуцка з макаўкамі цэркваў. Важным элементам, які паводле мастака павінен адразу ўказваць на нацыянальны характар пастаноўкі, з’яўляецца выкарыстанне ў афармленні ўзораў фрэсак з комплексу Спаса-Ефрасінеўскага манастыра. Яны ўспрымаюцца і як іконы, на якія моляцца Сямён ды Анастасія, і як сімвал духоўнасці гераіні, бо паводле пастаноўшчыкаў свае сілы яна чэрпае ў веры і ўспамінах пра мужа. Адзінае што лікі святых выглядаюць не зусім да месца падчас сцэн у татарскім стане. Аднак, «карцінка» атрымліваецца ў любым выпадку яркая і багатая.
Стваральнікі «Анастасіі» стараліся пазбегнуць ператварэння спектакля ў этнаграфічную паштоўку, але ж цалкам адмовіцца ад спакусы дадаць «нацыянальнага каларыту» не змаглі і ўвялі ў балет сцэну Калядаў. Вячаслаў Кузняцоў выкарыстаў у партытуры «Анастасіі» беларускія канты і фальклорныя інтанацыі, татарскі мелас, стварыў яркую і запамінальную музыку, якая выразна малюе дзве кантрасныя сферы, татарскага свету і свету Анастасіі, і з’яўляецца самым моцным складнікам пастаноўкі. Харэаграфія ж «Анастасіі» шмат у чым паўтарае «Вітаўта», але Юрый Траян і не адмаўляўся ад магчымасці падабенства двух сваіх балетаў. Падчас прэс-канферэнцыі ён нават назваў іх своеасаблівай дылогіяй. Спрактыкаваны ж глядач зможа заўважыць у харэаграфічнай мове «Анастасіі» багата спасылак на пастаноўкі Валянціна Елізар’ева, напрыклад, «Спартака», асабліва ў дуэтах і масавых сцэнах.
Крок да нацыянальнага рэпертуару
«Анастасія» не дасягнула ўзроўню сваёй папярэдніцы, «Рагнеды» Андрэя Мдзівані-Валянціна Елізар’ева, дзякуючы якой беларуская гісторыя і культура сталі вядомымі і атрымалі прызнанне ва ўсім свеце. Стварэнне новага, тым больш нацыянальнага спектакля, вядома, справа складаная, і добрыя намеры ды прафесіяналізм пастановачнай групы не гарантыя выдатнага выніку. Слушна і мудра выказаўся аб «Анастасіі» ў кантэксце фарміравання нацыянальнага рэпертуару Вялікага тэатра яго мастацкі кіраўнік Валянцін Елізар’еў: «Калі гэты спектакль кране вашэ сэрца – гэта ўдача, калі не – крок у патрэбным кірунку». Крок зроблены.