Беларусы маглі выткаць лёс сяброўцы і сілу ведзьмаку
Майстар па ткацтву Наталля Канановіч — чалавек харызматычны, і да ўсяго, як сама прызнаецца, з моцным характарам. Напэўна, таму яе дзеці здольныя і кашулі вышыць, і габелен выткаць. Майстрыха расказала, што яе сын — рэжысёр Аляксандр Канановіч — у дзяцінстве здзіўляў працамі ручной работы, а цяпер дапамагае ёй аплачваць удзел у выставах майстроў суседніх краін. Наталля працуе выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
Майстар па ткацтву Наталля Канановіч — чалавек харызматычны, і да ўсяго, як сама прызнаецца, з моцным характарам. Напэўна, таму яе дзеці здольныя і кашулі вышыць, і габелен
выткаць. Майстрыха расказала, што яе сын — рэжысёр Аляксандр Канановіч — у дзяцінстве здзіўляў працамі ручной работы, а цяпер дапамагае ёй аплачваць удзел у выставах майстроў
суседніх краін. Наталля працуе выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Але інфармацыю пра яе лягчэй знайсці на расійскіх сайтах, дзе рэгулярна анасуюцца яе
курсы ткацтва і майстар-класы для ахвочых. З майстрам Наталляй Канановіч гутарыла журналіст Вольга Хвоін.
— Ва ўсім «вінаватыя» дзеці. Я працавала ў някепскім месцы, але дачка захварэла, ёй быў патрэбны догляд. Недзе з год займалася надомнай працай, а потым узяла ткацкі станок
і пачала ткаць. Пазней мая суседка параіла месца ў пазашкольным гуртку. І далей усё пайшло развівацца ў гэтым кірунку. Некалькі разоў была на курсах па народным ткацтве. Тонкія работы тады яшчэ не
магла выконваць. Увогуле, у ткацтве ўсё ўплывае на якасць тканіны — запраўка ніткамі, нахіл элементаў станка. Гэтаму трэба вучыцца на практыцы.
— Ці складана знайсці ткацкі станок?
— Ёсць знаёмы, які робіць станкі. Маю і тры вясковых. У гарадскіх кватэрах зручна карыстацца разборнымі станкамі. Але я люблю працаваць на старых станках. Як кажуць, намолена (смяецца).
Рушнік з нескладаным узорам можна зрабіць дзён за дзесяць, а браны рушнік са складаным арнаментам і за два тыдні не вытку.
— Як да вас ставіліся мясцовыя жыхары ў этнаграфічных экспедыцыях, ці разумелі сэнс вашай працы?
— Добра, калі мы прыязджаем у вёску да знаёмых. Калі ж навобмацак, то проста падыходзім да бабулек, што сядзяць на лаўках. Недзе гадзіны дзве размаўляем, і калі чалавек адкрываецца, тады
можна нешта ўжо папрасіць паказаць. Але была гісторыя ў Смалявіцкім раёне, калі мне сказалі: «Мае ўзоры хай памруць са мной». Звычайна людзі ў вёсцы адгукаюцца, хіба што могуць
адмовіць з-за таго, што куфар цяжка адкрыць. Цяпер нескладна знайсці посцілкі, добрыя рушнікі трапляюцца радзей. А паясы ўвогуле даволі рэдка сустракаюцца. У вёсцы Студзёнка Смалявіцкага раёна
жанчына расказвала, што яе маці, думаю, канца ХІХ стагоддзя нараджэння, хадзіла кідаць уніты, то бок запраўляць станкі. Яшчэ ў некаторых вёсках я сутыкалася з такой практыкай. З маіх назіранняў,
узоры ткаліся, калі жанчына іх упадабала, часта з чыёйсьці падачы. Да рытуалаў узоры ткаліся паводле прынятага ў мясцовасці канону.
— Пояс меў не толькі прыкладную, але і сакральную функцыю. Можаце прывесці прыклады абрадавасці?
— Амаль ва ўсіх народаў пояс — гэта не толькі элемент адзення. Я сустракала радзільныя паясы, якія захаваліся ў жанчыны 1913 года нараджэння. У 1933 годзе яна зрабіла гэтыя паясы на
дошчачках. Такія ж паясы я сустракала на поўначы Расіі, у Польшчы. Той пояс рыхтаваўся для дзіцяці. Добра, што я своечасова сустрэла гэтую жанчыну, бо яна хутка памерла, а яе пляменнікі —
дзяцей яна не мела — павыкідалі многія рэчы. У Слонімскім раёне трапіўся браны пояс, які ткалі ў 1950-я гады для дзяўчынкі. Думаю, у беларусаў не было адзінага ўзору паясоў для такіх
нагодаў.
Паясы дарылі падчас хрэсьбінаў. Дарэчы, цікава, што хрысцілі дзяцей звычайна ў шэсць тыдняў, калі надыходзіў час пераходнага стану паміж гэтым і тым светам. У літаратуры пішуць, што калі дзіця
памірала да хрэсьбінаў, то яму абавязкова павязвалі такі пояс. Але я не сустракалася з такой практыкай. Вядомы даследчык Янка Крук піша, што дзіця не кармілі да хрэсьбінаў. Я не магу звязаць гэта з
рэальнасцю, таму хацелася б аднойчы паразмаўляць з аўтарам. Хрысцільны пояс лічыўся моцным абярэгам, чалавек мусіў насіць яго ўсё жыццё, мыцца з ім у лазні. І калі пояс раптам рваўся, то гэта быў
кепскі знак. Я прыйшла ў народную культуру з прамысловасці, таму многа чытала адпаведнай літаратуры, удзельнічала ў канферэнцыях, каб назапасіць веды па гэтай тэме.
— Якую каляровую гаму абіралі беларусы ў вопратцы, побытавых рэчах?
— Чырвоны колер — дамінантны. Я веру ў абярэжную сілу чырвонага колеру. Калі чалавек з кепскім вокам глядзіць на кагосьці, то яго першы позірк нясе найбольш пагрозы суроку, то бок
рэч яркага колеру адцягвае позірк на сябе, і яе ўладальнік такім чынам мае абарону.
Граф Тышкевіч пісаў, што маладым на вяселлі слалі рушнік, а пад яго клалі чырвоны пояс. Але падрабязнасцяў выканання пояса я не даведалася. Увогуле, я давяраю першакрыніцам, аўтарам, якія працавалі
напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Усё астатняе ў большасці выпадкаў — гэта перадрукі ці інтэрпрэтацыя аўтара. Шырока распаўсюджаныя браныя паясы з геаметрычнымі ўзорамі.
У вёсках часта можна было сустрэць кавалкі тканіны — рушнік без аніякіх узораў, але з абодвух бакоў затканымі чырвонай палоскай. Казалі, што гэта рабілася для таго, «каб чорт не
ўбіўся». Мне часта гавораць, я надта давяраю таму, што напаўпісьменная бабка расказала. Але той бабцы расказала яе маці, а маці — ейная бабка. Людзі жылі гэтым.
Чорнае, чырвонае і зялёнае ткацтва на Палессі абумоўленае блізкасцю Украіны. У мяне ёсць рушнік з Івана-Франкоўскай вобласці, выкананы чырвоным, чорным і зялёным колерамі. Людзі эмігруюць і прыносяць
з сабой элементы новай культуры.
— Якія матэрыялы выкарыстоўвалі нашы продкі ў ткацтве?
— Сукно па сукне — гэта быў багаты варыянт ткацтва. Часцей — сукно ва ўтку, а лён у аснове. Мне расказвалі, што накрываліся некалькімі ільнянымі посцілкамі. Хто больш
багаты, той, канешне, меў і пакрывалы з воўны.
— У вас няма адчування, што гэты складаны народны промысел, які патрабуе часу і ведаў, паступова сыходзіць у нябыт?
— Недзе ў 2000 годзе, калі я сама навучылася рабіць паясы, была выстава у Палацы дзяцей і моладзі. Дык вось, тады было прадстаўлена толькі дзесяць паясоў. Праз чатыры гады на аналагічнай
выставе было ўжо каля сямісот паясоў. Мы даем веды студэнтам дзённага і завочнага аддзяленняў. Са мной складана дамовіцца, таму і хлопцы і дзяўчаты ткуць паясы. У іх застаецца памяць пра рамяство. І
калі хоць адзін чалавек з выпуску застаецца ў ткацтве, то я лічу год удалым. Цяпер ёсць дзяржаўная праграма па падтрымцы дамоў рамёстваў. Я сябар праўлення Беларускага саюза майстроў, таму звычайна
бываю ў журы розных конкурсаў і люблю, калі майстры звяртаюцца да традыцый сваёй мясцовасці. Але, натуральна, гэты промысел не можа быць масавым, бо ён затратны і фінансава, і па часе. Маленькія
станкі цяпер не прадаюцца. Калісьці мой сын у дзіцячым садку на рамцы спрабаваў нешта ткаць, дачка таксама навучылася асновам ткацтва. Мае дзеці раслі ў гарадской, але традыцыйнай культуры. І сын, як
я бачу, стараецца ў сваёй працы выкарыстоўваць элементы народнай творчасці.
— Атрымліваецца, што Аляксандр можа не толькі кіно зняць, але і пояс саткаць?
— Больш таго! Аднойчы ён вышыў кашулю. Мне нават складана было паверыць, што гэта ён зрабіў. Потым, калі працавала ў пазашкольнай адукацыі, ён прыходзіў да мяне на працу. Вымушаны быў, як і
мама, займацца габеленам (смяецца), недзе нават ляжыць вынік яго працы. Вуліца ў маіх дзяцей была па раскладзе. Увогуле, я зайздрошчу ў нечым вясковым дзецям, бо ў іх больш свабоды, яны набліжаныя да
прыроды.
— Беларусь, асабліва Палессе, вядомая сваімі знахарамі, сувяззю людзей з іншым светам. А якім чынам выкарыстоўвалася ткацтва для гэтых мэтаў?
— Я ведаю пра падобную практыку. Але гэта спрэчна. У мяне студэнты мусяць рабіць вясельны рушнік з адпаведнай кампазіцыяй знакаў. Мая калега мяркуе, што я тлумлю галовы студэнтам, але я хачу
давесці ім сімвалізм тых ці іншых вобразаў. У мяне ёсць рушнік са Слуцкага раёна, які можна падараваць сяброўцы, калі хочаш, каб яна разышлася з хлопцам. Маю пояс Клецкага раёна, да якога я вельмі
асцярожна стаўлюся. Спрабавала прачытаць яго сімволіку, і ўсё паказвае, што ён зроблены для знахарства і варажбы. На Палессі напраўду многа знахараў, варажбітоў, але не магу сказаць, ці перадаюць яны
гэтыя якасці дзецям.
— Як можна наблізіць да людзей ткацтва, зацікавіць гарадскога жыхара гэтым рамяством?
— У нас ёсць ідэя набыць некалькі хат у вёсцы і займацца ў кожнай пэўным рамяством. Пакуль гэта на ўзроўні задумы. Паводле нашых планаў, гэта не будзе турызм у стылі «прыехаць,
паесці сала і выпіць гарэлкі». Мы хочам, каб чалавек, які прыехаў у вёску, навучыўся рамёствам, каб была пэўная экскурсійная праграма. Некалькі гадоў таму я гэты праект апублікавала ў адным
са СМІ Беларусі. Але зразумела, што такая вёска мусіць быць недалёка ад турыстычных маршрутаў. У Кактэбелі ёсць сядзіба Максіміліяна Валошына, дзе ў свой час летам маглі бясплатна жыць пісьменнікі,
паэты. Думаю, было б карысна арганізаваць нешта падобнае і ў Беларусі. Цяпер сын, калі ездзіць са здымкамі, то прыглядвае і для мяне вёскі.
Нядаўна я была ў Беластоцкім універсітэце. Там ёсць факультэт «Трэцяе стагоддзе», на якім за сімвалічную плату вучацца людзі ў асноўным пенсійнага ўзросту. Думаю, нешта падобнае
можна было б арганізаваць у нас — пры камерцыйным ці дзяржаўным універсітэце. Пасля выхаду на пенсію многія адчуваюць сваю непатрэбнасць, і бабулі маглі б нечаму вучыцца, а потым перадаваць
свае веды ўнукам. Нешта падобнае я спрабавала арганізаваць пару гадоў таму ў Фрунзенскім раёне, але не знайшлося памяшкання па прымальных коштах, адміністрацыя нам таксама не дапамагла з
арэндаю.
У Маскве на мае курсы ткацтва прыходзяць дарослыя, бо ўсё платна. Часцей гэта выкладчыкі, людзі са сферы культуры, адукацыі. Я навучаю іх тэхналогіі ткацтва, якая за тысячу гадоў фактычна не
змянілася. Ёсць дама, якая вучыцца ткаць, каб потым рабіць падарункі. Яна з катэгорыі жонак забяспечаных людзей. Масква — гэта вялікі горад, горад вялікіх магчымасцяў. У нас патрэбная
падтрымка дзяржавы, але яе амаль няма.