Эніё Марыконэ пра Беларусь: «Мне гэта нагадвае ГДР»
Шэсць дзён з чалавекам-міфам, чалавекам-аркестрам і проста чалавекам Эніё Марыконэ.
Аўтарка 34mag.net амаль тыдзень пратусавалася з олдскульным геніем, спадаром Эніа Марыконэ, у якасці перакладчыцы. Нягледзячы на свой узрост і рэпутацыю тырана, дзядуля Эніа дае магчымасць не толькі знайсці з ім супольную мову, але і падслухаць некаторыя размовы, якія датычаць страхаў Маэстра і яго ўражанняў ад Беларусі.
«Гэта бярозы?»
Мы прыязджаем у аэрапорт а дзясятай раніцы. Я мушу сустракаць самога кампазітара, яго жонку, сына і менеджара, акрамя таго, дамовіцца з грузчыкамі, каб тыя аднеслі іх валізы да машыны. У валізах
ноты, а дакладней партытуры да канцэрту, які Маэстра будзе даваць разам з Прэзідэнцкім аркестрам і хорам «Белтэлерадыёкампаніі». Табло ў VIP-зале аэрапорта паказвае, што самалёт з
Кіева, дзе Марыконэ выступаў напярэдадні, прызямліўся, і я выцягваю з авоські аркуш паперы з імем менеджара, каб не кампраметаваць боса.
Чую крокі, бачу бабулю, якая падымаецца па прыступках. «Звычайная беларуская бабуля», – думаю я і, не павітаўшыся, чакаю ўбачыць знаёмага чалавека ў акулярах. Бабуля
працягвае мне руку: «Buongiorno!» – і за ёй выплываюць двое мужчын і дзядуля, які ніяк не рэагуе на маё вітанне. Я праводжу іх на канапу і тлумачу, што трэба пачакаць,
пакуль мытня праверыць багаж, а памежнікі – пашпарты. Стары глядзіць на мяне сувора, як ксёндз на грэшніка, ён разваліўся на канапе і перапытвае ў жонкі, што я сказала. Спачатку я пераймаюся
з-за сваёй італьянскай, пасля проста разумею, што дзеду 85 і ён, мякка кажучы, глухаваты. Пасля ўсіх кантроляў і аглядаў мы выходзім з нашага аэрапорта-лабірынта і сядаем у чорны мэрс. Кіроўца дзядзя
Пеця вязе нас у гатэль.
Дзядуля Эніё падаецца нешматслоўным, незадаволеным і вельмі стомленым. Па дарозе з аэрапорта ён упершыню звяртаецца да мяне. «Гэта бярозы?», – пытае ён, назіраючы за
пейзажам. Калі беразняк заканчваецца і пачынаюцца прыгарадныя будынкі, ён заплюшчвае вочы і засынае.
Пасля нядоўгай спрэчкі ўсе разыходзяцца, я праводжу дзядулю да яго нумара, развітваюся. Ізноў цішыня ў адказ.
«Мы ўсе паедзем адсюль нахер!»
На наступны дзень прачынаюся а шостай раніцы, каб своечасова прыйсці да гатэля, адкуль мы рулім у Палац Рэспублікі. Выязджаем па раскладзе а 8:00. Ужо 7:59, лобі пустуе, я маральна рыхтуюся.
Стрэлка гадзінніка перамяшчаецца на 8:00, адкрываюцца дзверы ліфта, і Маэстра сустракае мяне ўсмешкай і даволі дзіўным пытаннем: «А колькі ты важыш?». –
«45». – «У нас ёсць міндаль, там шмат жалеза і калорый, частуйся», – і яго жонка прапаноўвае мне жменю арэхаў.
Аркестр сустракае дзядулю спачатку цішынёй, пасля скрыпачы пачынаюць грукаць смычкамі па пюпітрах: гэта ў іх замест апладысментаў. Маэстра і я сядаем перад аркестрам і слухаем рэпетыцыю, якую
праводзіць памочнік Эніё маэстра Андзэльма, жвавы дзядок з усмешкай да вушэй і незвычайна добрымі вачыма. На першай кампазіцыі высвятляецца, што часткі музыкантаў няма, інструментаў не хапае.
Па абедзе мы сядаем на тыя ж крэслы, у аркестры папаўненне – некалькі перкусіяністаў і два кантрабасісты. Маэстра спакайнее. Рэпетыцыя працягваецца. Першыя скрыпкі глядзяць на мяне і
ўсміхаюцца: здаецца, дзядуля заснуў. Пасля я заўважаю, што ён проста заплюшчыў вочы і ўважліва слухае аркестр. Некалькі разоў Марыконэ спыняе ігру, бо «арфа сыграла соль замест
соль-дыез» ці «труба прапусціла ноту». Я здзіўляюся, як ён чуе ў гэтым музычным вэрхале такія дробязі, калі ён не чуе таго, што я кажу яму, і перапытвае ў мяне ўсё па два
разы. На перапынку бачу ля залы свайго былога аднакласніка, якія працуе медбратам. «Сказалі, мы павінны быць побач, на выпадак, калі з вашым старым што-небудзь здарыцца», –
усміхаецца ён.
«Я малады, я раблю зарадку»
На наступны дзень сітуацыя з аркестрам паляпшаецца: прысутнічаюць усе музыканты, памылак не робяць. Дзядуля Эніё пачынае ўсміхацца і дорыць скрыпачцы кветкі «за прагрэс».
Аркестр перастае яго баяцца, на перапынку падыходзяць да зоркі з пытаннямі кшталту «ці можна на сто пяцьдзясят другім такце змяніць драўляныя палачкі на мяккія», ну і, вядома,
«ўан фото пліз?».
Каб трохі адпачыць і павесяліцца, ён расказвае мне італьянскія анекдоты пра адносіны мужчын і жанчын, на якія я слаба рэагую, бо італьянскі гумар – даволі тонкая рэч. Аркестр бачыць нас
як Мафусаіла і яго прапраўнучку. «Колькі табе гадоў?» – пытае Маэстра, а пасля адказу падлічвае, што ў чатыры разы старэйшы за мяне. Узрост, а дакладней старасць –
рэч, якая найбольш яго клапоціць.
Пры гэтым спадар Марыконэ пазбягае жалобнага фіялетавага колеру і нешчаслівых лічбаў – напамінаў пра тое, што ўсё мусіць прыйсці да лагічнага завяршэння.
«Мне хапае апладысментаў»
У дзень перад канцэртам мы засядаем у грымёрцы Маэстра і абмяркоўваем пытанні паўсядзённасці. Ён спакойны і шчаслівы. Спачатку размаўляем пра моладзь і пра тое, ці прыйдзе на яго канцэрт
хто-небудзь маладзейшы за 50.
Марыя, жонка Эніё, пачынае распавядаць мне пра часы Мусаліні і параўноўваць «Менск-Арэну» са стадыёнам, пабудаваным ім у Рыме для правядзення спартовых гульняў. «Усе
яны любяць гуляцца ў салдацікі, а салдацікі, у сваю чаргу, павінны быць моцнымі і натрэніраванымі», – падсумоўвае жанчына.
На канцэрце мяне просяць быць побач з Марыяй. Яна разам з сынам сумленна набывае квіткі ў партэр і прызнаецца, што ў Італіі самы дарагі квіток на імпрэзу мужа каштуе 100 еўра.
Тут святло патухае, і на сцэну выходзіць Маэстра: у чорным гольфіку і чорным гарнітуры. Ён так рады апладысментам, што нават пачынае хутчэй рухацца. Праз секунду ён ужо ўзвышаецца над аркестрам,
паварочваецца да слухачоў спінай і паднімае ў паветра палачку. Пасля першай кампазіцыі, у момант той секунднай цішыні, яго жонка першая пачынае пляскаць у далоні, шчаслівая за свайго мужа:
«Вось дзеля гэтага мы і вандруем. У такія моманты ён сапраўды адчувае сябе маладым і запатрабаваным».
Калі мне прапанавалі папрацаваць памочнікам Маэстра, сябры ганарыліся і жартавалі, маўляў, будзеш апошняй перакладчыцай Марыконэ. Але пасля гэтых шасці дзён арганізацыйнага трэшу, гучнай
сімфанічнай музыкі, дурацкіх інтэрв’ю і задушэўных размоваў я шчыра спадзяюся, што дзядуля ўвойдзе ў «Кнігу рэкордаў Гінэса» не толькі паводле колькасці выпушчаных
саўндтрэкаў, але і паводле пражытых гадоў. Спадзяюся, дзякуючы міжземнаморскай дыеце і эндарфіну ад выканання сваёй музыкі па ўсім свеце, спадар Марыконэ дажыве да таго залатога часу, калі ў нас
з’явяцца свае Таранціна і Пазаліні.
Эніё Марыконэ
Сусветна вядомы кампазітар, дырыжор, аўтар саўндтрэкаў да фільмаў Сэрджыё Леонэ, П'ера Паала Пазаліні, Бэрнарда Бэрталюччы, Рамана Паланскі, Квэнціна Таранціна і шматлікіх іншых
рэжысёраў, афіцэр ордэна «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай», уладальнік «Оскараў» і «Грэмі», доўгажыхар, бацька чатырох дзяцей і чалавек
свету.