Эпідэміі ў літаратуры-2

“Вайна — не прыгода. Вайна — гэта хвароба. Як тыф, — сведчыў вайсковы лётчык Антуан дэ Сент-Экзюперы. Апроч медыцынскай літаратуры па эпідэміялогіі, у свеце існуе безліч твораў мастацкай літаратуры, якія так ці іначай апісваюць эпідэміі, якія-кольвек зазнала чалавецтва.



95d309f0b035d97f69902e7972c2b2e6.jpg

“Вайна — не прыгода. Вайна — гэта хвароба. Як тыф, — сведчыў вайсковы лётчык Антуан дэ Сент-Экзюперы. Апроч медыцынскай літаратуры па эпідэміялогіі, у свеце існуе безліч твораў мастацкай літаратуры, якія так ці іначай апісваюць эпідэміі, якія-кольвек зазнала чалавецтва. І калі стваральнікі масавага чытва, поруч з прэсай, зацікаўленыя пашыраць эпідэмію панікі для падняцца продажу сваіх кніг, іншыя літаратары, апісваючы страшныя хваробы, робяць гэта дзеля глыбейшых мэтаў, скарыстоўваючы смяротныя хваробы як метафару сацыяльна-палітычных пошасцяў.

(На здымку: Амерыканскі вайсковы лазарэт пад Экс-Сан-Бенам (Францыя). Хворыя на іспанку. 1918 г.)


Забраўшы мільёны чалавечых жыццяў, чума прынесла чалавецтву безліч перажыванняў, а чалавечай думцы — глыбокіх філасофскіх праблемаў, над якімі варта задумацца. Як ні цынічна гэта гучыць, іншыя смяротныя хваробы (найперш халера ды воспа) не атрымалі супастаўнага розгаласу ў літаратуры. Відаць, па прычыне значна ніжэйшай смяротнасці, якую выклікалі ў працэнтных суадносінах “тут і цяпер, хоць, паводле статыстычных дадзеных, воспа (смяротнасць — 20-40%, у некаторых выпадках — да 90%) — абсалютны рэкардсмен сярод хваробаў-кілераў, бо стала прычынай 300–500 мільёнаў смерцяў (дадзеныя з 430 г. да н.э па 1979 г. н.э.).
У 1979 годзе ў свеце абвешчана пра перамогу над натуральнай воспай шляхам пагалоўнай вакцынацыі насельніцтва, у той час як халера дагэтуль валадарыць у некаторых рэгіёнах свету. Яна мае сталую прапіску на Афрыканскім кантыненце, бо з’яўляецца там, дзе пануе антысанітарыя і бракуе пітной вады. У 2008–2009 гадах здарылася восьмая па ліку пандэмія халеры за гісторыю чалавецтва. На халеру нядаўна хварэў жыхар Кеніі Малік Абама, зводны брат прэзідэнта ЗША.
Cholera morbus: сінонім жыцця
Халера — кішачная інфекцыя, якую выклікае траплянне ў страўнік халернага вібрыёну. Суправаджаецца паталагічным спаражненнем страўніка і моцным абязводжваннем арганізма. Радзіма халеры — дэльта ракі Ганг. Зараза распаўсюдзілася ў краінах заходняга канону літаратуры адносна нядаўна, у пачатку ХІХ стагоддзя, калі ў свеце пачаліся інтэнсіўныя міжкантынентальныя сувязі. Пра гэта сведчыць і тое, што ці не ва ўсіх еўрапейскіх мовах прыжылася медыцынская лацінская назва гэтай хваробы, якая ў беларускай ды польскай мове нават пашырыла сваё значэнне і ўжываецца ў якасці лаянкі. Нягледзячы на тое, што прыйшла яна ў адносна развіты навукова свет, толькі ў 1854 годзе было даведзена, што халерная палачка пераносіцца праз ваду: гэта адразу ўзброіла чалавецтва ў вайне з вірусам. Да гэтага простыя людзі лічылі халеру відам чумы, што таксама знайшло свой водгук у літаратуры. Нобелеўскі лаўрэат Габрыэль Гарсія Маркес у рамане 1985 года “Каханне падчас халеры апісваючы халеру, сістэмна называе яе чумой. Яму важныя не канкрэтныя сімптомы, а метафара: “час халеры сімвалізуе для яго жыццё як такое.
На рускую літаратуру ХІХ стагоддзя халера наклала адбітак найперш праз сялянскія халерныя бунты, што пракаціліся па Расіі ў 1830–1831 гадах адначасова з першай эпідэміяй хваробы. Пісьменнікі лічылі іх сведчаннем нездаровай сацыяльна-палітычнай сістэмы Расійскай імперыі. Калі ў народа няма даверу да ўлады, то народ вінаваціць уладу ва ўсіх пошасцях, на якія пакутуе. Бунтаўшчыкі ў Расіі палілі панскія маёнткі, штурмавалі халерныя шпіталі, асаджалі дамы губернатараў, забівалі афіцэраў і святароў, а 22 чэрвеня 1831 года натоўп выйшаў на Сянную плошчу ў Пецярбурзе. “Не дай вам Бог пабачыць рускі бунт, бессэнсоўны і бязлітасны, — кажа Аляксандр Пушкін, пішучы пра паўстанне Пугачова, але, безумоўна, апісвае пабачанае на ўласныя вочы падчас халерных хваляванняў.
Іначай халера натхняе, калі можна ўжываць у гэткім кантэксце такое слова, маладога Максіма Горкага. У 4 гады ў Астрахані будучы пісьменнік перахварэў халерай, заразіўшы бацьку, якому хвароба прынесла смерць, а ў 8 год выжыў пасля воспы — так што айцец сацрэалізму ведаў, пра што піша. У 1897 годзе Горкі стварае апавяданне “Сужэнцы Арловы, дзе на фоне эпідэміі халеры, якая разгортваецца ў правінцыйным расійскім горадзе, выяўленая мізэрнасць чалавечага існавання.
Найперш — мізэрнасць духа. Муж і жонка Грырогый і Матрона Арловы жывуць нудна і аднастайна, у іх жыцці няма мэты або якіх-кольвек душэўных хваляванняў. Даведаўшыся, што ў горадзе пачынаецца хвароба, сужэнцы ўладкоўваюцца працаваць санітарамі ў халерны барак. Гэта цяжкая праца; Горкі шчодра і натуралістычна апісвае яе нюансы. Арловы не паддаюцца хваробе, але халера мяняе іх — Матрону карысная людзям праца эмансіпуе, яна адчувае сябе патрэбнай іншым. Грыгорый, гледзячы на дактароў, якія аднолькава дбаюць пра бедных і багатых, задумваецца пра сацыяльную роўнасць і каштоўнасць чалавечага існавання. У выніку муж і жонка разыходзяцца, Матрона жыве сама, гадуючы прыёмных дзяцей, Грыгорый становіцца кабацкім філосафам. Ядро твора — экзістэнцыйны “халерны бунт Арлова, яго знакамітае абвінавачанне на адрас інтэлігенцыі — лекараў халернага барака: “Хворых лечыце, а здаровыя паміраюць ад цеснаты жыцця.
Ну і нельга не згадаць тут аповесць балгарскага пісьменніка Людміла Стаянава “Халера, напісаную ў 1935 годзе. Перахварэўшы на халеру падчас Другой балканскай вайны ў 1913 годзе, Стаянаў апісвае перажытае ў форме дзённікавых запісаў жаўнера балгарскага войска. Твор мае антываенны пафас — радавых губяць не проста голад, халера ды снарады ворага, а тупасць камандавання, якое пакінула іх на волю лёсу. Менавіта гэта — прычына ўсіх пошасцяў, а значыць — сапраўдная пошасць. Аповесць “Халера была добра вядомая рускамоўнаму чытачу ў савецкія часы праз сацыялістычныя перакананні яе аўтара і яго вялікую прыхільнасць да рускай культуры.
Variola major: чорная метка
Чорная воспа, названая так таму, што пасля язваў, якія яна пакідае па ўсім целе, застаюцца чорныя коркі, — вельмі заразная вірусная інфекцыя, носьбітамі якой могуць быць толькі людзі. Віруса не існуе ў дзікай прыродзе, і па гэтай прычыне чалавецтва, лічы, расправілася з ім. Паводле СААЗ, натуральная воспа цяпер існуе адно ў лабараторыях для навуковых мэтаў, хоць прэса перыядычна падае звесткі пра адзінкавыя выпадкі хваробы (напрыклад, у 2008 годзе захварэлі два студэнты ў Ташкенце).
У XVІII стагоддзі воспу выкарыстоўвалі як біялагічную зброю, і прыхільнікі тэорыі змоваў мяркуюць, што такое можа паўтарыцца ў наш час. Медыкі, праўда, лічаць ужыванне такой зброі бессэнсоўным, бо вельмі лёгка, у выпадку небяспекі, наладзіць вакцынацыю маладога насельніцтва. Усім людзям у свеце, якія нарадзіліся да 1979 года, прышчэпленая воспа, пасля вакцынацыю спынілі (хоць аўтар гэтых радкоў, крыху маладзейшы за 30 год, знайшоў у сябе на руцэ характэрны круглы шнарык ад прышчэпкі). Так ці іначай, пасля рассылкі спораў сібірскай язвы ў 2001 годзе, Джордж Буш-малодшы загадаў прышчапіць воспу амерыканскім жаўнерам.
Самая цікавая літаратура, звязаная з воспай, на думку аўтара, — гэта гістарычная літаратура, якая апісвае шлях змагання чалавецтва з чорным морам. Яшчэ ў старажытнасці кітайцы ведалі, што хворы на лёгкую воспу чалавек не паддаецца цяжкай хваробе і імкнуліся заразіць дзяцей лёгкай формай. Даходзіла да таго, што хворыя… прадавалі коркі са сваіх язваў як правобраз вакцыны. Гэты метад быў шырока вядомы ў свеце, але часта прыводзіў да смерці прышчэпленага, бо людзі не навучыліся дазаваць інфекцыю.
У канцы XVIII стагоддзя англійскі вясковы лекар Эдвард Джэнер заўважыў, што хворыя на каровіну воспу маюць імунітэт супраць чалавечай, і выпрацаваў першую вакцыну (ад лац. vaca — карова). У 1796 годзе ён прышчапіў воспу сямігадоваму хлопчыку Джэймсу Фіпсу, які дажыў да глыбокай старасці і цягам жыцця перанёс дзесяткі ін’екцый віруса воспы, як жывы доказ таго, што вакцынацыя працуе. Джэнера спярша лічылі цемрашалам, але страх хваробы і выдатныя практычныя вынікі зрабілі сваё — з 1808 года ў Вялікабрытаніі ўведзеная дзяржаўная вакцынацыя. Джэнер стаў героем Брытаніі.
У мастацкай літаратуры воспа пакінула след як адметная дэталь слоўнага партрэту. “Твар, пабіты воспай, які сёння, на шчасце, нерэальна пабачыць на свае вочы, можна “сустрэць ці не ў кожным творы класічнай літаратуры. Гі дэ Мапасан, “Пампушка (пераклад Ніны Мацяш): “Даглядаць параненых і хворых ваенных было яе спецыяльнасцю; яна была і ў Крыме, і ў Італіі, і ў Аўстрыі, і, расказваючы пра свае вандроўкі, яна неспадзявана паказала сябе адной з тых хвацкіх і ваяўнічых манашак, якія нібыта на тое і створаны, каб ісці следам за войскам, падбіраць параненых у разгар бітвы і лепей ад любога камандзіра адзіным словам утаймоўваць расхлябаных ваякаў; гэта была сапраўдная “ваенная сястра, і яе змарнелы, пабіты воспай твар быў як бы сімвалам руйнаванняў, спрычыненых вайной.
Выдатна перапрацоўвае гэты вобраз, які ў яго час ужо ператварыўся ў літаратурны штамп, Янка Брыль: “Рукапіс пабіты воспай дурных рэдактарскіх і цэнзарскіх заўваг. У кнізе меціны гэтай немачы прыязны чытач не заўважыць — яны толькі ў горкай памяці аўтара... Частая згадка воспы ў літаратуры таксама мае гістарычныя перадумовы — у мінулыя стагоддзі асаблівай прыкметай лічылася: “Слядоў воспы на твары не мае. На воспу хварэлі пагалоўна, а яна, як вядома, пакідае па ўсім целе таго, хто выжыў, агідныя рубцы; некаторыя хворыя пасля слепнуць. У выдадзеным у 1668 годзе рамане Ганса Грымельсгаўзена “Авантурнік Сімпліцысімус (на беларускую мову пераклаў Васіль Сёмуха), дзе апавядаецца пра лёс простага чалавека, што трапляе ў вір часу, чорная воспа сімвалізуе чорную паласу ў жыцці героя: прыгожы і здаровы Сімпліцысімус, перанёсшы хваробу, застаецца кволым і рабым — так у літаратуры барока асэнсоўвалася марнасць быцця і злыбеды Трыццацігадовай вайны.
La Pesadilla: бяда не ходзіць адна
“Снарады, воблакі газаў, танкавыя дывізіёны — калецтва, удушша, смерць. Дызентэрыя, грып, тыф — болі, гарачка, смерць. Акопы, лазарэт, брацкая магіла — іншых магчымасцяў няма, — піша ў рамане “На заходнім фронце нічога новага Эрых Марыя Рэмарк. Раман напісаны ў 1928 годзе як рэакцыя “страчанага пакалення на перажытае падчас першай сусветнай вайны. Буйны выдавец Самюэль Фішэр, якому Рэмарк спярша прапанаваў рукапіс, адмовіўся друкаваць яго, бо, на яго думку, ніхто не захацеў бы чытаць пра жахі вайны праз 10 гадоў пасля яе. Потым Фішэр прызнаў гэта рашэнне самай вялікай памылкай у сваёй кар’еры: раман стаў самым прадаваным чытвом за ўсю гісторыю нямецкай літаратуры. Трыццатыя гады — час калектыўных рэфлексій наконт таго, што прынеслі Еўропе войны ды рэвалюцыі. Тыф пераносіць доктар Жывага Барыса Пастэрнака — ніводзін твор, які апісвае тыя часы (за выключэннем хіба “Міколкі-паравоза Міхася Лынькова), не абыходзіцца без згадак пра брушны тыф ці іспанскі грып.
Пандэмія грыпу 1918–1919 гадоў — так званай іспанкі, або la pesadilla, як называла яе прэса нейтральнай падчас вайны 1814–1818 гадоў Іспаніі (ад вэрхалу ў іспанскай прэсе і паходзіць, хутчэй за ўсё, назва хваробы) знесла жыцці ад 50 да 100 мільёнаў людзей ва ўсім свеце. Гэта значна перавышае колькасць ахвяраў першай сусветнай вайны. Дзякуючы цягнікам ды аэрапланам вірус вокамгненна распаўсюджваўся па Зямлі, ад поўдня Афрыкі да поўначы Амерыкі, забіваючы людзей за лічаныя гадзіны. Цэлы год планета была на каранціне. Сучасныя медыкі лічаць, што іспанка магла быць не звычайным грыпам, а пэўнай мутацыяй ці то птушынага, ці то свінога вірусу. Высокую смяротнасць выклікалі холад, голад ды ваенная разруха — жаўнеры першай сусветнай паміралі цэлымі акопамі. Сярод такіх памерлых быў паэт Гіём Апалінэр (Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі).

Іспанка ў Сіэтле. 1918 г.


У страшным 1937 годзе ў СССР выходзіць кніга Уладзіміра Бяляева “Старая крэпасць — дзіцячы прыгодніцкі раман, які выхаваў больш камуністаў, чым усе працы Леніна разам узятыя. Украінскі горад Камянец-Падольскі ляжыць на шляху войскаў, якія вяртаюцца ў Расію з фронту. Шанец выжыць ёсць толькі ў таго, хто мае дах над галавой, гарачы суп і дровы. Трупы памерлых ад іспанкі напаўняюць горад і ваколіцы. У мастацкім свеце аўтара хворым дапамагаюць адно бедныя жыхары горада — “буржуі адгароджваюцца ад смерці, замыкаючыся на каранцін. Сям’я героя адагравае аднаго жаўнера — былога шахцёра з Данбасу. І калі ў горад прыходзяць бальшавікі, уратаваны далучаецца да рэвалюцыйнага камітэту, і, вяртаючыся да гасціннай сям’і ў скуранцы і фуражцы з чырвонай зоркай, прадвызначае жыццёвы выбар хлопчыка Іванкі.
H5N1 + A(H1N1)=?
…І толькі Катул
не адчуў асаблівых зменаў:
як дзве тысячы з нечым год таму,
ён аплаквае вераб’я сваёй каханай.
Птушыны грып, знаеце…

Звязвае Андрэй Хадановіч антычную культуру і падзеі сучаснасці ў вершы “Прагрэс у літаратуры. Яшчэ рана казаць пра рэфлексіі сучасных літаратараў з нагоды эпідэміі свінога грыпу, якая хваравіта (і найперш для псіхікі) перажываецца сёлета беларусамі. Што да панікі наконт вірусу H5N1, якая мела месца ў 2005 годзе, то стаўленне літаратараў да гэтай пагрозы хутчэй іранічнае, калі не сказаць гратэскавае. У апошнім рамане нарвежскага пісьменніка Эрленда Лу “Мулей 18-гадовая дзяўчына страчвае сям’ю ў авіякатастрофе. Застаўшыся адна з вялікай сумай грошай на рахунку, дзяўчына спрабуе загінуць тым жа спосабам, што і бацькі з братам — лётаючы на самалётах. Калі ў яе нічога не выходзіць, яна дазнаецца, што на румынскай ферме Кермулія дэ Ёс выяўлены птушыны грып. Усімі праўдамі і няпраўдамі, праз санітарныя кардоны, шалёная нарвежка прабіраецца ў Румынію на тую самую ферму паадбымацца з курачкамі. Але і тут хвароба абмінае яе.
Значна сур’ёзней і без прэтэнзіі на скандальнасць ды эксклюзіў у сучаснай мастацкай літаратуры распрацоўваецца тэма ВІЧ і СНІДу — сапраўднай чумы ХХ стагоддзя, якая з 1985 года знесла каля 25 мільёнаў жыццяў. Бо самі сімптомы гэтай хваробы (штам, які пастаянна мутуе так, што ад яго немагчыма вынайсці лекаў), шляхі перадачы (праз полавы акт без прэзерватыва, праз наркаманскія шпрыцы) і тое, што чалавек гадамі жыве як з фізічным, так і з душэўным цяжарам вірусу, ператвараючыся ў выгнанніка грамадства, вельмі адпавядаюць часу і заклікаюць мыслячага чалавека задумацца пра маральную адказнасць за сваё здароўе і жыццё блізкіх.
------------------------------------------------------------------------------
Цікава, што Халера і Воспа (Воспік, Воспіца) — пачвары з беларускай дэманалогіі.
“Халеру ўяўляюць сабе беларусы ў вобразе жахлівай жанчыны з доўгімі светлымі валасамі і бліскучымі вачыма. Яна раскідвае на вялізную адлегласць зерне хваробы, вымаючы яго з невычэрпнага кошыка. Робіць яна гэта часцей за ўсё вясною, і зерне яе прымешваецца да агароднага насення і заражае яго. Так народ тлумачыць шкоду, якую прыносіць у халерны год гародніна. Малюецца яна таксама і іншым вобразам — халоднай прыгажуняй, якая махае з-за могільніка на сяло чырвонай ці чорнай хусцінай, з-за чаго людзі мруць як мухі...
“Злоснай, агіднай старой з бліскучымі вачыма і з адным моцным зубам, які тырчыць вонкі, малюецца ўяўленню сялян цётка-Воспіца, якая пырскае сваёю атрутнай слінаю ў намечаную ёю ахвяру... Мясцовыя назвы Воспы: Рабая, Рабуха, Шчарбачка, Ліхая і інш. Пра чалавека, твар якога захаваў сляды гэтай хваробы, кажуць у насмешку, што на яго фізіяноміі чэрці гарох малацілі ці ячменныя крупы дралі.
Збор этнографа Яўгена Ляцкага паводле: “Міфы Бацькаўшчыны, Мн.: 1994)