Гены жыцця
Да свайго 70-годдзя, якое сябры і прыхільнікі таленту Васіля Пятровіча Шаранговіча, мастака і дырэктара Музея сучаснага мастацтва, адзначылі 14 студзеня, Маэстра падрыхтаваў не толькі вялікую персанальную выставу. Літаральна «гарачымі», з друкарскага варштату ад выдавецтва «Кнігазбор» да юбілея Васіля Пятровіча прыйшлі першыя асобнікі аўтабіяграфічнай аповесці «Ген жыцця». Цэлыя 363 старонкі тэксту, які выкрывае яшчэ адзін талент юбіляра — літаратурны.
Да свайго 70-годдзя, якое сябры і прыхільнікі таленту Васіля Пятровіча Шаранговіча, мастака і дырэктара Музея сучаснага мастацтва, адзначылі 14 студзеня, Маэстра падрыхтаваў не толькі вялікую персанальную выставу. Літаральна «гарачымі», з друкарскага варштату ад выдавецтва «Кнігазбор» да юбілея Васіля Пятровіча прыйшлі першыя асобнікі аўтабіяграфічнай аповесці «Ген жыцця». Цэлыя 363 старонкі тэксту, які выкрывае яшчэ адзін талент юбіляра — літаратурны. Падзеі ў кнізе завяршаюцца 1995 годам — а гэта значыць, што майстар працягвае працаваць: чакайце другога тому. Кропка не пастаўлена.
З Васілём Пятровічам Шаранговічам я перасёкся, калі пачаў чытаць лекцыі па гісторыі мастацтваў у тагачасным Тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз — Акадэмія мастацтваў) у 1990 годзе. З 1989 па 1997 год Шаранговіч быў рэктарам установы, якую сам скончыў у 1966-м. Час гістарычных перамен, аднаўлення старадаўняй дзяржаўнасці нашай краіны, якая вырывалася з імперскіх абдымкаў СССР, ствараў непаўторную атмасферу ў сценах творчай вучэльні. Найперш атмасферу свабоды. Часам амаль неверагоднай.
Як прыгадвае крытык Пётра Васілеўскі, у першы год рэктарства Шаранговіча, у 1989 годзе, пяцікурснік Алесь Пушкін спрабаваў наладзіць у Інстытуце выставу сваіх творчых работ — плакатаў, прысвечаных гісторыі Беларусі апошніх сямідзесяці гадоў: Курапаты, Чарнобыль, лінгвацыд. Калі Шаранговіч пачуў пра тэматыку выставы, дык не дазволіў яе. У прыватнасці, рэктара спыніў плакат, які потым фігураваў ва ўсіх дзяржаўных газетах як сведчанне «злых намераў» Пушкіна. Выявы двух сцягоў — бел-чырвона-белага і БССРаўскага. БССРаўскі перакрэслены чорнымі лініямі. Надпіс: «Хопіць «сацыялістычнай», адродзім народную Беларусь!» Затое калі Пушкін зрабіў са сваімі плакатамі перформанс, выйшаў на вуліцу і быў затрыманы, калі чынавенства патрабавала яго выгнання з інстытуту, Шаранговіч уратаваў маладога мастака. На рэктара ціснулі: «Выгони Пушкина из института!», а Васіль Пятровіч запытаўся: «За што? Ён выдатнік вучобы. Яшчэ пабачыце, які ён зробіць дыплом!» Гэта быў 1989 год. Уявіце сабе нагэтулькі ж мужны ўчынак рэктара ВНУ нават зараз, у 2009-м.
Тое ж датычылася і мовы ў інстытуце. Рашэннем Васіля Пятровіча для выкладчыкаў былі ўведзены курсы беларускай мовы, але яны не былі прымусовыя. «Калі па-беларуску загаворыць начальства, па-беларуску будуць размаўляць і падначаленыя», — рэзонна заўважыў Шаранговіч. Працэс натуральнай беларусізацыі вядучай мастацкай установы краіны ішоў свабодна і глыбока, з чалавечым разуменнем яе неабходнасці ўсімі ўдзельнікамі падзей.
Нарэшце, варта не забываць, што менавіта ў Тэатральна-мастацкім, першым з беларускіх ВНУ, пры Шаранговічы спынілі выкладанне навуковага камунізму і дзейнасць кафедры гісторыі КПСС. Сённяшнім студэнтам, нават пры наяўнасці курсаў «ідэалогіі», спадчыннікаў партыйных дысцыплін, цяжка ўявіць, якім пачварным інструментам атуплення і сервілізацыі моладзі былі выкладаныя кафедрамі гісторыі КПСС дысцыпліны.
Чытачам «НЧ» напэўна было б цікава даведацца, якім чынам пры антынацыянальнай палітыцы ў СССР 1960-х гадоў Васілю Пятровічу так лёгка і нязмушана ўдалося звярнуцца да спадчыны вялікіх пісьменнікаў і паэтаў Беларусі — Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Максіма Багдановіча. Пра гэта і яшчэ шмат іншага распавёў сам Васіль Шаранговіч:
— Вельмі істотна за пражытыя гады было прайсці простай дарогай і не схібіць. Здаецца, мне гэта ўдалося. Магчыма — гэта ўдзячная моц каранёў. З Качаноў, вёскі ў 36 хатаў на Мядзельшчыне, паходзяць і цяпер дзейсныя Шаранговічы, і рэпрэсаваны ў 1930-я гады першы сакратар ЦК КПБ В. Ф. Шаранговіч. Вёска жыла небагата, уласнай працай, але пра сваіх бацькоў я маю сказаць як пра вельмі адукаваных людзей. Улічыце, што пад уладай ІІ Рэчыпаспалітай Польскай адукацыя давалася толькі за грошы. Маці скончыла 6 класаў польскай школы, на сёмы не хапіла сродкаў, і добра ведала літаратуру, паэзію, музыку. Яна марыла зрабіцца мастачкай — два яе малюнкі каляровымі алоўкамі я захоўваю да сённяшняга дня. Менавіта яе парады былі маімі першымі ўрокамі малявання.
А кнігі, якія таксама здабываліся няпроста, увайшлі ў маю свядомасць падчас чытання ў хаце, калі маці працавала. Так было з «Новай зямлёй» Коласа, якую я яшчэ дзіцём вывучыў напамяць. Праілюстраваць гэты ўлюбёны твор — а частку з ілюстрацый вы можаце зараз бачыць на выставе — мне давялося значна пазней (серыя з 91 акварэлі 2002 г.). Ужо ў вучэльні, а пазней у інстытуце ў Мінску, дзе ў інтэрнацыянальным асяроддзі я быў ці не адзіным студэнтам з вёскі, за маю выключную памяць, дзякуючы якой я быў здольны гадзінамі дэкламаваць вершы, я атрымаў мянушку “прафесар, пазней — «хадзячага кампутара». Літаратурныя багацці, адкладзеныя з юнацтва ў маёй памяці — пераважна беларускія. Мая маці ставілася да паэзіі і прозы нашых суайчыннікаў часам са здаровай крытыкай. Зямляк Максім Танк, які нарадзіўся за 8 кіламетраў ад Качаноў, неаднойчы быў крытыкаваны ёю на фоне Купалы і Багдановіча, бо «паэзія мусіць быць узнёслай». Таму мой зварот да нацыянальнай тэматыкі ў складаныя 1960-я гады — цалкам натуральны.
Што ж датычыцца бацькі, сапраўднага волата-асілка з мужнымі рукамі, які мог працаваць і ў полі, і як краваец і шавец — толькі гузікаў не мог замацаваць, бо маленькая голка не трымалася ў яго пальцах, — то і ён здабыў добрую адукацыю. Пасля 4-гадовай ЦПШ ён скончыў польскую «школу ральнічу», атрымаўшы дыпломы каваля, сталяра і слесара. Так, сям’ю Шаранговічаў цалкам можна назваць інтэлігентнай. Бацькам хапала часу і на забавы з усімі 5 дзецьмі, якім, у адрозненне ад простых сялянскіх сем’яў, рабілі адмысловыя забавы, майстравалі лялькі, на Каляды ставілі ялінку. А пазней дбалі пра адукацыю: ужо ў 14 гадоў я выбраўся ў школу ў Мядзел. І хаця на шляху да мастацкай прафесіі давялося перажыць і халодныя, і галодныя гады, я не страціў галоўнага. Гэта — вернасць роднай зямлі і вера ў веды».
Сапраўды, зямля і народ Беларусі — у кожным творы Васіля Пятровіча. Невыпадкова ён кажа, што нават на сваёй дыпломнай працы ў мастацкай вучэльні — «Пасля сходу» — памятае кожнага чалавека. На акварэлях, алоўках, літаграфіях і лінарытах — краявіды, пагоркі, азёры і сосны роднага Нарачанскага краю. На слынных ілюстрацыях сярэдзіны 1980-х да «Пана Тадэвуша» — мужныя людзі старой Літвы. На ранніх гравюрах 1960-х — рамантыка маладосці, Мінск, першая даніна нацыянальнай літаратуры. Пяшчотны свет сям’і — на нязмушаных, лёгкіх партрэтах сваякоў і блізкіх. Юбілейныя выставы не заўсёды бываюць такімі свабоднымі і шчырымі. Наведайце Музей сучаснага мастацтва і не спазніцеся зрабіць гэта да 31 студзеня!