«Калыханка» ў час «Снежнай імпрэсіі»
«Калыханцы» — 36. Сёння немагчыма ўявіць беларускі тэлеэфір без яе, хоць яшчэ нядаўна абураныя тэлегледачы пісалі пратэстныя лісты з патрабаваннем убраць дзеда Барадзеда і вярнуць любімых Хрушу і Сцяпашу…
Гэты артыкул быў падрыхтаваны да 35-годдзя ўлюбёнай перадачы. Але цікаўнасць не згубіў і дагэтуль.
*****
Нягледзячы на тое, што беларускія СМІ не забыліся пра даволі паважны юбілей «Калыханкі» і пра яе «бацькоў» (найперш пра Ніну Вячаславаўну Шобу), але, здаецца,
практычна ніхто не прыгадаў, дзякуючы найперш каму не толькі з’явілася, але і засталася ў тэлеэфіры ўсімі любімая цяпер перадача, якая тады, у 1981-м, ледзь не патрапіла пад забарону. Вось
як пра гэта распавядаў у сваіх успамінах «Уваскрасеньне ўчарашняга дня» пісьменнік Валянцін Болтач, які якраз тады ўзначальваў сектар тэлебачання і радыё ЦК КПБ: «А тым
часам трэба было ажыцьцявіць яшчэ адну насамрэч грандыёзную задуму — стварыць незалежную ад ЦТ самастойную беларускую праграму і выдаваць яе на тэрыторыі рэспублікі замест другой маскоўскай
[…]. Нашая дырэкцыя праграмаў толькі тым і займалася, што ўзгадняла, выпрошвала час у Масквы, паколькі ня мела права без санкцыі ЦТ закрыць ніводнай іхняй перадачы як па першай, так і па
другой праграмах. Нашых запалоханых, зацюканых прававерных інтарнацыяналістаў панічна, як чорт ладану, палохалі самі тэрміны «незалежная», «самастойная» ды яшчэ ў
спалучэньні з «беларуская», а замахвацца на адну з праграмаў ЦТ падавалася нечуваным сьвятатацтвам. […]
Людзям ня надта падабаецца, калі ў іх адбіраюць нешта знаёмае, звыклае, нават калі ўзамен даюць больш дасканалае, лепшае. Таму прадбачылі, што гэтакая кардынальная ломка тэлеэфіру выкліча неадназначную рэакцыю. Канечне, больш за ўсё хвалявала, трывожыла непазьбежная пратэстная рэакцыя тэлегледачоў. […]
Новагоднія сьвяты і яшчэ дні два-тры пасьля іх прайшлі адносна спакойна, хоць тэлефоны і ў Дзяржтэлерадыё, дый ў ЦК не змаўкалі з ранку да вечару. Званілі людзі з розных месцаў, хто вельмі ўхваляў перадзел тэлеэфіру, высока ацэньваў новую беларускую праграму, але пераважная большасьць званкоў была ад незадаволеных — і спакойных, і поўных абурэньня. […] На чацьвёрты-пяты дзень на ЦК абрынуўся літаральна вал пісьмовых пратэстаў, ад іх жа і аж раскаляліся тэлефоны. І амаль усе — на закрыцьцё перадачы «Добрый вечер, малыши», якая трансьлявалася па другой праграме. Замест яе беларуская «Калыханка» з дзедам Барадзедам, на думку пратэстуючых, і блізка не ішла ні ў якое параўнаньне. Прасілі, патрабавалі вярнуць дзецям любімых Хрушу і Сьцяпашу. […]
Дзеля выратаваньня праграмы трэба ісьці на кампрамісы і паўкампрамісы. Ну, напрыклад, чаргаваць: дзень гэты Хруша ў запісе, другі — наша Бульбінка. Пакуль будуць знаёміцца і прывыкаць да «Калыханкі». […] Больш за месяц, мусіць, з падачы Паўлава [Паўлаў Савелій — загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. — С. Ш.] Бураўкіна [У 1978-1990 гг. Г. Бураўкін быў старшынём Дзяржтэлерадыё БССР. — С. Ш.] трымалі ў чорным целе, ставіліся як да чалавека заведама асуджанага на пазбаўленьне пасады, мо нават выключэньне з партыі, таму на пасяджэньні бюро і іншыя адказныя нарады сталі запрашаць не яго, а ягонага намесьніка Чаніна. Ды, па-мойму, гэта зусім, ну калі не зусім, то вельмі мала хвалявала Генадзя. Для нас з ім самым галоўным і важным было, што тэлефонная і пісьмовая пратэстная плынь з кожным днём аціхае, рэзка зьмяншаецца, а праз тыдні два і ўвогуле згасла, усё пачало ўваходзіць у спакойнае рэчышча. […]
У цэлым пра беларускую праграму ў тэлегледачоў склалася добрае ўражаньне, аб чым засьведчылі сацыялагічныя службы, многія нашы праграмы па папулярнасьці абыйшлі маскоўскія, а праз колькі месяцаў ніхто і не заўважыў зьнікненьня з эфіру Хрушы і Сьцяпашы, што выклікалі такую хвалю пратэстаў і ледзь не пагубілі беларускую праграму».
Зрэшты, заслуга Генадзя Бураўкіна не толькі ў тым, што «Калыханка» насуперак пратэстным настроям засталася ў беларускім тэлеэфіры, але яшчэ і ў тым, за што яе, мусіць, найперш і любяць усе ад маленькіх да дарослых — за бураўкінскую песню:
Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі…
Падчас апошніх нашых размоў у маі 2014-га года Генадзь Мікалаевіч распавёў пра гісторыю напісання «Калыханкі»: «Мы стваралі нацыянальную тэлевізійную праграму, нам не хапала «Калыханкі» і мы шукалі для яе песню. І вось аднойчы да мяне прыйшоў Вася Раінчык, які папрасіў: «Генадзь Мікалаевіч, давайце паспрабуем зрабіць песню». І, пакінуўшы касету з музыкай, пайшоў. Я час ад часу ўключаў тую касету, і вось аднойчы падняўся раніцай, усе мае яшчэ спалі, я ўключыў касету, і ў мяне атрымалася гэтая песня. Калі мы зноў сустрэліся з Раінчыкам, нам стала зразумела, што гэта тое, што трэба. Ну, а потым ужо выканаўцы пастараліся. Так «Калыханка» і стала папулярнай і любімай сярод дзяцей».
Невыпадкова і Рыгор Барадулін за два тыдні да свайго сыходу засведчыў у апошнім лісце да сябра: «Генадзь Бураўкін быў, ёсць і будзе. І будзе твая паэзія, будуць твае песні. Адна твая «Калыханка» чаго вартая! Ты сваёй «Калыханкай» выгадаваў, відаць, больш за мільён дзяцей…»
Калі мы разам з Міхасём Скоблам былі ў Бураўкіна ў тыя самыя апошнія яго дні, Генадзь Мікалаевіч, пагаджаючыся, што не, не дарэмна пражыў гэтае жыццё, назваў сярод сваіх заслуг абарону Васіля Быкава ў 1966-м годзе і тое, што зрабіў Беларускае тэлебачанне беларускім. Пасля гэтага ў размове павісла паўза, і Міхась прыгадаў яшчэ і «Калыханку» — і Генадзь Мікалаевіч не запярэчыў. Зрэшты, яшчэ раней, падчас нашых размоў сам-насам, ён казаў, што ў звязку з яго імем, мабыць, найперш прыгадваюцца дзве песні: «Калыханка» і яшчэ «Снежная імпрэсія». Тая самая «Снежная імпрэсія», якая больш вядомая як «Завіруха» ў выкананні «Верасоў»:
Ты куды мяне клічаш, паслухай? —
На дварэ ні машын, ні людзей.
Завіруха мяце, завіруха…
Белы снег,
Белы цень,
Белы дзень.
Бураўкінскую «Снежную імпрэсію» мы толькі-толькі перажылі ў гэтыя завірушныя студзеньскія дні, а разам з «Калыханкай» жывем уже 35 гадоў. І, дай Божа, будзем жыць далей.