Ноч музеяў–2009 у Мінску

16 мая ў пяты раз прайшла міжнародная акцыя «Ноч музеяў», у якой удзельнічала асноўная частка сталічных музейных устаноў. Нарадзілася ўзгаданая ініцыятыва намаганнямі супрацоўнікаў парыжскага Луўра. З 1999 года і па сённяшні дзень да яе далучылася больш за 2000 музеяў Еўропы.



55743cc0393b1cb4b8b37d09ae48d097.jpg

16 мая ў пяты раз прайшла міжнародная акцыя «Ноч музеяў», у якой удзельнічала асноўная частка сталічных музейных устаноў. Нарадзілася ўзгаданая ініцыятыва намаганнямі супрацоўнікаў парыжскага Луўра. З 1999 года і па сённяшні дзень да яе далучылася больш за 2000 музеяў Еўропы.
Перадаць усю панараму і багацце імпрэзаў, выставаў, перформансаў і канцэртаў, што адбываліся 16 мая ў музеях Беларусі, немагчыма, бо «Ноч музеяў» праходзіць у нас цяпер не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. Нават калі гэта не зусім «ноч», а хутчэй «вечар», які заканчваецца самае позняе апоўначы, як у Нацыянальным мастацкім музеі.
Свята адбылося. Тысячы і тысячы мінчукоў, сярод якіх пераважала моладзь, былі згодныя не толькі адстаяць у чарзе да гадзіны часу, але і набыць уваходны квіток. Насуперак еўрапейскай завядзёнцы, у гэты вечар, адзначаны падвышаным энтузіязмам наведвальнікаў, нашы музеі спрабуюць трохі паправіць сваё фінансавае становішча. Наведвальнікі, здаецца, не супраць.
Між тым, улічваючы паважаны ўзрост музейных устаноў у Еўропе, — першыя звесткі пра калекцыянаванне сягаюць у антычныя часы, — недаравальна не прыгадаць пра беларускія музейныя даты. 425 год таму, у маі 1584 года, перасек межы радзімы, кіруючыся ў Нясвіж з паездкі ў Святую зямлю і Егіпет, нястомны збіральнік рарытэтаў і будаўнік захаванага да сёння Нясвіжскага замка Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка. Як і ягоны бацька, ён выкарыстоўваў кожную нагоду для папаўнення фамільных калекцый, ці не першых у Беларусі музейных збораў. І ўлічваючы тое, што сёлета для святкавання «Ночы музеяў» Нацыянальны мастацкі музей абраў тэматыку «Усходняя ноч», паказаўшы калекцыю злепкаў з егіпецкіх старажытнасцяў, можна было б святкаваць угодкі беларускай егіпталогіі, калі б толькі калекцыянер давёз з Егіпта муміі і старажытныя ўпрыгожанні. На жаль, яны зрабіліся здабычай хваляў узбуранага Міжземнага мора: збіральнік падпарадкаваўся волі забабонных маракоў, што верылі — муміі прыносяць няшчасці і губяць караблі.


Што ж, гадавіну з’яўлення ў публічнай калекцыі старажытнаегіпецкага саркафага давядзецца адкласці на наступны год, да 155 угодкаў заснавання Віленскага музея старажытнасцяў, куды археолаг і даследчык Канстанцін Тышкевіч ахвяраваў рарытэт з сямейнага збору ў Лагойску.
Галоўны мастацкі музей меў усе падставы абвясціць усходнюю тэматыку дамінантай сёлетніх святкаванняў: у адчыненым некалькі год таму новым корпусе побач з калекцыямі старажытнага і сучаснага беларускага мастацтва сваё месца занялі экспанаты з Індыі, Кітая, іншых краін Усходу.
А святочную ноч упрыгожылі адмысловыя выставы. Чорна-белыя здымкі беларускага фатографа Вадзіма Качана «Людзі Егіпта» глядзеліся візітоўкай сучаснай мусульманскай краіны ў адмысловым музейным фотафармаце. Адсутнасць колеру ў гэтым выпадку — сродак узмацнення ўражання ад удала і выразна зафіксаваных мастаком імгненняў жыцця краю, апаленага гарачым афрыканскім сонцам. «Схаваная Японія» — калекцыя фотапоглядаў на іншую далёкую дзяржаву, прапанаваная японскім мастаком Яхагі Кідзюра. Старажытныя храмы і сучасная урбаністычная архітэктура, знакамітыя сады камянёў і краявіды — рэкі, вуліцы гарадоў, вобразы таямнічай і такой прыцягальнай краіны.
Карнавал пераўвасабленняў, імправізацый, перфомансаў панаваў тым часам у музейных залах, прывабліваючы наведвальніка ўключыцца ў тэатралізаваныя гульні, якія разгарнуліся ва ўсіх залах музея. Тэатральна-музычная дзея «Калейдаскоп усходніх мрояў» давала, на думку арганізатараў, магчымасць дакрануцца да містычнай прыцягальнасці Усходу, што жыве ў сэрцах еўрапейцаў з часоў лорда Байрана. Госці знаёміліся з мастацтвам арыгамі — вырабам сімвалічных папяровых фігурак, і з творамі вытанчанай каліграфіі, «прымяралі» макіяж гейшы, назіралі, як гімнасткі ў экзатычных касцюмах узводзяць імправізаваную Вавілонскую вежу і як квітнее сімвалічная сакура. Вянчаў дзею відэапраект-экскурсія года «Шэдэўры ўсходняй калекцыі мастацкага музея».
Квяцістыя фарбы ўсходніх краін стагоддзямі вабілі жыхароў былой Рэчы Паспалітай, тканыя ўзоры «на персідскі манер», «адамашкавыя» тканіны, прывезеныя купцамі, вызначалі адметны ўсходні каларыт касцюмаў старабеларускай шляхты, прадстаўнікі якой назіралі за дзеяй у музеі з палотнаў старасвецкіх партрэтаў. Ці выпадкова ўвасабляльнікамі першай заходнееўрапейскай моды на Усход у XVII стагоддзі зрабіліся менавіта нашы продкі, стаўшы прататыпамі «ўсходніх» мадэляў нават на карцінах Рэмбрандта? А XVIII стагоддзе дало з’яўленне фактычна нацыянальнага сімвалу з усходнім каларытам:
«… той слуцкі знакаміты
Залататканы пояс, дзе як зліты
Дзве дэсані: бок добры ўвесь
у кветкі,
А адваротны — чорны,
нібы ў клеткі…»

Адам Міцкевіч, «Пан Тадэвуш»

Слуцкія залаталітыя паясы, слава беларускага мастацтва, у гэтым годзе былі цвіком святкавання, што працягвалася з нагоды яшчэ аднаго свята, Міжнароднага дня музеяў 18 мая — у Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук на Сурганава 1, корпус 2. Установа, якая зберагае некалькі соцень старажытных абразоў і алтарных скульптур, змястоўныя этнаграфічныя і археалагічныя зборы, сёлета адзначыла 30 год свайго існавання. Прыгадаем імёны першых збіральнікаў гэтай скарбонкі нацыянальнай культуры — былой дырэктаркі Вольгі Церашчатавай, Элеаноры Вецер, Юрыя Хадыкі, і пажадаем іх пераемнікам дачакацца шчаслівага часу, калі музейная ўстанова нарэшце набудзе статус цалкам адчыненай, якую можна наведаць не толькі па папярэдняй дамове ў працоўны час тыдня. Што ж датычыцца «ўсходняй» разынкі, слуцкіх паясоў — то іх у экспазіцыі два, адзін з іх вярнуўся ў Беларусь з Англіі, падараваны збіральнікам «палонікі» і «літуанікі», нашчадкам па кудзелі князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх прафесарам Анджэем Цеханавецкім.


Мастацкія і гістарычныя музеі — машына часу, быццам намаганнем чараўніка здольная пераносіць чалавека ў розныя эпохі ў мінулае. Нацыянальны музей гісторыі і культуры, буйнейшая ўстанова з калекцыяй каля 400 тысяч прадметаў, у святочны суботні вечар прапаноўваў маршрут у апошнія дзесяцігоддзі СССР, рэтра-вечарыну «Мы з 60-х». Найбольш энергічныя ўдзельнікі свята, перамясціўшыся з іншага канца вуліцы Маркса ад Мастацкага музея, паспявалі ўліцца ў такі ж жвавы натоўп гасцей, якім гаспадары прапаноўвалі зірнуць у мінулае праз адмысловы фірменны атрыбут — папяровыя чырвоныя акуляры. Старэйшыя маглі з лёгкай настальгіяй узгадаць гады маладосці, сённяшняя моладзь — адчуць каларыт той эпохі.
Прынамсі лепшая заходняя і савецкая музыка 1960–1980-х гадоў, якая гучала з эстрады перад пляцоўкай у двары ў выкананні гуртоў «Даміно», «Федэрацыя», «Дзядзя Ваня», — і сёння выклікае цёплы водгук акордамі даўно знаёмых мелодый і спяваных паэтычных радкоў. Галоўныя ж падзеі разгортваліся ў залах — на выставе эпатажнага мастака Андрэя Смаляка «Невядомы Смаляк», дзе візіцёраў сустракалі піянеры ў гальштуках, прыгожыя мадэлі ў адноўленых студэнтамі Акадэміі мастацтваў строях. Падалося, што, пазбаўленыя залішняй гульнявой экстравагантнасці, раннія соц-артаўскія работы Смаляка больш цэльныя і выразныя, чым творы з яго апошніх вернісажаў. Вобраз Купалы, як бы распнутага на фоне савецкага герба, патыліцы савецкіх лідэраў: Леніна, Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, Гарбачова. Дух эпохі і з’яваў, што выклікалі пратэст, адштурхоўвалі мастака, але давалі тэмы для творчага сталення.
У кожнага часу — свае знакі, і вялікая іх каштоўнасць — у аўтэнтычнасці, бо гэта — гісторыя. Ці не самым унікальным экспанатам вечара стаўся вялізны чырвоны шаўковы вымпел з вышытымі золатам літарамі загаду Сталіна з нагоды вызвалення Мінска. Таксама дакумент і гісторыі, і стылю жыцця.
Пакуль цяжка сказаць, ці пераадолелі музеі рэкорды наведванняў мінулых гадоў, калі ў адным Мастацкім прымалі каля 5 тысяч гасцей. Але можна сцвярджаць, што мы назіраем нараджэнне вартай традыцыі, калі беларусы, прыгадаўшы сваё еўрапейскае мінулае, разам з іншымі грамадзянамі кантынента імкнуцца дакрануцца да сваёй гісторыі, культуры, мастацтва. Хай бы так было не аднойчы на год.