Пачатак канца

У XVI стагоддзі Маскоўскае княства і Польскае каралеўства cышліся ў вайне за перадзел земляў Вялікага княства Літоўскага. Гэты перадзел цягнуўся з перапынкамі амаль пяцьсот гадоў.



d38901788c533e8286cb6400b40b386d.jpg

На выяве: ВКЛ пасля Люблінскай уніі (1569-1795 гг.) Карта: Lietuvos istorijos atlasas, Vilnius: Vaga, 2001, p. 18

“Залаты век
Беларускія публіцысты называюць ХVI стагоддзе нашым “залатым векам. Францыск Скарына пачаў усходнеславянскае кнігадрукаванне. На Беларусь прыйшла рэфармацыя. Друкарні выпускалі свецкія кнігі, распаўсюджваючы веды сярод жыхароў дзяржавы. Сымон Будны ў Нясвіжскай друкарні выдаў на беларускай мове “Катэхізіс. Як грыбы вырасталі мястэчкі і гарады. Магнаты — Валовічы, Радзівілы, Кішкі, Пацы, Сапегі ды іншыя — запрашалі да сябе рамеснікаў і давалі новым селішчам магдэбургскае права.
На такім ганарлівым фоне застаюцца незаўважанымі некаторыя пытанні. Напрыклад, чаму наш першадрукар Скарына апынуўся лішнім на радзіме і быў змушаны вярнуцца ў Прагу? Або чаму ў 1563 годзе ў Брэсцкай друкарні, заснаванай Радзівілам, выдаецца пераклад Бібліі на польскую мову? Або чаму абаронца самастойнасці ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды выдае польскія кнігі ў 1572 годзе ў нясвіжскай “печатне? Няўжо яны ўмацоўвалі ліцвінскую самасвядомасць і дзяржаўную самастойнасць? Чаму беларускі асветнік Сымон Будны выпусціў на беларускай мове толькі “Катэхізіс, а ўсе астатнія свае працы надрукаваў на польскай мове? Каго ж ён прасвятляў па-польску ў Клецку, Іўе, Заслаў’і, Вішневе? Ці Віленская езуіцкая акадэмія служыла духоўным мэтам Вялікага княства, узначаліўшы каталізацыю і паланізацыю ў сферы асветы? Ці ёсць у яе гісторыі хоць адзін прафесар, які чытаў сваім студэнтам або пісаў хоць нейкі курс на беларускай мове?
Ніяк не суадносіцца з атмасферай “залатога века пакаранне пратэстанта Франкуса Франка ў Вільні ў 1611 годзе. Гэты чалавек падчас працэсіі Божага цела звярнуўся да яе ўдзельнікаў са словамі, што не трэба пакланяцца госціі як Богу. Праз некалькі тыдняў Франка быў асуджаны, і кат на рынкавай плошчы вырваў яму язык, чацвертаваў цела і падвесіў на крук. Усе спробы беларускіх кальвіністаў выратаваць італьянскага пратэстанта аказаліся дарэмнымі, таму што смерці для яго патрабавала польская каралева Канстанцыя і каралеўскі духоўнік Пётр Скарга.
Час далучэння
У 1558 годзе Іван IV распачаў Лівонскую вайну за Балтыйскае ўзбярэжжа, а праз тры гады цар перанёс тэатр вайсковых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі. Маскоўскія войскі захапілі Полацак. Усе габрэі былі патопленыя ў Дзвіне, каталікі высечаныя, тысячы палачан пагнаныя ў рабства, маёмасць разрабавана. Пераможныя бітвы з маскалямі пад Улай, Невелем, Чашнікамі стратэгічна сітуацыю не змянілі. Паколькі да этнічных польскіх тэрыторый рускім было яшчэ ісці ды ісці па ліцвінскіх землях, то польскія радныя паны адчулі, што надышоў момант для канчатковага далучэння ВКЛ.

Вызваленне Полацка войскамі Стэфана Баторыя ў 1579г. З тагачаснай гравюры


Сумесны сойм Вялікага княства і Кароны Польскай пачаўся ў студзені 1569 года ў Любліне. Палякі настойвалі на безумоўным уключэнні ВКЛ у склад Польшчы. Нават сама назва “Літва выключалася з назвы дзяржавы, манарх павінен быў мець толькі адзін тытул — “Кароль Польшчы. Ліцвіны, са свайго боку, патрабавалі федэрацыі і выбараў агульнага кіраўніка на сумесным сойме на памежжы дзвюх краін, прапаноўвалася, што ў Кракаве манарха будуць каранаваць каралём Польшчы, у Вільні — вялікім князем літоўскім.
Вялікакняжацкія магнаты на такія ўмовы былі не згодныя, і таму пакінулі сойм. У адказ 5 сакавіка Жыгімонт Аўгуст выпусціў эдыкт аб “вяртанні, з неадкладным уключэннем у склад Польшчы Валыні і Падляшша. Праз тры дні ён аддаў загад панам і дэпутатам шляхты Валыні і Падляшша з’явіцца 27 сакавіка на сойм і прысягнуць на вернасць польскай кароне. На гэтыя землі былі ўведзеныя польскія войскі.

Жыгімонт Аўгуст


Гэта беспрэцэдэнтная польская анексія вялізнай тэрыторыі выклікала абурэнне ў Вільні, асабліва сярод магнатэрыі, ліцвіны нават намерваліся пачаць вайну з Польшчай. У Падляшша і Валынь былі разасланыя загады аб мабілізацыі на вайну. Але далей крыкаў справа не зрушылася: Вялікаму княству, аслабленаму вайной з Масковіяй, не заставалася нічога іншага, як вярнуць сваю дэлегацыю ў Люблін.
Да таго дня, калі дэпутацыя вярнулася на сойм, Вялікае княства Літоўскае ўжо пазбавілася ўсіх сваіх украінскіх уладанняў — гэта значыць, траціны ўсяго насельніцтва. Гетман Хадкевіч слёзна прасіў сойм аб вяртанні ў ВКЛ адабраных абласцей, але справа была прайграна. Мікалай Радзівіл напісаў тады аб “пахаваннях і знішчэнні назаўжды раней вольнай і незалежнай дзяржавы, вядомай як Вялікае княства Літоўскае.

Мікалай Радзівіл Чорны

Дзве дзяржавы — “адзін народ

1 ліпеня 1569 года дамова аб уніі была падпісана, а 4 ліпеня зацверджана. І вось што самае дзіўнае: гэты гвалтоўны захоп земляў іншай дзяржавы, наўпроставую анексію, шматлікія беларускія гісторыкі не кваліфікуюць як першы падзел Вялікага княства. Ваенна-палітычная аперацыя, якая падарвала дзяржаву, змяніла плынь жыцця на вялізных тэрыторыях, згадваецца ў заўвагах. Між тым, падпісанне Люблінскай уніі з’яўляюцца чорным днём у гісторыі ВКЛ. У Еўропе ўтварылася найбуйнейшая дзяржава — Рэч Паспалітая са сталіцай у Варшаве, якая па тэрыторыі саступала толькі Асманскай імперыі і Маскоўскаму царству, займаючы звыш 800 тысяч квадратных кіламетраў і маючы больш 8 мільёнаў чалавек насельніцтва.
Да 300-годдзя Люблінскай уніі мастак Ян Матэйка напісаў вялізнае палатно, прысвечанае гэтай гістарычнай падзеі. Яно экспануецца ў Люблінскім замку, уваскрашаючы даўнюю ўрачыстасць палякаў і змрочны смутак прадстаўнікоў пераможанага ВКЛ. На карціне ўсе літвіны пастаўлены на калені для клятвы каралю. Стаяць і енчаць ад смутку: рэальна Вялікага княства ўжо няма, гэта ўжо правінцыя Польшчы на чале з прызначэнцамі з ліку мясцовай магнатэрыі.

Ян Матэйка. Люблінская ўнія. Пачатак XVII ст.


Акт Люблінскай уніі ад 1 ліпеня 1569 года абвяшчаў Польскае каралеўства і ВКЛ “адзіным непадзельным і неразрозненым целам, агульнай Рэччу Паспалітай, якае злучыла “ў адзін народ дзве дзяржавы і два народы. ВКЛ захавала за сабою некаторыя рэшткі аўтаноміі — войска, суд, адміністрацыю і асобныя законы. Сярод 140 сенатараў на вальных соймах толькі 27 былі ліцвінамі.
Старое пакаленне сыходзіла ў нябыт, маладое “адукаванае, спаланізаванае ў калегіумах, на сойміках, у касцёле, выходзіла да жыцця і будавала Рэч Паспалітую польскую, датоптваючы ўласную дзяржаўнасць.
Далёкі быў ад адчування “залатога веку аршанскі стараста Філон Кміта Чарнобыльскі ў сваіх характарыстыках уладарных сучаснікаў і прагнозах будучыні, што захаваліся ў яго лістах: “А людзі гэтай дзяржавы? Якіх паслуг яны патрабавалі? Якой шчодрасці? Толькі дай! Якая справядлівасць? Багатаму так, а ўбогаму сяк! Якое сумленне? Хто не заўгодны, таго праз нагу! А прагнасць? Хоць свет раздай, душ польскіх і літоўскіх гэта не насыціць, усё мала! ...А падзяка? Сёння аб тым добра гаворыць, а раніцой смердам, ублюдкам кліча! Усё паскудства, усё хлусня, няма Бога! Бі, забівай, дзяры, рабуй — то найлепшы пан і то рыцар! ...А некаторыя гавораць: “Не дай Бог ляху быць каралём! Выража Літву, а Русь і пагатоў! Даўно рэзаць пачалі літвіна. А той па натуры прыроджанай сваёй так неабачлівы, проста як авечка: дзе іх больш воўк хапляе, там яны далей за ім ідуць! Больш будзе служыць народу польскаму, чым свайму!

Люблінская ўнія. 1569. Гравюра Я. Гербурта. Пачатак XVII в


Польская мова
Леў Сапега ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Статута 1588 года. Ён быў напісаны і выдадзены на беларускай мове. Яшчэ задоўга да Патопу (войны 1648–1651, 1654–1667 гадоў), з якім злучаюць пераход шляхецкай масы ВКЛ да выкарыстання ў побыце польскай мовы, беларускія выдаўцы ў 1639 года надрукавалі асноўны закон дзяржавы — Статут 1588 года — у перакладзе на польскую мову. Уласна, для каго? Не палякам жа ў Кароне ён быў патрэбны — ён быў выдадзены для чытання “народам Вялікага княства.
Сумным падрахункам аб’яднання “двух народаў сталася поўная адмова беларускай шляхты ад сваёй мовы і пераход на польскую. Якія сляды дзяржаўнасці пасля гэтага шукаць? Ні адзін з беларускіх магнатаў не асмеліўся арганізаваць хоць нейкі рух для выратавання Айчыны ад такой згубы, а калі хто вырашаў прасіць пратэкцыі ў шведаў або рускіх, дык толькі ў выпадках, калі падступаліся асабістыя няшчасці, як страта нерухомасці або важных пасад.
Беларуская мова ў справаводстве спачатку перайшла з кірыліцы на лацінку, а следам, натуральна, у “федэратыўнай Рэчы Паспалітай, была выцеснены польскай мовай. Ужо пры Жыгімонце Старым лісты да літоўскіх ураднікаў каралеўская канцылярыя афармляла лацінкай.
Але задоўга да таго, яшчэ ў 1529 годзе, “абаронца самастойнасці ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны ў лісце да папскага легата Ліпамана просіць дазволу на ўвядзенне літургіі на польскай мове ў касцёлах Вялікага княства. Навошта гэта яму было трэба? Спяшаўся насустрач пажаданням польскамоўнага кліру. Наша магнатэрыя першай перайшла на мову Кароны, за ёю рушыла ўслед “вольная шляхта. У 1633 годзе ў Вільні выходзіць на польскай мове азбука для дзяцей. Не для польскіх жа дзетак — для сваіх, ліцвінскіх.
Генеральная канфедэрацыя шляхты ВКЛ, у першую чаргу беларускай, у 1696 годзе прыняла пастанову, каб пісар земскага ваяводскага суду, дзе будуць праходзіць Галоўныя Трыбунальскія суды, запісваў пастановы па-польску, а не па-беларуску. Так адно з важных дасягненняў канцлера Льва Сапегі было адпраўлена ў архіў. Беларуская мова перастала быць публічнай мовай органаў улады, яе юрыдычная і канцылярская лексіка перастала развівацца.
Такім чынам, 1569 год можна смела лічыць годам страты дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага. А ўжо пасля былі падзелы: тры рускіх, польскі і савецкія.

-----------------------------------------------------------------------

Пісьменнік і публіцыст Кастусь Тарасаў даўно і грунтоўна вывучае гісторыю сярэднявечнай Беларусі. Ён адзін з тых беларускіх інтэлектуалаў, хто ў сваёй творчасці сцвярджае нацыянальную канцэпцыю беларускай гісторыі. Аўтар шматлікіх аповесцяў (дзве з іх можна прачытаць на нашым сайце ў раздзеле “Літаратурная Беларусь), мноства нарысаў і артыкулаў пра падзеі і людзей таго часу. Ну, а паколькі пераасэнсаванне гісторыі заўсёды выклікае дыскусіі, мы гатовы надрукаваць і іншыя меркаванні.