Праўда горкая і прыгожая. Вольга Дадзіёмава пра свайго студэнта Юрыя Зісера

«Кажучы пра Юрыя Зісера, разумею, што ў маім уяўленні ён аказваецца зусім не тым чалавекам, якога ведае інтэрнэт-супольнасць, а значыць, увесь свет». Прыкутая да ложка прафесарка музыкі Вольга Дадзіёмава расказвае «Свабодзе» пра свайго студэнта Юрыя Зісера.

Юры Зісер, 2017 год

Юры Зісер, 2017 год


— Заснавальнік парталу TUT. BY шмат у чым фармаваў грамадскую думку ў нашай краіне і пра яе саму. Смелы і нават дзёрзкі публіцыст, чые погляды я не заўсёды падзяляла, ён заўсёды бударажыў грамадства сваімі артыкуламі, інтэрв’ю і заявамі. Буйны бізнесовец, мецэнат, вядомы сваімі дабрачыннымі акцыямі. Такі вобраз Юрыя Анатольевіча вядомы і даўно звыклы для ўсіх. Менавіта такім яго паказваюць электронныя рэсурсы.

Мне ж Юры Зісер найперш быў знаёмы як студэнт нашай Акадэміі музыкі, які атрымаў там другую адукацыю як арганіст. Наведваючы мае лекцыі па гісторыі музычнай культуры Беларусі, ён, здавалася, не праяўляў асаблівага жадання. Было відавочна, што ён надзвычай заняты чалавек, які вымушаны заставацца на сувязі і не выпускае з рук тэлефона.

Аднак першае маё ўражанне сталася памылковым: ён не толькі засвоіў праграму, але і выйшаў далёка за яе рамкі і спецыяльна вывучыў мае працы, у тым ліку складаныя для асэнсавання навуковыя манаграфіі. Калі ж я прачытала тэкст ягонага дыплома аб львоўскіх арганах, зразумела, наколькі паглыблены ён у свет музычнай культуры. Гэтаму спрыяла як генетыка, сямейная традыцыя (ягонай мама была музыкантам), так і шлюб з рознабакова адоранай, вядомай сваімі аўтарскімі песнямі, культуралагічнымі даследаваннямі, літаратурнымі творамі Юліяй Чарняўскай. Я, дарэчы, добра памятаю яе дзеда, буйнога беларускага пісьменніка і калегу майго бацькі Васіля Вітку.

Аднак у Зісера заўсёды было сваё асаблівае, самабытнае і не падобнае на звычайныя ўяўленні бачанне музычнага свету, што выдавала ў ім шырока адукаванага гуманітарыя і музыканта-выканаўцу. Больш за тое, менавіта музычная адоранасць прадвызначыла, на маё перакананне, ягоную крэатыўнасць і дзіўныя поспехі ў іншых прафесійных сферах. Бо, як сцвярджае вядомая даследчыца дзейнасці мозгу Тацяна Чарнігаўская, спасылаючыся на феномен Эйнштэйна, музычная дзейнасць стымулюе здольнасці да творчасці ў цэлым.

Яму былі знаёмыя і блізкія творы майстроў мінулых эпох, і сучасная музыка. Ён думаў, як філосаф і матэматык, мог адчуць прапорцыі светабудовы ў іх адзінстве, дасканаласці і бясконцасці.

Пры гэтым дзівіла ягоная самакрытычнасць, якая не дапускала самай малой фальшы і кампрамісаў у творчасці, як і ў палітычнай сферы. Гэта тычыцца ацэнак выступленняў выканаўцаў (на мой погляд залішне жорсткіх), а яшчэ — гранічна сумленнай самаацэнкі. Пасля свайго канцэрту ён прыняў рашэнне аб спыненні публічных выступленняў як арганіст: або бездакорна, бо ніяк.

Тое ж і ў жыцці. Лепш бы не ведаць яму (і мне) тых страшных яго бакоў, якія аб’ядналі нас — смяротную хваробу, якая паразіла адначасова вясной 2016 году.

Да гэтага часу я ўжо страціла Зісера з-пад увагі, толькі зрэдку знаёмячыся з яго выступленнямі на партале — як заўсёды, яркімі і нетрывіяльнымі, якія нікога не пакідалі абыякавымі, выклікалі эмацыйна магутную рэакцыю ў кожнага наведніка сайту.

Сустрэліся ж мы выпадкова — у Бараўлянах, дзе праходзілі «тэрмаядзернае» лячэнне, ці не больш разбуральнае, чым патрабавала яго хвароба. Не лічу магчымым гаварыць пра тагачасны стан Юрыя Анатольевіча, які нікому, акрамя родных, не паведамляў свой дыягназ. Але можаце паверыць майму досведу, які не завершаны да гэтай пары...

Гэта не паддаецца адэкватнай вербалізацыі. Не толькі таму, што боль — рэжучы, ныючы, які не здымаецца ніякімі прэпаратамі. Але і таму, што яму спадарожнічае апатыя, слабасць і поўная страта жыццёвай энергіі. Толькі той, хто прайшоў усе колы хімічнага пекла, можа ўявіць гэты жахлівы стан.

Мы сталі перапісвацца. Не смеючы цытаваць электронныя паведамленні, скажу толькі аб тым, што яны не былі падобныя на споведзь асуджаных. Не. Хоць было мноства «зводак з франтоў», у якіх мы дзяліліся сваімі праблемамі. Але часцей пісалі пра творчасць, музыку, працу. Дарэчы, увесь час і нават цяпер працягваем інтэнсіўна працаваць, пра што сведчылі па-ранейшаму актуальныя, на злобу дня і на злобу некаторых чытачоў, парадаксальныя ў сваёй адкрытасці выступу Зісера.

Я зусім не лічу гэта нечым асаблівым, ведаючы са свайго досведу пра ўздзеянне творчай дзейнасці на свядомасць і падсвядомасць — а не толькі пра падсвядомую цягу да актыўнай дзейнасці. І калі мне гавораць пра маю сілу волі і подзвіг, дзіўлюся. Подзвіг — гэта ахвяраванне сабой дзеля іншых, сваёй зямлі, як было ў гады вайны, пра якую ведаю з першых вуснаў — ад бацькі. А ў нашым выпадку праца была адзіным выратаваннем, гэта праца для выжывання.

І ўсё ж было ў ягоным нежаданні гаварыць пра хваробу і скардзіцца нешта справядлівае. Ён зусім шчыра не разумеў, у адрозненне ад мяне, сэнсу публічных выказванняў пра гэта. «І што, — кажа, — паведамляць, што ўчора было дрэнна, а цяпер лепш?»

Даведаўшыся, што я скончыла чарговую манаграфію, Юры Анатолевіч ўзяўся чытаць яе і рэдагаваць, а пасля прапанаваў фінансаваць кнігу, якая ўжо вытрымала тры выданні.

Паралельна ён выратаваў мяне — у літаральным сэнсе, калі насціг мяне нечаканы параліч, які запатрабаваў неадкладнай дапамогі высокакваліфікаваных медсясцёр круглыя суткі, дома. Калі б там была проста матэрыяльная дапамога, я была б бязмерна ўдзячная. Як і ўсім маім сябрам, калегам і вучням, якія не пакінулі ў бядзе. Але мне дапамог чалавек, які сам быў на грані і за гранню.

Некалькі месяцаў таму, быўшы ў цяжкім стане, прывёз мне лекарку — сам быў за стырном. Уважліва выслухаў яе рэкамендацыі і правяраў іх выкананне.

Увесь гэты час Зісер не пераставаў падтрымліваць і іншых людзей, а таксама маштабныя творчыя праекты. Асабліва ў галіне вывучэння арганаў і навучання ігры на іх. Падарыў некалькім музычным школам і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі гэтыя цудоўныя інструменты. Фінансаваў экспедыцыі для збору інфармацыі аб арганах ў розных гарадах і мястэчках Беларусі, дзякуючы чаму ўдалося ажыццявіць буйны выдавецкі праект. Падтрымаў фестываль клезмерскай музыкі і многія іншыя акцыі, пра якія нават не згадваў.

Наша перапіска працягвалася, дазваляючы выказаць тое, пра што нікому не раскажаш. Што жывеш як у сне, да гэтага часу не жадаючы верыць у рэальнасць таго, што адбываецца. Што немагчыма больш трываць гэты кашмар, але трыванне і пакора прыходзяць як узнагарода за пакуты і спачуванне. Мы перасцерагалі адно аднаго ад адчаю, заклікалі да утапічнай надзеі і, вядома, да веры ў лепшае...