Шматмоўная Швейцарыя
Жанна Фроліхер, Швейцарыя Швейцарыя — невялікая краіна, размяшчаецца паміж Італіяй, Аўстрыяй, Ліхтэнштэйнам, Германіяй і Францыяй. Насельніцтва краіны складае прыблізна 7 мільёнаў чалавек. Швейцарыя з’яўляецца федэральнай рэспублікай і складаецца з 26 кантонаў. У кожным кантоне ёсць свой урад, свая канстытуцыя, кантанальныя суды, розныя сістэмы адукацыі, правілы падатковай сістэмы.
Жанна Фроліхер, Швейцарыя
Швейцарыя — невялікая краіна, размяшчаецца паміж Італіяй, Аўстрыяй, Ліхтэнштэйнам, Германіяй і Францыяй. Насельніцтва краіны складае прыблізна 7 мільёнаў чалавек. Швейцарыя з’яўляецца федэральнай рэспублікай і складаецца з 26 кантонаў. У кожным кантоне ёсць свой урад, свая канстытуцыя, кантанальныя суды, розныя сістэмы адукацыі, правілы падатковай сістэмы.
Упершыню прававы стан швейцарскага шматмоўя быў замацаваны Канстытуцыяй 1848 года. Нацыянальнымі мовамі былі прызнаныя нямецкая, французская, італьянская. Рэтараманская мова была прызнана чацвёртай нацыянальнай мовай рэспублікі толькі ў 1938 годзе, дзякуючы палітычнаму ціску Раманскай Лігі.
Наяўнасць у Швейцарыі чатырох дзяржаўных моў зусім не сведчыць, што кожны швейцарац свабодна валодае імі.
Асноўная частка насельніцтва Швейцарыі (каля 64%) — нямецкамоўная, 19% насельніцтва размаўляе на французскай, 8% — на італьянскай і 1% — на рэтараманскай (романш) мовах. Зоны Швейцарыі не з’яўляюцца нязменнымі і аднастайнымі ў моўных адносінах адзінкамі, у месцах сыходжання моўных межаў ёсць зоны двухмоўя (напрыклад, Біль, Фрыбур, Берн). Натуральныя лінгвістычныя межы склаліся гістарычна і геаграфічна.
Кожная з чатырох моў мае мноства варыянтаў (у залежнасці ад раёна і кантона). Звычайна пра Швейцарыю кажуць, што гэта краіна, дзе існуе 4 мовы і 101 дыялект. У гэтай лінгвістычнай разнастайнасці здараецца, што часам жыхарам розных рэгіёнаў прасцей паразумецца з насельніцтвам суседніх краін, чым з суграмадзянамі. Так, напрыклад, мы з маім стрыечным братам з Жэневы размаўляем на англійскай, каб лепш разумець адзін аднаго.
У нямецкамоўнай частцы Швейцарыі склалася цікавая сітуацыя, якую лінгвісты называюць дыглосіяй, або дыялектна-літаратурным двухмоўем. Гэта значыць, што мова, на якой мы гаворым дома або на вуліцы, моцна адрозніваецца ад нямецкай, на якой мы звычайна пішам і чытаем. Немцы, якія прыязджаюць у Швейцарыю, звычайна нічога не разумеюць, калі людзі размаўляюць на швейцарска-нямецкай. Адрозніваюцца не толькі лексіка ці вымаўленне, але і граматыка. Ф. Дзюрэнмант, сусветна вядомы швейцарскі пісьменнік, у прыватнасці, піша: «Я размаўляю па-бернску, а пішу па-нямецку. Я люблю бернскую, мову, якая ў многім пераўзыходзіць нямецкую. Гэта мая родная мова (Muttersprache)».
У побыце ўсе жыхары ў Швейцарыі прызвычаіліся да таго, што іх заўсёды акаляе тры або чатыры мовы. Напрыклад, на ўпакоўках надпісы робяцца на трох мовах, у цягніку прыпынкі абвяшчаюцца на нямецкай, французскай і італьянскай.
Кожны кантон сам вырашае, якая замежная мова, калі і як інтэнсіўна будзе выкладацца ў школе. Да цяперашняга часу ў нямецкамоўнай Швейцарыі першай замежнай мовай у школах з’яўляецца французская, у франкамоўнай частцы — нямецкая. Ва ўсіх школах у якасці другой замежнай мовы прапануецца англійская або італьянская.
Пры гэтым трэба зазначыць, што кожны швейцарац адчувае і называе сябе перш за ўсё швейцарцам, а не немцам, французам або італьянцам. Іншым разам па гэтай прычыне ўзнікаюць цікавыя сітуацыі. Я, напрыклад, жыву ў нямецкамоўнай частцы і, вядома ж, размаўляю па-нямецку. Аднойчы мы гулялі ў футбол з маладымі людзьмі з франкамоўнага горада. Трэба было неяк назваць і супрацьпаставіць каманды, і я сходу прапанавала: «Швейцарцы супраць французаў». Памятаю, яны моцна пакрыўдзіліся. Тое самае часам адчуваю і я. Мне непрыемна, калі нехта гаворыць, што я немка. Я — швейцарка.
У апошні час дыялект стаў больш моцным, таму што людзі больш гавораць, чым пішуць. А яшчэ людзі, асабліва маладыя, сталі актыўней абменьвацца sms, карыстацца е-mail, пры гэтым паведамленні і лісты пішуць на дыялекце, гэта значыць на нямецка-швейцарскай мове.
Сёння можна канстатаваць: у Швейцарыі кожная моўная з’ява — як дыялект, так і нямецкая мова — знайшлі сваё месца ў грамадскім жыцці.