Ці дачакаюцца беларускія сінагогі сваіх даследчыкаў, піяршчыкаў і турыстаў?

Сёння ў Беларусі каля 140 сінагог, з іх 10 дзейнічаюць, астатнія прыстасаваныя пад жытло, установы культуры і нават... баптысцкія храмы. А драўляных сінагог засталося ўсяго тры.

Сінагога ў Нароўлі, 1927 г. Мастак А. Р. Касцялянскі.

Сінагога ў Нароўлі, 1927 г. Мастак А. Р. Касцялянскі.

Сінагогі з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў XIV стагоддзі. Габрэі перасяляліся да нас з украінскіх, польскіх, нямецкіх земляў. Вядомыя Вітаўтавы «Прывілеі жыдам» Берасця (1388 г.) і Гародні (1389 г.). Згодна з гэтым дакументам, іудзеям дазвалялася свабоднае выкананне рэлігійных абрадаў. У XVI стагоддзі габрэі жылі ўжо па ўсёй Беларусі. У пачатку ХХ стагоддзя яны складалі 14% насельніцтва беларускіх земляў (каля 1,2 мільёна чалавек) і больш за 80% насельніцтва гарадоў і мястэчак. Гэта была другая па колькасці пасля беларусаў этнічная група.

Усё змянілася пасля Другой сусветнай вайны, падчас Халакосту загінулі каля 96 працэнтаў беларускіх габрэяў. У апошнія дзесяцігоддзі існавання СССР у габрэяў з’явілася магчымасць з’ехаць у Ізраіль. У памяць пра іх засталося матэрыяльнае ўвасабленне габрэйскай культуры — сінагогі. Вакол іх круцілася ўсё жыццё абшчыны. Што ж такое сінагогі і як яны выкарыстоўваюцца цяпер?

Фота сінагогі ў Цярэспалі. Музей габрэяў у Парыжы.

Фота сінагогі ў Цярэспалі. Музей габрэяў у Парыжы.

Сінагога — гэта любое памяшканне, прызначанае для грамадскай малітвы, што заўсёды было і застаецца яе галоўнай функцыяй. Аднак у Талмудзе сінагога толькі аднойчы названая «домам малітвы» (бейт-тфіла). Як правіла, яе функцыі значна шырэйшыя — са старажытных часоў і па сённяшні дзень яна называлася «домам сходу» (бейт-кнесет), ці ў больш звыклай для нас грэчаскай версіі — «сінагога» (συναγωγή). У адпаведнасці са сваёй назвай, сінагога з’яўляецца месцам адукацыі, правядзення сустрэчаў, сходаў, розных урачыстасцяў як для ўсёй абшчыны, так і для яе асобных чальцоў.

Будынак сінагогі ў Калінкавічах. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак сінагогі ў Калінкавічах. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

У беларускіх мястэчках пачатку XX стагоддзя царква, касцёл і сінагога (часам — і мячэт) стаялі ў цэнтры. Толькі галоўныя сінагогі ў буйных гарадах былі мураванымі. Большасць іудзейскіх храмаў была ўзведзена з дрэва. Гэтыя будынкі лёгка гарэлі (і мэтанакіравана спальваліся падчас Другой сусветнай вайны нямецкімі войскамі). Да таго ж, культавыя будынкі ўсіх канфесій знішчаліся ў савецкі час. Таму з каля 140 сінагог Беларусі (існуючых, перабудаваных, у стане руінаў) толькі тры — драўляныя: у Любані, Івянцы і Лепелі.

У Беняконях, Парычах і Лапічах будынкі драўляных сінагог абкладзеныя цэглай, а ў Калінкавічах будынак былой сінагогі абшыты сайдынгам і пакрыты металадахоўкай. Ніводзін з гэтых будынкаў не застаўся месцам культу і не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Будынак сінагогі ў Івянцы. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак сінагогі ў Івянцы. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».


Роспіс арон кодэша ў івянецкай сінагозе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Роспіс арон кодэша ў івянецкай сінагозе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Івянецкая сінагога была ўзведзеная ў 1912 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны яе перабудавалі — атынкавалі паўднёвы фасад. Да 2009-га сінагога выкарыстоўвалася як рэпетыцыйныя зала, а з 2015-га тут працуе будаўнічая крама. На сцяне ўнутры будынка захаваўся адзіны ў Беларусі малюнак арон кодэша (каўчэг для скруткаў Торы) у тэхніцы ілюзорнага жывапісу.

Будынак сінагогі ў Лепелі. Фота Наталлі Агарэлышавай.

Будынак сінагогі ў Лепелі. Фота Наталлі Агарэлышавай.


Будынак сінагогі ў Лепелі. Фота Наталлі Агарэлышавай.

Будынак сінагогі ў Лепелі. Фота Наталлі Агарэлышавай.

Лепельская сінагога 1918 года пабудовы цяпер прыстасаваная пад жытло для сямі ці васьмі сем’яў. Адна з кватэр, з так званымі «вокнамі-антрэсолямі», зробленая на месцы галерэі, дзе маліліся жанчыны. Актывісты спрабавалі надаць будынку статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак вердыкт навукова-метадычнай Рады пры Міністэрстве культуры быў наступны: «Недастаткова матэрыялаў для ўзяцця аб’екта пад ахову дзяржавы».

Падчас круглага стала, прысвечанага праблемам аховы драўлянага дойлідства, які прайшоў 11 верасня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч патлумачыў: «Гэта не такое і кепскае рашэнне. Можна шукаць дадатковыя матэрыялы, а помнік часова ахоўваецца дзяржавай, яго не могуць ні знесці, ні перабудаваць, пакуль Рада не адмовіла канчаткова ва ўнясенні ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей».

Будынак Малой сінагогі ў Любані да рэканструкцыі. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак Малой сінагогі ў Любані да рэканструкцыі. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак Малой сінагогі ў Любані пасля рэканструкцыі. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак Малой сінагогі ў Любані пасля рэканструкцыі. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Шыльда на будынку Малой сінагогі ў Любані. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Шыльда на будынку Малой сінагогі ў Любані. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Малая сінагога ў Любані ў 2010–2012 гадах была абабітая вагонкай і займела дадатковы дэкор. Цяпер тут працуе дзіцячая школа мастацтваў. На будынку вісіць шыльда з Вялікай любанскай сінагогі, якая была знесена ў 2009 годзе.

Будынак Вялікай сінагогі ў Любані. Знесены ў 2009 годзе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак Вялікай сінагогі ў Любані. Знесены ў 2009 годзе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Некаторыя драўляныя сінагогі мы страцілі зусім нядаўна. Яны перажылі вайну і савецкі атэізм, перамаглі разбуральны ўплыў часу, але не вытрымалі змагання за добраўпарадкаванне. Гэтыя страты значныя не толькі для беларускай спадчыны. Як піша даследчык Аляксандр Лакотка, «драўляныя сінагогі арэалу ўсходняй Еўропы вылучаліся арыгінальнасцю і спецыфічнай архітэктурай у той час, як у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе іх асаблівасці не набылі такога яркага праяўлення».

Ён адзначае, што беларускія драўляныя сінагогі вызначаліся кансерватыўнасцю, кананізацыяй архаічных форм. У параўнанні з праваслаўнай і каталіцкай культавай архітэктурай іудзейская вылучалася ўладкаваннем сутарэнняў на цэнтрычнай сістэме апор. Інтэр’еры аздабляліся разьбой, дзе выявы хімер спалучаліся з мясцовымі жывёламі і птушкамі: бусламі, лісіцамі, мядзведзямі, пеўнямі. У сінагогах Заходняй Еўропы аздаблення расліннымі і жывёльнымі матывамі не было, арнамент больш геаметрызаваны.

Будынак сінагогі ва Уваравічах (Буда-Кашалёўскі раён). Знесеная ў 2014 годзе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак сінагогі ва Уваравічах (Буда-Кашалёўскі раён). Знесеная ў 2014 годзе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

На круглым стале ў Музеі народнай архітэктуры і побыту магістрантка ЕГУ Наталля Агарэлышава выдзеліла праблемы, якія яднаюць Беларусь і Літву ў сферы аховы габрэйскай спадчыны. Здараюцца выпадкі вандалізму і неталерантнасці. Праз памяншэнне колькасці габрэйскага насельніцтва пасля Другой сусветнай вайны знікае і памяць аб ім. Паўстае пытанне наконт выкарыстання сінагог: малалікія абшчыны не могуць утрымліваць будынкі. Ці маюць права беларусы і літоўцы змяняць функцыі культавай архітэктуры? У Літве лепш наладжаны дыялог паміж габрэйскімі супольнасцямі, мясцовымі ўладамі, якія дэманструюць вялікую зацікаўленасць, і ўстановамі культуры. Дзейнічаюць мясцовыя ініцыятывы і фонды, ёсць фінансаванне Еўрасаюза.

Будынак сінагогі ў Ашмянах. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Будынак сінагогі ў Ашмянах. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

aszmjany_2_logo.jpg

Фасад ашмянскай сінагогі. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Адваротны звод у ашмянскай сінагозе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Адваротны звод у ашмянскай сінагозе. Фота з кнігі «Синагоги Беларуси. Каталог существующих зданий».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёння ў Беларусі жыве каля 12 тысяч габрэяў і працуе дзесяць сінагог (тры — у Мінску). Сярод іх — будынкі з унікальнымі па сваёй захаванасці архітэктурнымі рашэннямі. Напрыклад, у Ашмянах каменная сінагога мае драўляную столь з адваротным зводам і задыякальным роспісам. У адрозненні ад Польшчы, дзе габрэйская спадчына ўспрымаецца часткай нацыянальных здабыткаў і ахоўваецца за кошт шматлікіх культурных фондаў, Германіі, дзе выступае нагодай для пераасэнсавання гісторыі, Літвы, дзе моцна ўцягнута ў турыстычную індустрыю, беларускія сінагогі не настолькі «раскручаныя», пакуль чакаюць сваіх даследчыкаў, турыстаў і піяршчыкаў.