Свет захапленняў сям’і Каўрыгаў
Некалі беларускія вёскі славіліся сваімі майстрамі. Амаль кожны жыхар вёскі меў навыкі цяслярства, мог пабудаваць хату, злажыць печ. Майстэрства гэтае перадавалася ў спадчыну. (На здымку: Павел Каўрыга)
Некалі беларускія вёскі славіліся сваімі майстрамі. Амаль кожны жыхар вёскі меў навыкі цяслярства, мог пабудаваць хату, злажыць печ. Майстэрства гэтае перадавалася ў спадчыну.
(На здымку: Павел Каўрыга)
Саветызацыя, калектывізацыя, русіфікацыя, урбанізацыя, алкагалізацыя зрабілі сваю чорную справу. Вёскі пусцеюць, выміраюць на вачах, а выдатных майстроў амаль і не засталося. Але ёсць на Беларусі
такія людзі, якія зберагаюць і сваю родную мову, і ўсё, што звязана з мінулым.
З Паўлам Антонавічам Каўрыгам, дацэнтам геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, я знаёмы больш за 40 гадоў, з тых часоў, калі мы абодва былі студэнтамі гэтага факультэта. Павел Каўрыга
— высокакваліфікаваны спецыяліст і педагог, яго паважаюць і студэнты, і выкладчыкі факультэта. З таго часу, як у 1990 годзе беларуская мова стала дзяржаўнай, і па сённяшні дзень Павел
Каўрыга выкладае студэнтам свае прадметы толькі на роднай мове. Размаўляе па-беларуску і дома, і са знаёмымі. Таму не выпадкова, што ён быў узнагароджаны дыпломам і медалём Аркадзя Смоліча
«За шанаванне роднага краю», дыпломам Таварыства беларускай школы, прэміяй імя акадэміка Вацлава Ластоўскага для беларускіх выкладчыкаў. Ён — аўтар шматлікіх падручнікаў
для студэнтаў па метэаралогіі і кліматалогіі, рыхтуюцца да выдання яго фізгеаграфічныя слоўнікі.
А вось аб тым, што ён яшчэ выдатны этнограф і краязнаўца, я даведаўся зусім нядаўна. Сустрэўся я з Паўлам і яго жонкай Людмілай Васільеўнай на свяце, прысвечаным 120-годдзю Максіма Багдановіча, у
Ракуцёўшчыне. Там і прапанаваў нам з жонкай наведаць свой этнаграфічны сямейны музей, які месціцца ў іх на лецішчы, недалёка ад вёскі Краснае.
За сваё жыццё я наведаў шэраг краязнаўчых музеяў, але такой багатай колькасці прылад сялянскага побыту ХIX–XX, і нават ХVII (!) cтагоддзяў я больш нідзе не сустракаў. Прычым амаль усе
экспанаты дасталіся яму і яго сям’і ў спадчыну ад дзеда, Аляксандра Вікенцьевіча Ермалковіча, майстра на ўсе рукі. Дзед Саша, як ласкава называе яго Павел Каўрыга, будаваў дамы, клаў печы,
шыў боты, рабіў брычкі. Аб яго майстэрстве ведалі далёка за межамі Маладзечаншчыны. Шмат каму ён пабудаваў хаты, а каля печак, зробленых яго рукамі, і сёння грэюцца людзі. А яшчэ дзед Саша разводзіў
розныя гатункі ружаў, пасадзіў вялікі сад. Пражыў ён 102 гады.
Экспанаты музея знаходзяцца адразу пры ўваходзе ў дом. Ля ганку — жорны, якім каля 100 гадоў, і на якіх можна яшчэ змалоць муку. На першым паверсе дома — кошыкі з каранёў яліны,
усялякія драўляныя дзежачкі, лубкі. На другім паверсе ўвагу прыцягваюць рознай канфігурацыі прасы, якія зрабіў дзед Саша. Яго ж рукамі выраблены і шматлікія бразготкі ці шархуны. Тут жа і вупраж,
хамут, боты, якія ён пашыў з цялячай скуры. Ля сцяны стаіць драўляны ложак. А колькі ў музеі рубанкаў, розных станкоў: і ткацкі, і прадзільны, і такарны.
Па шматлікіх прыладах працы, якія знаходзяцца ў музеі, можна прасачыць лёс традыцыйнай на Беларусі культуры — лёну: тут і пранік, якім адбівалі зярняткі ад снапа, і мяліца, на якой
«мялі» льнотрасту, і часалка, і калаўроты. Трэба бачыць, з якой вялікай любоўю і павагай Павел Каўрыга паказвае кожны экспанат музея. А іх больш за сто. Самы старажытны —
сячкарня — знаходзіцца ў садзе. Як сведчыць літы надпіс на яе корпусе, выраблена яна была ў Лондане ў 1675 годзе. На працягу больш чым 300 гадоў яна служыла продкам дзеда і яму
самаму. Яшчэ і зараз знаходзіцца ў выдатным рабочым стане: Павел Каўрыга бярэ пук саломы і дэманструе яе работу. Сапраўды, рэжа салому, быццам новая.
Побач з сячкарняй — прыгожая брычка, таксама работа дзеда Сашы. Дзве драбіны яе аздоблены палосамі. А на сядзенні фурманкі — чучалы амаль сапраўдных, у натуральную велічыню, дзеда і
бабы ў беларускіх строях. Гэтых персанажаў з вялікай любоўю выканала жонка Паўла, Людміла Васільеўна.
Лёс паслаў Паўлу жонку з вялікім густам і ўмелымі рукамі. Усе пакоі хаты ўпрыгожаны яе пано з саломкі, вышытымі пейзажамі, дарожкамі і сурвэткамі. З высокім мастацтвам Людмілай Васільеўнай выкананы
абраз Маці Божай «Замілаванне». Звяртае на сябе ўвагу герб «Пагоня», зроблены з саломкі. Гэты герб яна змайстравала за адну ноч, у 1990 годзе.
Людміла Васільеўна нарадзілася ў Пінску, скончыла Беларускі політэхнічны інстытут. А любоў да рукадзелля ёй з дзяцінства заклала маці, якая і прала, і вязала, і вышывала.
У спадчыну Паўлу Каўрыгу перайшлі не толькі дзедавы рэчы, але і яго майстэрства. У сям’і Каўрыгаў — двое сыноў, Аляксандр і Юрый, ёсць і ўнукі — Максім і Мікіта. Так што
ёсць каму з цягам часу перадаць багатую спадчыну.
Захапленне напаўняе жыццё сям’і Каўрыгаў сэнсам, а з хатнім унікальным музеям знаёмяцца не толькі родныя і блізкія, але і ўсе зацікаўленыя людзі.