«У спецкамендатуры фільм выклікаў дыскусію»

Сёння ў Мінску пакажуць «Каб скончыць войны» па-беларуску.



war.jpg

Кадр з фільма «Каб скончыць войны»

«Увогуле, гісторыя гэтага фільма вельмі цікавая. — расказвае Андрэй Кім, намаганнямі якога фільм Канінгема загучаў па-беларуску. — Нядаўна мы усвядомілі, што з тузіна стужак, што мы агучылі большасць — гэта рэальныя гісторыі. "Каб скончыць войны" таксама ў гэтым спісе.

У свой час, калі я паглядзеў гэты фільм ён вельмі моцна пераклікнуўся з тымі падзеямі, што я перажыў, я вельмі добра разумеў сітуацыю, якая там паказана. Зразумела, што мой досвед у сто разоў слабейшы за тое, што перажылі гэтыя людзі і што яны бачылі».

Фільм расказвае пра шатландскі батальён, што трапіў у палон да японцаў.Спрабуючы выжыць ў нечалавечых умовах, кожны з іх змяняецца — хтосьці рыхтуе помсту, а для іншых палон робіцца падставай задумацца пра сэнс існавання і змяніць сваё жыццё назаўсёды.


Таксама моцным уражаннем было тое, што ў канцы фільма паказваюцца галоўныя героі, дакладней іх рэальныя прататыпы: палонны шатландзец і яго японскі ахоўнік, старыя людзі, што ўскладаюць кветкі да мемарыялу загінулых у другой сусветнай вайне. — кажа спадар Кім. — Магу дакладна сказаць, што для некалькіх чалавек, што былі на прэм'ерным паказе тады, ў 2010 годзе, гэты фільм стаўся першым крокам для таго, каб перайсці на беларускую мову. І таксама першым крокам да яшчэ большай перамены ў іх жыцці.
 

У фільме Канінгэма адсутнічаюць жаночыя рэплікі — дзеянне адбываецца ў лагеры для ваеннапалонных, дзе жанчын не было. Ролі агучылі Павал Харланчук і Уладзімір Глотаў. Адным з першых гледачоў фільма стаў Павал Севярынец.

«Так выйшла, што ён паглядзеў гэта не толькі сам, але разам з усёй спецкамендатурай Купліна ў поўным складзе, ўсімі зняволеннымі! Севярынец сказаў, што стужка выклікала вялікую дыскусію». — кажа Кім.

Паглядзець фільм можна сёння, 20 чэрвеня на пляцоўцы ME100. Пачатак а 19-й гадзіне, кошт квіткоў – 20 000 рублёў.

nn.by