Усё, што вы хацелі ведаць пра сучаснае мастацтва, але баяліся спытаць
Пад гэтай правакацыйнай назвай з 20 па 22 лютага ў галерэі «Падземка» прайшлі дэманстрацыі ролікаў відэа-арта і дыскусіі гледачоў, арганізаваныя яе гаспадарамі і творцамі з an angelico group, аб’яднаныя загалоўкам «Person.Sex.Art».
Пад гэтай правакацыйнай назвай з 20 па 22 лютага ў галерэі «Падземка» прайшлі дэманстрацыі ролікаў відэа-арта і дыскусіі гледачоў, арганізаваныя яе гаспадарамі і творцамі з an angelico group, аб’яднаныя загалоўкам «Person.Sex.Art».
(На фота: Антон Слюнчанка і Віталь Дзегцяроў)
Двое маладых людзей з пакалення трыццацігадовых, Антон Слюнчанка і Віталь Дзегцяроў, адзін — з адукацыяй у гісторыі мастацтваў і мастак-партрэтыст, другі — кампутаршчык і спецыяліст
у графічным дызайне, прэзентавалі тры відэаролікі, якія паўсталі на мяжы відэа-арта і віджэінга. Іншымі словамі, маладыя людзі, якія пасталелі пасля знікнення з мапы свету СССР, прадстаўлялі творы,
паўсталыя ў сферы культуры, невядомай у савецкія часы. І дагэтуль у нашай краіне не надта пашыранай.
Варта заўважыць, што віджэінг — гэта адносна новы від мастацтва, вынікам працы ў якім з’яўляюцца «відэаміксы» — візуальныя эфекты, што створаны ў рэальным
часе пры дапамозе кампутарнага абсталявання ў выніку нарэзкі відэасюжэтаў, вобразаў і адлюстраванняў пад адпаведную музыку. Не фільм, не відэа-арт, а нешта новае, з шматпланавай вобразнасцю,
увасобленай сродкамі, блізкімі генерацыі, для якой кампутар і відэакамера замянілі пэндзлі з алоўкамі.
У гэтым сэнсе паказальны досвед «культавага» рэжысёра Пітэра Грынуэя, які, звярнуўшыся да віджэінга і перформанса, адну са сваіх віджэй-работ прысвяціў пераасэнсаванню знакамітага
палатна «Начны дазор» Рэмбрандта ў праекце «Начное назіранне». Такім чынам, у віджэй-праекце ёсць тэма, ёсць інструментарый культурнай спадчыны і асацыятыўны
шэраг, паводле якога стваральнік новага сюжэту, сучасны мастак, прапануе гледачу адправіцца ў падарожжа на хвалях рэфлексій і эмацыйных суперажыванняў.
Зрэшты, тэмай віджэй-работы можа быць абраная і проста музыка, і тады паўстае візуальны матэрыял, прызначаны не столькі для «відэаінсталяцыі» і мэтавага сузірання, а хутчэй фонавы
відэашэраг для музычнай вечарыны. Чым an angelico group таксама займаюцца, фактычна ад часу свайго нараджэння напачатку ХХІ стагоддзя. У такіх выпадках іх праца ўвасабляецца ў відэаімправізацыі на
фоне прапанаваных клубным DJ музычных тэм, або ў загадзя падрыхтаваныя відэасюжэты, калі музычная ідэя вечарыны фармулюецца папярэдне. Апошняя можа быць звязаная з творчасцю абсалютна новых музычных
калектываў або грунтавацца на матэрыяле настальгічных party, на якіх DJ прапануе, прыкладам, старыя запісы канцэртаў Black Sabbath, Deep Purple, The Who, Led Zeppelin. У досведзе an angelico group
ёсць і такія работы.
Гэтым разам у «Падземцы» Антон Слюнчанка і Віталь Дзегцяроў прадставілі творы, бліжэйшыя да канцэптуальнага відэа-арта, дэклараваўшы сваёй задачай аналіз тэмаў
«ню» ў мастацтве і ўзаемаадносінаў мастака і асяроддзя. Паводле тэксту буклета-анатацыі, гутарка ішла пра суадносіны дасканалай, але халаднаватай, самадастатковай жаночай
прыгажосці, напоўненай водгукам узнёслай вытанчанасці класічных рэнесансавых мадоннаў, — і супрацьпастаўленага ёй сучаснага дэгуманізаванага тэхналагічнага асяроддзя, дзе прыгажосці
«як бы» не знаходзіцца адпаведнага месца.
Гераіні дзвюх першых 15-хвілінных стужак «Катарына» і «Юлія», узнікаючы на раздробленым у 3–4 праекцыі (як рэнесансавы алтар-рэтабла) экране,
падарожнічалі на фоне прыгожых, але сумных, залітых халодным святлом краявідаў праз пустэчу восеньска-зімовых палёў, узбярэжжаў рэк і азёр, пустыннымі дарогамі ў адзіноту расфарбаваных начнымі агнямі
гарадоў. Паездка — машына з гераіняй за рулём у руху — горад — танец мадэлі ва ўяўным інтэр’еры клуба. Эстэтыка кадра чымсьці нагадвала фільм «Вуліца
Малхоланд» Дэвіда Лінча, перагукаючыся з ім нават тэматычна. Імкненне, палёт-паездка адзінокай жанчыны (як у фільме — у Hollywood, святы лес падманных мрояў) — у
дэгуманізаваную прастору горада, які «распранае» яе, насычаецца яе аголенай, дэманстраванай у танцы прыгажосцю. Па ўспрыняцці стужкі-кліпы можна паставіць поруч з
«жаночымі» палотнамі Міколы Селяшчука, такімі, як «Матылі тут не жывуць».
Цікава, што ў дыскусіі па праглядзе мастакі пачулі даволі жорсткія закіды крытыкаў, што ўказвалі на ўяўную адсутнасць філасофскай канцэптуалізацыі работ. Падаецца, аднак, гэта задача вырашалася не
наратыўным падыходам, а спробай прэпаравання вобраза праз элементарныя склавыя часцінкі.
Як рэнесансавы мастак-жывапісец візуальна даследаваў свой аб’ект камерай-абскурай, выбудоўваючы яго дакладныя геаметрычныя параметры, так віджэі падступаліся да сучасных прыгажунь, спрабуючы
прачытаць вобраз праз элементарныя прыёмы новага мастацтва. «Светлы» і «цёмны» час існавання чалавечай прыгажосці. Чалавек і спакойная або рухомая прырода. Палёт
птушкі ў кадры і рух чалавечага цела. Колер і яго адсутнасць у кадры, прычым колер, ужываны ў час выяўлення ў чалавеку «дыянісійскага», начнога, пачуццёвага пачатку. Урэшце,
нечаканае жаданне сродкамі відэа-арта паспрабаваць падступіцца да больш характэрнай для мастацтва скульптуры гульні ў фактурныя супрацьпастаўленні. Гутарка пра трэці дэманстраваны сюжэт, дзе
паўаголеная эратычна-пачуцёвая натура амаль статычна супастаўляецца з прыпадобленай да белага мармуру паверхняй накінутых на яе драпіровак.
Коратка кажучы, кожнаму часу — свае сродкі выразнасці. Перадаваць словамі ўражанні ад твораў віджэінгу — хіба што марная праца. Аднак, калі раптам увечары, наведваючы музычную
вечарыну, вы зразумееце, што на плазменным экране ў клубе адлюстроўваецца нешта больш змястоўнае, чымсьці ролікі Fashion TV і простыя кліпы… Калі вы адчуеце, што вас прываблівае больш
складаны вобразна-асацыятыўны шэраг… Значыць, вы сутыкнуліся з працай віджэя, пакуль што адносна рэдкай з’явай у клубных мерапрыемствах Мінска.
P.S. An angelico group працуе не толькі для клубаў і хуткаплынных прэзентацый. Вынік іх творчасці — таксама дызайн сайта газеты «Новы час» у сеціве.