Вавёркі Амерыкі: з кім найлепей суседзіць, жывучы ў Злучаных Штатах

Паўночныя штаты ЗША мала чым адрозніваюцца, калі глядзець вачыма турыста. Гарады, на першы погляд, падобныя адзін да аднаго. Але ёсць прыкмета, па якой ужо на другі месяц беспамылкова вучышся вызначаць, куды цябе занесла. Гэта колер вавёрак у тым ці іншым штаце. Вавёркі ў Амерыцы паўсюль. Яны тут свае, як у Еўропе — галубы. Шматлікай папуляцыі пушыстахвостых таварышуюць трусы, бурундукі і — зрэдчас — скунсы. У маім «родным» штаце Аява вавёркі дробныя і шэра-срабрыстыя.

Паўночныя штаты ЗША мала чым адрозніваюцца, калі глядзець вачыма турыста. Гарады, на першы погляд, падобныя адзін да аднаго. Але ёсць прыкмета, па якой ужо на другі месяц беспамылкова вучышся вызначаць, куды цябе занесла. Гэта колер вавёрак у тым ці іншым штаце. Вавёркі ў Амерыцы паўсюль. Яны тут свае, як у Еўропе — галубы. Шматлікай папуляцыі пушыстахвостых таварышуюць трусы, бурундукі і — зрэдчас — скунсы. У маім «родным» штаце Аява вавёркі дробныя і шэра-срабрыстыя. А вось у Мічыгане, які адносна побач (сем гадзінаў машынай) — вавёркі памерам з гадавалую котку і рудыя. А ёсць штаты, дзе вавёркі бурыя ці чорныя. Амерыканскія вавёркі маюць волю выбіраць, дзе ім жыць, але падобныя трымаюцца побач. Здаецца, гэта называецца арэалам.

(На здымку: Рудая вавёрка, якая жыве на тэрыторыі Мічыганскага універсітэта)


Людзі — тыя ж вавёркі: падобныя імкнуцца жыць побач. І гаворка тут не толькі пра колер скуры, хаця і пра яго таксама. Калі назіранне за амерыканскімі вавёркамі — гэта хутчэй наіўная заалогія і нейкія пазітыўныя эмоцыі ад судакранання з жывёльным светам, то назіранне за самімі амерыканцамі — гэта прыкладная антрапалогія, спроба разабрацца, хто і дзе, і, галоўнае, а з кім ты на гэтай стракатай мапе нацыяў, расаў, моваў і гадавых прыбыткаў. З кім жыць, калі жыць у Амерыцы? Гаворка найперш пра вялікі горад.
Чорнае гета Балтымара

Гэта была адна з самых небяспечных экскурсій у маім жыцці. У афраамерыканскае гета Балтымара мы паехалі на машыне, але ўсё адно знаёмыя трактавалі наш учынак як самазабойчы: «Вы вар’яты! Ну чаму «навічкі» лічаць сябе героямі, упарта лезучы на ражон? А калі б машына заглухла???» Але Дзіма сказаў, што кантралюе сітуацыю: ён ведае вуліцы, па якіх, паводле мясцовых паняццяў, у светлы час сутак белым дазваляецца ездзіць на машынах. Бо ёсць яшчэ вуліцы, дзе адзіныя легітымныя (хоць і непажаданыя) госці неафрыканскага выгляду — гэта камунальнікі, пажарныя і дактары «хуткай».


Мы едзем па занядбаных вуліцах, я спрабую рабіць здымкі, людзі на вуліцах нешта крычаць нам услед, а Дзіма перакладае: «Той дзед на ганку назваў цябе белай шлёндрай... А вунь тая дзяўчына папрасіла схаваць камеру, інакш яна выцягне пушку і вышыбе табе мазгі». Пераклад мне неабходны, бо крычаць зусім не па-англійску ці там па-амерыканску, а на эбаніксе — мове чорнага насельніцтва ЗША. Дзіма і яго аднагодкі з былога СССР хадзілі ў школу з дзецьмі чорнага гета і гэтую мову разумеюць выдатна. Кажуць, былі нават сацыяльныя праграмы па пераводзе пачатковай школы ў чорных раёнах з англійскай на эбанікс, бо галоўнае — веды, а літаратурны варыянт амерыканшчыны дзеткі з чорных кварталаў банальна не разумеюць.
Каб сябра ці сваяка выпусцілі з турмы пад заклад, у ЗША трэба заплаціць каля 700 долараў. Гэта можна зрабіць праз спецыяльны аўтамат. У ваколіцах Друід-парку — сэрцы чорнага гета — такіх аўтаматаў больш, чым банкаматаў. Мы акурат едзем па шашы, якая перасякае парк: на адхонах гэтай шашы мінімум раз на тыдзень паліцэйскія знаходзяць труп.


Чорныя гета — самая нявырашаная сацыяльная праблема Амерыкі. Афраамерыканцы складаюць 13% насельніцтва ЗША, але на іх долю прыходзіцца 40% усіх цяжкіх злачынстваў. І іншых бядотаў, рэха тых расавых уціскаў, якія чарнаскурыя ў ЗША зазнавалі да 1960-х. Тут сплялося ўсё: беспрацоўе і непісьменнасць, алкагалізм і наркотыкі, прастытуцыя і мафія. Гэта выглядае нават паэтычна, пакуль ты глядзіш паліцэйскія серыялы. Калі ж табе да спіны прыціскаюць рулю пісталета і просяць здаць грошы і крэдыткі, робіцца не да смеху. Знаёмая нямецкая студэнтка з Чыкага, якой даводзіцца наймаць жытло ў такім суседстве, выходзіць з метро, трымаючы ў адной руцэ ключы ад дому, а ў іншай — тэлефон, на якім набраны нумар 911.


Але чорныя гета — не трушчобы. Бо архітэктура трушчобаў — выпадковая і хаатычная, а чорныя гета зазвычай хаваюцца ў цэнтры гораду, пераважна — гістарычным. Мы едзем па калісьці фешэнебельных вуліцах Балтымара. Усё гэта — каштоўны жылы фонд, на выгляд — канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Яго жыхары займаюць добра спланаваныя прыгожыя трохпавярховыя будынкі, якія стаяць у радок, шчыльна адзін да аднаго. Раней тут жыў сярэдні ці нават вышэйшы клас. Потым адбыліся розныя змены, у выніку якіх заможныя людзі перасяліліся за горад, а дамы ў цэнтры сталі таннымі. У пачатку ХХ стагоддзя сюды прыйшлі эмігранты з Еўропы, напрыканцы ХХ стагоддзя іх замянілі бедныя чорныя, якія акурат перасяляліся з Поўдня на Поўнач у пошуках працы. Некаторыя з будынкаў цяпер згарэлі і тырчаць на сківіцы вуліцы як зубы, з’едзеныя карыесам.


Сэнс такіх экстрэмальных паездак па небагатай на старасветчыну Амерыцы яшчэ і ў тым, каб пабачыць архітэктурную спадчыну, што цалкам верагодна можа стаць страчанай — калі толькі чорнае гета не зазнае джэнтрыфікацыі.
Норссайд і яго абывацелі
Джэнтрыфікацыя — гэта калі больш заможная частка гарадскога насельніцтва перабіраецца ў бяднейшыя кварталы, бо там танней жытло. Адбываецца зазвычай у два этапы. Спачатку ў небяспечныя раёны пераязджае творчая багема: мастакі, літаратары, маладыя журналісты, студэнты — людзі з высокім культурным капіталам, але худым гаманцом. З часам яны авысакароджваюць раён — не толькі падфарбоўваюць фасады, але яшчэ і робяць яму рэкламу ў сваіх карцінах, паэзіі, кіно, артыкулах, сацыяльных сетках. Адпаведна, сяліцца ў тым ці іншым месцы стаецца модным. Кошты на жытло вырастаюць — і суседзямі мастакоў робіцца гарадскі сярэдні клас — найперш прагрэсіўных поглядаў, а потым падцягваюцца тыя, хто любіць, каб было, як ва ўсіх. «Калі будзеш заставацца ў Чыкага (Пітсбургу, Вашынгтоне, Сан-Францыска) — вучаць мяне ў кожны амерыканскім горадзе, куды мяне заносіць логіка паездкі, — прыкмячай, куды пераязджаюць геі. Геі — санітары гораду. У іх няма дзяцей, і таму яны выдаткоўваюць багата высілкаў на жытло і атмасферу ў сваім раёне».


 

У гарадах ЗША джэнтрыфікацыя азначае, што чарнаскурыя сыходзяць, і ў квартал прыходзіць белае насельніцтва. Гэтак адбылося ў апошнія гады ў Норссайдзе — пітсбургскім квартале XVIII стагоддзя, у якім яшчэ да першай сусветнай жылі заможныя ўладальнікі сталяварнага бізнэсу. Ужо ў 1930-я раён апусцеў, бо металургія Пітсбурга збанкрутавала. Спачатку раён засялілі эмігранты з Усходняй Еўропы, а потым тут стала чорна. «Яшчэ пяць гадоў таму на гэтых вуліцах штодня адбывалася злачынства. Цяпер раён стаў значна спакайнейшым!» — расказвае актывістка Норссайду  на экскурсіі, да якой я далучаюся. Калі ў іншых гарадах і краінах пераезд мастакоў у танную частку гораду — з’ява стыхійная, то багема Пітсбургу вядзе свядомае змаганне за Норссайд. Менавіта дзеля архітэктуры: будзе шкада, калі ўнікальныя жылыя будынкі векам у тры стагоддзі занепадуць.


Генры Рыс — кіраўнік культурніцкага фонду, які займае цэлую вуліцу Норссайду і прылеглыя да яе завулкі.

(Генры Рыс)

Вуліца называецца Самсонія Вэй, і мне яна цікавая найперш як адзін з самых вядомых у свеце літаратурных кварталаў. Дамы тут распісаныя літарамі розных алфавітаў — гэта ўрыўкі з твораў пісьменнікаў з Кітаю і Бірмы, якія ў свой час жылі тут. Каб прыцягнуць увагу да раёну, Генры і яго паплечнікі штогод ладзяць паэтычна-джазавы фэст, які збірае на вуліцах кварталу тысячы аматараў музыкі. Людзі прыходзяць на бясплатны канцэрт, але ахвотна падпісваюць чэкі, ахвяруючы на развіццё літаратурнай калоніі.

 

Цікава, што актывісты Норссайду не маюць на мэце выцясняць беднае чарнаскурае насельніцтва. За апошнія пяць гадоў найбольш небяспечныя насельнікі Норссайду і так уцяклі «туды, на гару». З іншымі карэннымі жыхарамі актывісты спрабуюць працаваць.

 

Напярэдадні джазавага фэсту тут зладзілі «літаратурную сцяжынку». Людзям расказваюць пра гісторыю кварталу, пра тое, як важна даглядаць дамы, чаму нічога нельга разбураць. Генры выкупіў яшчэ тры будынкі на сваёй вуліцы і збіраецца перарабляць іх на вялікі цэнтр культуры. Пра гэта таксама расказваюць чарнаскурым суседзям, якія з цікаўнасцю падыходзяць паслухаць экскурсію.

ns_logo.jpg

 (Актывістка Норссайду Адэль Фуні)

У мініяцюрных падворках вуліцы Самсонія Вэй расстаўленыя крэслы — калі зайсці ў адзін такі і крыху пачакаць, з дому выходзіць паэт, сядае на адно зь іх і  і пачынае чытаць вершы.

(Патрыша Джабэ Ўізлі, паэтка ліберыйскага паходжання)

Але, здаецца, гэта высакароднае намаганне будзе марным, калі кошт жытла ў Норссайдзе працягне павялічвацца. З іншага боку, новым насельнікам важна захаваць у адным месцы мінулае і сучаснасць — фешэнебельнае шкло дарагіх рамонтаў таксама не для іх. Старыя фасады рэстаўруюць або фарбуюць у вясёлыя колеры, палісаднікі напаўняюць кветкамі, а прастору паміж двума дамамі на адной з вуліцаў нехта засадзіў гародчыкам, дзе расце, зразумела, экалагічна чыстая гародніна. 

 

 


У Норссайдзе я жыву ў Дэвіда і Белінды — пажылой бяздзетнай пары, якая адна займае трохпавярховы будынак. Займаю цэлы паверх: свая гасцёўня, свая спальня, свая ванная і свая котка. Усяго ў доме котак восем. Апроч коткі (а, зрэшты, і з ёй таксама) — прадстаўлены мне «хатні набор» паводле сваіх параметраў сувымерны са стандартнай савецкай хрушчоўкай — толькі столі вышэйшыя. Старэйшыя за мяне людзі паўжартам кажуць, што ідэю супольнага санвузла дзеля эканоміі прасторы Хрушчоў прывёз з ЗША. Забыўшы, праўда, удакладніць забудоўшчыкам: адзін аб’яднаны санвузел «у буржуяў» прыходзіцца на аднаго чалавека... Гаспадары нават не зазіраюць для мяне — ім завысока ўзлазіць на трэці паверх. Я сама спускаюся на іх тэрыторыю, каб пагутарыць пра котак і Норссайд.


  (Дэвід Шлепак)

Дэвід  — праграміст ў вялікай карпарацыі, некалькі год таму яны з жонкай пераехалі сюды, бо тут віруе культурнае жыццё, і ў іх цікавыя суседзі. У іх доме шмат антыкварыяту, які добра гарманіруе з мармуровымі балюстрадамі і рыпучымі драўлянымі сходамі. Гэта таксама частка стылю, які прыняты ў адроджаным Норссайдзе. Нічога новага. 
Ёсць у медаля джэнтрыфікацыі і адваротны бок. Адзін з маіх новых таварышаў у ЗША — пісьменнік Джэйсан Інгланд. Ён нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку на Манхэтане, у Гарлеме — сусветна вядомым афраамерыканскім квартале, калысцы хіп-хопу. Джэйсан з сумам расказвае пра родны раён — ён не можа дазволіць сабе кватэру там, бо за апошнія дзесяць гадоў кошты на жытло ўзляцелі да нябёсаў. У раёне ўсё больш белага і мексіканскага насельніцтва — чорныя, якія зрабілі Гарлем такім, які ён ёсць, сыходзяць.
  Перайначваючы вядомую прымаўку, можна вывесці чарнаскурага з гета, але нельга вывесці гета з чарнаскурага. І гэта па-свойму выдатна. Найлепшыя амерыканцы, якіх я сустрэла ў ЗША, былі мурыны — джаз-музыкі, запрошаныя на фэст у Норссайдзе. Эліта сваёй прафесіі, яны спрэс жывуць на Манхэтане ў Нью-Ёрку. Яны ёсць людзьмі надзвычай адоранымі, выдатна адукаванымі, і ў той жа час хлопцы захавалі аўтэнтычны драйв, разняволенасць і свабоду, якую дае вуліца. З адным з іх я гадзіну гутарыла пра нюансы беларускага абраду Купалля — падчас джазавага фэсту я чытала прысвечаны Купаллю верш, і музыку было вельмі важна ведаць, якім менавіта словам і сэнсам ён акампаніруе. 


(Альфрэд Патэрсан)

Жывучы ў ЗША, я б пераехала джэнтрыфікаваць чорнае гета. Але, зразумела, толькі ў выпадку, калі б адпусціла мама.