Выдавецтва «Янушкевіч» прэзентавала беларускі пераклад другой кнігі трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» — «Дзве вежы»
Прэзентацыя прайшла ў кніжным клубе «Кнігаўка» ў Варшаве. Над кнігай працаваў паэт і перакладчык Ігар Кулікоў. Раман надрукаваны ў выдавецтве «Янушкевіч», і ўжо паступіў у продаж.
![Ігар Кулікоў і Андрэй Янушкевіч падчас сустрэчы з чытачамі ў кніжным клубе «Кнігаўка». Фота: сацсеткі выдавецтва «Янушкевіч» Ігар Кулікоў і Андрэй Янушкевіч падчас сустрэчы з чытачамі ў кніжным клубе «Кнігаўка». Фота: сацсеткі выдавецтва «Янушкевіч»](/img/v1/images/ihar_kulikou1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1723363171&w=528)
Ігар Кулікоў і Андрэй Янушкевіч падчас сустрэчы з чытачамі ў кніжным клубе «Кнігаўка». Фота: сацсеткі выдавецтва «Янушкевіч»
Ігар Кулікоў, які перастварыў на беларускую мову і першую частку трылогіі — «Брацтва пярсцёнка», з’яўляецца знаўцам санскрыту, стараісландскай і стараанглійскай моваў. У даробку перакладчыка — «Чытво» Чарлза Букоўскі, Першае кола Рыгведы, урыўкі з Магабгараты, «Ліст Ніґлатворы» Джона Р. Р. Толкіна, выбранае з Роберта Фроста. За пераклад «Стараангельскай паэзіі» Ігар быў адзначаны Прэміяй імя Карласа Шэрмана (узнагарода ўручаецца за найлепшы паэтычны пераклад). Аўтар шасці зборнікаў паэзіі — «Паварот на мора» (2011), «Свамова» (2013), «Сівер-гара» (2015), «Валадар загадак» (2017), «Храм ракі» (2019), «Вецер нішто і рэха цьмы» (2021). Праца над трылогіяй Дж. Р. Р. Толкіна, можна сказаць, падсумавала і злучыла паэтычны і перакладчыцкі досвед творцы.
На сустрэчы спадар Ігар распавёў, чаму ўсё ж немажлівы пераклад «Валадара пярсцёнкаў», які задаволіў бы ўсіх, якія творы ўплецены ў тканку кнігі, і як гэта ўплывала на пераклад, колькі моў насамрэч ужываецца ў рамане, і чаму Толкін фактычна называе яго «перакладам на англійскую».
Глядзіце таксама
![Андрэй Янушкевіч: Беларускі чытач цэніць якасную літаратуру «Беларускі чытач цэніць якасную літаратуру». Топ-5 кніг — лідараў продажаў у «Кнігаўцы»](/img/v1/images/431130013_905350608264214_4968834902415826166_n.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1721209340&w=660)
На імпрэзе кніжнага клуба выдавец Андрэй Янушкевіч афіцыйна аб’явіў аб старце продажу кнігі і нагадаў, што цяпер прадукцыю яго выдавецтва можна знайсці як на сайце кампаніі, так і на платформах Allegro і Amazon.
Таксама кнігу можна набыць у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве, па вуліцы Клапатоўскага 4 (Kłopotowskiego 4). Працуе яна ўсе дні акрамя панядзелка. З аўторка па чацвер — з 11 да 18, пятніца-субота з 11 да 19, нядзеля — лайтовы дзень з 12 па 18.
Паводле reform.news