Злучанасць і залежнасць. Рэцэнзія на кнігу Адама Глобуса "Сказы"

“Сказы — пяты том збору твораў Адама Глобуса. Папярэднія тамы — “Тэксты (2000), “Сшыткі (2003), “Літары (2006), “Convolutus (2008) — аб’ядноўваюць усе творы пісьменніка, што выйшлі за апошнія 25 гадоў у выглядзе кніжак (якія пералічваць не бяруся) альбо папросту аформіліся ў цыклы.



1359966326_hlobus.png

Цыклы — ключавое слова для разумення творчасці Глобуса. Усё, што ён піша і выдае, а піша і выдае ён шмат і пастаянна, — толькі частка пэўнага цыклу альбо “праекту, калі адхіліцца ад літаратуразнаўчых тэрмінаў.
Глобуса вельмі шмат. Праз ягоную бясконцую самапрэзентацыю і жорсткі тролінг паўгорада яго ненавідзіць і паўгорада любіць. Прынамсі, раўнадушным ён не пакідае нікога. Асноўнае пытанне крытыкі ў гэтым выпадку — што ёсць у Глобусу, акрамя яго самога. Паспрабуем адказаць.
Па-першае, гэта сапраўды добрая проза. Адну секунду, я вытру твар… Дык вось. Пад добрай прозай маецца на ўвазе гарманічна арганізаванае выказванне. Калі раскрыць кнігу “Сказы на выпадковай старонцы і тыцнуць у “кунсткамеру, “казку ці блогерскі запіс, то адразу стане відавочным, што кожная глобусаўская мініяцюра мае першую фразу, развіццё сюжэта і канцоўку, якая часта з’яўляецца, так бы мовіць, перыфразай першай фразы. Пакуль мініяцюра доўжыцца, яна развівае і пэўную музычную фразу. Збегу зычных, дысметрыі ці немілагучнасцяў вы тут не знойдзеце (праўда, можа быць розная рэакцыя на словы — абазначэнні палавых органаў і вытворныя). Такім чынам, ёсць відавочны аўтарскі стыль, рэалізаваны ў розных жанрах.
Зрэшты, асноўным жанрам апошнія гадоў дзесяць у Глобуса застаецца мініяцюра. Аднак сам пісьменнік у той жа час імкнецца пазбягаць якой-кольвек аднастайнасці (таму ў мінулым і сённяшнім у яго — пісанне хайку і сілаба-тонікі, афарызмаў, апавяданняў, эсэ, п’ес, маляванне карцін, выбух на Эйфелевай вежы і г.д.). Як вынік — суплёты мініяцюр складаюцца ў кампазіцыйна аднолькавыя цыклы-праекты, якія ў адпаведнасці з задумай набываюць розныя жанравыя характарыстыкі (казкі, фацэцыі, раман).
Найбольш вядомым глобусаўскім праектам сталіся “сУчаснікі — своеасаблівыя і амаль заўсёды скандальныя гісторыі пра вядомых людзей. Працяг гэтага цыклу — “Блогус — займае больш за палову кнігі “Сказы. Бясспрэчна, некалі гэтыя зацемкі вывучацьмуцца, як нататнікі князя Вяземскага, і дужа нялёгка будзе каментатарам аддзяліць праўду ад няпраўды і цноту ад гарэзіі. Падкрэсленая рэалістычнасць уяўна ператварае “Блогус у аўтарскі маналог, аднак правакацыйная расстаноўка акцэнтаў не пакідае сумневаў, што перад намі чарговы мастацкі ход, дзе веліканы ў адзін момант могуць перавярнуцца дагары нагамі, а чорнае стаць белым. Менавіта гэтая амбівалентнасць — яркая рыса глобусаўскай прозы. Там, дзе іншыя згладжваюць, ён завастрае; што іншыя багомяць — ён спляжвае. Характарыстыкі, апісанні альбо дзеянні Глобус падае без паўтонаў — ярка, бо толькі яркае заўважаецца. Таму і гэтыя характарыстыкі ці то апісанні не пакліканыя быць тоеснымі рэальным. Гэта мастакоўскае бачанне, падпарадкаванае паэтыцы. Трэба адзначыць, што “Блогус атрымаўся не такі эпатажны, як “сУчаснікі (у адрозненне ад “Першага пакоя “Расейскай кунсткамеры — жорсткіх чытацкіх і сузіральніцкіх рэфлексій з нагоды “рускага духу), а праз сваю аб’ёмнасць увогуле выглядае трохі рыхлавата. Эпатажнасць, відаць, не закладалася ад пачатку ў “функцыянал. Асновай тут — таксама расказванне гісторыі, аднак не заўсёды яна будзе датычыць канкрэтнага чалавека. Усё часцей гэта проста лірычная проза, лірычны дзённік.
Бясспрэчна, пісанне верагодна-неверагодных гісторый непазбежна мусіла прыводзіць да магічнага рэалізму. Мадэрнасць заўсёды выклікае ў прозе імкненне да міфатворства і казачнасці. Міфапаэтыку глобусаўскіх дамавікоў тут не ўспомніць толькі гультай. Але “Дамавікамероны як праект адышлі, іх напісана ўжо вельмі шмат, паўтарацца аўтару яўна не хочацца. Іншы спосаб міфатворчасці выяўляюць “Меркаванні: аб’ект закладаецца ў назве і пасля трактуецца як “рэч у сабе: ключ, кніга, каштан. Дарэчы, пра “рэчы Глобусам ужо таксама пісалася (падаваўся аб’ект (боты, напрыклад), які апісваўся з розных бакоў і праз дзясяткі сітуацый), але ў кантэксце іншай задумы. “Меркаванні – тэксты сінтэтычныя. Падобныя да “Рэчаў, яны не створаныя з дзясятка мініяцюр, а ўяўляюць сабой адну мініяцюру, у якую ўплецена некалькі матываў і сюжэтаў.
А вось казкі для Глобуса — пакуль што параўнальна новы жанр, незашмальцаваны, таму і выглядаюць яны больш прывабна. Наогул тут адразу прыгадваецца Алесь Разанаў і яго аўтарскія жанры. Дальбог, Глобус ідзе тым жа шляхам, толькі формы не прыдумляе, а бярэ тыя, што ёсць, і п’е з іх усе сокі, што засталіся ад былых віначэрпцаў. Казка глобусаўская, папраўдзе, таксама чысцінёй жанру пахваліцца не можа. Нярэдка падаецца, што сякія-такія казкі забрылі ў раздзел з “Блогуса (напрыклад, у казцы “Чорны сабачка лёгка ўгадваецца прататып апавядальніка — крытык Леанід Галубовіч). Пачынаецца крутагорская казка найчасцей з карцінкі рэалістычнай, свядома асучасненай (тое самае і ў “Дамавікамероне). Потым знаходзіцца персанаж, ён грашыць, на яго пасылаецца кара цёмных сіл. Важна, што праяўляецца персанажам адна канкрэтная жарсць — падобны матыў можна залічыць і для ўсёй найноўшай прозы Глобуса. Асобная мініяцюра прысвячаецца адной асобнай дэталі, якая і робіцца стрыжнем сюжэту кароткага тэксту і часта выносіцца ў загаловак.
Нездарма сказаў вышэй пра найноўшую прозу, бо ў “Сказах для кантрасту дадзеныя ўзоры “ранняга Глобуса — цыкл апавяданняў “Хлопчыкі. Гэта тэксты 1980-х – пачатку 1990-х, асобным выданнем яны ні разу не выходзілі. Па вялікім рахунку, гэта тое самае зафіксаванае ўбачанае-прыгаданае, але аўтар тады яшчэ імкнуўся вытрымліваць канон апавядання і быў у гэтым плане вельмі акуратным. Нават звышакуратным. Апісанні тут вельмі падрабязныя (наогул “Хлопчыкаў мог бы напісаць і Уладзімір Сцяпан, у той час (1980-я) яны былі вельмі падобныя з Глобусам па манеры, і трэба сказаць, што Сцяпан у нечым нават капіяваў Глобуса). Сюжэт — жорсткая барацьба ў свеце падлеткаў, дзе выйграе толькі дужы, а слабы прайграе, які б ён ні быў цудоўны і прыгожы. Адчуваецца, што акцэнт зроблены не на самапрэзентацыі, а менавіта на ідэі жорсткасці і цынізму наваколля. Ад школьных апавяданняў зашкальваюць датчыкі эмоцый. Відавочна, аўтар уклаў у іх усю сваю нянавісць да савецкай міфалагемы “школьные годы чудесные. Бясспрэчна, цыкл атрымаўся. Яго дамінанта —найбольш аб’ёмны твор, апавяданне “Лагерныя танцы, гісторыя пра тое, як у піянерскім лагеры танцора-самотніка аддубашваюць хлопцы за тое, што ён перамог на конкурсе; менавіта за тое, што ён — творца прыгожага, а яны ўсе “пралятаюць. Надзіва, экспрэсіі ў гэтых апавяданнях значна больш, чым нават у “сУчасніках. Некалі Глобус пісаў прозу, каб пазбавіцца гэтага трапяткога і балючага мінулага, “каб уратавацца ад бяды, а цяпер…
А цяпер ён дбайна фіксуе тое, што адбываецца з ім і з наваколлем, сочыць за зменамі, дае характарыстыкі і ацэнкі, разнастайны і шматаблічны, вялікі і жахлівы, з іміджам мільянера і драпежніка. Ён сам так захацеў. Ён сам прыдумаў для свету такога Глобуса. Магчыма, гэта прынцып мудрасці. Нядаўна ў рускага празаіка Бярэзіна спыталі, якая ў яго жыццёвая мэта. Той адказаў: “Запісаць усё, што бачыў. Стварыць карціну свету, якая магла б каму-небудзь спатрэбіцца. Глобус такую карціну стварыў (ці, дакладней, стварае). А болей… Што там болей жадаць ад песняра?
Адам Глобус. Сказы. — Мінск: Харвест, 2012.

http://gedroyc.by