171-шы дзень вайны Расіі ва Украіне: выпаленая зямля, начныя абстрэлы, апошні разбураны мост

Сабралі для вас галоўнае, што адбылося за гэтую ноч на франтах Украіны.

Начны абстрэл Харкава. Фота: t.me/synegubov

Начны абстрэл Харкава. Фота: t.me/synegubov


Працягваюцца начныя бамбардзіроўкі ўкраінскіх гарадоў. За мінулую ноч двойчы былі абстраляныя Харкаў і яго ваколіцы. У самім горадзе пашкоджаныя будынкі каледжа і гатэльнага комплексу, пацярпелі два чалавекі. Яшчэ трое чалавек атрымалі раненні ў выніку «прылётаў» па Харкаўскім і Багадухаўскім раёнах: параненыя пажылыя мужчына і жанчына, 13-гадовы хлопчык у цяжкім стане знаходзіцца ў лякарні.
Каля 30 снарадаў сістэмы «Град» былі выпушчаныя па Нікапалі. Пашкоджаныя 11 шматпавярховікаў, 13 прыватных дамоў, дзіцячы садок, газаправод і лінія электраперадачы. Ахвяр сярод людзей няма.
Як паведаміў у сваім ТГ-канале кіраўнік Данецкай АВА Павел Кірыленка, за мінулыя суткі расійцы забілі 5 мірных жыхароў рэгіёна, яшчэ 35 атрымалі раненні. Паводле слоў Кірыленкі, на дадзены момант немагчыма падлічыць дакладную колькасць ахвяр у Марыупалі і Валнавасе.
Масіраваным абстрэлам падвяргаецца тэрыторыя Луганскай вобласці:
«На працягу сутак па дзевяці населеных пунктах расійцамі нанесеныя авіяўдары. За апошнюю ноч імі выпушчаныя тры ракеты, чатыры разы ўжытая рэактыўная і ствольная артылерыя, двойчы — мінамёты, яшчэ два разы адбітыя танкавыя наступы ворага»,паведаміў кіраўнік Луганскай АВА Сяргей Гайдай. Паводле яго слоў, расійцы выпальваюць зямлю на ўездах у вобласць, бо «не могуць узяць гэтыя некалькі кіламетраў». Цяжкія баі ідуць пад Бахмутам, Белагораўкай і Лісічанскам.
Генштаб Украіны адзначае, што «захопнікі вялі наступальныя баі ў напрамках Навасёлаўка Другая, Краснагораўка і Спартак — Аўдзееўка, поспеху не мелі і адкінутыя назад. На напрамках Данецк — Пяскі і Навасёлаўка — Александропаль баявыя дзеянні працягваюцца».
Каля Кахоўскай ГЭС Узброеныя сілы Украіны разбурылі апошні мост, па якім магла перапраўляцца расійская тэхніка на Херсоншчыну. Як паведамляе аператыўнае камандаванне «Поўдзень», таксама былі нанесеныя ўдары па складзе боепрыпасаў у Вясёлым на Херсоншчыне, па расійскім апорным пункце пад Андрэеўкай і па жывой сіле і тэхніцы пад Брускінскім.