255-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны: расійцы ўсё больш выкарыстоўваюць мабілізаваных у штурмах

Расказваем, што адбылося за апошнія суткі на франтах Украіны.

1658684203_2400.webp


Расійскія войскі ўвечары 4 лістапада атакавалі аб'екты ў Вінніцкай вобласці з дапамогай дронаў-камікадзэ, паведаміў кіраўнік мясцовай кіруючай арганізацыі Сяргей Барзоў. Паводле слоў чыноўніка, вайскоўцы адрэагавалі на атаку, паведамленняў пра пашкоджанні аб'ектаў і пацярпелых няма.
За мінулыя суткі Украіна падвергнулася 6 ракетным і 21 авіяцыйнаму ўдарам расійскіх войскаў, акупанты больш за 60 разоў абстралялі тэрыторыю краіны з рэактыўных сістэм залпавага агню, гаворыцца ў аператыўнай зводцы Генеральнага штаба УСУ. Абстрэлам падвергліся раёны каля 20 населеных пунктаў Львоўскай, Харкаўскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Запарожскай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Вінніцкай абласцей. Украінскія вайскоўцы адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Спорнае, Бахмуцкае, Бахмут, Іванград, Кляшчыеўка, Азаранаўка, Маёрск, Каменка, Першамайскае, Невельскае, Мар'інка, Новаміхайлаўка і Паўлоўка Данецкай вобласці. Каля 40 снарадаў было выпушчана па Нікапалі. Разбураныя ліцэй і два прадпрыемствы, інфармацыі пра ахвяр сярод людзей няма. Тры прадпрыемствы пашкоджаныя таксама ў Запарожскай вобласці: стралялі ракетамі С-300. Ахвяр няма.
Пачасціліся атакі з выкарыстаннем у наступе мабілізаваных, на лініі судакранання ў Данецкай вобласці, паведамляе «Амерыканскі інстытут вывучэння вайны» (ISW). Эксперты спасылаюцца на заяву галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, які сказаў, што на адным з кірункаў за суткі адбылося каля 80 спробаў штурму з боку расійскіх войскаў. Аднак, на думку ISW, нават пры дасягненні некаторых поспехаў расійскія войскі наўрад ці змогуць змяніць сваё становішча ў рэгіёне праз дрэнную падрыхтоўку навабранцаў і праблемы з лагістыкай.
УСУ за мінулыя суткі знішчылі тры склады боепрыпасаў арміі РФ у Херсонскай вобласці — у Херсонскім і Берыслаўскім раёнах, гаворыць у штодзённай зводцы спікер аператыўнага камандавання «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў. На поўдні Украіны таксама знішчана чатыры зенітныя і артылерыйскія ўстаноўкі і тры танкі войскаў РФ. Пры гэтым, паводле словах Назарава, акупацыйныя войскі працягваюць абараняць пазіцыі і атакаваць ўкраінскую армію з дапамогай беспілотнікаў і авіяцыі. Акрамя таго, па пазіцыях УСУ былі запушчаныя дзве ракеты «Калібр» з карабля з акваторыі Чорнага мора — абедзве яны былі збітыя.
Таксама Узброеныя сілы Украіны збілі два расійскія верталёты і шэсць дронаў-камікадзэ «Shahed-136»:
«4 лістапада, позна ўвечары, на Херсоншчыне сіламі і сродкамі паветранага камандавання "Поўдзень" збітыя два расійскія ўдарныя верталёты Ка-52. Таксама ў небе над Мікалаеўшчынай збітыя 3 варожыя дроны-камікадзэ сіламі і сродкамі паветранага камандавання "Поўдзень", яшчэ 3 — іншымі падраздзяленнямі Сіл абароны поўдня краіны», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба Украіны. Украінскімі вайскоцамі былі знішчаныя тры склады боепрыпасаў і забітыя каля 30 расійскіх салдат.