332-гі дзень вайны: пажар на расійскай нафтабазе, абстрэлы і СПА на дахах у Маскве

Расказваем, што адбылося за мінулыя суткі на ўкраінскім фронце.

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

Ілюстрацыйнае фота: unian.net

***

У Расійскай Федэрацыі здарыўся чарговы пажар на аб'екце крытычнай інфраструктуры: гэтым разам полымя ахапіла нафтабазу ў Ангарску. Як паведамляе мясцовы паблік «Тайга», плошча ўзгарання ахоплівае не менш за 400 кв. метраў — на нафтабазе гараць чыгуначныя цыстэрны і бензавозы.

Інфармацыю пра інцыдэнт таксама пацвердзілі па каналах Міністэрства абароны РФ, піша «УНІАН». СМІ лічаць, што такое пацвярджэнне можа сведчыць пра планы Расіі выкарыстоўваць паліва нафтабазы для ваенных патрэб.

***

Высокапастаўленыя чыноўнікі ЗША раяць Украіне пачакаць з пачаткам маштабнага наступу на расійскія сілы, пакуль яна не атрымае апошнюю партыю амерыканскай зброі, а яе войскі не пройдуць адпаведнае навучанне, паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна. Як піша dw.com, у размове з невялікай групай журналістаў на ўмовах ананімнасці чыноўнік таксама адзначыў, што ўзмоцненая ўвага ўкраінскага камандавання да ўтрымання горада Бахмут у Данецкай вобласці перашкаджае рыхтавацца да наступу.

***

Міністэрства фінансаў ЗША прызнала расійскую ПВК Вагнера «транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй» і на наступным тыдні ўвядзе дадатковыя санкцыі супраць яе. Пра гэта ў пятніцу, 20 студзеня, паведаміў каардынатар стратэгічных камунікацый у Радзе нацыянальнай бяспекі (СНБ) Белага дома Джон Кірбі.

«Гэтыя дзеянні пацвярджаюць транскантынентальную пагрозу, якую ўяўляе сабой ПВК Вагнера, у тым ліку ў сувязі са сур'ёзнай злачыннай дзейнасцю», — сказаў Кірбі падчас штодзённага брыфінгу для журналістаў. Абвяшчэнне ПВК Вагнера «транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй» прадугледжвае замарожванне любых яе актываў у ЗША і забарону для амерыканцаў даваць гэтай кампаніі сродкі, тавары ці паслугі.

***

Устаноўка сістэм СПА на дахах некалькіх будынкаў у Маскве, у прыватнасці на будынку Міністэрства абароны РФ, можа быць часткай інфармацыйнай аперацыі, мэта якой — прымусіць расійцаў думаць, што вайна ва Украіне ўяўляе для іх непасрэдную небяспеку, і падрыхтаваць іх да зацяжнога канфлікту, мяркуюць эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW). У штодзённым аглядзе ISW паказваецца, што падобныя дзеянні могуць быць спробай Масквы прадставіць Украіну краінай, якая ўяўляе для Расіі такую ж рэальную пагрозу, якую ўяўляла для СССР Германія ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам улады разлічваюць павялічыць падтрымку вайны ва Украіне сярод расійцаў і падрыхтаваць іх да далейшай мабілізацыі, мяркуюць амерыканскія эксперты.

***

Расійскае Мінабароны заявіла аб узяцці Кляшчыеўкі пад Бахмутам. Напярэдадні пра тое самае заявіў бізнесмен Яўген Прыгожын, паведамляе тэлеканал «Настоящее время», толькі ён сцвярджае, што вёску ўзялі «вагнераўцы», у той час як расійскае вайсковае міністэрства сцвярджае, што гэта зрабілі добраахвотнікі штурмавых атрадаў пры агнявой падтрымцы войскаў Паўднёвай вайсковай акругі. Украінскі бок не пацвярджае гэтую інфармацыю і заяўляе, што расійцы проста абстрэльваюць вёску.

***

За мінулыя суткі раасійскія войскі нанеслі 7 ракетных і 15 авіяцыйных удараў, здзейснілі 68 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, гаворыцца ў штодзённай зводцы Генштаба УСУ.

Ад артылерыйскага і мінамётнага агню пацярпелі раёны населеных пунктаў у Сумскай вобласці, а таксама 14 населеных пунктаў на Харкаўшчыне. Расійцы абстрэльвалі Купянскі, Ліманскі, Бахмуцкі, Аўдзееўскі, Новапаўлаўскі, Запарожскі, Херсонскі кірункі. Больш за ўсё дасталася Гуляйполю на Запарожжы, Нікапалю Данецкай вобласці і Херсону. Ёсць пацярпелыя сярод грамадзянскага насельніцтва.

Авіяцыя Сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла 18 удараў па раёнах засяроджання ворага і 4 — па пазіцыях яго зенітна-ракетных комплексаў. Былі збітыя 2 выведвальныя БПЛА «Арлан-10» і «Мерлін-ВР», знішчаныя пункт кіравання, два раёны засяроджання жывой сілы і склад боепрыпасаў акупантаў.
Таксама, паводле інфармацыі Генштаба УСУ, медыцынскія ўстановы часова захопленых населеных пунктаў Херсонскай вобласці ўжо перапоўненыя, і для аказання медыцынскай дапамогі расійскія акупанты абсталююць пад палявыя шпіталі дзіцячыя садкі.