402-гі дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за ноч

Зімовы наступ Расіі на ўкраінскія тэрыторыі відавочна праваліўся. Апошнія навіны з фронту.

Вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца 402 дні. Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/MinistryofDefence.UA

Вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца 402 дні. Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/MinistryofDefence.UA


***

Праз 80 дзён пасля прызначэння Валерыя Герасімава камандуючым аб'яднанай групоўкай войскаў ва Украіне становіцца ўсё больш відавочным, што зімовы наступ сіл РФ у суседняй краіне пацярпеў няўдачу, гаворыцца ў новым аглядзе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі. На некалькіх кірунках уздоўж лініі фронту на Данбасе расійскія сілы «дамагліся толькі нязначных поспехаў коштам дзясяткаў тысяч ахвяр», у значнай ступені растраціўшы сваю часовую перавагу ў асабістым складзе, атрыманую ў выніку восеньскай «частковай мабілізацыі», гавораць у Лондане.

***

Уладзімір Пуцін хоча дамагчыся фармавання антызаходняй кааліцыі ў ААН, мяркуюць эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), спасылаючыся на змяненне канцэпцыі замежнай палітыкі Расіі напярэдадні старшынства РФ у Радзе Бяспекі ААН. «Пуцін выкарыстаў сустрэчы з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам 20-22 сакавіка, каб узмацніць спробы рытарычна з'яднаць астатні свет супраць Захаду, і новы дакумент, імаверна, мае на мэце падтрымку спробаў Крамля актывізаваць прапановы да недалучэння краіны для фармавання больш узгодненага антызаходняга блока», — гаворыцца ў чарговым аглядзе ISW. У Інстытуце падкрэсліваюць, што ў новай канцэпцыі Крамля Захад прадстаўлены як антырасійская і міжнародная дэстабілізуючая сіла, і сцвярджаецца, што ЗША і іх «сатэліты» нібыта развязалі гібрыдную вайну, мэта якой — аслабіць Расію.

***

Ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці падвяла вынікі мінулага дня: на працягу 31 сакавіка УС РФ абстрэльвалі з артылерыйскіх гармат, у тым ліку мінамётаў, тэрыторыі чатырох абшчын — Зноб-Наўгародскай, Белапольскай, Хоцінскай і Эсманскай. Агулам былі нанесеныя прыкладна 60 удараў. У выніку аднаго з артабстрэлаў Хоцінскай абшчыны паранены жыхар Сумскага раёна.

***

У ноч на 1 красавіка УСУ «скінулі з дрона выбуховае прыстасаванне на дах Дома культуры ў вёсцы Дронаўка Глушкаўскага раёна», піша ў Telegram губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт. Паводле яго звестак, пацярпелых няма.

***

У Аўдзееўцы ў выніку абстрэлу загінулі пяцімесячны хлопчык і яго бабуля, маці і бацька дзіцяці параненыя, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле слоў Кірыленкі, сям'я ўпарта адмаўлялася эвакуявацца.

«Трагедыі можна было пазбегнуць: літаральна ўчора паліцэйскія чарговы раз угаворвалі маці малога падумаць пра сына і з'ехаць. Але, на жаль, нават жорсткая размова не прывяла да жаданага выніку — жанчына ў чарговы раз наадрэз адмовілася з'ехаць у больш бяспечнае месца. А сёння адбылося непапраўнае. На жаль, некаторым людзям эвакуацыя дагэтуль здаецца незразумелым і лішнім крокам. Але гэта адзінае, што цяпер здольна захаваць жыццё», — напісаў кіраўнік АВА.

***

Асноўныя намаганні падраздзяленняў войска РФ ва Украіне сканцэнтраваныя на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі 70 нападаў расійцаў на названых кірунках. Паводле звестак украінскага камандавання, найбольш інтэнсіўныя баі працягваюцца ў населеных пунктах Белагораўка, Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка. У той жа час, на Запарожскім і Херсонскім напрамках сілы РФ удасканальваюць абарончыя рубяжы і пазіцыі, дадалі ў Генштабе.

За мінулыя суткі ўкраінскія ракетныя войскі і артылерыя разбілі дзевяць раёнаў засяроджання расійскіх акупантаў і іх тэхнікі. Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 10 удараў па раёнах засяроджання акупантаў.

«Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі разбілі дзевяць раёнаў засяроджання жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка, склад гаруча-змазачных матэрыялаў, два зенітна-ракетныя комплексы, артылерыйскае падраздзяленне на агнявой пазіцыі, а таксама станцыю радыёэлектроннай барацьбы», — гаворыцца ў паведамленні.