578-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцам не хапае паліва, а ўкраінцы працягнуць контрнаступленне зімой
За мінулыя суткі Расія спрабавала абстраляць тэрыторыю Украіны дронамі-камікадзэ, а таксама атакуе марскую акваторыю. Украінцы ж павольна, але паспяхова прарываюць расійскую лінію абароны на сухапутных напрамках.
***
Контрнаступленне Украіны працягнецца зімой, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) у сваёй новай зводцы са спасылкай на высокапастаўленых украінскіх ваенных дзеячаў. У прыватнасці, камандуючы групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі ў інтэрв'ю тэлеканалу CNN заявіў, што аперацыі УСУ будуць працягвацца ўсю зіму, паколькі ўкраінскія войскі ў асноўным прасоўваюцца пешшу, без тэхнікі, і з гэтай прычыны дрэннае надвор'е не акажа сур'ёзнага негатыўнага ўплыву на ўкраінскае контрнаступленне. Аналагічнае меркаванне выказаў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю праекту «The War Zone».
Аналітыкі ISW таксама лічаць, што, хоць зімовае надвор'е можа запаволіць рух сухапутных войскаў і ўскладніць іх лагістыку, яно не прывядзе да канчатковага спынення ўкраінскіх контрнаступальных аперацый. Кульмінацыя ўкраінскага контрнаступлення, хутчэй за ўсё, будзе залежаць больш ад балансу сіл Расіі і Украіны, а таксама ад дапамогі Захаду Украіне.
Тым часам пазіцыі на захадзе Запарожскай вобласці, якія ўдалося пераадолець надыходзячым украінскім войскам, — не апошні рубеж глыбока эшаланаванай расійскай абароны, а ланцуг найбольш падрыхтаваных палявых умацаванняў, якія ўваходзяць у структуру абарончай лініі прыкладна ў 1,7-3,5 км на захад ад вёскі Вербавое.
УСУ не пераадолелі ўсе расійскія абарончыя пазіцыі каля Вербавога, і хуткасць прасоўвання ўкраінскіх сіл у раёне іх прарыву застаецца незразумелай, заяўляе ISW.
Расійскія войскі, верагодна, усё яшчэ кантралююць сегменты доўгай лініі траншэй паміж вёскай Рабоціна (10 км на поўдзень ад Арэхава) і Вербавым, асабліва паблізу тактычнага ўзвышша на поўдні.
Паведамляецца, што расійскае войска ўладкавала баявыя пазіцыі амаль у кожнай лесапаласе, праз якія павольна, але ўпарта прабіваецца ўкраінская пяхота.
У расійскіх вайскоўцаў маюцца палявыя ўмацаванні па-за межамі Вербавога — напрыклад, на поўнач ад вёскі Ачэрэтаватае (26 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава) выкапаныя супрацьтанкавыя траншэі. Аднак незразумела, наколькі ўкамплектаваныя гэтыя пазіцыі, пішуць аўтары агляду.
Паводле ацэнкі ISW, у расійскага войска недастаткова сіл, каб цалкам укамплектаваць сваю эшаланаваную абарону ў гэтым сектары, і ўкраінскія войскі маюць магчымасць хутчэй пераадольваць палявыя ўмацаванні ворага.
***
Расійскія спажыўцы у асобных рэгіёнах апошнімі тыднямі пакутуюць ад недахопу бензіну і дызельнага паліва, паведаміла брытанская выведка ў штодзённай зводцы. Выведнікі лічаць малаверагодным, што дэфіцыт паліва наўпрост звязаны з вайной ва Украіне. Яны тлумачаць тое, што адбываецца, цэлым шэрагам іншых фактараў — такіх, як кароткатэрміновы рост попыту на паліва ў сельскагаспадарчым сектары, штогадовыя прафілактычныя працы на нафтаперапрацоўчых заводах і прывабныя цэны для экспарту.
Брытанская выведка нагадвае, што 21 верасня Расія амаль цалкам прыпыніла экспарт бензіну і дызельнага паліва ў мэтах стабілізацыі ўнутраных рынкаў. Выведнікі прыйшлі да высновы, што гэты крок амаль напэўна прывядзе да ўзмацнення недахопу паліва на глабальных рынках, ад якога, верагодна, пацерпяць больш за ўсіх тыя краіны, якія на дадзены момант залежныя ад паставак расійскага гаручага.
***
Увечары ў суботу, 23 верасня, расійцы чарговы раз атакавалі Украіну ўдарнымі дронамі. У шэрагу абласцей была аб'яўленая трывога.
Як паведамілі ў Паветраных сілах УСУ, прымяненне войскамі РФ ударных БПЛА тыпу «Shahed-136/131» пагражала Чарнігаўскай, Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцям. У выніку працы сіл супрацьпаветранай абароны было знішчана 14 з 15 «шахедаў».
***
Авіяцыя Узброеных сіл Украіны за мінулыя суткі нанесла 9 удараў па раёнах засяроджвання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі расійцаў, 7 — па іх зенітна-ракетных комплексах.
Як адзначаецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ, байцы з падраздзяленняў ракетных войскаў разбілі 1 раён засяроджвання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі, 1 зенітна-ракетны комплекс, 8 артылерыйскіх сродкаў і 1 радыёлакацыйную станцыю ворага.
Расійскія акупацыйныя войскі нанеслі 5 ракетных і 57 авіяцыйных удараў, здзейснілі 38 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню як па пазіцыях УСУ, так і па грамадзянскіх аб'ектах Украіны. У выніку нападаў РФ, на жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод грамадзянскага насельніцтва. Пацярпелі таксама прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.
***
У Чорным моры расійскія акупанты спрабуюць абвастрыць сітуацыю ў марской акваторыі, у прыватнасці, наносяць удары ў раёне выспы Змяіны ў Адэскай вобласці.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Сіл абароны поўдня Украіны. «На моры вораг спрабуе абвастраць абстаноўку. Тройчы за мінулыя суткі ён ужываў авіяцыю ў напрамку Змяінага, скінуўшы чатыры кіраваныя авіябомбы», — гаворыцца ў паведамленні.
Цяпер карабельная групоўка флоту праціўніка разгорнута ў колькасці 8 адзінак у Чорным моры. Яшчэ адзін карабель дзяжурыць у Азоўскім моры. Паводле звестак прэс-службы, ракетаносьбіты, якія ўчора выходзілі на дзяжурства, увечары заведзеныя ў пункты базавання, але ўзровень ракетнай пагрозы застаецца высокім.