626-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Кіеў атакаваны балістыкай
52 дні над украінскай сталіцай была цішыня, якую сёння парушылі балістычныя ракеты. Значная частка тэрыторыі Украіны была атакаваная беспілотнікамі — у выніку атакі ёсць ахвяры. Расійскія войскі спрабуюць стварыць «кацёл» пад Аўдзееўкай для УСУ.
***
Расійскія войскі 10 лістапада вялі наступальныя дзеянні ў раёне Аўдзееўкі, іх вынікі не пацверджаны, але ў той жа час расійскія ваенныя блогеры сцвярджалі, што войскі РФ увайшлі ў наваколлі Стэпнага (3 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі) і працягваюць баі ў гэтым раёне, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Звязаны з Крамлём вайсковы блогер дадаў, што расійскія сілы таксама занялі пазіцыі на чыгуначным шляху, дазволіўшы дасягнуць тактычных поспехаў у Стэпным. Паводле яго слоў, расійскія войскі спрабуюць стварыць кацёл вакол Аўдзееўкі і такім чынам пазбавіць украінскія сілы магчымасці ўтрымліваць пазіцыі ў тылавых раёнах на Аўдзееўскім кірунку.
***
Увечары ў пятніцу ў Адэсе пачуліся гукі выбухаў, у вобласці была абвешчаная паветраная трывога.
Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер пазней паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што ёсць «два пападанні» ў Адэскім раёне.
«Пакуль вядома пра траіх пацярпелых. 96-гадовую жанчыну дасталі з-пад завалаў у дачным кааператыве. Яна шпіталізаваная, — цытуе Кіпера «Бі-бі-сі». — Таксама двое пажылых (72 і 73 гадоў) атрымалі лёгкія траўмы, ім аказана дапамога на месцы».
Сілы абароны поўдня Украіны цяпер паведамляюць, што дроны-камікадзэ з акваторыі Чорнага мора ляцяць у напрамку Адэскай вобласці.
***
Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, раніцай 11 лістапада паблізу ўкраінскай сталіцы працавала супрацьпаветраная абарона, таму ў горадзе былі чутныя выбухі.
Крыху пазней спікер Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат сказаў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, расійскія войскі спрабавалі нанесці ўдар па Кіеве балістычнымі ракетамі.
«Папярэдняя інфармацыя, Гэта ўсё ж была балістыка. У Кіеве пачуліся выбухі. Пакуль яшчэ няма інфармацыі ад мясцовай адміністрацыі і паліцыі, дзе менавіта, магчыма, ёсць нейкія абломкі ці нейкія пашкоджанні. Чакаем інфармацыю, але была праца СПА, — паведаміў ён. — Да балістыкі можна аднесці ракеты С-300, С-400, "Іскандэр-М", "Кінжал"».
Пазней камандуючы Паветранымі сіламі УСУ Мікалай Палішчук пацвердзіў, што расійскія войскі нанеслі ўдар па Кіеве балістычнай ракетай.
Кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко сцвярджае, што была выпушчаная балістычная ракета «Іскандэр». Дзве ракеты, паводле інфармацыі кіеўскіх уладаў, трапілі ў поле.
«Пасля працяглай паўзы ў 52 дні вораг аднавіў ракетныя атакі па Кіеве! Да Кіева ракета не даляцела, сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны знішчылі яе на падлёце да сталіцы».
***
У Днепрапятроўскай вобласці два «Шахеды» патрапілі па будынку: ёсць разбурэнні і ўзнік пажар, які ратавальнікі пагасілі, паведамляе старшыня Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.
Пяць беспілотнікаў збілі Паветраныя сілы — у Паўлаградскім, Каменскім, Дняпроўскім і Крыварожскім раёнах.
Акрамя гэтага, двойчы агрэсар цэліўся па Марганецкай грамадзе, што на Нікапальшчыне. Было зроблена больш за паўдзесятка стрэлаў з цяжкай артылерыі. Людзі не пацярпелі.
Таксама беспілотнікамі была атакаваная Харкаўская вобласць.
***
За мінулыя суткі адбылося 87 баявых сутыкненняў УСУ з войскамі РФ. Расійцы нанеслі 5 ракетных і 83 авіяцыйных удараў, здзейсніў 102 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, паведамляецца ў зводцы Генштаба УСУ раніцай 11 лістапада
Таксама Расійская Федэрацыя ў чарговы раз атакавала Украіну, ужыўшы 2 кіраваныя авіяцыйныя ракеты «Х-59», супрацькарабельную ракету «Анікс», зенітную кіраваную ракету С-300, кіраваную ракету «Х-31» і 31 ўдарны БпЛА тыпу «Shahed-136/131». Супрацьпаветраная абарона знішчыла адну ракету «Х-59» і 19 ударных БпЛА. У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў, на жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся жылыя дамы, партовая інфраструктура, аўтамабільны транспарт і іншая грамадзянская інфраструктура.
Авіяцыйным ударам падвергліся населеныя пункты ў Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях.
Пад артылерыйскім агнём аказаліся больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
За мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны нанесла 11 удараў па раёнах засяроджвання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі расійцаў.
Падраздзяленнямі ракетных войскаў УСУ разбіта 8 артылерыйскіх сродкаў, пункт кіравання, 4 раёны засяроджвання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі, сродак СПА, склад боепрыпасаў і 4 станцыі радыёэлектроннай барацьбы войск РФ.
***
За мінулыя суткі УСУ знішчылі 1130 расійскіх захопнікаў, агульныя страты акупантаў, паводле звестак Генштаба Узброеных сіл Украіны, дасягаюць 310 650 вайскоўцаў.
Агульныя баявыя страты арміі РФ з 24.02.22 па 11.11.23 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 31 0650 (+1130) чалавек;
- танкаў — 5342 (+25) адз.;
- баявых браніраваных машын — 10 041 (+24) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 7527 (+38) адз.;
- РСЗА — 879 (+2) адз.;
- сродкаў СПА — 579 (+1) адз.;
- самалётаў — 322 (+0) адз.;
- верталётаў — 324 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5620 (+25) адз.;
- крылатых ракет — 1559 (+1) адз.;
- караблёў / катэраў — 22 (+2) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 9925 (+49) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1069 (+9) адз.