675-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае на дадзены момант
У Запарожжы, Адэсе і Дняпры аб'яўлена жалоба пасля ўчарашняй масіраванай атакі расійцаў, у Кіеве таксама аб'яўляюць жалобу.
![3b25bf6_67962a4_f6b87df____.png 3b25bf6_67962a4_f6b87df____.png](/img/v1/images/3b25bf6_67962a4_f6b87df____.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
***
Ваенная выведка Вялікабрытаніі адзначае рост штодзённых страт у асабістым саставе сіл Расіі ў вайне супраць Украіны ў 2023 годзе і прагназуе, што з такімі тэмпамі да 2025 года агульная лічба перасячэ адзнаку ў 500 тысяч.
Брытанская выведка адзначае, што ў 2023 годзе сярэднія штодзённыя страты расійцаў у асабістым саставе, забітымі і параненымі выраслі да амаль 300 у дзень, што больш, чым у 2022 годзе.
«Гэты рост штодзённых страт, пра якія паведамляе ўкраінскі бок, амаль напэўна з'яўляецца сведчаннем дэградацыі расійскіх сіл і іх ператварэння ў "масавую армію" больш нізкай якасці і большай колькасці пасля "частковай мабілізацыі" рэзервістаў у верасні 2022 года. Расіі, магчыма, спатрэбіцца 5-10 гадоў на аднаўленне кагорты высокапрафесійных і дасведчаных падраздзяленняў», – адзначае выведка.
Выведка нагадвае, што за 9 гадоў вайны ў Афганістане СССР страціў прыкладна 70 тысяч чалавек.
***
Мінабароны Расіі заявіла пра атаку 32 украінскіх дронаў на 4 вобласці РФ.
«Цягам мінулай ночы спыненая спроба кіеўскага рэжыму ажыццявіць тэрарыстычную атаку з ужываннем БПЛА самалётнага тыпу па аб'ектах на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі».
У расійскім ведамстве заяўляюць, што іх СПА знішчыла і перахапіла ў паветры «32 украінскія беспілотныя лятальныя апараты над тэрыторыямі Бранскай, Арлоўскай, Курскай і Маскоўскай абласцей».
***
За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 56 баявых сутыкненняў, паведамляе ў Фэйсбуку Генштаб УСУ.
У цэлым расійцы нанеслі 150 ракетных і 74 авіяцыйных удараў, здзейснілі 84 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Уначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну, ужыўшы 10 БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Украінская супрацьпаветраная абарона 5 ударных дронаў знішчыла.
Авіяцыйным ударам падвергліся 14 населеных пунктаў.
Пад артылерыйскім агнём аказаліся каля 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
***
Паводле стану на 10:40 суботы, 30 снежня, у Кіеве выяўлена 13 загінулых у выніку масіраванага ракетнага ўдару Расіі, здзейсненага раніцай 29 снежня. Перад гэтым целы яшчэ двух загінулых дасталі з-пад завалаў складскога памяшкання ў Шаўчэнкаўскім раёне.
Паводле даных мэра Кіева Віталя Клічко, 32 чалавекі пацярпелі, 17 з іх знаходзяцца ў стацыянарах медустаноў сталіцы.
Абломкі збітых ракет упалі і нанеслі шкоду ў некалькіх раёнах Кіева. Пажар на складах у Шаўчэнкаўскім раёне сталіцы ратавальнікі тушылі да вечара.
***
У Запарожжы колькасць загінулых ад ракетнага ўдару, здзейсненага Расіяй раніцай 29 снежня, узрасла да 9 чалавек, 30 снежня ў горадзе абвешчаны дзень жалобы. Таксама ў жалобе Адэса і Днепр. «У Запарожжы аб'яўлены дзень жалобы па загінулых ад учарашняга варожага ракетнага ўдару. 29 снежня ў нашым горадзе рашысты жорстка абарвалі жыцці дзевяці нявінных мірных людзей.
Вечная і светлая памяць. Шчырыя спачуванні родным і блізкім загінуўшых. Запарожжа смуткуе», — піша «Украінская праўда».
У Адэсе і Дняпры 30 снежня таксама абвешчана днём жалобы па загінулых у выніку ракетнай атакі, нанесенай РФ 29 снежня. У Дняпры загінулі 6 мірных жыхароў, у Адэсе — чацвёра.
***
Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) адзначаюць, што Расія не спыніцца і працягне наносіць шырокамаштабныя ўдары па Украіне, як гэта адбылося 29 снежня, калі расійскія войскі здзейснілі найбуйнейшую серыю ракетных і беспілотных удараў па Украіне з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
У справаздачы адзначаецца, што гэтая серыя ўдараў, падобна, з'яўляецца кульмінацыяй некалькіх месяцаў расійскіх эксперыментаў з рознымі камбінацыямі беспілотнікаў і ракет, а таксама спроб выпрабаваць украінскую супрацьпаветраную абарону.
Аналітыкі нагадваюць, што за апошнія некалькі месяцаў расійскія войскі правялі серыю ракетных і беспілотных удараў рознага маштабу, выкарыстоўваючы розныя камбінацыі беспілотнікаў, крылатых і балістычных ракет.
Паводле ацэнкі ISW ад 21 кастрычніка, расійскія сілы, верагодна, дыверсіфікуюць спалучэнне ракет, планерных бомб і беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца ва ўдарных серыях, каб знайсці слабыя месцы ва ўкраінскай СПА і аптымізаваць ўдарны пакет, падобны да таго, які расійскія сілы запусцілі 29 снежня.
Расія, верагодна, наўмысна назапашвала разнастайныя ракеты на працягу восені і пачатку зімы 2023 года, каб стварыць больш магутную ўдарную серыю і прымяніць урокі, атрыманыя падчас нядаўніх выведвальных і зандуючых місій, а менавіта выкарыстанне дронаў «Шахід» для абыходу ўкраінскай сістэмы СПА, а таксама выкарыстанне ракет для нанясення максімальнай шкоды вызначаным цэлям.
Эксперты адзначаюць, што Расія будзе працягваць наносіць шырокамаштабныя ўдары па Украіне, спрабуючы падарваць украінскі маральны дух і здольнасць Украіны падтрымліваць свае ваенныя намаганні супраць Расіі.
***
Паветраныя сілы УСУ пацвердзілі даныя Генеральнага штаба аб тым, што ў ноч на 30 снежня было збіта 5 з 10 ударных дронаў, запушчаных расійскімі войскамі па Украіне.
«У ноч на 30 снежня 2023 года расійскія акупанты атакавалі Украіну дзесяццю БПЛА тыпу "Shahed" з мыса Чаўда (Крым). Пяць беспілотнікаў збітыя супрацьпаветранай абаронай у межах Мікалаеўскай, Херсонскай і Хмяльніцкай абласцей. Асноўны ўдар — прыфрантавая зона Херсоншчыны».
Паветранае камандаванне «Поўдзень» ва ўзаемадзеянні з супрацьпаветранай абаронай іншых складнікаў Сіл абароны поўдня Украіны знішчыла 3 варожыя ўдарныя БПЛА тыпу «Shahed-136/131»: 2 – у Херсонскай вобласці, 1 – у Мікалаеўскай.
Акрамя таго, у Хмяльніцкай вобласці сілы СПА таксама абясшкодзілі 2 БПЛА тыпу «Shahed». Грамадзянскае насельніцтва не пацярпела, на аб'ектах інфраструктуры разбурэнняў няма.
У Херсоне ў выніку атакі дронаў у ноч на 30 снежня знішчаны адміністрацыйны будынак, жыхары горада не пацярпелі.
***
За мінулыя суткі Сілы абароны Украіны знішчылі яшчэ 750 захопнікаў, 16 танкаў і 20 ББМ ворага.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 30.12.23 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 358 270 (+750) чал.;
- танкаў — 5 969 (+16) адз.;
- баявых браніраваных машын — 11 053 (+20) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 8434 (+17) адз.;
- РСЗА — 939 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 621 (+1) адз.;
- самалётаў — 329 (+0) адз.;
- верталётаў — 324 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6554 (+15) адз.;
- крылатых ракет — 1708 (+88) адз.;
- караблёў / катэраў — 23 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн ‒ 11 244 (+29) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1260 (+6) адз.