738-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

У выніку начной атакі па Адэсе ёсць загінулыя, сярод іх — трохгадовае дзіця. Беларусь спрабуе нажывацца на вайне, а Расія пужае Захад ядзернымі выпрабаваннямі.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Расія правяла выпрабаванні міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) РС-24 «Ярс» для таго, каб усяліць страх у заходнюю аўдыторыю і такім чынам аслабіць заходнюю падтрымку Украіны, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

1 сакавіка Міністэрства абароны Расіі заявіла, што расійскія войскі правялі паспяховы вучэбна-баявы пуск МБР РС-24 «Ярс», абсталяванай ракетай залпавага навядзення.

Пуцін падчас свайго паслання да Федэральнага сходу 29 лютага таксама падкрэсліў, што Расія валодае зброяй, якая можа нанесці ўдар па краінах Захаду.

ISW працягвае ацэньваць, што Крэмль часта выкарыстоўвае ядзернае бразганне, каб усяліць страх у заходнюю аўдыторыю і аслабіць падтрымку Украіны Захадам. 

Ваенныя аналітыкі кажуць, што выкарыстанне Расіяй ядзернай зброі ва Украіне і па-за яе межамі малаверагодна.

«Ярс», або РС-24 — гэта стратэгічны комплекс, у аснове якога ідзе цвёрдапаліўная міжкантынентальная балістычная ракета. Яго прынялі на ўзбраенне РФ у 2009 годзе.

Комплекс абсталяваны раздзельнай галаўной часткай — ад 3 да 6 баявых блокаў у залежнасці ад мадыфікацыі, кожны з іх можа паражаць сваю цэль.

Хуткасць палёту ракеты нібыта да 14 махаў, а яе выбухная магутнасць эквівалентная мільёну тон. Прапагандысты заяўляюць, што ні адна сістэма СПА не здольная яе збіць, а зарад «Ярса» можа цалкам знішчыць невялікі горад.

***

У ноч на суботу з-за атакі варожых «шахідаў» у Адэсе абвалілася частка шматпавярхоўкі: ёсць ахвяры. Хоць на месцы з ночы працуюць ратавальнікі, пад заваламі яшчэ могуць быць людзі, сямёра жыхароў дома не выходзяць на сувязь.

Пры гэтым супрацьпаветраная абарона збіла сем ударных беспілотнікаў з васьмі, якія РФ накіравала з акваторыі Чорнага мора ў Адэскую вобласць. СПА ў інтэнсіўным рэжыме на працягу гадзіны адлюстроўвалі гэтую атаку. 7 цэляў былі знішчаны.

Каля 11-й раніцы стала вядома, што колькасць ахвяр расійскай атакі па Адэсе павялічылася да трох чалавек: загінула трохгадовае дзіця, таксама ратавальнікам з-пад завалаў удалося дастаць мужчыну. Звестак пра трэцюю ахвяру пакуль няма.

Паводле даных ДСНС, акрамя загінулых, папярэдне, пацярпелі 8 чалавек, сярод іх цяжарная жанчына і дзіця, 4 жыхароў удалося выратаваць.

Па ўсёй Адэскай вобласці аб'явілі жалобу.

***

Расійскае войска артылерыяй атакавала Станіслаў у Херсонскай вобласці, загінуў мужчына.

Адзначаецца, што падчас артабстрэлу 54-гадовы мужчына, які знаходзіўся на вуліцы, атрымаў траўмы, не сумяшчальныя з жыццём.

Улады не называюць час абстрэлу Станіслава, але, верагодна, ён адбыўся раніцай у суботу, 2 сакавіка.

***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 82 баявыя сутыкненні. У цэлым вораг нанёс 9 ракетных і 100 авіяцыйных удараў, здзейсніў 161 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.

Уначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну, задзейнічалі 17 БпЛА тыпу «Shahed». Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны 14 ударных БпЛА былі знішчаны.

Авіяцыйным ударам падвергліся населеныя пункты Сумскай, Харкаўскай вобласці, Луганскай, Данецкай вобласці і Малая Токмачка, Новаданілаўка і Рабоціна ў Запарожжы.

Пад артылерыйскім агнём былі больш за 140 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

Расійскія акупанты ў першы дзень вясны страцілі яшчэ адзін свой самалёт Су-34, 960 чалавек і 5 сродкаў СПА, паведамляе Генштаб УСУ.

Паводле даных паветраных сіл, самалёт збілі ў пятніцу каля 9:00 на ўсходнім кірунку. Су-34 спрабаваў нанесці ўдар па ўкраінскіх пазіцыях кіраванымі авіябомбамі.

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 02.03.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 415 640 (+960) чал.;
  • танкаў — 6624 (+14) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 12 611 (+29) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 10 153 (+47) адз.;
  • РСЗА — 1003 (+3) адз.;
  • сродкаў СПА — 696 (+5) адз.;
  • самалётаў — 346 (+1) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7829 (+35);
  • крылатых ракет — 1915 (+3);
  • караблёў / катэраў — 25 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 13 267 (+61) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1617 (+6).

***

Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны інфармуе, што прадпрыемствы дзяржавы-агрэсара Расіі і яе сатэліта Беларусі не прыйшлі да згоды адносна кошту дэталей і вузлоў да ракетных сістэм залпавага агню «Град».

Згодна з кантрактам, беларускі падрадчык, ААТ «Волатаўто», павінен паставіць 250 адзінак неабходнай для вытворчасці і рамонту РСЗА «Град» прадукцыі расійскаму заказчыку ЗАТ «Спецыяльнае канструктарскае бюро».

Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра рамы, падставы, накіроўвальныя трубы, каляскі і іншыя элементы баявых машын.

Спрэчка ўзнікла падчас сустрэчы, калі дэлегацыя «Волатаўто» прэзентавала паперы з разлікамі: кошт асобных відаў беларускай прадукцыі перавышаў чаканы расійцамі на 500-600%.