753-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

Украінскія беспілотнікі працягваюць абстрэльваць памежныя рэгіёны Расіі, УСУ адбіваюць начныя напады расійцаў, але аналітыкі прагназуюць скарачэнне магчымасцей працы СПА.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Расійскія дзеячы спрабуюць выкарыстоўваць сваякоў украінскіх ваеннапалонных для распальвання ўнутранай незадаволенасці ва Украіне.

Ваенныя аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) мяркуюць, што, верагодна, што расійцы дзейнічаюць у рамках інфармацыйнай кампаніі «Майдан-3».

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец заявіў 16 сакавіка, што невядомыя расійскія дзеячы тэлефануюць сваякам украінскіх ваеннапалонных і сцвярджаюць, што Расія гатовая вярнуць украінскіх ваеннапалонных, але ўкраінскае кіраўніцтва перашкаджае гэтаму. 

Як паведамляецца, расійскія дзеячы заклікаюць сваякоў да пратэстаў з гэтай нагоды. Лубінец заявіў, што Украіна ніколі не спыняла абмены ваеннапалоннымі. 

Расійцы маюць на мэце пасеяць унутраную незадаволенасць ва Украіне і забіць клін паміж грамадзянскім насельніцтвам і вайскова-палітычным кіраўніцтвам. 

ISW адзначыў, што Расія і раней паспяхова выкарыстоўвала інфармацыйныя аперацыі, у тым ліку прамую перапіску праз мабільныя тэлефоны з украінскім грамадзянскім насельніцтвам, для распальвання гвалтоўных пратэстаў ва Украіне.  

***

У ноч на 17 сакавіка Служба бяспекі Украіны сумесна з сіламі спецаперацый і сіламі беспілотных сістэм УСУ атакавала дронамі Славянскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі Расіі.

Паводле словах крыніцы «Украінскай праўды», можна казаць аб паспяховым выніку: быў зафіксаваны вялікі пажар у раёне атмасферных калон, якія і былі асноўнай мэтай.

Суразмоўца адзначыў, што ў цэлым дроны СБУ за апошні час паспяхова атакавалі ўжо 12 нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі.

Дзякуючы СБУ абрэвіятура "НПЗ" расшыфроўваецца цяпер, як "новы палае завод".

У ноч на нядзелю жыхары Славянска-на-Кубані Краснадарскага краю Расіі паведамілі пра выбухі і пажары ў горадзе на нафтаперапрацоўчым заводзе.

Расійскія прапагандысты пацвердзілі факт атакі дронаў, але заявілі, што «беспілотнікі нейтралізаваныя», хоць на іх відэа відаць удары БПЛА.

***

Брытанская газета «The Telegraph» прагназуе крытычны недахоп ракет для супрацьпаветранай абароны ва Украіне.

Паводле інфармацыі выдання, справаздачы паказваюць на сур'ёзны недахоп. Украіне так не хапае боепрыпасаў, што да канца месяца ў яе скончацца ракеты СПА для абароны сваіх гарадоў.

Гэта азначае, прагназуе «The Telegraph», што замест таго, каб спрабаваць збіць чатыры з пяці расійскіх ракет, як гэта робіцца цяпер, Украіна зможа выкарыстоўваць свае сістэмы СПА для таго, каб збіць толькі адну з пяці ракет.

«The Telegraph» адначасова цытуе расійскіх афіцыйных асоб, якія заявілі, што «ведаюць, што ва Украіне заканчваюцца боепрыпасы» і гатовыя наносіць удары.

Зрэшты, выданне спасылаецца і на расійскія тэлеграм-каналы, звязаныя з Мінабароны Расіі, якія сцвярджаюць, што «ўкраінскія сілы ўсё яшчэ аказваюць жорсткі супраціў і, здаецца, адносна добра ўзброеныя». 

Асабліва расійскія рэсурсы адзначаюць эфектыўнасць украінскіх беспілотнікаў.

***

У ноч на нядзелю ў Адэскім раёне расійскія ўдарныя беспілотнікі пашкодзілі два закансерваваныя аграпрадпрыемствы. Там успыхнулі пажары, адбылося разбурэнне прамысловых будынкаў.

Пажары аператыўна ліквідаваныя. Людзі не пацярпелі.

Напружаная баявая праца працягвалася каля трох гадзін.  Падраздзяленні супрацьпаветранай абароны адбівалі хвалі «Шахідаў», якія былі выпушчаныя з часова акупаванага Крыма, заходзілі з акваторыі Чорнага мора і манеўравалі паміж жылых дамоў і ў прамысловых кварталах Адэсы.

13 беспілотных лятальных апаратаў тыпу «Шахід» збітыя ў небе Адэскай вобласці, яшчэ 1 — на падлёце, у небе Мікалаеўскай вобласці.

***

За мінулыя суткі адбылося 58 баявых сутыкненняў. На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 28 разоў спрабавалі прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.

Увогуле вораг нанёс 6 ракетных і 62 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў 125 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, таксама ўдарылі пяццю зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 па Харкаўшчыне і Данецкай вобласці, двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59 па Чарнігаўшчыне.

Пасля расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва.

Уначы расійскія акупанты атакавалі Украіну — задзейнічалі 16 БпЛА тыпу «Shahed». Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны 14 гэтых ударных дронаў былі знішчаны.

За мінулыя суткі авіяцыйным ударам падвергліся Сумская, Луганская і Данецкая вобласці.

Пад артылерыйскім агнём былі каля 140 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

За суткі расійскія акупанты страцілі 1160 чалавек, 28 артылерыйскіх сістэм, 24 баявыя браніраваныя машыны і 11 танкаў.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 17.03.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 430 740 (+1160) чалавек;
  • танкаў — 6790 (+11) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 12 997 (+24) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 10 634 (+28) адз.;
  • РСЗА — 1017 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 720 (+1) адз.;
  • самалётаў — 347 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8272 (+4);
  • крылатых ракет — 1922 (+0);
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14 073 (+49) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1723 (+11).

***

Уначы беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Славянску-на-Кубані ў Краснадарскім краі РФ. Паводле версіі Мінабароны Расіі, там было знішчана 17 дронаў. У выніку атакі на заводзе ўспыхнуў пажар. Оперштаб рэгіёна паведамляў пра аднаго загінулага, папярэдняя прычына смерці — сардэчны прыступ.

Усяго ж Мінабароны РФ адчыталася аб знішчэнні 35 беспілотнікаў у васьмі рэгіёнах.

У Белгарадзе ў выніку ўкраінскага абстрэлу загінула 16-гадовая дзяўчына: снарад трапіў у прыватны дом, дзе яна пражывала. Яе бацька атрымаў апёкі і чэрапна-мазгавую траўму, напісаў губернатар рэгіёна Вячаслаў Гладкоў.

Усяго, паводле звестак Гладкова, у Белгарадзе ў выніку абстрэлу ўзгаранне адбылося ў двух прыватных жылых дамах, былі выбітыя вокны ў некалькіх кватэрах і прыватных дамах. Зафіксаваныя пашкоджанні васьмі аўтамабіляў.