807-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Маск заблакаваў нелегальныя «Starlink» у Расіі, украінскі беспілотнік атакаваў расійскі НПЗ

Расія працягвае намаганні па захопе як мага большай часткі прыфрантавых тэрыторый, пакуль Украіна не атрымала заходнюю дапамогу. УСУ тым часам працягвае тактыку аслаблення энергетычнага складніка расійскай ваеннай машыны — атакамі на НПЗ.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Расійскія войскі заўважна павялічылі тэмпы наземных нападаў на ўсходзе Украіны за апошні месяц, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW). Верагодна, расійскія вайскоўцы хочуць дасягнуць нейкіх мэтаў да прыбыцця заходняй ваеннай дапамогі на лінію фронту. 

Прадстаўнік УСУ «Хорціца» падпалкоўнік Назар Валошын 9 траўня заявіў, што колькасць баявых дзеянняў істотна ўзрасла і адзначыў, што большасць іх ідзе ў раёне адказнасці Хорціцкай групоўкі (тэрыторыя ад Харкаўскай вобласці да памежнай зоны Данецкай і Запарожскай абласцей). 

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла, што колькасць расійскіх нападаў вырасла на 17 адсоткаў з сакавіка да красавіка 2024 года і што больш за 75 адсоткаў зарэгістраваных наземных нападаў адбыліся на кірунках Часавага Яру, Аўдзееўкі і Мар'інкі.

У прыватнасці, колькасць расійскіх нападаў паблізу Часавага Яру вырасла на 200 працэнтаў з сакавіка па красавік. 

Валошын выказаў здагадку, што цяперашняя інтэнсіфікацыя расійскіх нападаў з'яўляецца вынікам таго факту, што высахла глеба пасля вясновага гразевага сезону, што спрыяе хуткаму механізаванаму манеўру, і што расійскія сілы спрабуюць скарыстацца адноснай слабасцю Украіны, пакуль яна чакае паступлення заходняй дапамогі.

ISW працягвае ацэньваць, што расійскія войскі будуць захоўваць высокую хуткасць нападаў па ўсёй Усходняй Украіне, каб атрымаць перавагі да прыбыцця заходняй дапамогі ва Украіну.

***

Агенцтва «Bloomberg» паведамляе, што супрацоўнікі Пентагона, якія працавалі сумесна са спецыялістамі кампаніі Ілана Маска «SpaceX», змаглі заблакаваць незаконнае выкарыстанне расійскімі вайскоўцамі тэрміналаў спадарожнікавай сувязі «Starlink».

Украінская армія выкарыстоўвае мноства такіх тэрміналаў на фронце, і, паводле паведамленняў, армія РФ на працягу некаторага часу магла выкарыстоўваць іх для ўласных патрэб, піша «Бі-бі-сі».

Намеснік міністра абароны ЗША ў пытаннях космасу Джон Пламб сказаў «Bloomberg», што праблему несанкцыянаванага доступу расійскіх вайскоўцаў да сістэмы ўдалося развязаць.

«На дадзены момант мы паспяхова спынілі выкарыстанне [тэрміналаў] расійцамі, але я ўпэўнены, што Расія будзе і далей спрабаваць знайсці спосабы, як выкарыстоўваць "Starlink" і іншыя камерцыйныя камунікацыйныя сістэмы», — паведаміў Пламб.

У публікацыі сказана, што некаторыя расійскія сайты працягваюць рэкламаваць тэрміналы «Starlink» — пры гэтым іх прадаўцы паведамляюць, што падпіска ў такіх выпадках афармляецца на жыхароў еўрапейскіх краін. Яны пішуць, што сістэма не будзе працаваць у глыбіні Расіі, аднак дазволіць падтрымліваць сувязь у памежных раёнах, у тым ліку на акупаванай тэрыторыі Украіны.

Аднак на гэтым тыдні расійскія карыстальнікі «Starlink» пачалі скардзіцца на беспрэцэдэнтныя праблемы з сувяззю, піша «Bloomberg».

Выданне нагадвае, што да мая 2022 года Украіна атрымала 10 тыс. тэрміналаў «Starlink». Пазней Пентагон заключыў з кампаніяй «SpaceX» гадавы кантракт на 23 млн. долараў; ён заканчваецца ў траўні гэтага года, дадае «Bloomberg».

***

Расійскія захопнікі працягваюць атакі на 7 кірунках, цяпер на Аўдзееўскім і Бахмуцкім, а ўсяго за мінулыя суткі на фронце адбылося 95 баявых сутыкненняў, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ ў Facebook.

«Агулам вораг нанёс 6 ракетных і 80 авіяцыйных удараў, здзейсніў 127 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах.

Уначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну — задзейнічалі 10 БпЛА тыпу "Shahed". Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны ўсе ўдарныя БПЛА былі знішчаныя».

З артылерыі акупанты абстрэльвалі больш за 120 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

Камандуючы паветранымі сіламі генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук паведаміў, што ў ноч на 10 мая акрамя дзесяці «Шахідаў», якія расійцы запускалі з тэрыторыі часова акупаванага Крыма, ударылі двума зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300/С-400 з Белгародскай вобласці ў напрамку Харкаўшчыны.

Пры гэтым Расія працягвае несці страты ў захопніцкай вайне супраць Украіны: толькі за мінулыя суткі сілы абароны абясшкодзілі 980 акупантаў, спалілі 47 артылерыйскіх сістэм і 32 ББМ.

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 10.05.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 479 710 (+980) чалавек;
  • танкаў — 7 434 (+5) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 14 313 (+32) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 12 387 (+47) адз.;
  • РСЗА — 1 062 (+4) адз.;
  • сродкаў СПА — 795 (+2) адз.;
  • самалётаў — 349 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 826 (+51) адз.;
  • крылатых ракет — 2 192 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 16 691 (+73) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 031 (+4) адз.

***

Расійскія акупанты наносілі ўдары беспілотнікамі па Нікапалі Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго пашкоджаны будынкі двух прыватных прадпрыемстваў і крама, а таксама гарэў аўтамабіль, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак у Telegram.

«Увечары і ноччу расійская армія біла па Нікапалі ўдарнымі дронамі розных тыпаў. Па горадзе вораг ударыў пяццю беспілотнікамі. Загарэлася аўто, пажар ратавальнікі патушылі. Пашкоджаныя будынкі двух прыватных прадпрыемстваў і крама».

***

У выніку расійскіх абстрэлаў у Харкаве гарэлі 3 прыватныя дамы, усяго пашкоджаныя 12 дамоў, пацярпелі жанчына і дзіця, напісаў кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў у Telegram. ДСНС у Telegram 

Захопнікі нанеслі ўдары па Харкаве ў 3:20 ночы.

«Узнік пажар у трох прыватных дамах. Папярэдне пашкоджаныя 12 прыватных жылых дамоў. Пацярпелі два чалавекі: дзіця 11 гадоў і жанчына 72 гадоў — вострая рэакцыя на стрэс».

Як дадалі ў ДСНС Украіны, ратавальнікі ліквідуюць наступствы варожага ракетнага ўдару.

«Пападанне было ў жылыя дамы, у выніку чаго паўстала гарэнне трох прыватных дамоў і трох гаспадарчых пабудоў на агульнай плошчы 1000 кв. м. Акрамя таго, пашкоджаныя побач размешчаныя будынкі», − паведамілі ў ДСНС.  

***

Раніцай 10 траўня расійскія вайскоўцы з артылерыі абстралялі Эсманскую абшчыну Сумскай вобласці, у выніку чаго загінула 64-гадовая жанчына, а яе 17-гадовая ўнучка атрымала раненні, паведамілі ў офісе генеральнага пракурора Украіны.

«Паводле даных следства, 10 мая 2024 года з 07:10 акупанты на працягу гадзіны з артылерыі абстрэльвалі грамадзянскую інфраструктуру Эсманскай абшчыны Шосткінскага раёна. У выніку атакі ворага загінула 64-гадовая жанчына, яе 17-гадовая ўнучка атрымала раненні».

Паведамляецца, што пад працэсуальным кіраўніцтвам Шосткінскай акруговай пракуратуры пачата дасудовае расследаванне па факце парушэння законаў і звычаяў вайны, злучанага з наўмыснымі забойствам. Цяпер пракуроры разам з іншымі праваахоўнікамі дакументуюць наступствы абстрэлаў.

***

Чэхія перадала першы трэнажор знішчальніка F-16 у адну з брыгад тактычнай авіяцыі Украіны, яго асноўны модуль ужо тэстуюць і рыхтуюць да эксплуатацыі ўкраінскія спецыялісты.

«Дзякуй усім, хто дапамагае Украіне ўмацоўваць авіяцыйную кампаненту. Вядома, акрамя саміх F-16, нам трэба ствараць магутную вучэбна-матэрыяльную базу для нашай моладзі. Заклікаю нашых саюзнікаў удзельнічаць у гэтай ініцыятыве», — заявіў камандуючы паветранымі сіламі генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук.

У паветраных сілах тлумачаць, што гэта не сімулятар, а паўнавартасны авіяцыйны трэнажор з рэальнай кабінай самалёта F-16. Далей будзе змантаваная гідраўліка, каб пілот максімальна адчуў рэалістычнасць трэніровачнага палёту.

***

Міністэрства абароны Расіі сцвярджае, што блізу 09:30 украінскія вайскоўцы абстралялі Белгарадскую вобласць пры дапамозе рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Вільха».

Паводле звестак расійскага ваеннага ведамства, над рэгіёнам былі знішчаныя два рэактыўныя снарады.

Украінскі бок заявы Мінабароны РФ не каментаваў.

Акрамя таго, расійскае Мінабароны адрапартавала пра пяць украінскіх дронаў, збітых за ноч над тэрыторыяй Расіі, і пры гэтым нічога не сказала пра НПЗ пад Калугай, які, паводле паведамленняў расійскіх крыніц, гарыць пасля атакі беспілотнікаў.

«Дзяжурнымі сродкамі СПА былі знішчаныя пяць украінскіх БПЛА з якіх: тры — над тэрыторыяй Бранскай вобласці, адзін — над тэрыторыяй Маскоўскай вобласці і адзін над тэрыторыяй Белгародскай вобласці», — гаворыцца ў кароткім паведамленні міністэрства.

Уначы некалькі расійскіх тэлеграм-каналаў, спаслаўшыся на мясцовых жыхароў, паведамілі, што НПЗ «Першы завод» у Калужскай вобласці быў атакаваны некалькімі дронамі, і апублікавалі відэа вялікага пажару.

Факт пажару пацвердзіла і мясцовая выратавальная служба, а губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша абвясціў, што на тэрыторыю завода «зваліўся» БПЛА.