808-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: як ідзе лакальнае наступленне расійцаў пад Харкавам

Войскі РФ наступаюць на пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў пад Харкавам. Верагодней за ўсё, гэта манеўр накіраваны на тое, каб адцягнуць увагу УСУ і змусіць украінскіх вайскоўцаў выкарыстоўваць сілы, крытычна важныя на іншых кірунках.

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

***

Расійскія наступальныя аперацыі ўздоўж мяжы ў Харкаўскай вобласці, верагодна, маюць стратэгічную мэту прыцягнуць і замацаваць украінскія сілы на гэтай восі, каб зрабіць магчымым расійскае прасоўванне ў іншыя раёны ўсходу Украіны, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).

Паводле ацэнак ваенных аналітыкаў, расійскія войскі пачалі наступальную аперацыю ўздоўж расійска-ўкраінскай мяжы на поўначы Харкаўскай вобласці раніцай 10 траўня і дасягнулі значных тактычных поспехаў. 

Расійскія войскі, імаверна, праводзяць пачатковую фазу наступальнай аперацыі на поўначы Харкаўшчыны, якая мае абмежаваныя аператыўныя мэты, але накіраваная на дасягненне стратэгічнага эфекту — адцягнення вайскоўцаў і тэхнікі з іншых крытычных участкаў фронту на ўсходзе Украіны. 

Цяпер расійскія войскі пачалі дзве абмежаваныя аперацыі ў гэтым раёне: адну на поўнач ад Харкава ў кірунку Ліпцаў, а другую — на паўночны ўсход ад Харкава каля Ваўчанска. Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што расійскія бранятанкавыя штурмавыя групы неўстаноўленай колькасці паспрабавалі прарваць украінскую абарону пад Ваўчанскам раніцай і што баі ў гэтым раёне працягнуліся пасля таго, як украінскія сілы адбілі расійскія атакі. 

Даныя NASA «Fire Information for Resource Management» (FIRMS) ад 10 мая паказваюць на тое, што ў населеных пунктах Стралечча, Чырвонае, Пыльная і Барысаўка і паблізу іх, верагодна, вяліся жорсткія баі. 

Агенцтва «Reuters» паведаміла, што высокапастаўленая ўкраінская вайсковая крыніца заявіла, што расійскія войскі прасунуліся прынамсі на кіламетр углыб каля Ваўчанска. ISW таксама ацэньвае, што расійцы прасунуліся ў напрамку Ваўчанска, але не бачыць дастатковых доказаў, каб ацаніць прыкладны ход баявых дзеянняў у непасрэднай блізкасці да гэтага раёна. 

Расійскія войскі, верагодна, скарыстаюцца сваім тактычным плацдармам на поўначы Харкаўскай вобласці ў бліжэйшыя дні для актывізацыі наступальных аперацый і правядзення пачатковай фазы наступальных дзеянняў, якія, верагодна, маюць на мэце адцясніць украінскія войскі ад мяжы з Белгародскай вобласцю і прасунуцца так, каб артылерыяй дасягаць Харкава. 

Аднак абмежаваныя намаганні, якія цяпер ужываюць расійскія сілы, не сведчаць пра тое, што яны праводзяць шырокамаштабную наступальную аперацыю з мэтай акружыць і захапіць горад Харкаў.

***

Нярэдкія інцыдэнты з аварыйным сыходжаннем боепрыпасаў з расійскіх самалётаў на ўласнай тэрыторыі паказваюць на сістэмную праблему, якая стварае вялікую пагрозу для расійскага грамадзянскага насельніцтва, гаворыцца ў аглядзе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.

Брытанская выведка паказвае на серыю выпадкаў сходу боепрыпасаў з расійскіх самалётаў, якія павінны былі ляцець запускаць іх па цэлях на тэрыторыі Украіны. Так, 4 мая гэтага года паведамлялі, што знішчальнік выпусціў ФАБ-500 над Белгарадам. Мясцовы губернатар расказаў пра выбух і нанесеную ім шкоду: 30 пашкоджаных дамоў, 10 аўто і 5 пацярпелых — не называючы прычыны.

18 лютага з'яўлялася інфармацыя пра ФАБ-250, якую «страцілі» непадалёк ад Белгарада, з-за гэтага прыйшлося эвакуяваць 150 чалавек.

Выведка прыводзіць падлікі СМІ, не называючы канкрэтныя выданні, што толькі за сакавік-красавік 2024 года над Белгародскай вобласцю такім чынам «страцілі» 20 боепрыпасаў.

«Гэтыя выпадкі паказваюць на няздольнасць Расіі паспяхова ўжываць боепрыпасы па пэўных цэлях. Такія памылкі прыводзяць да разбуральных і смяротных наступстваў для расійскага насельніцтва», – заключаюць у аглядзе.

***

«Шэрая зона» ў Харкаўскай вобласці не пашыраецца, Узброеныя сілы Украіны не даюць расійцам прасунуцца ўглыб вобласці, заявіў прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі войск «Хорціца»Назар Валошын у эфіры ўкраінскага тэлемарафона:

«Рашэннем камандавання ўзмоцнены нашы абарончыя падраздзяленні УСУ, і яно ўжо рэалізуецца. Праціўнік лакалізаваны ў "шэрай зоне", яна не пашыраецца. Аднак ёсць пытанне таго, каб яго да канца знішчыць і павылоўліваць у тых лесапасадках, дзе ён мог схавацца».

Паводле слоў Валошына, працягваюцца абарончыя баі ў раёне населеных пунктаў Ліпцы і Ваўчанск.

Таксама працягваюцца баі і ў памежжы, у раёне тых населеных пунктаў, якія знаходзіліся фактычна ў «шэрай зоне».

Нагадаем, раніцай расійскія захопнікі аднавілі штурмавыя дзеянні каля населенага пункта Глыбокае на Харкаўшчыне. Крыніцы «Украінскай праўды» паведамляюць, што сілы абароны чакаюць узмацнення варожага агню:

«Раніцай праціўнік аднавіў штурмавыя дзеянні на асобных кірунках у паласе населенага пункта Глыбокае. Вёў артылерыйскі абстрэл па кірунку Старыцы. Чакаецца далейшае нарошчванне агню і на іншых кірунках, у прыватнасці Стральцовае-Глыбокае».

***

За суткі 10 траўня на Харкаўшчыне 1048 мясцовых жыхароў эвакуявалі з Чугуеўскага раёна, 440 — з Харкаўскага, 12 — з Багадухаўскага і яшчэ 275 чалавек эвакуяваныя валанцёрамі, паведамляюць у кіраўніцтве Харкаўскай вобласці.

Таксама за суткі падвергліся нападам расійцаў 30 населеных пунктаў Харкаўшчыны: Петрапаўлаўка, Стэпавая Навасёлаўка, Бераставое і іншыя. Авіяцыйным абстрэлам падвергліся Глыбокае, Лук'янцы, Агурцова, Ваўчанск, Ваўчанскія хутары, Вясёлае, Вільча, Ліпцы, Слабажанскае, Сасновы Бор, Украінскае.

Загінулі трое грамадзянскіх: у вёсцы Чаркаскія Цішкі забіты 55-гадовы мужчына, а таксама ў Ваўчанску двое загінулых, мужчына і жанчына, і некалькі параненых.

У 23:40 у пятніцу РФ абстраляла сяло Ліпцы, там атрымалі раненні 53-гадовая жанчына і 38-гадовы мужчына.

***

На працягу сутак акупанты 380 разоў ударылі па Запарожскай вобласці. Пад варожым агнём знаходзіліся 10 населеных пунктаў, паведаміў старшыня Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.

Паводле яго слоў, 167 БпЛА рознай мадыфікацыі атакавалі Гуляйполе, Ляваднае, Рабоціна, Малую Такмачку, Малінаўку, Новаандрэеўку, Новапаўлаўку. 

Малую Такмачку і Рабоціна накрылі 22 абстрэлы з РСЗА.

Таксама 190 артабстрэлаў нанесена па тэрыторыі Гуляйполя, Новаандрэеўкі, Малой Такмачкі, Рабоціна, Ляваднага, Вербавога, Малінаўкі і Прытульнага. 

Фёдараў таксама паведаміў, што паступіла 24 паведамленні пра разбурэнні жылля. Мірныя жыхары не пацярпелі.

***

На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 24 атакі расійцаў — гэта больш за ўсё з усіх кірункаў на фронце за суткі 10 траўня, паведаміў у штодзённай зводцы Генштаб УСУ.

«Агулам вораг нанёс 7 ракетных і 108 авіяцыйных удараў, здзейсніў больш за 120 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях укріанскіх войскаў і населеных пунктах.

Пад артылерыйскім агнём былі больш за 120 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей».

Расійскія акупанты за суткі страцілі больш за 1300 сваіх вайскоўцаў, 15 танкаў і 55 артсістэм. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 11.05.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 481 030 (+1320) чалавек;
  • танкаў — 7 449 (+15) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 14 353 (+40) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 12 442 (+55) адз.;
  • РСЗА — 1064 (+2) адз.;
  • сродкаў СПА — 796 (+1) адз.;
  • самалётаў — 349 (+0) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 868 (+42);
  • крылатых ракет — 2 193 (+1);
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 16 755 (+64) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2040 (+9).

***

У пятніцу да позняга вечара расійская армія біла па Нікапалі дронамі-камікадзэ, ёсць пашкоджанні, паведамілі ў Днепрапятроўскай АВА.

Адзначаецца, што дронамі РФ атакавала чатыры разы. Пашкоджаны 2 прыватныя дамы і інфраструктурны аб'ект.

Паводле звестак уладаў, загінулых і пацярпелых няма.

Ноч на 11 мая ў вобласці прайшла без абстрэлаў.

***

У ноч на суботу вораг атакаваў з авіяцыі мірныя населеныя пункты Херсонскай вобласці, паранілі жанчыну і забілі мужчыну, піша ТГ-канал кіраўніка Херсонскай АВА Аляксандра Пракудзіна.

Удакладняецца, што адна з расійскіх ракет папала ў прыватны дом у Цягінцы, што ў Берыслаўскім раёне. На месцы ўдару загінуў мужчына.

Таксама ў выніку «прылёту» пацярпела жанчына. Медыкі аказалі ёй дапамогу на месцы.

***

У ноч на суботу 11 траўня беспілотнікі Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны атакавалі Валгаградскі нафтаперапрацоўчы завод у Расіі — пра гэта са спасылкай на крыніцы ў ГУР паведамляе «Украінская праўда».

«У ноч на 11 траўня ў Расіі зноў "грукатала". У 03:45 на Валгаградскі НПЗ, які належыць ТАА "Лукойл-Волгограднефтепереработка", прыляцелі БПЛА Галоўнага ўпраўлення выведкі. Пацярпелі ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты аўт-1 і аўт-6».

Паводле слоўх крыніцы УП, бягучы стан установак удакладняецца. Вядома, што пашкоджанні атрымаў кабель кіравання паветранымі халадзільнікамі, у выніку чаго адключаныя сем халадзільнікаў. Таксама пашкоджана дымавая труба печы П-1.

У ноч на 3 лютага 2024 года Валгаградскі НПЗ ужо падвяргаўся нападу ўкраінскіх беспілотнікаў, у выніку чаго ўзнік пажар.

ТАА «Лукойл-Волгограднефтепереработка» — найбуйнейшы вытворца нафтапрадуктаў у Паўднёвай федэральнай акрузе РФ, магутнасць завода складае 14,8 млн. тон. З 1993 года з'яўляецца 100% даччынай арганізацыяй ТАА «Лукойл».

***

Мінабароны Расіі сцвярджае, што ў ноч на суботу над Белгародскай вобласцю быў збіты 21 рэактыўны снарад «Vampire», а таксама дзевяць беспілотнікаў.

Яшчэ сем дронаў, паводле заявы, былі перахопленыя ў Курскай і Валгаградскай абласцях.

Белгарадскі губернатар Вячаслаў Гладкоў ноччу паведамляў пра восем пацярпелых у выніку адбіцця атакі на абласны цэнтр. Ён пісаў у тэлеграм-канале, што «збіта некалькі паветраных цэляў на падлёце да горада». Пад абстрэл УСУ трапіла сяло Гара-падол Грайваронскай гарадскога акругі. Гэтае сяло знаходзіцца побач з мяжой з Украінай. Грайваронская акруга рэгулярна абстрэльваецца падчас вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны.

«Пацярпелых няма. Ёсць пашкоджанне лініі электраперадачы, часова без святла застаюцца жыхары вёсак Гара-падол, Казінка, Глотава, Зарэчча і Безымен», — паведаміў Гладкоў. Украінскі бок каментароў не даваў.

Губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт паведамляў пра перахоп двух беспілотнікаў, адзін з якіх упаў у пасёлку Цім і «пашкодзіў шыбы жылых дамоў». Улады Валгаградскай вобласці пра налёт дронаў не паведамлялі.