828-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: ЗША дазволілі Украіне біць па Расіі сваёй зброяй (але ёсць нюанс)
Расія працягвае біць па Харкаве. У выніку сённяшняй атакі ўжо вядома пра пяцярых загінулых і 25 пацярпелых. Украіна, у сваю чаргу, здзяйсняе паспяховыя аперацыі па паражэнні лагістычных вузлоў ворага. Так, гэтай ноччу дроны атакавалі паромную пераправу і нафтавы тэрмінал у Краснадарскім краі.
***
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбенг заяўляе, што Украіна мае права наносіць удары па тэрыторыі Расіі, і падкрэслівае, што ўсё больш хаўруснікаў згаджаюцца з гэтым, перадае словы генсека альянса карэспандэнт «Еўрапейскай праўды» з Прагі, дзе праходзіць міністэрская сустрэча NATO.
«Украіна мае права на самаабарону і гэта ўключае ўдары па цэлях на тэрыторыі Расіі. Гэта становіцца яшчэ больш актуальным, на фоне адкрыцця новага фронту (у Харкаўскай вобласці. — Заўв. рэд.)».
Столтэнберг адзначыў, што яго перакананне звязана з тым, што ўдары УСУ па Расіі маюць абарончы характар.
«Украіна павінна мець права наносіць удары ў адказ, каб абараняцца», — падкрэсліў Столтэнберг, асобна адзначыўшы, што для эфектыўнай абароны Украіна павінна выкарыстоўваць найноўшую натаўскую зброю.
Ён таксама нагадаў, што ўсё больш дзяржаў-удзельніц NATO даюць дазвол Украіне для выкарыстання сваёй зброі, але не расказаў, якія ўмовы выстаўляюцца пры гэтым для УСУ.
«Мы чакаем, што гэта (удары па Расіі. — Заўв. рэд.) будзе ажыццяўляцца адказна», — падсумаваў Столтэнберг.
***
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таемна дазволіў Украіне наносіць удары па тэрыторыі РФ амерыканскай зброяй, але выключна ля межаў Харкаўскай вобласці, паведамляе «Politico».
«Прэзідэнт нядаўна даручыў сваёй камандзе забяспечыць, каб Украіна магла выкарыстоўваць амерыканскую зброю для ўдараў у адказ на Харкаўшчыну, каб Украіна магла нанесці ўдар у адказ па расійскіх сілах, якія наносяць удары або рыхтуюцца нанесці іх».
Адносна нанясення ўдараў на вялікія адлегласці ўнутры Расіі палітыка ЗША не змянілася, адзначыла крыніца «Politico».
Прычынай рашэння Байдэна суразмоўцы выдання назвалі пагаршэнне ўмоў для Украіны на полі бою — а менавіта прасоўванне Расіі і паляпшэнне яе пазіцый у Харкаўскай вобласці.
Украіна цяпер можа выкарыстоўваць амерыканскую зброю, каб збіваць запушчаныя ў кірунку Харкава ракеты, паражаць войскі непасрэдна з расійскага боку мяжы каля Харкава і біць па расійскіх бамбавіках, якія запускаюць бомбы ў бок украінскай тэрыторыі.
Чыноўнік ЗША заявіў «Politico», што Украіна не можа выкарыстоўваць гэтую зброю для паражэння грамадзянскай інфраструктуры або запуску ракет далёкага радыусу дзеяння для паражэеея ваенных цэляў у глыбіні Расіі.
Некаторыя еўрапейскія дзяржавы ўжо адкрыта заявілі, што падтрымліваюць такую пазіцыю.
***
Падмацаванне для расійскіх вайскоўцаў на Харкаўшчыне паказвае на тое, што яны, імаверна, робяць намаганні для адводу ўкраінскіх сіл з крытычных участкаў лініі фронту на ўсходзе Украіны і ствараюць «буферную зону» на поўначы Харкаўскай вобласці. Такім чынам расійцы хочуць пачаць другую фазу свайго наступу на Харкаўшчыну, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі і Генштаб Украіны 30 траўня паведамілі, што расійскія вайскоўцы перакідваюць падраздзяленні, дадатковыя палкі і брыгады з іншых участкаў лініі фронту і з палігонаў у Стралеччы-Ліпцы (на поўнач ад Харкава) і Ваўчанску (на паўночны ўсход ад Харкава).
Сырскі паведаміў, што расійскія вайскоўцы не маюць дастаткова сіл на поўначы Харкаўскай вобласці, каб правесці поўнамаштабны наступ і прарваць украінскую абарону.
Старшыня Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў таксама паведаміў, што расійскія войскі перакідваюць рэзервы на Ліпцаўскі і Ваўчанскі напрамкі, каб прыцягнуць і замацаваць як мага больш украінскіх сіл на поўначы Харкаўскай вобласці і захаваць цяперашні тэмп наступальных дзеянняў РФ у гэтым раёне.
Сінягубаў заявіў, што расійскія войскі не засяродзілі «ўдарную групоўку» каля Залачэўскай абшчыны Харкаўскай вобласці (на паўночны захад ад Харкава).
Расійцы, верагодна, маюць намер пачаць другую фазу сваёй наступальнай аперацыі на поўначы Харкаўскай вобласці пасля вызначанага захопу Ваўчанска, хоць пазіцыйныя баі і магчымыя ўкраінскія контратакі могуць запатрабаваць ад іх правядзення яшчэ адной хвалі ўзмоцненых штурмаў у гэтым раёне, каб завяршыць захоп горада.
ISW працягвае ацэньваць, што расійскія сілы, імаверна, стрымліваюць шмат рэзерваў Паўночнай групоўкі войскаў, якая ўкамплектаваная элементамі 11-га армейскага корпуса, 44-га АК і 6-й агульнавайсковай арміі — усе часткі расійскай Ленінградскай вайсковай акругі (ЛВА).
Пакуль гэтая групоўка войскаў не наблізіцца да запланаванай канчатковай колькасці ў 50 000-70 000 чалавек. Але нават на верхняй мяжы заяўленай канчатковай колькасці яна не будзе мець неабходнай жывой сілы для правядзення паспяховай аперацыі па акружэнні або захопе Харкава.
***
У ноч на 31 траўня ў Краснадарскім краі дроны атакавалі нафтабазу. Губернатар Веніямін Кандрацьеў паведаміў пра вялікі пажар: гараць тры цыстэрны з нафтапрадуктамі, разбітая таксама паромная пераправа.
Генеральны штаб УСУ пацвердзіў паражэнне ракетамі «Няптун» паромнай пераправы і нафтавага тэрмінала порта «Каўказ»:
«Ударная група групоўкі сіл і сродкаў Ваенна-марскіх сіл УС Украіны паразіла паромную пераправу і нафтавы тэрмінал порта "Каўказ", што ў Краснадарскім краі Расіі. Гэта адбылося на пачатку дня 31 траўня — на наступную ноч пасля таго, як сілы абароны Украіны дакладнымі ўдарамі вывелі са строю паромы Керчанскай паромнай пераправы на тэрыторыі акупаванага ўкраінскага Крыма, якія курсіравалі ў порт "Каўказ" і выкарыстоўваліся для ваеннай лагістыкі агрэсара».
Вайскоўцы паведамілі, што паражэнне па нафтавым тэрмінале ў раёне порта «Каўказ» было нанесена некалькімі ракетамі ўкраінскай вытворчасці з берагавога ракетнага комплексу «Няптун».
Паведамляецца, што вынікі аб'ектыўнага кантролю пацвярджаюць выбухі ў месцах прыцэльвання, дакладнасць паражэння цэляў пакуль давыведваецца.
Комплексная аперацыя была праведзена ў каардынацыі з іншымі складнікамі сіл абароны Украіны. У прыватнасці, ударныя БПЛА сіл абароны паразілі яшчэ адзін нафтатэрмінал на тэрыторыі Краснадарскага краю.
У Генштабе падкрэслілі, што так званая «сучасная» і «эфектыўная» расійская супрацьпаветраная абарона зноў аказалася нямоглай супраць украінскіх ракет і беспілотных сістэм і не змагла абараніць важныя аб'екты, якія выкарыстоўваюцца для лагістыкі і забеспячэння арміі РФ.
Паводле даных Telegram-канала «ASTRA», акрамя нафтабазы «Таманьнефтегаз» былі атакаваныя яшчэ прынамсі 2 аб'екты, пра якія мясцовыя ўлады не паведамілі. У прыватнасці, у выніку атакі на марскі порт «Каўказ» загарэлася помпавая станцыя, а яго супрацоўнікі былі эвакуяваныя.
Акрамя гэтага, пад атаку папала электрападстанцыя ў хутары Белы Цямрукскага раёна, якая ўваходзіць у склад так званага «энергамоста на Крым». Падстанцыя атрымала пашкоджанні, але працягнула сваю працу.
Як паведамлялася раней, Сілы абароны сумесна са Службай бяспекі Украіны правялі шматдзённую аперацыю па знішчэнні лагістыкі, якая забяспечвае жыццядзейнасць расійскіх войскаў у часова акупаваным Крыме.
Быў нанесены комплексны ўдар па падстанцыях і сетках электразабеспячэння, а таксама запасах светлых нафтапрадуктаў у Краснадарскім краі РФ.
Спачатку сілы абароны нанеслі ракетны ўдар па двух паромах, якія курсіравалі ў порт «Каўказ» і выкарыстоўваліся для ваеннай лагістыкі агрэсара. Затым дроны СБУ паразілі электрападстанцыі, якія пастаўляюць электраэнергію непасрэдна на Крымскі паўвостраў і ў акваторыю Керчанскага праліва, уключаючы парты.
***
У ноч на 31 траўня расійскія войскі ўдарылі па Харкаве пяццю кіраванымі ракетамі С-300/С-400 з Белгародскай вобласці РФ, у выніку чаго разбурэнням падвергнуўся 5-павярховы жылы дом, 4 чалавекі загінулі, 25 — атрымалі раненні, з якіх двое дзяцей. Пад заваламі можа знаходзіцца яшчэ ад 4 да 6 людзей.
«Адна з ракет папала ў пяціпавярховы жылы дом, у выніку чаго былі цалкам разбураныя канструкцыі з 3-га па 5-й паверхі аднаго з яго пад'ездаў. Адбыўся пажар на плошчы 80 кв. м. З паўразбуранага дома супрацоўнікі ДСНС выратавалі 6 чалавек, з іх 1 дзіцяці».
Старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаўпаведаміў, што па стане на раніцу загінулі пяць чалавек, а таксама 25 пацярпелі ад удару, з іх 8 шпіталізаваныя, двое — у цяжкім стане. Ён дадаў, што сярод пацярпелых два дзіцяці — хлопчык і дзяўчынка па 12 гадоў.
Таксама ў выніку паўторнага абстрэлу ў 00.15 былі пашкоджаныя пажарны аўтамабіль і аўто «хуткай». Акрамя таго, у выніку пападання ракеты ў зямлю на тэрыторыі грамадзянскага прадпрыемства загінуў мужчына 1959 года нараджэння.
Яшчэ адно пападанне было ў трохпавярховы адміністрацыйны будынак.
Паводле слоў начальніка ГУП па Харкаўскай вобласці Уладзіміра Цімашэнкі, вораг ужыў тактыку падвойных удараў, каб нанесці больш шкоды.
Аварыйна-выратавальныя работы на месцы завалаў працягваюцца.
***
Сілы супрацьпаветранай абароны ў ноч на 31 траўня збілі крылатую ракету «Іскандэр-К» над Кіеўскай вобласцю, а таксама чатыры ўдарныя БпЛА тыпу «Shahed-131/136» над трыма абласцямі, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
«У ноч на 31 траўня 2024 года праціўнік атакаваў Харкаў пяццю зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300/С-400 з Белгародскай вобласці РФ, Кіеў — крылатай ракетай "Іскандэр-К" з Курскай вобласці РФ, а таксама ажыццявіў пускі чатырох ударных БпЛА тыпу "Shahed-131/136" з раёна Ейска РФ».
Паведамляецца, што ў выніку баявой працы зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі і разлікамі мабільных агнявых груп было знішчана чатыры «Шахіды» ў межах Кіеўскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай абласцей, а таксама крылатая ракета «Іскандэр-К» У Кіеўскай вобласці.
У выніку падзення абломкаў збітых паветраных цэляў у Галасееўскім раёне Кіева гарэла СТА і аўтамыйка, агнём пашкоджаныя 6 аўто і складскія памяшканні.
«Наступствы ракетнага ўдару па Кіеве. Пажарам пашкоджаны: прыватнае домаўладанне СТА; аўтамыйка; 6 легкавых аўто; складское памяшканне. Гарэла на плошчы прыкладна 120 м2».
Інфармацыя пра пацярпелых пакуль не паступала.
***
Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты краіне-агрэсару Расіі — толькі за мінулыя суткі яны абясшкодзілі больш за 1 300 акупантаў і спалілі 18 танкаў, піша Генштаб УСУ ў Facebook.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 31.05.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 507 650 (+1 390) чалавек;
- танкаў — 7 728 (+18) адз.;
- баявых браніраваных машын — 14 935 (+22) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 13 140 (+39) адз.;
- РСЗА — 1 088 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 815 (+0) адз.;
- самалётаў — 357 (+0) адз.;
- верталётаў — 326 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 10 587 (+55) адз.;
- крылатых ракет — 2 229 (+7) адз.;
- караблёў / катэраў — 27 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 17 905 (+56) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 164 (+11) адз.
***
Міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў заявіў, што ў чацвер украінскія вайскоўцы спрабавалі атакаваць Крымскі мост дзесяццю аператыўна-тактычнымі ракетамі «ATACMS», аднак усе яны былі збітыя.
Падчас пасяджэння Савета міністраў абароны Арганізацыі Дамовы калектыўнай бяспекі (АДКБ) у Алматы Белавусаў сказаў, што гэта была «самая масіраваная атака». «Усе ракеты былі збітыя. У выніку ўдалося выратаваць сотні жыццяў», — цытуе «Бі-бі-сі» Белавусава.
У ноч на 30 траўня пра атаку на Керч паведамлялі расійскія крыніцы ў анэксаваным Крыме. Яны сцвярджалі, што два паромы, аўтамабільны і чыгуначны, былі пашкоджаныя абломкамі збітых ракет, і што ахвяр сярод маракоў і грамадзянскіх няма.
Затым Мінабароны Расіі заявіла, што на працягу ночы над акваторыяй Азоўскага мора былі збітыя восем амерыканскіх аператыўна-тактычных ракет «ATACMS». Пра ўдар па пераправе міністэрства не пісала.
Украінскі Генштаб у пятніцу раніцай заявіў, што УСУ «вывелі са строю паромы Керчанскай паромнай пераправы» ў анэксаваным Крыме, якія курсіравалі ў порт «Каўказ».