877-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: контрнаступ УСУ пакуль немагчымы

Расія хоча стварыць «сістэму еўразійскай бяспекі», якая будзе супрацьстаяць той, што створаная ЗША і ЕС. На чале прапануецца быць Кітаю.

886x486_mb_blog_russia.webp

***

Аўтарытэтны брытанскі аналітычны цэнтр па праблемах бяспекі RUSI апублікаваў 48-старонкавы даклад «Папярэднія ўрокі ўкраінскіх наступальных аперацый 2022-2023 гадоў», у якім названыя асноўныя прычыны няўдалага контрнаступу Узброеных сіл Украіны 2023 года і выказваюцца сумневыў адносна новага наступу ў найбліжэйшай будучыні.

Першапачатковую задуму аўтары называюць абгрунтаванай: «12 украінскіх бранятанкавых і механізаваных брыгад павінны былі ажыццявіць прарыў на ўчастку шырынёй 30 км, ізаляваць Такмак на працягу сямі дзён, а затым прарвацца на поўдзень да Мелітопаля. Пры такім тэмпе Расія не паспела б падцягнуць рэзервы і надыходзячым украінскім войскам трэба было толькі пераадолець супраціў шасці расійскіх палкоў у абароне», — цытуе «Бі-бі-сі» вытрымкі з даклада.

Але, як адзначаюць аналітыкі, рэалізацыі гэтай задумы перашкодзілі памылкі, дапушчаныя як хаўруснікамі Украіны, так і самім украінскім камандаваннем. Прынамсі:

- заходнія саюзнікі паставілі недастаткова тэхнікі і ўзбраенняў; у адрозненне ад Расіі, яны не паспелі перавесці прамысловасць на ваенныя рэйкі, таму ўзбраенняў у іх не хапала, а тыя, што былі, пастаўляліся са спазненнем. Гэта прывяло да таго, што на засваенне новай тэхнікі ва ўкраінскай арміі часу было мала.

- украінскае камандаванне вырашыла кінуць на прарыў менш падрыхтаваныя часткі, тады як больш дасведчаныя павінны былі трымаць фронт. Акрамя таго, яно распыліла свае сілы па некалькіх напрамках.

- але самая сур'ёзная памылка ўкраінскага камандавання, на думку аналітыкаў, заключалася ў тым, што яно разлічвала, што абарона расійскіх войск не вытрымае і салдаты пабягуць, як гэта было пад Харкавам у 2022 годзе. Калі гэтага не адбылося, УСУ безнадзейна страцілі тэмп.

- акрамя таго, расійскае камандаванне відавочна дакладна ведала, дзе будзе кірунак галоўнага ўдару. У гэтым аўтары бачаць правал аператыўнай бяспекі з боку як Украіны, так і яе саюзнікаў.

Аўтары пры гэтым не абмяркоўваюць такія фактары, як шчыльнасць расійскіх мінных палёў і магчымасці ўдарных дронаў, здольных з вялікай дакладнасцю паражаць каштоўную бронетэхніку.

Таксама аўтары дакладу лічаць, што аднаўленне ўкраінскіх наступальных дзеянняў у найбліжэйшай будучыні немагчыма.

У той жа час, гаворыцца ў дакладзе, Украіна можа засяродзіцца на нанясенні максімальнай шкоды расійскай арміі, а таксама нарошчваць удары па расійскай інфраструктуры, якая генеруе даходы для расійскага бюджэту.

***

Галоўнакамандуючы аб'яднаных сіл NATO ў Еўропе генерал Крыстафер Кавалі падчас дыскусіі ў «Аспен Інстытуце» адзначыў, што Украіна «мае выдатную стратэгію» вядзення вайны з РФ, аднак ход баявых падзей становіцца ўсё больш складана спрагназаваць, піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на «Голас Амерыкі».

Ён адзначыў, што ход вайны будзе залежаць ад здольнасці «генераваць сілу». У прыватнасці, ад таго, які бок зможа «назапашваць якасную сілу хутчэй і скарыстацца гэтым, пакуль ёсць акно магчымасцей».

Пры гэтым генерал адзначыў, што ўкраінцы цяпер генеруюць такую сілу і ўмела выбудоўваюць сваю стратэгію: «На працягу апошніх некалькіх месяцаў украінцы былі сканцэнтраваны на абароне ўсходніх тэрыторый, не дазваляючы Расіі свабодна выкарыстоўваць Крым і поўдзень Украіны для нападу, захоўваючы свой доступ да Чорнага мора і генеруючы сілу. У іх выдатная стратэгія. Гэта толькі пытанне працягу яе выканання».

Паводле слоў Кавалі, ключавая частка «генерацыі сілы» для Украіны цяпер залежыць ад краін ЕС і NATO: «Гэта запатрабуе ад нас назапашвання і вытворчасці большай колькасці тэхнікі, чым мы думалі, магчыма, два гады таму».

Ён падкрэсліў, што «вынік баявых дзеянняў ва Украіне з'яўляецца жыццёва важным для будучыні еўрапейскай і сусветнай бяспекі», а таксама дадаў, што свет «не павінен мець ніякіх ілюзій» адносна заканчэння вайны ва Украіне.

«Напрыканцы канфлікту ва Украіне, як бы ён ні скончыўся, мы будзем мець вельмі вялікую праблему з Расіяй. Мы атрымаем сітуацыю, калі Расія аднаўляе свае сілы, размяшчаючыся на межах NATO, і яе будуць узначальваць пераважна тыя ж людзі, што і цяпер. Расія перакананая, што мы — праціўнік, а таксама вельмі-вельмі раз'юшаная», — сказаў генерал, дадаўшы, што Захад павінен быць да гэтага гатовы.

***

Аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) паказваюць на тое, што крамлёўскія чыноўнікі пашыраюць геаграфію прапанаванай Расіяй так званай «сістэмы еўразійскай бяспекі».

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў на прэс-канферэнцыі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 17 ліпеня, што Расія і Кітайская Народная Рэспубліка выступаюць у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (ASEAN) і Савета супрацоўніцтва краін Персідскага заліва (эканамічны саюз, у які ўваходзяць Бахрэйн, Кувейт, Аман, Катар, Саудаўская Аравія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) за стварэнне «еўразійскай архітэктуры бяспекі».

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў стварыць альтэрнатыўную «еўразійскую сістэму бяспекі» пры падтрымцы прэзідэнта КНР Сі Цзіньпіна 14 чэрвеня.

Акрамя таго, нядаўна Пуцін асабліва падкрэсліў, што Расія гатовая абмяркоўваць пытанні еўразійскай бяспекі з ШАС і што РФ хоча развіваць дыялог з ASEAN.

Пуцін таксама назваў В'етнам — краіну, якая звычайна не ўваходзіць у палітычныя канцэпцыі Еўразіі — часткай прапанаванай ім сістэмы.

***

Сілы абароны за мінулыя суткі абясшкодзілі яшчэ каля тысячы расійскіх захопнікаў, спалілі 55 артылерыйскіх сістэм, 19 ББМ і 5 танкаў, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 19.07.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 564 620 (+980) чалавек;
  • танкаў — 8 250 (+5) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 15 902 (+19) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 15 520 (+55) адз.;
  • РСЗА — 1 120 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 894 (+1) адз.;
  • самалётаў — 361 (+0) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 12 316 (+42) адз.;
  • крылатых ракет — 2 401 (+3) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 20 909 (+76) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 593 (+0) адз.

За мінулыя суткі на фронце зафіксавалі 130 баявых сутыкненняў, найбольш актыўныя расійскія войскі на Пакроўскім і Тарэцкім кірунку.

«Паводле ўдакладненай інфармацыі, учора праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах тры ракетныя ўдары чатырма ракетамі, 73 авіяцыйныя ўдары, ужыўшы, у прыватнасці, 101 КАБаў. Акрамя гэтага, здзейсніў 4675 абстрэлаў, 139 з іх — з рэактыўных сістэм».

Учора Авіяцыя і ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны нанеслі 16 удараў па навалах ваеннай тэхнікі і жывой сілы праціўніка, пабілі два пункты кіравання, два сродкі СПА, чатыры радыёлакацыйных станцыі і станцыі РЭБ праціўніка.

***

Расійскія войскі ўначы і раніцай 19 ліпеня 7 разоў абстралялі памежжа Сумшчыны, у выніку скіду выбухоўкі з дрона пацярпела жанчына, паведамляе прэс-служба Сумскай АВА.

«Уначы і раніцай расійцы здзейснілі 7 абстрэлаў памежных тэрыторый і населеных пунктаў Сумскай вобласці. Зафіксавана 16 выбухаў. Абстрэлы пацярпелі Белапольская, Краснапольская, Новаслабадская, Шалыгінская, Эсманьская, Дружбаўская грамады.

Новаслабадская грамада: здзейснены скід з БпЛА 1 выбуховага прыстасавання (1 выбух), у выніку чаго паранена жанчына. Таксама быў абстрэл з выкарыстаннем 1 FPV-дрона (1 выбух)».

Адну міну расійцы скінулі на тэрыторыю Дружбаўскай грамады. У Эсманскай грамадзе быў абстрэл з выкарыстаннем FPV-дрона (1 выбух). У Белапольскай грамадзе вораг збіваў з мінамётаў (5 выбухаў).

5 мін скінулі расійцы на тэрыторыю Шалыгінскай грамады. У Краснапольскай грамадзе быў абстрэл 2 некіравальных авіяцыйных ракет з верталёта (НАР) (2 выбухі).

***

Раніцай 19 ліпеня расійскія захопнікі абстралялі пасёлак Белазёрка на Херсоншчыне, у выніку чаго загінулі дзве мясцовыя жыхаркі, паведаміў кіраўнік Херсонскай вобласці Аляксандр Пракудзін у Telegram.

«Раніцай расійскія войскі накрылі агнём жылы дом у Белазёрцы. Праз гэта ва ўласным доме смяротныя раненні атрымала 72-гадовая мясцовая жыхарка. Мае спачуванні родным і блізкім загінулай».

Пазней Пракудзін дадаў, што колькасць загінулых узрасла да двух — ратавальнікі з-пад завалаў дасталі цела жанчыны.

Кіраўнік АВА таксама ўдакладніў, што расійцы білі па Белазёрцы з РСЗА «Град» — выпусцілі каля 40 снарадаў. З-за гэтага пашкоджана каля 60 грамадзянскіх будынкаў. Таксама ў выніку ўдараў акупантаў ёсць параненыя, сярод якіх — медыцынскія работнікі.

У 11: 37 Пракудзін паведаміў, што ў выніку абстрэлу параненыя 5 чалавек.

«З выбуховымі траўмамі, кантузіяй, аскепкавымі раненнямі патыліцы і сцёгнаў у бальніцу даставілі 43-гадовага мужчыну. Ва ўласнай кватэры з-за ўдарнай хвалі пацярпела 69-гадовая медработніца. Яна атрымала кантузію, страсенне галаўнога мозгу і выбуховую траўму. Пацярпелай на месцы аказалі меддапамогу. Мясцовыя жыхары, 52 і 39 гадоў, атрымалі кантузіі і выбуховыя траўмы. Ім таксама неабходную дапамогу аказалі на месцы», — напісаў кіраўнік АВА.

Ён таксама дадаў, што пад удар расійскага беспілотніка трапіла фельчарка, якая дапамагала пацярпелым. 26-гадовую жанчыну шпіталізавалі з выбуховымі траўмамі і кантузіяй.

***

Кіраўнік Белгародскай вобласці Расіі Вячаслаў Гладкоўпаведаміў пра смерць 16-гадовага падлетка, які 11 ліпеня быў паранены ў выніку атакі ўкраінскага беспілотніка на дзіцячую пляцоўку ў памежным горадзе Шэбекіна.

На працягу ўсяго тыдня лекары змагаліся за жыццё 16-гадовага хлопчыка. Падлетак атрымаў вельмі сур'ёзныя раненні, якія пашкодзілі жыццёва важныя магістральныя сасуды. Гэта прывяло да шырокай страты крыві — 4 літры крыві. Пасля паступлення ў бальніцу ў яго двойчы спынялася сэрца і медыкі двойчы вярталі яго да жыцця», — паведаміў Гладкоў.

11 ліпеня губернатар паведаміў, што ў памежным горадзе Шэбекіна пяцёра дзяцей пацярпелі ад выбуху выбуховага прыстасавання, скінутага з украінскага дрона.

***

Як паведаміў часовы выконваючы абавязкі губернатара Курскай вобласці, робат УСУ атакаваў тэрыторыю манастыра ў сяле Гарналь Курскай вобласці блізу мяжы з Украінай.

У выніку атакі загінуў мужчына. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Mash», загінуў 60-гадовы прыхаджанін манастыра.

Украінскія ўлады не каментавалі гэтую заяву.

Гарнальскі Свята-Мікалаеўскі белагорскі манастыр знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад мяжы з Украінай, з яе Сумскай вобласцю.

У жніўні мінулага года ў выніку падзення дрона паблізу манастыра лёгкія аскепкавыя раненні атрымала дзіця.