915-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: масіраваная атака на ўкраінскія гарады, пажар на Омскім НПЗ
Больш за 4 тысячы абстрэлаў за гэтыя суткі здзейснілі расійцы па тэрыторыі Украіны. Пад ударам аказаліся больш за 15 украінскіх гарадоў, а таксама мястэчкі і вёскі. Ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.
***
У выніку паветранага нападу Расійскай Федэрацыі 26 жніўня пацярпелі 15 абласцей Украіны, паведаміў рэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль у Telegram. Расія запусціла па Украіне некалькі дзясяткаў дронаў-камікадзэ тыпу «Шахід». Раніцай вораг ударыў яшчэ і крылатымі ракетамі і балістыкай. Выбухі раздаваліся ў Кіеве, Луцку, Запарожжы, Адэсе, Харкаве і іншых гарадах.
«15 абласцей пацярпелі сёння ў выніку расійскай масіраванай атакі. Вораг ужыў розныя віды ўзбраення: БпЛА, крылатыя ракеты, "кінжалы". Ёсць параненыя і загінулыя. Шчырыя спачуванні родным і блізкім.
Мэтай расійскіх тэрарыстаў зноў стала энэргетычная інфраструктура. На жаль, ёсць пашкоджанні ў шэрагу рэгіёнаў. "Укрэнерга" вымушана прымяніць экстраныя адключэнні электраэнергіі, каб стабілізаваць сістэму.
Старшыні АВА атрымалі заданне разгарнуць пры неабходнасці "Пункты незламнасці"».
Шмыгаль чарговы раз падкрэсліў: каб спыніць варварскі абстрэл украінскіх гарадоў, неабходна знішчаць тое, адкуль запускаюцца расійскія ракеты.
Для гэтага Украіне патрэбная дальнабойная зброя і дазвол партнёраў біць ёю па расійскіх аб'ектах. Украінскі ўрад разлічвае на падтрымку саюзнікаў.
Наступствы камбінаванай атакі праціўніка ўдакладняюцца.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram пракаментаваў масіраваную атаку РФ на ўкраінскія гарады:
«Гэта быў адзін з найбуйнейшых удараў — камбінаваны. Больш за сотню ракет розных тыпаў і каля сотні "шахідаў". І, як большасць папярэдніх расейскіх удараў, гэты такі ж подлы, нацэлены на крытычную грамадзянскую інфраструктуру. Па большасці нашых рэгіёнаў, ад Харкаўшчыны і Кіева да Адэсы і заходніх абласцей. На жаль, ёсць загінулыя. Мае спачуванні ўсім родным і блізкім. Ёсць дзясяткі параненых — усім аказваецца неабходная дапамога».
Паводле слоў Зяленскага, ёсць шмат пашкоджанняў у энергетыцы. У той жа час ён падкрэсліў, што ўсюды ўжо ідуць аднаўленчыя работы — рамонтныя брыгады будуць працаваць кругласутачна, і электрычнасць жыхарам вернуць.
«Пуцін сабе не здраджвае: гэта хворая істота — усім ужо даўно зразумела. Але таксама зразумела: ён можа рабіць толькі тое, што свет яму дазваляе рабіць. Слабасць, недастатковасць рашэнняў у адказ сілкуе тэрор», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
Ён дадаў, што «кожны лідар, кожны наш партнёр ведае, якія моцныя рашэнні патрэбныя», каб спыніць вайну і зрабіць гэта справядліва.
«Не можа быць ва Украіне абмежаванняў у дальнабойнасці, калі ў тэрарыстаў няма такіх абмежаванняў. Не можа быць у абаронцаў жыцця абмежаванняў у зброі, калі Расія выкарыстоўвае і ўласную зброю ўсіх тыпаў, і "Шахіды", і балістыку з Паўночнай Карэі. Амерыка, Брытанія, Францыя, іншыя партнёры маюць сілу, каб дапамагчы нам спыніць тэрор. Патрэбныя пастановы», — падсумаваў Зяленскі.
***
У выніку расійскай камбінаванай атакі ў Жытомірскай вобласці загінула жанчына, у Адэскай вобласці — 7 параненых, сярод якіх двое дзяцей; увогуле вядома, што акупанты забілі 5 грамадзянскіх: па адным чалавеку ў Луцку, на Запарожжы, Днепрапятроўшчыне і Харкаўшчыне.
Як паведамляе кіраўнік Жытомірскай АВА Віталь Бунечко, «на Жытоміршчыне ад масіраванай ракетнай атакай пацярпелі жылыя дамы і аб'екты крытычнай інфраструктуры. На жаль, паводле папярэдніх звестак, у выніку тэрарыстычных дзеянняў расійскага рэжыму загінула жанчына».
Ён дадаў, што з-за складанай сітуацыі ў энергасістэме ўведзеныя аварыйныя адключэнні святла. На месцах працуюць ратавальнікі і рамонтныя брыгады.
Кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер паведаміў, што ў рэгіёне чацвёра параненых, сярод якіх дзіця; білі акупанты па энергетычнай і грамадзянскай інфраструктуры.
«У выніку атакі чатыры чалавекі атрымалі раненні, сярод іх — 10-гадовы хлопчык. Трое пацярпелых шпіталізаваныя ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Ім аказваецца ўся неабходная дапамога».
Кіраўнік АВА дадаў, што ў выніку падзення абломкаў ракет пашкоджаныя прыватныя дамы і вялікая колькасць аўтатранспарту.
«Таксама ў Адэскім раёне ёсць збоі ў працы электраэнергіі. Усе адпаведныя службы ліквідуюць наступствы атакі расійцаў», — падсумаваў Кіпер.
Чыноўнік паведаміў, што ў медустанову ў стане сярэдняй ступені цяжкасці шпіталізавана 60-гадовая жанчына. Таксама двое дзяцей (10-гадовая дзяўчынка і 8-гадовы хлопчык) атрымалі ўдары і раненні.
Таксама стала вядома, што адзін чалавек загінуў і яшчэ два атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару па Ізюмскім раёне Харкаўскай вобласці.
***
Расійскія вайскоўцы перакідваюць сілы з менш прыярытэтных участкаў фронту ва Украіне на лінію фронту ў Курскай вобласці. У прыватнасці, там фіксавалі вайскоўцаў, якія раней былі на Харкаўскім і Северскім кірунках і ў раёне Часавага Яра, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW).
ISW назіраў за баявымі дзеяннямі 810-й марской пяхотнай брыгады, 155-й марской пяхотнай брыгады і 11-й брыгады ПДВ у Курскай вобласці, а таксама бачыў доказы таго, што расійскае ваеннае камандаванне нядаўна перадыслакавала падраздзяленні 56-га палка ПДВ з раёна Рабоціна на захадзе Запарожскай вобласці ў Курскую вобласць.
ISW яшчэ не бачыў паведамленняў пра баявыя дзеянні 51-га палка ПДВ у Курскай вобласці, але той факт, што камандзір 51-га палка ПДВ дакладваў Пуціну разам з камандзірамі іншых частак, якія нядаўна перадыслакавалі свае падраздзяленні ў Курскую вобласць, дазваляе выказаць здагадку, што падраздзяленні 51-га палка ПДВ, верагодна, таксама перадыслакаваліся ў гэты раён.
Падраздзяленні 51-га палка ПДВ перадыслакавалі ў Курскую вобласць з Северскага кірунку разам з іншымі падраздзяленнямі 106-й дывізіі ПДВ.
Таксама Расія перадыслакавала падраздзяленні 810-й і 155-й марскіх пяхотных брыгад з лініі фронту на поўначы Харкаўскай вобласці і, верагодна, падраздзяленні 11-й брыгады ПДВ з раёна Часавага Яра.
Расійскае ваеннае камандаванне супраціўляецца перадыслакацыі сіл з прыярытэтнага Пакроўскага кірунку ў Данецкай вобласці і, верагодна, працягне перакідваць сілы з менш прыярытэтных у іншых частках тэатра ваенных дзеянняў для абароны ў Курскай вобласці.
***
Выданне «The Washington Post», вывучыўшы больш за сто відэазапісаў і фотаздымкаў, зробленых з пачатку Курскай аперацыі, пацвердзіла палон прынамсі 247 расійскіх салдат.
Гаворка ідзе пра відэазапісы, знятыя самімі ўкраінскімі вайскоўцамі, і кадры, зробленыя фатографам «The Washington Post» у лагеры для ваеннапалонных, дзе ўтрымліваюць, у прыватнасці, расійскіх салдат тэрміновай службы.
У артыкуле таксама адзначаецца, што маладыя расійскія вайскоўцы, здаецца, здаваліся ў палон без супраціву.
Выданне пры гэтым адзначае, што журналісты праверылі далёка не ўсе відэа і фота з палоннымі, якія працягваюць з'яўляцца ў сеціве, а таму мяркуе, што колькасць расійскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў рукі УСУ, значна вышэйшая.
***
Амерыканскія афіцыйныя асобы кажуць, што мэта ўкраінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці з'яўляецца патройнай: прымусіць Расію адвесці войскі з усходу Украіны; разбурыць наратыў пра паражэнне на полі бою; палепшыць пазіцыю Украіны напярэдадні патэнцыйных мірных перамоў. Цяпер усе тры мэты былі дасягнуты, хоць і ў абмежаванай ступені, піша «The Wall Street Journal».
Як гаворыцца ў артыкуле, ЗША спачатку былі збянтэжаныя тым, чаму Украіна пайшла на такі рэзкі крок і што будзе далей. «Бровы былі паднятыя вельмі высока», — сказаў высокапастаўлены чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта ЗША.
Цяпер там асцярожна чакаюць, ці акупіцца авантура Зяленскага.
WSJ адзначае, што ЗША даюць Украіне прастору для правядзення Курскай аперацыі, але імкнуцца пазбягаць публічнага прыцягнення да гэтага пытання, кажуць афіцыйныя асобы.
Ад Белага дома і Пентагона да штаб-кватэры еўрапейскага камандавання ЗША ў Германіі афіцыйныя асобы назіраюць за гэтым з асцярожным аптымізмам.
Высокапастаўлены чыноўнік Пентагона па пытаннях спецаперацый Крыс Маер лічыць, што «на пэўным узроўні гэта яшчэ раз дэманструе крохкасць расійскай ваеннай бяспекі, што яны аказаліся не гатовымі да гэтай падзеі».
***
Расійскія захопнікі атакуюць па ўсёй лініі фронту, самай гарачай сітуацыя застаецца на Пакроўскім кірунку, таксама акупанты актывізаваліся на Купянскім і Ліманскім кірунках; усяго за суткі адбылося 146 баявых сутыкненняў, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ па стане на раніцу 26 жніўня.
«Паводле ўдакладненай інфармацыі, учора (25 жніўня. — Заўв. рэд.) праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах два ракетныя ўдары з ужываннем чатырох ракет, а таксама 88 авіяўдараў, у прыватнасці, скінуў 142 КАБы. Акрамя гэтага, здзейсніў 4335 абстрэлаў, з іх 121 — з рэактыўных сістэм залпавага агню».
За мінулыя суткі сілы абароны Украіны абясшкодзілі 1 140 захопнікаў, спалілі 47 артылерыйскіх сістэм і 17 ББМ.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 26.08.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 608 820 (+1 140) чалавек;
- танкаў — 8 551 (+4) адз.;
- баявых браніраваных машын — 16 648 (+17) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 17 443 (+47) адз.;
- РСЗА — 1 172 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 937 (+1) адз.;
- самалётаў — 367 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14 134 (+39) адз.;
- крылатых ракет — 2 444 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 23 555 (+80) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 941 (+13) адз.
***
Сітуацыя на мяжы Украіны з Беларуссю паводле стану на 26 жніўня застаецца нязменнай і кантраляванай, перакідка ваенных сіл і тэхнікі не зафіксавана, сказаў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры нацыянальнага тэлемарафона ў панядзелак.
«Агулам па мяжы сітуацыя нязменная. Сілы абароны Украіны розных складнікаў, а гэта і памежнікі, і Узброеныя сілы, Нацыянальная гвардыя, цалкам кантралююць лінію мяжы. Нейкіх нестандартных сітуацый непасрэдна па нашай дзяржмяжы не адзначалася.
За тым, што адбываецца ўглыб тэрыторыі Беларусі, актыўна сочаць падраздзяленні выведкі, каб разумець, наколькі сітуацыя можа мяняцца, каб мы былі гатовыя на тым ці іншым кірунку, калі нейкія дзеянні пачнуцца з тэрыторыі РБ.
Але магу адзначыць, што ў непасрэднай блізкасці да нашай мяжы мы не адзначаем і не назіраем ні перамяшчэння тэхнікі, ні асабістага саставу».
Таксама афіцэр адзначыў, што паводле стану на 26 жніўня Расія на тэрыторыі Беларусі не мае дастатковай групоўкі, якую б яна магла задзейнічаць для новага ўварвання ва Украіну з гэтага кірунку, піша «Украінская праўда».
Нагадаем, увечары 25 верасня Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла пра засяроджванне значнай колькасці асабістага саставу і тэхнікі Узброеных сіл Беларусі ля мяжы з Украінай пад выглядам вучэнняў, а таксама пра прысутнасць там былых «вагнераўцаў», і заклікала не рабіць трагічных памылак пад ціскам Масквы.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» адзначыла, што групоўка беларускіх войскаў на мяжы з Украінай складае каля 1100 чалавек і не нясе пагрозы.
***
На Омскім нафтаперапрацоўчым заводзе «Газпрам нафты» ў Расіі адбыўся выбух і ўзнік пажар, паведаміў расійскі «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу завода.
На самім заводзе паведамілі, што ўзгаранне «пад кантролем».
«Аўтаматычнай сістэмай бяспекі завода зафіксавана ўзгаранне тэхналагічнага абсталявання. Сродкі аўтаматызаванага пажаратушэння, якія спрацавалі, і пажарная служба аператыўна лакалізуюць узгаранне», — заявіла кіраўніцтва НПЗ, дадаўшы, што ён працуе ў штатным рэжыме.
У сеціве публікуюць фота і відэа пажару. Асобныя Telegram-каналы паведамілі, што пажару папярэднічаў магутны выбух.
Омскі НПЗ «Газпрам нафты» забяспечвае нафтапрадуктамі ўнутраны расійскі рынак, пастаўкі з завода таксама ідуць у Казахстан. Вытворчыя магутнасці — 21,6 млн. тон нафты ў год і 1,2 млн. тон стабільнага газавага кандэнсату. Глыбіня перапрацоўкі на прадпрыемстве дасягае 100%, выхад светлых нафтапрадуктаў — больш за 80%. Гэта адзін з найбуйнейшых НПЗ у Расіі.