«Абодва народы хочуць пазбавіцца расійскай акупацыі». Святлана Ціханоўская звярнулася да Зяленскага

Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да Уладзіміра Зяленскага і заявіла, што ў беларусаў і ўкраінцаў адны мэты, а палітыкі павінны дапамагаць народам падтрымліваць адзін аднаго.

51400610779_3a9dbfa531_k_s9ons.jpg


Ціханоўская заявіла, што Беларусі і ўкраінцы павінны захоўваць адзінства, і нагадала пра беларускіх валанцёраў, якія дапамагаюць украінцам, «рэйкавых партызанах» і беларусах, якія адсочваюць і паведамляюць аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі, перадае REFORM.by.

«Прэзідэнт Зяленскі ў сваім звароце сказаў, што гэта расійскія ўлады хочуць пасеяць нянавісць паміж народамі Беларусі і Украіны. І гэта на самай справе так. І таму гэты час захоўваць адзінства — на злосць агрэсару», — сказала Ціханоўская.

Ціханоўская заявіла, што ўсе, адказныя за ваенную агрэсію і выкарыстанне тэрыторыі Беларусі як плацдарма для нападу, панясуць адказнасць, але гэта будуць Лукашэнка і яго памагатыя, а не ўвесь беларускі народ.

«І ў народа Украіны, і ў народа Беларусі ёсць свае нацыянальныя інтарэсы. І цяпер яны супадаюць, бо абодва нашыя народы хочуць вярнуць мірнае жыццё, пазбавіцца ад расійскай акупацыі і канчаткова перамагчы дыктатуру як з’яву. Нашы народы цяпер падтрымліваюць адзін аднаго, і задача палітыкаў — дапамагчы ім у гэтым. Не раз’яднацца тады, калі гэта дапаможа толькі ворагу. Беларусы зробяць усё магчымае, каб дапамагчы Украіне. Нам не трэба нічога наўзамен, акрамя павагі нашага шляху. Павагі нашага досведу і нашага права быць самімі сабой — беларусамі», — заявіла Ціханоўская.

Ціханоўская таксама сказала, што беларусы і ўкраінцы разумеюць адзін аднаго як ніколі раней, і таму пры звароце да беларусаў Зяленскаму не трэба пераходзіць з украінскай мовы на рускую.

Нагадаем, 26 чэрвеня Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў і сказаў, што Расія хоча ўцягнуць Беларусь у поўнамаштабнае ўварванне і пасеяць нянавісць паміж беларусамі і ўкраінцамі. «Ад простых людзей у Беларусі залежыць вельмі шмат. І я ведаю, што вы не можаце ўдзельнічаць у гэтай вайне, вашы жыцці належаць толькі вам, і толькі, а не некаму ў Крамлі», — заявіў Зяленскі.