АДКБ і Беларусь

16–17 красавіка ў Ерэване адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Як паведамляе афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА, у парадку дня абмеркаванне пытанняў знешнепалітычнага супрацоўніцтва дзяржаў-сяброў АДКБ па праблемах міжнароднай бяспекі, у тым ліку стану і перспектываў дзейнасці Арганізацыі на афганскім напрамку. Таксама будуць разглядацца асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння з міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі, у прыватнасці, з ААН і АБСЕ.



b337e84de8752b27eda3a12363109e80.jpg

16–17 красавіка ў Ерэване адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Як паведамляе афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА, у парадку дня абмеркаванне пытанняў знешнепалітычнага супрацоўніцтва дзяржаў-сяброў АДКБ па праблемах міжнароднай бяспекі, у тым ліку стану і перспектываў дзейнасці Арганізацыі на афганскім напрамку. Таксама будуць разглядацца асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння з міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі, у прыватнасці, з ААН і АБСЕ. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў разгледзяць прапановы Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў савета бяспекі АДКБ, накіраваныя на актывізацыю ваеннага складніку Арганізацыі і процідзеяння выклікам і пагрозам бяспекі, прамежкавыя вынікі работы па стварэнню Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР). Нагадаем, рашэнне пра стварэнне КСАР было прынята кіраўнікамі дзяржаў-сяброў АДКБ на пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі 4 лютага бягучага года.
Пра ролю і выклікі для Беларусі ў сувязі з удзелам у ваенным саюзе пад эгідай Расіі з экспертам Раманам Якаўлеўскім размаўлялі Аляксей Кароль і Вольга Хвоін.
— Пасля распаду Савецкага саюза і Варшаўскай дамовы Беларусь увайшла ў ваенны блок. Пагадненне пра стварэнне Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання АДКБ прадугледжвае ўдзел краінаў, якія падпісалі дамову, у ваенных дзеяннях на тэрыторыях, што ўваходзяць у сферу інтарэсаў Арганізацыі. Як ацаніць само рашэнне кіраўніцтва Беларусі ўступіць у ваенна-палітычны блок, калі і ў Канстытуцыі дзяржавы падобнае сяброўства не прадугледжана?
— Хацеў бы нагадаць: тое, што мы сёння называем АДКБ, першапачаткова з’яўлялася Ташкенцкай дамовай па бяспецы. Дамова была падпісаная ў 1992 годзе ў Ташкенце. У яе ўвайшлі чатыры цэнтральнаазіяцкія краіны — Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан і Кіргізія, а таксама Расія, Беларусь, Арменія. Праз нейкі час Узбекістан выйшаў з арганізацыі, затым зноў вярнуўся.
І вось апошняя навіна ад «Інтэрфаксу»: Узбекістан адмовіўся ад удзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў МЗС АДКБ, бо, як паведаміла МЗС Узбекістана, «не бачыць мэтазгоднасці» ў гэтым пасяджэнні.
Уласна, Арганізацыя дамовы калектыўнай бяспекі сфарміравалася ў 2003 годзе. Ваенна-палітычным блокам, я лічу, АДКБ можна называць з нядаўняга часу, калі было прынятае рашэнне пра стварэнне сілаў хуткага рэагавання. Да гэтага падобныя спробы былі, але толькі на паперы. Чым адрозніваецца апошні варыянт? Вельмі дакладнай, прапісанай структурай сілаў хуткага рэагавання. Штаб будзе знаходзіцца ў Маскве, а самі сілы, па задуме, будуць дэлегавацца на тэрыторыю Расіі. Значэнне красавіцкай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў у Ерэване найперш у тым, што будзе дадзены адказ на пытанне, што ж канкрэтна зроблена за гэты час у межах дамовы. Я нагадаю: у межах АДКБ працуюць парламенцкія, міжведамасныя структуры, але гаварыць пра паўнавартасны ваенна-палітычны блок нельга. Як сказаў Лукашэнка, нам пакуль толькі марыць пра адзінства і высокую ступень кіравання, якія мае NATO. АДКБ — гэта правобраз ваенна-палітычнага блока, які Расія спрабуе выкарыстоўваць для захавання, а то і павелічэння свайго ўплыву, асаблівых інтарэсаў (што, між іншым, не хаваецца) на постсавецкай прасторы.
— Што маецца на ўвазе пад «асаблівымі інтарэсамі»?
— Расія разумее, што яна, у адрозненні ад іншых краінаў, найперш Захаду, мае свае асаблівыя інтарэсы ў Закаўказзі, Цэнтральнай Азіі, Беларусі, якія абумоўлены агульнай савецкай гісторыяй. Расія прапанавала такі пернік, як пераўзбраенне краін-чальцоў АДКБ па ўнутрырасійскіх, і нават з прэферэнцыямі, коштах. Гэта выгадна краінам-чальцам блока. Напрыклад, Кіргізія атрымала ад Расіі 1,7 мільярда долараў інвестыцый, а ўзамен прыняла рашэнне аб закрыцці ваеннай авіябазы «Манас» ЗША на сваёй тэрыторыі, тым самым пацвердзіўшы асаблівыя інтарэсы Расіі. Хацеў бы звярнуць увагу, што калі прымалася рашэнне пра стварэнне сілаў калектыўнага рэагавання, прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў падпісаў дамову з умоваю, што па кожнай магчымай аперацыі Ташкент будзе прымаць асобнае рашэнне. Астатнія таксама падпісвалі не без агаворак, але, што тычыцца Беларусі, то ніхто не можа сказаць, на якіх дакладна ўмовах было падпісана пагадненне.
— Асноўнымі мэтамі арганізацыі былі названыя захады па супрацьдзеянню тэрарызму, уключаючы накірунак Афганістану. Якая верагоднасць таго, што беларускія вайскоўцы будуць удзельнічаць у ваенных дзеяннях па-за тэрыторыяй Беларусі?

— Каб было зразумела, што АДКБ не з’яўляецца паўнавартасным ваенна-палітычным блокам, нагадаю, што шэраг краінаў-чальцоў АДКБ удзельнічалі ў кааліцыйных сілах у Іраку (Казахстан і Арменія) і Афганістане. Калі гаварыць пра супярэчнасці айчыннага заканадаўства адносна ўдзелу вайскоўцаў у ваенных аперацыях за межамі краіны, то варта помніць, што ўказы прэзідэнта маюць прэрагатыву верхавенства. Таму гэтую сітуацыю можна ахарактарызаваць так: «Бог даў, бог узяў». Калі мяне пытаюцца, ці магчымы падобны ўдзел, то я шчыра адказваю, што не ведаю. Пра тое, якія ўказы можа прыняць Лукашэнка, ведае толькі ён сам, а інструментаў кантролю не існуе.
— Наколькі рэальны варыянт увядзення войскаў АДКБ на тэрыторыі краінаў на постсавецкай прасторы?
— У Беларусі, я думаю, гэта немагчыма. Пасля жнівеньскага ваеннага канфлікту з Грузіяй Расіі ісці на падобныя крокі немэтазгодна, яна і так не хутка разбярэцца з наступствамі агрэсіі.
— Ну а, скажам, для аховы газаправода ад магчымых тэрарыстычных актаў?
— У Расіі існуе закон аб узброеных фарміраваннях для аховы сваіх газаправодаў. Думаю, што Расія ў тым ліку і па гэтай прычыне так настойліва імкнецца набыць газатранспартную сістэму Украіны. Тады будуць усе падставы для ўвядзення ўзброенай аховы сваёй уласнасці.
Я хацеў бы нагадаць пра натаўскія бамбардзіроўкі Бялграда. Рашэнне пра ваенную акцыю прымалася з бласлаўлення пятнаццаці краінаў-чальцоў NATO. То бок была парламенцкая працэдура, а не нейкая сустрэча ў Сочы, дзе прымалася рашэнне, і ўсе ставіліся перад фактам. Ваенныя дзеянні ў Грузіі  Дзярждума ўхваліла постфактум. Што тычыцца Беларусі, то я хацеў бы звярнуць увагу на нядаўні візіт у Мінск сакратара Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі, былога дырэктара ФСБ Мікалая Патрушава, якога цікавіла, што і як тут дзеецца. Але падрабязнасці невядомыя. Я думаю, што небеспадстаўна будзе звязаць апасенні, пра якія мы гаворым, з візітам Патрушава.
— А як наконт стварэння адзінай сістэмы СПА?
— Калі мы кажам пра адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны, то трэба гаварыць пра адзінае камандаванне. Рускія генералы ніколі не пойдуць у падпарадкаванне да беларускіх. Не можа быць агульнай знешняй палітыкі Расіі і Беларусі, бо мы знаходзімся ў розных вагавых катэгорыях і не заўсёды нашы інтарэсы супадаюць. Але Расія хоча паўсюдна прысутнічаць, і АДКБ для яе — інструмент уплыву, які яна імкнецца замацаваць, у тым ліку льготнымі коштамі на ўзбраенне. Я магу памыляцца, але ў дамове АДКБ няма артыкула пра тое, што нападзенне на адну краіну — з’яўляецца нападзеннем у цэлым на чальцоў арганізацыі.
— Ці існуе перспектыва стварэння рэальнага і моцнага ваенна-палітычнага блока на базе АДКБ? Ці стане яна такім інструментам, якім яго бачыць Расія?
— Я б не ўжываў да гэтай структуры азначэнне «паўнавартасная». Часта гавораць, што АДКБ — гэта анты-NATO. Але яны непараўнальныя ні па каардынацыі, ні па кансалідацыі інтарэсаў. NATO — саюз дзяржаў, які грунтуецца на агульных каштоўнасцях. Што тычыцца патэнцыялу АДКБ, то яго не варта перабольшваць. Уплыў Расіі на постсавецкай прасторы, безумоўна, павялічыўся, але не факт, што яна дасягне пастаўленых мэтаў з дапамогай гэтага блоку. Як прыклад, Расія наклала вета на працу АБСЕ ў Грузіі, матываваўшы гэта новымі ўмовамі і неабходнасцю арганізацыі працы асобных місій у Тбілісі, Цхінвалі і Сухумі. Але ніхто яе ў гэтым рашэнні не падтрымаў. Узнікае пытанне, а што рабіла Беларусь? Мы гэтага не ведаем. Між іншым, незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ніхто з сяброў АДКБ таксама не падтрымаў. Якую вагу можа мець арганізацыя, калі яе сябры не маюць адзінства?
— Многія аналітыкі гавораць, што Лукашэнка ўдзельнічае ў расійскіх гульнях, але ніколі не пойдзе на стварэнне адзінай СПА, не паставіць тут дадатковыя ракетныя комплексы, не ўвядзе адзіную грашовую сістэму, то бок ён таксама выкарыстоўвае Расію дзеля дасягнення сваіх мэтаў.
— Тое, што незалежнасць Беларусі ў яго разуменні, гэта яго ўлада — відавочна. Што тычыцца ўстаноўкі ракет найноўшага пакалення С–400, то спачатку ён заяўляў, што на гэта няма грошай, цяпер гаворыць, што праект прафінансуе Расія. Але адказаў на яго каментары з расійскага боку не чуваць. Расія наўрад ці пойдзе на дысбаланс статус-кво ў Еўропе, нават калі будуць усталяваныя натаўскія СПА ў Польшчы. Навошта Расіі станавіцца закладнікамі Лукашэнкі, размяшчаючы тут свае ракетныя комплексы, даваць яму ў рукі навейшае ўзбраенне, калі гэта можна зрабіць на сваёй тэрыторыі ў Калінінградзе? Па-мойму, гэта шалёная прапаганда.
Што тычыцца сумеснай СПА, то адказу на пытанне, хто будзе камандаваць адзінай сістэмай, няма. Апошнім часам ужываецца азначэнне «рэгіянальная» СПА. Але Расія не будзе драбніць сваю сістэму супрацьпаветранай абароны дзеля Беларусі. З аднаго боку, прыемна знаходзіцца пад расійскім ядзерным парасонам, але з іншага — хто будзе нападаць на Беларусь? Пагроза ад NATO надуманая. Калі ж пытаюцца, навошта тады разварочваць СПА ў Польшчы, я адказваю: не чакаць жа, пакуль іранскія ракеты пачнуць лётаць над Еўропай.
— Якая на сёння рэакцыя Захаду на стварэнне вайсковага саюза фактычна пад кіраўніцтвам Расіі?
— ЗША ставяцца да гэтага паблажліва, бо рэальна ацэньваюць магчымасці і патэнцыял як краінаў, што ўваходзяць у АДКБ, так і Расіі. Трывогу праяўляюць балтыйскія краіны, але яны могуць спаць спакойна, бо ўваходзяць у NATO, і пяты артыкул Вашынгтонскай дамовы гарантуе ім абарону. Хацеў бы адзначыць, што ўсе спробы наладзіць адносіны АДКБ з NATO пакуль няўдалыя, бо апошняя імкнецца развіваць двухбаковыя адносіны з краінамі-ўдзельніцамі АДКБ, а да таго ж не бачыць у АДКБ структуры, якую трэба было б браць у разлік.
— Беларусь уступае ў ваенна-палітычны блок, у якім істотную ролю мае ўзровень арганізацыі арміі, яе стан...
— Беларуская армія, як нас пераконваюць, адна з самых баяздольных на постсавецкай прасторы і нават у Еўропе. Але вось адзін толькі і амаль што побытавы факт, які зводзіць на нішто ўсю прапаганду: выпускнікі вайсковых вучэльняў краіны па традыцыі падкідваюць манеты. У нас у абарачэнні толькі папяровыя грошы, узнікае пытанне: манеты якой краіны падкідваюць маладыя афіцэры, прымаючы прысягу Рэспубліцы Беларусь?