Бачу мэту

Калі ў Беларусі пабудавана «моцная дзяржава», чаму ж тады сусветныя цэны на нафту і газ пагражаюць суверэнітэту і незалежнасці?



f4aa0dd960521e045ae2f20621fb4ee9.jpg

Калі ў Беларусі пабудавана «моцная дзяржава», чаму ж тады сусветныя цэны на нафту і газ пагражаюць суверэнітэту і незалежнасці?
У «Азбуцы паліталогіі» ад 17 верасня гаворка ішла пра бюракратыю. Нагадаю асноўную ідэю: задача бюракратыі — выконваць рашэнні па дасягненні мэтаў, якія акрэсліваюцца палітыкамі. У Беларусі, як вядома, колькасць палітыкаў зведзеная да мінімуму. 16 верасня адзіны палітык (АП) выступіў на з’ездзе ФПБ з дакладам «Наша мэта — стварыць абноўленае аблічча Беларусі». Зразумела, што пасля такога падарунку ў мяне не ўзнікла праблемаў з пошукам тэмы для чарговага артыкула.
Тлумачальны слоўнік падказвае, што пад «абліччам» варта разумець знешні выгляд, абрысы, знешнасць.
Цікава атрымліваецца. На двары сусветны крызіс, хвалі якога падхапілі Беларусь, ды так грунтоўна, што калі б не крызіс, у нас сёння была б «совершенно иная страна», а наш аднаасобны ўладальнік права на вызначэнне мэтаў прапаноўвае ўсім нам перакваліфікавацца ў іміджмэйкераў (стваральнікаў абліччаў).
Пра аглоблю і фантан
Але пяройдзем ад эмоцый да нашай «азбукі паліталогіі». Перад элітай стаяць тры задачы: стварэнне сімвалаў, якія аб’яднаюць грамадства, фармаванне нормаў і вызначэнне мэтаў развіцця. Ад таго, як айчынная эліта спраўляецца са сваімі функцыянальнымі абавязкамі, і залежыць у канчатковым выніку ўзровень «конкурентоспособности в мире не только белорусской продукции, но и всей нашей страны в целом». Зразумела, без адпаведнага ўзроўню канкурэнтаздольнасці бессэнсоўна нават марыць пра тое, «чтобы качество жизни людей ни в чем не уступало качеству жизни самых передовых государств нашего мира».
Супраць такой якасці жыцця, спадзяюся, пярэчыць ніхто не будзе. На шчасце, дзеля яго дасягнення нас чакае не толькі абнаўленне аблічча Беларусі, але і «модернизация экономического уклада». Улічваючы, што я аперырую выключна «азбукавымі» паняццямі, нагадаю, што пад эканамічным укладам разумеецца спосаб гаспадарання, у аснове якога ляжыць пэўны тып уласнасці на сродкі вытворчасці.
У намеры нашага АП мадэрнізаваць нешта ў пытаннях уласнасці мне чамусьці не верыцца. Таму адважуся выказаць здагадку, што пад эканамічным укладам ён разумее тэхналагічны ўклад. Апошніх налічаецца аж шэсць штук. Перадавыя краіны жывуць сёння ў пятым (мікраэлектроніка, інфарматыка і г. д.) і імкнуцца перайсці ў шосты (нанатэхналогіі, штучны інтэлект, малекулярная біялогія).
Беларусь дастаткова ўпэўнена асвоіла чацвёрты ўклад, заснаваны на энергетыцы з выкарыстаннем нафты і газу, на вытворчасці трактароў і тавараў народнага спажывання. Пяць гадоў таму на трэцім Усебеларускім народным сходзе была здзейснена спроба замахнуцца на пяты ўклад: «Мы не можем сунуть под Минском оглоблю в землю — и оттуда польется фонтан нефти, как в Ираке или в Саудовской Аравии, не можем пробурить скважину в полтора, даже три километра — и хлестанет газ… Только ум, творческая инициатива на основе науки дадут нам возможность выжить, как выживали и выживают, и неплохо сегодня живут многие государства».
Што мы маем сёння? Мы маем пагрозу незалежнасці з прычыны пераходу Расіі на пастаўку вуглевадародаў па сусветных цэнах. «Беларускай эканамічнай мадэлі» такія цэны супрацьпаказаныя. Яна затрымалася ў чацвёртым укладзе. А гэта азначае, што абавязанне па развіцці розуму і творчай ініцыятывы, прынятае на трэцім Усебеларускім народным сходзе, АП не выканаў.
У пошуку айчынных стратэгаў
Гістарычны досвед паказвае, што самыя паспяховыя трансфармацыі ажыццяўляліся прадстаўнікамі кіруючага класа, што своечасова ўсвядомілі тупіковасць маршруту, па якім яны ішлі. Урад — далёка не апошняя па статусе частка кіруючага класа. Ці варта шараговым грамадзянам песціць надзею на мадэрнізацыйны патэнцыял урадаўцаў?
Асабіста я ні з кім з іх не знаёмы, таму звярнуся па дапамогу да «Советской Белоруссии»: «Ураду, падкрэсліў Л. Анфімаў (намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта), неабходна думаць стратэгічна. Бачыць далягляд, новае аблічча Беларусі як развітой еўрапейскай дзяржавы. Але эканамічны штаб… заняты тактычнымі пытаннямі: падтрымкай аднаго прадпрыемства, другога, трэцяга… Аднак няўжо можна назваць меры «па падтрыманні на плаву» стратэгічнымі? Дзе ж цэласнае бачанне сучаснасці і будучыні?»
А сапраўды, дзе ж яно? Ва ўрадзе, як мы толькі што пераканаліся, яго няма. Што, дарэчы, здзіўляе, таму што, паводле артыкула 107 Канстытуцыі, урад «распрацоўвае асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі». Калі спадар Анфімаў мае рацыю (а сумнявацца ў яго кампетэнтнасці няма падстаў), дык беларуская ўнутраная і знешняя палітыка ажыццяўляецца людзьмі без цэласнага бачання не толькі будучыні, але і сучаснасці!
Аднак, магчыма, стратэгі засядаюць у самой Адміністрацыі прэзідэнта? Зноў адкрыем Канстытуцыю. Не, Канстытуцыя думаць стратэгічна чальцоў Адміністрацыі прэзідэнта не абавязвае. Яна іх наогул ні да чаго не абавязвае. У артыкуле 84, у якім пералічаныя функцыі прэзідэнта, сказана, што прэзідэнт «утварае, скасоўвае і рэарганізуе Адміністрацыю». І гэта ўсё!
Не здзіўляйцеся, з пункту гледжання «Азбукі паліталогіі», аўтарытарныя палітычныя рэжымы няўтульна адчуваюць сябе ў прававым асяроддзі. Гэта агульная заканамернасць. У якасці каментара прывяду выказванне польскага сацыёлага Зыгмунта Баўмана: «Панаванне дасягаецца скасаваннем правілаў, якія абмяжоўваюць уласную свабоду выбару, і ўстанаўленнем максімальна магчымай колькасці правіл, якія прадпісваюць нормы паводзін усім іншым. Чым шырэй поле для майго манеўру, тым большая мая ўлада». Спадзяюся, каментаваць гэтыя словы не патрэбна.
У пошуках балансу
У дакладзе на прафсаюзным з’ездзе прагучала слова «мабілізацыя» («профсоюзы могут и должны мобилизовать трудовые массы на прорыв»). Спынюся на ім больш падрабязна. Савецкае грамадства — класічны ўзор грамадства мабілізацыйнага тыпу. Абвясціўшы лозунг «Найперш думай пра Радзіму, а потым пра сябе», улада сутыкнулася з праблемай спалучэння дзяржаўнага інтарэсу з інтарэсамі прыватнымі.
Што да асноўнай масы насельніцтва, то праблема гэта вырашалася за кошт камбінацыі наўпроставага прымусу і дзяржаўнай ідэалогіі. А вось для мабілізацыі эліты дадаткова спатрэбіўся пернік у выглядзе прывілеяў. Але, стымулюючы эліту прывілеямі, вярхоўная ўлада распальвала яе прыватныя інтарэсы. Так утварылася замкнёнае кола. Вырвацца з яго савецкая ўлада не змагла, і ў выніку прыватныя інтарэсы мясцовых эліт разарвалі «краіну пераможнага сацыялізму» на нацыянальныя ўдзелы. Але праблема ад гэтага не знікла, яна папросту апусцілася з узроўню генеральнага сакратара на ўзровень новаспечаных прэзідэнтаў.
У падтрыманні балансу паміж інтарэсамі АП краін СНД і іх найбліжэйшымі асяродкамі і варта шукаць асноўную крыніцу палітычнай стабільнасці. Атрымліваецца гэта далёка не заўсёды і не ва ўсіх. Але ў Беларусі пакуль атрымліваецца. Прывяду адпаведную цытату: «Никакой чиновничьей, депутатской, президентской приватизации и семейной тоже не будет! Поэтому если кто-то рассчитывает на то, что вот-вот оно начнется, и мы, сидя у власти, что-то схватим пожирнее, дорогие мои, ничего подобного! Я реагирую на это, зная, что некоторые слухи уже плывут в чиновничьих кабинетах. Забудьте!»
Пачатак чыноўніцкай прыватызацыі азначаў бы трансфармацыю ПУП «Беларусь» у ЗАТ. Не факт, што ўлада змагла б яе правесці ў кантраляваным рэжыме, але нават і ў выпадку спрыяльнага зыходу кола бенефіцыянтаў абмежавалася б абранымі чыноўнікамі. Тут варта нагадаць пра перавод савецкай эканомікі на гаспадарчы разлік, які можна разглядаць у якасці нясмелага руху ў накірунку прыватызацыі. Яе асноўным вынікам стала нарастанне сацыяльнай няроўнасці, таму што «чырвоныя дырэктары» хутка сцямілі: прадстаўленая гасразлікам свабода дазваляе прыватызаваць фінансы даручаных ім прадпрыемстваў.
Асабістае — гэта нават не другаснае
Спробы «мобилизовать трудовые массы на прорыв» не варта ўспрымаць сур’ёзна. На гэта ў АП папросту няма рэсурсаў. Максімум, на што ён можа разлічваць, — мабілізаваць уладную «вертыкаль». Уласна кажучы, «вертыкаль» стрымліваецца ад падзення выключна за кошт яго мабілізацыйных высілкаў. Але, мабілізуючы «вертыкаль» на выкананне абавязкаў, узятых на трэцім Усебеларускім народным сходзе, АП вымушаны адначасова займацца яе палітычнай дэмабілізацыяй. Інакш статус АП апынецца пад пагрозай.
У якасці прыкладу палітычнай дэмабілізацыі прывяду нядаўняе выказванне на адрас прэм’ер-міністра: «Я политик, я должен думать о людях, а вы должны думать об экономике и финансах. У вас людей нет».
Гэта ж тэма не засталася ўбаку і падчас нядаўняга выступу перад студэнтамі Акадэміі кіравання. АП растлумачыў будучым чыноўнікам, што менавіта «служэнне» з’яўляецца ключавым словам у паняцці дзяржаўнай службы. Дзяржаўны чыноўнік, службовец — «это особый человек, который должен понимать, что он в какой-то степени принесен в жертву, и его личное — это даже не второстепенный, а третьестепенный вопрос». Лепшай ілюстрацыі паняцця «беззаветное служение», мабыць, і не знайсці (падрабязней пра «беззаветное служение» гл. «Кастрыраваная сацыялогія»).
Нагадаю, запавет — гэта кантракт, які прадугледжвае ўзаемныя правы і абавязкі бакоў, што дамаўляюцца. У гэтым сэнсе беларуская кантрактная сістэма асіметрычная: у тых, хто зверху, — правы, у тых, хто знізу — абавязкі, а прыватнае ў падпарадкаваных — «это даже не второстепенный, а третьестепенный вопрос». І так ад асновы ўладнай «вертыкалі» да яе вяршыні. Адзінае выключэнне — сам АП.
Узровень кадраў, падабраных па прынцыпе «беззаветного служения», бачны на прыкладзе экс-міністра У. Навумава. На просьбу даць інтэрв’ю пасля адстаўкі ён адказаў літаральна наступнае: «Вялікага сэнсу ў інтэрв’ю не бачу — бо я ўжо ніхто». Гэта значыць, не чалавек упрыгожвае месца ва ўладнай «вертыкалі», а месца ўпрыгожвае чалавека. Самі ж па сабе чальцы «вертыкалі» ў лепшым выпадку «ніхто». Якія ж пасля гэтага шанцы Беларусі перайсці з чацвёртага тэхналагічнага ўкладу ў пяты?