Беларусь пакуль не будзе ваяваць?
Прынамсі, так у Галоўным упраўленні выведкі Украіны на гэты момант ацанілі пагрозу наступу арміі Лукашэнкі, хоць знаходжанне ля мяжы сямі батальёнаў Узброеных сіл Беларусі прымушае ўкраінскае камандаванне дзейнічаць адэкватна, узмацняць разведку.
Пагроза ўварвання беларускай арміі на тэрыторыю Украіны, з ваеннага пункту гледжання, захоўваецца. Аднак пакуль прамы ўдзел Лукашэнкі ў вайне малаверагодны. Так лічыць намеснік кіраўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі.
Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю Ваеннаму тэлебачанню: "На сёння прамой пагрозы (з боку Беларусі — рэд.) няма, таму што не створана групоўка войскаў, не разгорнутая сістэма кіравання гэтай групоўкай. Гэта менавіта асноўны элемент таго, што ідзе непасрэдная падрыхтоўка да баявых дзеянняў", — растлумачыў ён.
Аднак жа знаходжанне ля мяжы сямі батальёнаў сіл Беларусі прымушае ўкраінскае камандаванне дзейнічаць адэкватна, узмацняць разведку. "А гэта адцягвае рэсурсы і сродкі ад нашага ўсходняга фронту", — канстатаваў Скібіцкі.
"Акрамя таго, пастаяннае перамяшчэнне войскаў накіравана на тое, каб трымаць нас у напрузе. Адпрацоўваюцца асобныя элементы, тактычныя эпізоды магчымых наступальных дзеянняў менавіта з тэрыторыі Беларусі", — адзначыў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі.
Паводле УНІАН