Два сцэнары для пратухлага кансервавага слоіку

Калі прапусціць усе прамежкавыя стадыі, то «апошніх станцый» у Расіі, уласна дзве. Праз якую колькасць раз'ездаў, стрэлак і паўстанкаў яна да іх будзе дабірацца — пытанне, вядома, цікавае, але ў стратэгічных разліках асаблівай ролі не адыгрывае, піша гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў у сваім тэлеграм-канале. 

pamidory.jpg

Каб растлумачыць гэта наглядна, можна, як у старым габрэйскім анекдоце, мадэляваць будучыню пуцінскай Расіі на прыкладзе слоіку сапсаваных кансерваваных памідораў.  

У такога слоіку два лёсы: альбо выбухне знутры з-за ўнутранага напружання, альбо пратухне і адправіцца на памыйніцу з дапамогай непераадольнай знешняй сілы.  

Па аналогіі з пратухлым слоікам, у сучаснай Расіі таксама маюцца два канчатковыя сцэнары (прамежкавыя стадыі, якія могуць доўжыцца працяглы час, я прапускаю): як у СССР і як у нацысцкай Германіі.

Савецкі сцэнар — шчыльная накрыўка. Чым крапчэй закручаны слоік з кансервамі, тым цяжэй зразумець, калі складаныя хімічныя працэсы ўнутры яго дасягаюць крытычных значэнняў.

Вядома, пра тое, што нешта адбываецца, можна меркаваць па тым, як павялічылася колькасці бурбалак за шклом, або па ўздутай накрыўцы.

Але дакладна зразумець, які са слоікаў і калі менавіта выбухне, загадзя практычна немагчыма.

У выніку пра тое, што «працэс пайшоў», мы даведаемся, як правіла, толькі постфактум па характэрнаму «чпок» на антрэсолях і нейкай ліпкай субстанцыі, што капае на галаву са столі.

Тыя, хто назірае за працэсам звонку, пазбаўленыя магчымасці нават прыблізна прадбачыць момант, калі гэты слоік разарве знутры.

І, дарэчы, гэта не абавязкова звязана з тым момантам, калі ў слоіку загнецца галоўны памідор – можа здарыцца раней, а можа і пазней.

Так ці інакш, мы асуджаныя на сюрпрыз: вось яшчэ ўчора стаяла, красавалася сваёй налепкай са знакам якасці, а сёння ў пальчатках збіраем аскепкі. Ніколі такога не было — і вось зноў, як сказаў бы незабыўны Віктар Сцяпанавіч Чарнамырдзін.

Уласна, так мы аднойчы раніцай і прачнуліся, калі выявілася, што ў савецкай імперыі знесла дах.  

Германскі сцэнар — накрыўка з вентыляцыяй. Праўда, ёсць спосаб падоўжыць задавальненне. Можна прарабіць у накрыўцы штыком дзірачку і накіроўваць серавадарод, які ўтвараецца, у навакольны свет праз «дзірачку вайны», падтрымліваючы ўнутры банкі пастаянны, аптымальны для гніення ціск.

Гэтым шляхам ішоў германскі нацызм, але зайшоў занадта далёка. Тут пытанне, як заўсёды, упіраецца ў цярпенне суседзяў. Нейкі час можна, вядома, разлічваць на тое, што яны, моршчачы нос, будуць трываць агіднасці ды пакідаць адну лесвічную пляцоўку за другой.

Але бясконца так працягвацца не можа. Урэшце, ім прыйдзецца аб'яднацца супраць «нядобрай кватэры», каб, зламаўшы дзверы, залезці на антрэсоль, знайсці смярдзючы слоік і выкінуць яго на памыйку гісторыю.

Не трэба разлічваць на бясконцае цярпенне, узровень смуроду ўсё ж такі мае значэнне. Гэта варта мець на ўвазе складальнікам пастоў Д.А.М. і прамоваў У.У.П., паміж якімі я не бачу сур'ёзных супярэчнасцяў, – калі гуляеш ў псіхаў, важна не загуляцца.

Але і тут засада. Каб не загуляцца, неабходна рэгуляваць дзірачку і час ад часу яе прыкрываць фігавым лістом міралюбнасці.

Аднак, як толькі дзірачка прыкрыецца, унутраны ціск, які ствараецца прадуктамі гніення, пачне нарастаць — і паўстае пагроза рэалізацыі савецкага сцэнару.

Значыць, прыйдзецца зноў і зноў брацца за штык, каб пракалупаць новую дзірачку вайны. Гэта значыць, куды не кінь — усюды клін для кансервавага слоіку. Хіба што ў Маўзалей пакласці, у фармалінавы раствор