Дзяржсакратар Савета бяспекі Вальфовіч заявіў, што Беларусь не рыхтуецца да вайны

— Колькі я паказваю пальцаў, Уінстан?— Чатыры.— А калі партыя кажа, што іх не чатыры, а пяць, — тады колькі?..

volfavicz.jpg

«Беларусь — адзін з нямногіх мірных куткоў, які застаўся ў Еўропе».
Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч 17 кастрычніка падчас сустрэчы з калектывам Мінскага трактарнага завода.
— Цяпер вельмі шмат рознай інфармацыі ідзе ў інтэрнэце пра тое, што расійскія войскі дыслакуюцца на тэрыторыі Беларусі, што ствараецца нейкі ўдарны кулак для ўдару па Украіне. Гэта тое, што хацелі б убачыць, на жаль, нашыя суседзі за мяжой. Асабліва палякі, — сказаў Аляксандр Вальфовіч. — Так, рэгіянальная групоўка войскаў сапраўды пачала засяроджванне на тэрыторыі Беларусі. Паэтапнае, у няпоўным складзе яе размяшчэнне. У далейшым жыццё пакажа, у поўным маштабе яе разгарнуць ці не.
Па словах дзяржсакратара Савета бяспекі, аснову рэгіянальнай групоўкі войскаў складаюць Узброеныя сілы Беларусі складам мірнага часу без усялякіх мабілізацыйных мерапрыемстваў. Вальфовіч назваў гэта «адным з элементаў стрымлівання і астуджэння галоў».


 Бо яны заўсёды папракаюць нас, што Беларусь — агрэсіўная краіна, што мы рыхтуемся да вайны. Але гэта не так. Па сумесных дамовах з Расійскай Федэрацыяй мы раз на два гады праводзім планавыя вучэнні. Раз на два гады на тэрыторыі Беларусі, праз наступныя два гады на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Цяпер групоўка засяроджваецца не для вучэнняў, а для таго, каб паказаць, што сапраўды ў выпадку перасячэння дзяржаўнай мяжы з боку Захаду мы можам і гатовы будзем даць дастойны адпор. Гэта перш за ўсё, — адзначыў дзяржсакратар.
Вальфовіч таксама абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што яны разглядаюць Беларусь «як краіну-агрэсара», хаця мы «адзін з нямногіх мірных куткоў, які застаўся ў Еўропе». Нібыта гэта «не дае спакою нашым суседзям і кіраўніцтву калектыўнага Захаду».
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка правёў нараду з сілавым блокам. Ён заявіў, што дамовіўся з Расіяй разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў. Паводле яго слоў, у Беларусь прыедзе «не адна тысяча» расійскіх ваенных, ён даручыў іх «прыняць і размясціць». Разгортванне групоўкі праводзіцца нібыта праз пагрозу ўдару з боку Украіны. Аднак у Дзярждуме РФ заявілі, што разгортванне групоўкі — гэта для зняцця «занепакоенасці Аляксандра Рыгоравіча і нашых беларускіх братоў» і адказ на дзеянні Польшчы, якая ўмацавала вайсковую прысутнасць на мяжы з Беларуссю.
Расійскія вайскоўцы ўжо пачалі прыбываць у Беларусь. Чакаецца, што ў Беларусі размесцяць каля 9 тысяч расійскіх вайскоўцаў.
З Расіі ў Беларусь у рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў таксама прыбудуць каля 170 танкаў, да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 міліметраў і да 200 баявых машын.