Якую пагрозу нясе рэгіянальная групоўка войск Беларусі і Расіі і чаго ад яе чакаць у гэтым годзе

Што такое «рэгіянальная групоўка войск», адкуль яна ўзялася і з якой мэтай была створаная, тлумачыць палітолаг Дзяніс Мельянцоў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У Беларусі працягваецца працэс навучання і баявога зладжвання рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі (РГВ). У заходніх палітычных колах і медыя не сціхаюць падазрэнні, што групоўка будзе выкарыстаная для ўдару па Украіне з беларускай тэрыторыі.

Пры гэтым назіраецца недахоп інфармацыі пра гісторыю і мэты стварэння гэтага фарміравання, што шмат у чым і выклікае алармізм, тлумачыць «Народнай волі» каардынатар праграмы «Знешняя палітыка Беларусі» Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» Дзяніс Мельянцоў.

Разгортванне РГВ: прычыны і ход

На фоне інфармацыі дзяржаўных СМІ пра рост напружанасці на заходніх і паўднёвых межах Беларусі 6 кастрычніка 2022 года міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў пра гатоўнасць рэагаваць на правакацыі патэнцыйнага праціўніка, у тым ліку з выкарыстаннем РГВ. 7 кастрычніка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна было прынята рашэнне аб разгортванні РГВ. 10 кастрычніка Лукашэнка заявіў: У сувязі з абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы мы дамовіліся пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё па нашых дакументах. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як цяпер, мы пачынаем задзейнічаць групоўку Саюзнай дзяржавы».

14 кастрычніка Міністэрства абароны Беларусі падрабязна расказала пра пагрозы і выклікі, адказам на якія стала разгортванне сумеснай групоўкі. Там нагадалі, што на працягу апошніх гадоў у краінах Балтыі і Польшчы вядзецца вайсковае будаўніцтва, накіраванае на павышэнне патэнцыялу NATO ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, паблізу беларускіх межаў: «Цяпер у Еўропе на пастаяннай аснове дыслакуюцца больш за 60 тысяч вайскоўцаў ЗША з сучасным ударным узбраеннем. А таксама каля 35 тысяч у рамках аперацый, што праводзяцца ва Усходняй Еўропе, з якіх больш за 22 тысячы сканцэнтраваныя ў Польшчы і краінах Балтыі». Рашэнне разгарнуць РГВ заклікана купіраваць гэтую пагрозу і забяспечыць парытэт на заходнім кірунку. Пры гэтым падкрэсліваецца абарончы характар групоўкі.

Ужо 15 кастрычніка беларускае абароннае ведамства паведаміла пра прыбыццё першых эшалонаў з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай. 16 кастрычніка пачалася перакідка авіяцыйнага складніка групоўкі. Пра колькасць, склад і месцы разгортвання РГВ інфармацыі ў той момант не было.


Гэтыя навіны былі ўспрынятыя на Захадзе як пачатак фармавання ўдарнай групоўкі для паўторнага нападу на Украіну з поўначы. Негатыўны інфармацыйны фон быў падмацаваны заявамі ўладаў Беларусі пра контртэрарыстычныя мерапрыемствы і татальную зверку звестак ваеннаабавязаных. Таму ў мэтах зніжэння медыйнага напалу і як мера павышэння празрыстасці 17 кастрычніка Мінабароны арганізавала брыфінг для замежных вайсковых аташэ. Падчас брыфінгу ім паведамілі пра парадак прыбыцця і месцы размяшчэння вайскоўцаў, а таксама планы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. У прыватнасці, было заяўлена пра колькасць прыбываючых расійскіх сіл і сродкаў: да 9 тысяч вайскоўцаў, каля 170 танкаў, да 200 баявых браніраваных машын і да 100 гармат і мінамётаў калібра больш за 100 мм. Вайсковыя часці размяшчаюцца на чатырох палігонах ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі.

У Мінабароны падкрэслілі, што асновай РГВ з'яўляецца нацыянальная армія «па штаце мірнага часу». У склад групоўкі таксама ўваходзяць часці Заходняй вайсковай акругі РФ і Балтфлота, што азначае яе першапачатковую арыентацыю на дзеянні на паўночным і заходнім кірунках (у балтыйскім рэгіёне), а не паўднёвым (украінскім). Характэрна, што разгортванне РГВ было названа мерай стратэгічнага стрымлівання.

Паралельна з брыфінгам Мінабароны (таксама 17 кастрычніка) парадак разгортвання РГВ растлумачыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Ён удакладніў, што РГВ размяшчаецца паэтапна, у няпоўным складзе. Поўнае разгортванне пакуль не плануецца. Гэта ж пасля пацвердзіў і міністр абароны Віктар Хрэнін: «Яна (рэгіянальная групоўка) можа быць разгорнута як паэтапна, так і адразу цалкам. Зараз мы дзейнічаем паэтапна. Гэта адэкватная рэакцыя на дзеянні NATO ў рэгіёне і дэманстрацыя нашай рашучасці абараняць сваю зямлю, Саюзную дзяржаву».

Нягледзячы на першапачатковы алармізм ва ўкраінскай і заходняй прэсе, прадстаўнікі вайсковых ведамстваў Украіны, ЗША і Вялікабрытаніі публічна заявілі, што не бачаць рэальнай пагрозы ў задзейнічанні РГВ на тэрыторыі Беларусі.

Разгортванне РГВ у запланаваных параметрах у цэлым завяршылася на пачатку снежня, пасля чаго пачаліся інтэнсіўныя трэніроўкі па баявым зладжванні беларускага і расійскага кампанентаў. На пачатку снежня адбыўся візіт у Мінск міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, падчас якога быў падпісаны пратакол аб унясенні змен у Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай сферы ад 19 снежня 1997 года. Гэта падзея таксама выклікала вялікую хвалю спекуляцый, бо змест паправак не быў апублікаваны.

Пазней беларускае Мінабароны паведаміла, што пратакол падпісаны «ў мэтах удасканалення нарматыўнай прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва». У прыватнасці, «удакладняецца паняційны апарат, парадак планавання і фінансавання сумесных мерапрыемстваў па забеспячэнні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў». 30 снежня дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч дапоўніў гэтае тлумачэнне, сказаўшы, што змененае пагадненне дазваляе «ствараць любую па складзе і колькасці групоўку войскаў адэкватна абстаноўцы, якая складваецца». Гэтая заява, аднак, выклікае дадатковыя пытанні, бо арыгінал пагаднення не утрымліваў якіх-небудзь абмежаванняў колькасці і складу РГВ.


У пастанове ўрада РФ ад 18 жніўня 2022 года «Аб прадастаўленні Прэзідэнту Расійскай Федэрацыі прапановы аб падпісанні пратакола паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы ад 19 снежня 1997 г.» таксама няма ніякіх згадак пра парогавыя значэнні для РГВ; гаворка там ідзе галоўным чынам пра ўдакладненні фармулёвак і тэрмінаў (да прыкладу, «Галоўны штаб» замяняецца на «Генеральны штаб»). Магчыма, дакумент змяшчае засакрэчаныя палажэнні, але ў самім тэксце на гэта нішто не паказвае.

Гісторыя РГВ: 20 гадоў у ценю

РГВ мае даўнюю гісторыю. Асновай яе стварэння стала прынятая ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы (ДКБ) 5 мая 1992 года канцэпцыя калектыўнай бяспекі дзяржаў-удзельніц ДКБ, зацверджаная рашэннем Савета калектыўнай бяспекі 10 лютага 1995 года. У ёй кааліцыйныя (аб'яднаныя) групоўкі войскаў (сіл) у рэгіёнах, якія будуць створаны для адбіцця агрэсіі супраць дзяржаў-удзельніц, разглядаюцца як адзін з элементаў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі.

2 красавіка 1997 года рашэннем Вышэйшага савета супольнасці Беларусі і Расіі былі зацверджаны агульныя прынцыпы вайсковага будаўніцтва і выкарыстання элементаў вайсковай інфраструктуры дзвюх дзяржаў. У іх распрацоўка і ўдасканаленне арганізацыйна-штатнай структуры і складу РГВ вызначаны адным з асноўных напрамкаў каардынацыі вайсковага будаўніцтва. На аснове гэтага дакумента Рашэннем Вышэйшага савета Саюза Беларусі і Расіі ад 22 студзеня 1998 года была зацверджана Канцэпцыя сумеснай абароннай палітыкі Беларусі і Расіі, якая вызначыла склад, асновы планавання, прымянення, кіравання і забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войскаў.

19 снежня 1997 года Беларусь і Расія заключылі Пагадненне аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай сферы (набыло моц 14 мая 1999 года).

У пагадненні тэрмін «рэгіён» азначае тэрыторыю Беларусі і тэрыторыю толькі тых абласцей Расіі, якія прылягаюць да дзяржмяжы Беларусі, у межах якіх прадугледжваецца разгортванне груповак войскаў Узброеных сіл Беларусі і Узброеных сіл Расіі і іх сумесныя дзеянні па забеспячэнні бяспекі абедзвюх дзяржаў.

Тэрмін «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл)» азначае размешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў перыяд пагрозы ў рэгіёне для адбіцця магчымай агрэсіі органы кіравання і войскі Узброеных сіл Беларусі і Узброеных сіл Расіі, а таксама іншыя вайсковыя фарміраванні абедзвюх краін, прызначаныя для прымянення паводле адзінай задумы і плана.


Паколькі функцыянаванне РГВ, згодна з арт.17 Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, адносіцца да выключнай кампетэнцыі Саюзнай дзяржавы, Міністэрствы абароны дзвюх краін распрацавалі План прымянення РГВ, які быў зацверджаны 27 чэрвеня 2000 года. Такім чынам, да гэтага часу, у цэлым, была завершана праца па стварэнні РГВ. У склад групоўкі ўвайшлі ў поўным складзе Узброеныя сілы Беларусі, 20-я армія Заходняй ваеннай акругі расійскіх Узброеных сіл, а таксама злучэнні і вайсковыя часці ўзмацнення Цэнтральнага і Акруговага падпарадкавання Узброеных сіл РФ, якія дыслакуюцца ў гэтым рэгіёне.

З 2000 года Міністэрства абароны Беларусі і Расіі штогод прадастаўляюць на зацвярджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы План сумесных мерапрыемстваў па забеспячэнні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў. З таго часу прайшло мноства мерапрыемстваў, падчас якіх вырашаліся не толькі задачы аператыўнай сумяшчальнасці абодвух нацыянальных складнікаў РГВ, але і вызначаліся яе аптымальны баявы склад і сістэма забеспячэння. Найбольш заўважнымі вучэннямі па ўжыванні РГВ сталі «Шчыт Айчыны-2006» і «Захад-2009». Па выніках аператыўна-стратэгічнага вучэння «Захад-2009» было прынята рашэнне аб правядзенні падобных вучэнняў адзін раз на два гады.

З моманту стварэння РГВ паміж Беларуссю і Расіяй заключаны шэраг пагадненняў у абароннай сферы, якія так ці інакш тычацца яе функцыянавання:

2000 год — аб сумесным выкарыстанні аб'ектаў ваеннай інфраструктуры Беларусі і Расіі;

2002 год — аб сумесным тылавым забеспячэнні РГВ;

2003 год — аб узаемным забеспячэнні абароны дзяржаўнай тайны і дзяржаўных сакрэтаў;

2008 год — аб стварэнні і функцыянаванні аб'яднанай сістэмы сувязі РГВ;

2016 год — аб сумесным тэхнічным забеспячэнні РГВ.

Паводле апошняга, у перыяд нарастання вайсковай пагрозы Саюзнай дзяржаве, а таксама ў ваенны час Расія будзе забяспечваць Беларусь вайсковай тэхнікай і ўсім неабходным узбраеннем.

Таксама дзейнічаюць пагадненні аб статусе воінскіх фарміраванняў са складу РГВ, узаемадзеянні ў галіне радыёэлектроннай барацьбы і інш.

У лістападзе 2021 года Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы зацвердзіў новую ваенную дактрыну, якая прадугледжвае ўзмацненне РГВ. У ёй гаворыцца, што мэта прымянення РГВ — адбіццё нападу, нанясенне паразы агрэсару і стварэнне перадумоў для спынення ваенных дзеянняў на ўмовах, якія адпавядаюць інтарэсам дзяржаў-удзельніц. У перыяд нарастання ваеннай пагрозы (перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) фармуецца Аб'яднанае камандаванне РГВ, якое ў адпаведнасці са становішчам удакладняе прынятыя рашэнні (распрацаваныя планы) і ажыццяўляе кіраванне групоўкай. Разгортванне РГВ ажыццяўляецца ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы (перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) паводле рашэння Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

Баявое зладжванне

Пасля разгортвання РГВ пачалася падрыхтоўка і баявое зладжванне яе расійскага і беларускага кампанентаў. Вайскоўцы абедзвюх краін займаліся па адзіных праграмах, з задзейнічаннем адзіных інструктараў з боку як Расіі, так і Беларусі. Падрыхтоўка ажыццяўлялася па такіх асноўных напрамках, як тактычная навучанасць, агнявая вывучка, тактычная медыцына, таксама ўпор рабіўся на інжынерную падрыхтоўку. На другім этапе прыступілі да зладжвання экіпажаў, разлікаў, узводаў, рот. На кожным узроўні праводзілася шмат комплексных заняткаў, баявых стрэльбаў, тактычных вучэнняў, што шырока асвятлялі СМІ. Паралельна з навучаннем у рамках РГВ, верагодна, праходзіла і падрыхтоўка раней мабілізаваных расійцаў з мэтай іх далейшай адпраўкі на ўкраінскі фронт. Пра гэта, у прыватнасці, паведамляла ў сваёй зводцы брытанская выведка.


Адной з галоўных падзей у рамках баявога зладжвання РГВ стала лётна-тактычнае вучэнне авіяцыйных падраздзяленняў Узброеных сіл Беларусі і Расіі, якое прайшло 16 студзеня — 1 лютага 2023 года. Адпрацоўваўся шырокі спектр задач, у тым ліку вядзенне паветранай выведкі, сумеснае патруляванне паветранай прасторы ўздоўж мяжы, авіяцыйная падтрымка груповак войскаў, высадка тактычнага дэсанту, дастаўка грузаў і эвакуацыя параненых. Былі задзейнічаны ўсе аэрадромы і палігоны ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі. Паводле слоў начальніка ВПС і СПА Беларусі палкоўніка Андрэя Лук'яновіча, у вучэнні выкарыстоўваліся самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення A-50, што дазволіла значна нарасціць радыёлакацыйнае поле на малых і гранічна малых вышынях, а таксама поле баявога кіравання. Падчас вучэнняў было адпрацавана вывядзенне ўсёй авіяцыі з-пад удару. Лук'яновіч падкрэсліў, што ўлічваўся досвед Расіі: былі зменены асобныя формы баявых парадкаў і спосабы баявога прымянення штурмавой авіяцыі і армейскай авіяцыі.

Пасля падрыхтоўкі на ўзроўні міжвідавых падраздзяленняў запланаваны сумесныя штабныя трэніроўкі. Усяго на 2023 год запланавана больш за 150 сумесных беларуска-расійскіх мерапрыемстваў у сферы абароны. Галоўным стане сумеснае стратэгічнае вучэнне Узброеных сіл Беларусь і Расіі «Шчыт Саюза-2023», якое пройдзе 22-26 верасня на тэрыторыі РФ.