«Калі б гэта была адна Макееўка. Гэта паўсюль так»: што вядома пра ўдар УСУ па расійскіх вайскоўцах

Расійскае Мінабароны прызнала смерць 63 сваіх вайскоўцаў. Журналісты і пракрамлёўскія ТГ-каналы заяўляюць, што ахвяр нашмат больш.

Ілюстрацыйнае фота: focus.ua

Ілюстрацыйнае фота: focus.ua

«У ходзе ракетнага ўдару УСУ па Макееўцы ў ДНР загінулі 63 расійскія вайскоўцы», — паведаміла Міністэрства абароны Расіі. Як прызнала расійскае абароннае ведамства, украінскія Узброеныя сілы «нанеслі ўдар шасцю рэактыўнымі снарадамі сістэмы залпавага агню «HIMARS». Дасягнулі цэлі чатыры ракеты з фугаснай галаўной часткай, два рэактыўныя снарады «HIMARS» былі збіты.

Першапачаткова ў паведамленні Мінабароны прысутнічала слова «мабілізаваныя», аднак пазней згадка іх знікла, піша «Бі-бі-сі».


Удар па будынку ПТВ у Макееўцы, мяркуючы па ўсім, быў нанесены якраз у тыя хвіліны, калі расійскае тэлебачанне перадавала навагодняе віншаванне Уладзіміра Пуціна, які з'явіўся на экране на фоне вайскоўцаў. Ва ўкраінскіх СМІ сцвярджаецца, што загінулі некалькі соцень расійскіх салдат (паводле апошніх паведамленняў, каля 300).

Пракрамлёўскія ТГ-каналы пачалі пісаць, што страты нашмат большыя, чым заявіла расійскае абароннае ведамства: тэлеграм-канал «Romanov Лайт» паведаміў, што страты склалі 200 чалавек, не ўдакладніўшы, колькі з іх параненых і забітых, а паводле звестак крыніц тэлеграм-канала «Аператыўныя зводкі», пасля ўдару 78 чалавек загінулі і 136 былі паранены. Той жа тэлеграм-канал сцвярджае, што карэкціроўцы агню дапамаглі мясцовыя жыхары, аднак ні расійскі, ні ўкраінскі бок не каментавалі гэтыя заявы.

Прычынай удару па будынку ПТВ стала «высокая сотавая актыўнасць вайскоўцаў у Макееўцы», паведаміла ТАСС са спасылкай на праваахоўныя органы так званай «ДНР». Прычынай пападання «HIMARS» нібыта паслужыла актыўнае выкарыстанне вайскоўцамі мабільных тэлефонаў: «Праціўнік з дапамогай выведвальнага комплексу «ECHELON» выявіў актыўнасць сотавай сувязі і месцазнаходжанне абанентаў».

Пра тое, што насамрэч забітых расійскіх вайскоўцаў нашмат больш, заявіла і экс-дарадца старшыні Дзярждумы РФ Анастасія Кашаварава.

«Калі б гэта была адна Макееўка. Гэта ўсюды так. Сватава. Крамянная. Паўлаўка. Сотні зніклых без вестак. Метад не мяняецца — «закідаць шапкамі». Ну а што: сабралі хлопцаў, што прасцей. Сем'і небагатыя. Хай не вякаюць. А мы, калі што, слязу з экранаў пусцім і назавём іх героямі», — піша Кашаварава ў сацсетках.

Нагадаем, з 31 снежня 2022 года па 2 студзеня 2023 года Расія наносіць масіраваныя паветраныя ўдары па Украіне з ужываннем ракет і БПЛА. Супрацьпаветраная абарона Украіны ў ноч з 1 на 2 студзеня знішчыла 39 беспілотнікаў тыпу «Shahed», два «Orlan-10» і кіраваную авіяцыйную ракету Х-59. У ноч з 31 снежня 2022 года на 1 студзеня 2023 года ўкраінскія абаронцы знішчылі 45 беспілотнікаў-камікадзэ іранскай вытворчасці «Shahed-131/136».

Тым часам Украіна рыхтуюцца да наступных расійскіх нападаў, якія, верагодна, могуць пачацца 7 студзеня.

Пра гэта ў эфіры 24 канала сказаў прадстаўнік камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

«Мы чакаем, мы рыхтуемся. Вы бачыце, што тры дні запар ідуць атакі. Як яны сабе гэта спланавалі, мы не ведаем. Мы проста павінны рыхтавацца да гэтага», — сказаў Ігнат.