Канец знаёмага свету
Не варта разглядаць хуткі фінал беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі праз прызму эсхаталогіі (сістэму рэлігійных поглядаў пра канец свету).
Не варта разглядаць хуткі фінал беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі праз прызму эсхаталогіі (сістэму рэлігійных поглядаў пра канец свету).
Усіх нас можна павіншаваць. Вы спытаеце, з чым? У Беларусі «закончился разбой». Пра гэта 15 лістапада афіцыйна абвясціў «адзіны палітык» (АП). Але і гэта яшчэ не
ўсё. Зацверджаны новы дэвіз, пад якім у найбліжэйшы час давядзецца працаваць ураду. Упэўнены, што знайсці яго аналаг у найноўшай гісторыі будзе не так проста. Тым не менш, дэвіз не высмактаны з
пальца і не ўзяты са столі. Ён «ад жыцця», а якое ў нас сёння жыццё — не мне распавядаць чытачам «НЧ». Уявіце сабе расцяжку над галоўным праспектам Мінска
і на ёй чорным па белым: «Давайте потихонечку выруливать, хватит издеваться над людьми и наклонять их».
Уменне знайсці патрэбнае слова і кінуць яго ў масы — вось што адрознівае сапраўднага палітыка! Звярніце ўвагу: ніякай мітусні і спеху. Вырульваць прапануецца «потихонечку»,
і гэта правільна. Мы 17 гадоў рухаліся ўласным курсам, арыентуючыся па вехах, расстаўленых Усебеларускімі народнымі сходамі. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што «сегодня уже всех начинает
трясти».
У паліталогіі ёсць такое паняцце — «крок навізны». Здольнасць грамадства адаптавацца да інавацый, якія сыходзяць ад улады, мае сваю мяжу (крок). Калі ўлада пачынае
крочыць занадта шырока, дык грамадства можа і не паспець за ёй (узгадаем шаха Ірана з яго праграмай радыкальных рэформаў). І тады ў зазор, які ўтварыўся, скіроўваюцца падазроныя асобы з
«пятай калоны» і іншых сумнеўных структур, актыўна падкормленых Захадам.
Гаспадаркі без гаспадароў
У папярэдняй «Азбуцы паліталогіі» я выказаў асцярогу, што спроба ўрада рэфармаваць беларускую эканоміку натыкнецца на супраціў прадстаўнікоў «большасці», не
здольнай выжыць у рынкавых умовах. Не паспеў высахнуць атрамант пад такім нетрывіяльным сцвярджэннем, як працэс супраціву, што называецца, «пайшоў». Яго ініцыяваў сам АП:
«Если вы (чальцы ўрада) не согласны с тем, что я говорю, давайте всех вас переведем на жизненные устои, те рельсы, по которым движется сегодня небогатая часть населения, а у нас это
большинство населения. Попробуйте вы пожить в этих условиях. Вот тогда вы, видимо, поймете, что такое чистый рынок и как мы в этой ситуации должны действовать».
У якасці каментара не магу ў чарговы раз не працытаваць журналіста Станіслава Мініна: «Язык нашай улады ўладкаваны так, каб служыць прыладай самавыкрыцця». У 2006 годзе, збіраючыся
ў трэці раз заняць прэзідэнцкае крэсла, АП паабяцаў беларусам за найбліжэйшыя пяць гадоў «довести качество жизни наших граждан до уровня, сравнимого с западноевропейским». Пяць
гадоў прайшло, і што мы маем? А маем мы квітнеючую краіну, у якой небагатая частка насельніцтва складае большасць.
Але рушым далей па прыступках «Азбукі паліталогіі». У жніўні 2010 года, ладзячы публічны разнос ураду, АП выкрыў прэм’ер-міністра (Сяргея Сідорскага) у яго імкненні
паклапаціцца пра інтарэсы людзей: «Я политик, я должен думать о людях, а вы должны думать об экономике и финансах. У вас людей нет. Забудьте! В экономике люди не стоят за деньгами и за
тракторами. Вы голый экономист. Вы должны приходить с министром финансов ко мне и бороться за каждый рубль, за каждую копейку. И это я должен говорить, что там за ними стоят люди».
Адкрыем Вікіпедыю: «Эканоміка — гаспадарчая дзейнасць грамадства, а таксама сукупнасць адносін, якія складваюцца ў сістэме вытворчасці, размеркавання, абмену і
спажывання».
Веды, што чэрпаюцца поўнай лыжкай з сусветнага павуціння («мировой помойки»), дазваляюць нам зразумець галоўную асаблівасць беларускай эканамічнай мадэлі ў яе афіцыйнай трактоўцы.
Гэта гаспадарчая дзейнасць, якая не прадугледжвае наяўнасці масавага суб’екта дзейнасці, гэта сукупнасць адносін, але не аўтаномных асобаў, а залежных ад дзяржаўнай апекі ўтрыманцаў.
Дзяржава, якая пачала бачыць
Дзве цытаты, што супярэчаць адна адной, вяртаюць нас да асноўнай праблемы беларускага грамадства — да расколу. Раскол спараджае ланцужкі «кульгавых рашэнняў». Зразумець іх
прыроду нескладана. З часоў электаральнай рэвалюцыі 1994 года ўлада галоўным чынам абапіраецца на прадстаўнікоў небагатай большасці, сярод якіх пераважаюць тыя, хто пражывае ў невялікіх гарадах і ў
сельскай мясцовасці, а таксама пажылыя людзі з нізкім узроўнем адукацыі. Яны здольныя «правільна» галасаваць, але не здольныя эфектыўна працаваць, таму аднабаковая апора на
большасць скончылася тым, што «всех начинает трясти». Займеннік «усіх» у дадзеным выпадку вызначаецца па формуле: «большасць + меншасць».
Інфляцыйная хваля, якая накрыла Беларусь, спароджаная спробамі накарміць большасць эмісійным хлебам. Іншага хлебу ў распараджэнні ўлады не засталося: датацыйная расійская крыніца прыкметна змялела, а
крэдытораў, гатовых фінансаваць мясцовыя пякарні, знайсці сёння не так проста. У сітуацыі, якая склалася, улады вымушаныя абаперціся на меншасць, што і паспрабаваў зрабіць урад, распрацоўваючы план
па стабілізацыі эканомікі на 2012 год.
Перанос апоры на меншасць азначае фармаванне рынкавага асяроддзя. Вось як гэты працэс апісвае аглядальнік «Советской Белоруссии» Ірына Юзвак: «Дырэктыва №4 стала знакам,
што дзяржава ўбачыла ў прыватным бізнэсе сур’ёзнага партнёра». Для разумення прычын, якія прымусілі дзяржаву пачаць бачыць, я звярнуся да яшчэ адной цытаты. Яе аўтар —
даўні прыхільнік кіраўнічых талентаў АП, экс-міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын: «Пакуль не ўзнікаюць рэальныя праблемы, палітыкі не гатовыя прымаць рашэнні, адцягваюць іх, гуляюць у
папулізм». У савецкі час з аналагічнай нагоды газета «Праўда» пісала, што «імперыялісты адцягваюць свой канец».
2011 год стаў для беларускай улады годам усведамлення рэальнасці праблем. Папулізм у маштабах краіны — задавальненне не з танных. Колькі разоў ні паўтарай «халва»
(«беларуская эканамічная мадэль развіцця»), у роце ад гэтага саладзей не стане. Сучасны эканамічны рост забяспечваецца за кошт прыватнай ініцыятывы. У Еўропе гэта ўсвядомілі ў
другой палове XVII стагоддзя, у Беларусі — увосень бягучага года. Але не варта цешыцца. Логіка «кульгавых рашэнняў» яшчэ не раз і не два адмовіць прыватнаму бізнэсу ў праве
на ролю «сур’ёзнага партнёра» дзяржавы.
Для развіцця прыватнай ініцыятывы патрэбная «моцная дзяржава», але не ў прынятым у нас сэнсе, калі практычна кожны можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што
спраўляў малую патрэбу ў пад’ездзе. Сіла сучаснай дзяржавы вымяраецца найперш праз здольнасць забяспечыць роўнасць усіх перад законам.
Мы жывём у дзяржаве, у якой кандыдат у прэзідэнты сярод белага дня можа быць збіты «людзьмі ў чорным» у прысутнасці супрацоўнікаў ДАІ. Кандыдат у прэзідэнты — гэта ж не
прадстаўнік сілавых структур, афіцыйна залічаных у Беларусі ў шэраг недатыкальных. Прывяду адпаведную цытату з дакладу на IV Усебеларускім народным сходзе: «Я никому не позволю, чтобы хоть
волосок упал с головы военного человека, милиционера, чекиста или сотрудника спецслужбы, которые худо-бедно обеспечили нам спокойную жизнь». Нам — гэта каму? Так і хочацца ўслед за
персанажам культавага савецкага фільма папрасіць агучыць увесь спіс. Цікава, кандыдаты ў прэзідэнты ў гэтым спісе ёсць, ці іх прозвішчы занесеныя ў іншы спіс, складзены непасрэднымі начальнікамі
«людзей у чорным»?
Плюсы і мінусы канкурэнцыі
Нядаўна я сустрэў выдатнае выказванне амерыканскага сацыёлага Эмануіла Валерстэйна: «Надышоў канец знаёмага свету». Звярніце ўвагу: не канец свету як такога, пра што рэгулярна
абвяшчаюць шматлікія клікушы, а менавіта знаёмага свету. Наш варыянт знаёмага свету 17 гадоў выбудоўваўся пад дыктоўку тых, хто з трох спосабаў стаўлення да жыцця (пасіўнага прыстасавання, уцёкаў і
актыўнага засваення) аддаваў перавагу першаму.
Знаёмы нам свет — гэта свет, выбудаваны па вертыкалі. Такая канструкцыя паўстала не праз чыйсьці асабісты капрыз, а ў сувязі з дэфіцытам у беларусаў досведу калектыўнага салідарнага дзеяння.
У патрыярхальнага калектывізму ўсходніх славян (талокі) — кароткі радыус даверу. За межы вёскі, г. зн. кругу людзей, якія ведаюць адзін аднаго асабіста, такая форма калектывізму не
распаўсюджваецца. Таму напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі «власть оказалась в грязи», беларусы даручылі падняць яе «моцнай асобе», зняўшы тым самым з
сябе адказнасць за лёс краіны, а заадно і за свой асабісты лёс.
Галоўная задача вертыкалі — пераразмеркаванне рэсурсаў з мэтай забеспячэння прымітыўнай (патрыярхальнай) роўнасці. Смяротны вораг падобнага тыпу роўнасці — канкурэнцыя. Сёння ў
цэнтры ўвагі апынулася інтэграцыйная ініцыятыва расійскага прэм’ер-міністра. Звярніце ўвагу на два ўзаемавыключальныя погляды на перавагі будучых удзельнікаў Еўразійскага саюза. Калі Пуцін
кажа пра магчымасці адкрытага рынка, для атрымання якіх «бізнэсу давядзецца працаваць над сваёй эфектыўнасцю, змяншаць выдаткі, укладваць рэсурсы ў мадэрнізацыю», то для АП
Еўразійскі саюз — гэта вотчына дзяржаўных манаполій: «Зачем искусственно насаждать дублирующие производства там, где спрос может быть удовлетворен с гораздо меньшими затратами и на
высоком уровне качества действующими предприятиями? Разве мы не проигрываем от конкуренции друг с другом на внешних рынках? Вместо такого «самоедства» по уму надо бы создать все
условия для появления на нашем пространстве мощных конкурентоспособных транснациональных корпораций и их выхода на рынки третьих стран».
Няўхільнасць канца знаёмага свету, у якім улада абапіраецца на неканкурэнтаздольную большасць, адчуваецца ўсё выразней. Надзеі на транснацыянальныя карпарацыі ілюзорныя. Іх узровень
канкурэнтаздольнасці не можа быць вышэй узроўню канкурэнтаздольнасці грамадства і ўлады.