Кропка адліку

Толькі грамадства, якое складаецца з аўтаномных асобаў, здольнае стаць апорай апазіцыі, як, зрэшты, і апорай дзяржавы.

Пра апазіцыю зразумела, а пра дзяржаву? Звернемся да гістарычнага прыкладу (глядзі табліцу). Страты забітымі і параненымі сярод асноўных краін — удзельніц першай сусветнай вайны былі прыкладна роўныя, а вось у палон рускія здаваліся ў 3,9 разы часцей за немцаў і ў 5,3 разы — за французаў!  



cbb6a3b884f4f88b3a8e3d44c636cbd8.jpg

Толькі грамадства, якое складаецца з аўтаномных асобаў, здольнае стаць апорай апазіцыі, як, зрэшты, і апорай дзяржавы.
Пра апазіцыю зразумела, а пра дзяржаву? Звернемся да гістарычнага прыкладу (глядзі табліцу). Страты забітымі і параненымі сярод асноўных краін — удзельніц першай сусветнай вайны былі прыкладна роўныя, а вось у палон рускія здаваліся ў 3,9 разы часцей за немцаў і ў 5,3 разы — за французаў!


Страты ў першай сусветнай вайне, млн. чалавек
Салдаты царскага войска ў першую сусветную вайну — гэта ў асноўным сяляне. Яны не праяўлялі асаблівага энтузіязму паміраць «За Бога, Цара і Айчыну». Асабліва «За Айчыну», таму што ў патрыярхальна-грамадскім светапоглядзе селяніна папросту не было месца для настолькі абстрактнага паняцця. Яго сусвет заканчваўся за ваколіцай вёскі. Падобна жнеям з казкі «Кот у ботах», селянін быў гатовы працаваць на любога пана, што, уласна кажучы, і рабіў на працягу стагоддзяў. У адрозненне ад шляхты і інтэлігенцыі, селянін не адчуваў ніякага жадання адваёўваць Дарданелы і ўздымаць крыж на Святую Сафію ў Канстанцінопалі, ды ён і не ведаў, што гэта такое.
Праблема грамадзяніна
У Еўропе, у адрозненне ад Расіі, працэс фармавання грамадзянскіх нацый да пачатку першай сусветнай вайны ішоў ужо поўным ходам. Зразумела, і тут не ўсё было так проста. З аднаго боку, менавіта нацыяналізм стаў урадлівай глебай для еўрапейскага ўра-патрыятызму, без якога лакальная падзея (забойства спадчынніка аўстрыйскага прастолу) не перарасла б так лёгка ў сусветную вайну. З іншага боку — узгаданыя вышэй суадносіны палонных.
Праблема грамадзяніна, актуальная сто гадоў таму ў царскай Расіі, актуальная і ў сучаснай Беларусі. На дзяржаўным патэрналізме, заквашаным на патрыятычнай рыторыцы савецкага кшталту, грамадзяніна не выхаваць. Здавалася б, колькасць жадаючых аб’яднацца з Расіяй у адзіную дзяржаву за апошнія гады скарацілася ў разы (у 2002 годзе — 38%, у 2008-м — 11%), але не трэба спяшацца радавацца. Узровень патрыятызму ў Беларусі знаходзіцца ў зваротнай залежнасці ад росту даходаў. Усё добра, пакуль усё добра. Але варта дзяржаве замарудзіць з сацыяльнымі выплатамі, як колькасць жадаючых аб’яднацца з Расіяй узрастае, у першую чаргу за кошт пенсіянераў. У маладых — свой вектар. Яны пачынаюць больш актыўна пазіраць на Захад.
«Наша Перамога»
3 ліпеня краіна адзначыла Дзень Незалежнасці. У Беларусі (зрэшты, як і ў любой іншай краіне) гэты дзень выконвае ў першую чаргу сакральную функцыю, бо падзяляе гісторыю на дзве нераўназначныя і супрацьпастаўленыя адна адной часткі: на тую, што была «да таго», і на тую, з якой, уласна, усё і пачалося.
У беларусаў усё пачалося з дня вызвалення Мінска ад фашыстаў у ліпені 1944 года. Сваё права на такую кропку адліку яны зацвердзілі на лістападаўскім рэферэндуме 1996 года. А каб ніхто не сумняваўся ў яго выніках, у будынак ЦВК загадзя былі накіраваныя невядомыя ўзброеныя людзі пад аховай міліцыі, якія і правялі неабходныя кадравыя перастаноўкі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Тэарэтычнае ж абгрунтаванне пераносу нацыянальнай кропкі адліку даў кіраўнік дзяржавы: «Не ўсе ведаюць і памятаюць, што ў часы засілля нацыяналістаў галоўным дзяржаўным святам беларусаў быў іншы дзень, звязаны з развалам Савецкага Саюза. Такім чынам, ідэйныя нашчадкі фашысцкіх памагатых ставілі ў адзін шэраг нацысцкую Германію і Савецкі Саюз».
Але не варта настолькі важнае рашэнне тлумачыць выключна капрызам пэўнай асобы. Гэта асоба ведала, што рабіла. Зразумела, да афіцыйных вынікаў галасавання па згаданым пытанні (88%) варта ставіцца без фанатызму. У той лёсавызначальны дзень гэтак жа актыўна беларусы выказаліся супраць свайго права абіраць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады (70%), а таксама не пагадзіліся з тым, што фінансаванне ўсіх галін улады павінна ажыццяўляцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту (66%). Чаго не здараецца, калі кадравыя перастаноўкі робяцца невядомымі людзьмі ў цывільным пад аховай міліцыі...
Тым не менш не здзіўлюся, калі большасць беларусаў рашэнне пра сумяшчэнне Дня Незалежнасці з днём вызвалення Мінска падтрымала. Беларускае грамадства шмат у чым усё яшчэ застаецца савецкім, і перамога ў Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца для яго адзінай пазітыўнай апорай нацыянальнай самасвядомасці, таму што народ, задушаны галечай і самаўпраўствам начальства, велічны выключна ў часы максімальнай пагрозы.
Агульная пагроза ламала перагародкі саслоўнага грамадства, а савецкае грамадства, нягледзячы на марксісцкую рыторыку, было пабудавана выключна па саслоўным прынцыпе. Інакш дзяржава папросту не змагла б вызначыць, каму якая пайка належыць. Так узнікала ілюзія агульнанароднага яднання, пра якое ветэраны ўзгадваюць да гэтага часу.
Калі народы Еўропы штогод адзначаюць дзень заканчэння вайны і наступленне міру, то савецкія беларусы святкуюць Перамогу. Гэта не проста перамога — гэта «Наша Перамога», якую мы нікому не аддадзім. Доўгія гады пад «нашымі» разумелася дружная сям’я народаў СССР (цікава, а дэпартаваныя ў гады вайны народы ўваходзілі ў лік дружных?), сёння ж кола «нашых» афіцыйная прапаганда ўсё часцей рэдукуе да беларусаў. Адсюль, дарэчы, і імкненне атрымаць з еўрапейскіх народаў палітычныя і эканамічныя дывідэнды за вызваленне ад «карычневай чумы».
Зразумела, што плюралізм меркаванняў не з’яўляецца моцным бокам аўтарытарнай улады. Яна здольная існаваць толькі ва ўмовах адной Праўды, ва ўмовах адзінага народа, згуртаванага вакол першай асобы дзяржавы. Такому адзінству варта паўстаць ужо хаця б таму, што ніякіх самастойных крыніц для згуртавання ў самога народа няма і быць не павінна. Усе, хто думае інакш, у тым ліку і з нагоды «Нашай Перамогі», — адмарозкі, якія хочуць пазбавіць народ гераічнага мінулага, імкнуцца адрэзаць яго ад гістарычных каранёў (у больш глыбокія гістарычныя пласты афіцыйныя карані, мяркуючы па ўсім, прарасці не ў стане). Словам, іншую, адрозную ад афіцыйнай інтэрпрэтацыю вайны варта разглядаць як замах на святыню, як абразу памяці загінулых.
Перамога дапамагае знайсці адказы і на выклікі сучаснасці, аднак далёка не кожны беларус здольны на прадуктыўны пошук, а толькі той, хто з’яўляецца законным спадчыннікам «вялікага подзвігу савецкага народа». Падзел беларусаў на законных і незаконных спадчыннікаў — прамы абавязак ідэалагічнай «вертыкалі». Калі меркаваць па нядаўнім інтэрв’ю Лукашэнкі расійскім СМІ, інвентарызацыя беларусаў «вертыкаллю» паспяхова завершаная. «Адмарозкаў» апынулася няшмат: «няхай 2, няхай 3 працэнта».
Выпрабаванне мірам
Савецкае грамадства, як, зрэшты, і грамадства дасавецкае, магло існаваць выключна ва ўмовах сталай мабілізацыі. Галоўным мабілізуючым фактарам пры гэтым выступаў вобраз ворага. Калі я быў школьнікам, як і мільёны маіх аднагодкаў, рэгулярна пісаў сачыненні пад агульнай назвай «С одного металла льют медаль за бой, медаль за труд». Пра што гэта кажа? Перш за ўсё пра тое, што мяжа паміж мірнай і ратнай працай у тыя гады была вельмі ўмоўнай. Вялікая Айчынная вайна скончылася ў 1945 годзе, але ўтрыманне войска па-ранейшаму паглынала каля паловы ВУП, а значыць лозунг «Усё для фронту, усё для Перамогі!» ніхто не адмяняў.
Саюз народа і ўлады, які дастаўся нам у спадчыну, не раз праходзіў паспяховае выпрабаванне вайной. Праблемы, як правіла, пачыналіся ў мірны час. Калі вораг па нейкай прычыне марудзіў, то яго даводзілася выдумляць, інакш саюз пачынаў распаўзацца, падобна коўдры з лапікаў.
Незалежнай Беларусі ў гэтым плане дасталася цяжкая спадчына. Рэальна ваяваць яна ні з кім не можа, дый час баявых дзеянняў на еўрапейскім кантыненце мінуў. Сёння адчыненыя межы, лёгка пранікальныя для працоўнай сілы, і народ пачынае «галасаваць нагамі» як толькі адчуе, што дзесьці хтосьці плаціць больш, чым родная дзяржава. Балазе, сусветны крызіс часова стрымаў адток працоўнай сілы, але ж часова.
У «малочнай вайны» паміж Беларуссю і Расіяй, якая ўспыхнула ў чэрвені, ёсць шмат тлумачэнняў. Любая сацыяльная рэальнасць складаней за нашы ўяўленні пра яе, але, як паказвала практыка, канфлікты, што перыядычна пераходзяць у «войны» ў рамках Саюзнай дзяржавы, ёсць не адхіленне ад нормы, а яе сістэмаўтваральны элемент. Ужо каму як не сапраўдным спадчыннікам Перамогі варта ведаць пра гэта.