«Лукашэнка кіруе краінай, пакуль яго кіраванне адпавядае інтарэсам Масквы»

Палітычны аглядальнік Павел Усаў у эфіры «Радыё Р*цыя» расказаў пра абстаноўку ва Украіне напярэдадні новага наступу Расіі, які чакаецца да гадавіны пачатку паўнамаштабнай вайны, і пра небяспеку ўдзелу ў гэтым наступе Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


— Што спрабуюць зрабіць расійцы — узяць натоўпам і паказаць, што яны там перамаглі, — гаворыць Павел Усаў у інтэрв'ю «Радыё Р*цыя». — Але насамрэч гэта ніяк не паўплывае на ход вайны. Зараз, канешне, вядуцца гаворкі пра вялікі план Пуціна, што ён рыхтуе сур'ёзны наступ у кірунку Запарожжа і Данбаса, там зараз сканцэнтравана каля 300 тысяч чалавек. Хаця б да гадавіны пачатку вайны альбо ў момант гадавіны пачатку вайны зрабіць нейкі паказальны крок — ёсць тактычныя поспехі, яны нейкую тэрыторыю адваёўваюць, і гэта максімум, што яны могуць зрабіць.

Таму вельмі небяспечная ў гэты момант роля, якая можа быць адведзена Беларусі. Бо мы разумеем, што яны намагаюцца дэканцэнтраваць украінскія сілы, адцягнуць іх ад фронту, перакінуць іх на паўночны кірунак, дзе вучэнні нібы скончыліся, але войскі засталіся. І ўсе разумеюць, што гэта не можа быць проста так, што вучэнні — гэта фікцыя, што расійцы таксама канцэнтруюць там свае сілы — паветраныя перш за ўсё.


Таму гэты люты ў маральна-псіхалагічным сэнсе будзе вельмі цяжкі, вельмі крытычны, бо для Пуціна, які прывязаны да розных сімвалаў, розных дат, гэта будзе той дзень, калі яны паспрабуюць прадэманстраваць сваю сілу.

— Ці няма ў вас такой думкі, што Лукашэнка ўсё-ткі здасца і ўступіць у вайну, а Украіна будзе вымушана біць па тэрыторыі Беларусі?

— Па-першае, Лукашэнка ўжо здаўся. Той факт, што з тэрыторыі Беларусі ішлі войскі і яна была важным пунктам у гэтай вайне — паказчык таго, што ён не адказвае за ролю і месца Беларусі ў гэтай вайне. Пытанне толькі ў тым, наколькі Пуціну зараз гэта неабходна. Калі ён вырашыць, што надышоў момант кінуць беларускія войскі ва Украіну, ён гэта зробіць. І Лукашэнка не будзе мець нічога, каб супрацьпаставіць Пуціну. То-бок ключавыя, лёсавызначальныя для Беларусі рэчы, на жаль, вызначаюцца ўжо не Лукашэнкам, а Пуціным.

Лукашэнка кіруе краінай да таго моманту, пакуль яго кіраванне адпавядае інтарэсам Масквы. Як толькі ён пачне рабіць нешта такое, што не адпавядае чаканням Масквы, яго не будзе. Ён проста знікне як прэзідэнт.

— Вы бачылі ваенную абстаноўку ва Украіне. Наколькі яна драматычная, трагічная?

— Калі мы кажам агульна пра жыццё ва Украіне, напрыклад, у Львове ці Кіеве, то нягледзячы на цяжкую сітуацыю на франтах там практычна жыццё не спыняецца. Адзінымі паказчыкамі таго, што трывае вайна, з’яўляюцца, перш за ўсё, «каменданцкая гадзіна», перыядычнае адключэнне святла і сірэны паветранай трывогі. Але ў Кіеве фактычна на гэта ўжо ніхто не рэагуе. Гэтак было і раней, калі я прыязджаў у траўні. Працуе ўсё — рэстарацыі, кавярні, у Кіеве практычна «коркі», часам перасоўвацца на машыне даволі цяжка. 


Сказаць, што Украіна на каленях ці перажывае драматычны перыяд, што ўсё грамадства збянтэжанае, знаходзіцца ў сітуацыі крызісу ці ў дэпрэсіі — не скажаш. Жыццё ідзе, гаспадарка працуе, украінцы працуюць на фронт, велізарная падтрымка для фронту, высокі маральны дух. І тое, чаго намагаўся дасягнуць Пуцін, бамбардуючы гарады, не працуе. 

Нават настолькі людзі хутка адаптаваліся да блэкаўта, да адключэння вады і цяпла, што проста паўсюль ужо працуюць генератары. Ідзеш па Львове, выключаецца святло — чуеш моцны гук генератараў. У кожнай краме працуюць генератары. Дэфіцыту прадуктаў ніякага няма — усё што заўгодна можна набыць. Украінцы паказваюць, наколькі хутка можна аднавіць нармальнае жыццё і функцыянаваць нягледзячы на вайну. І гэта паказчык таго, што гэтае грамадства не зламіць.